Спецслужбы Берута супраць памежнікаў

У канцы 1940-х — пачатку 1950-х гадоў спецыяльныя органы камуністычнай Польшчы падверглі рэпрэсіям былых супрацоўнікаў выведкі ІІ Рэчы Паспалітай. Асаблівую ўвагу выклікалі афіцэры і жаўнеры Корпусу аховы памежжа (КАП).



Агітацыйны плакат: Сталін і Берут. Надпіс на плакаце: польска-савецкае сяброўства — гэта мір для нашай краіны


На маскоўскі ўзор

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Польшча апынулася ў сферы геапалітычных інтарэсаў СССР. Новая вертыкаль польскай улады, на чале якой Сталін паставіў Баляслава Берута, а з ёй — і апарат бяспекі (Міністэрства грамадскай бяспекі і Галоўнае ўпраўленне інфармацыі Войска Польскага) былі сфарміраваныя на вобраз і падабенства савецкіх. Больш таго, супрацоўнікі НКУС, а пазней МДБ курыравалі дзейнасць сваіх польскіх калег. У сваю чаргу, галоўнымі ворагамі «народнай улады» станавіліся не толькі байцы польскай падпольнай Арміі Краёвай, але і тыя, хто так ці інакш быў звязаны з даваеннымі структурамі польскай улады, і, безумоўна, супрацоўнікі розных вайсковых службаў.

Агітацыйны плакат: Берут і Ракасоўскі

Асаблівая ўвага надавалася былым польскім памежнікам са Стражы памежнай (ажыццяўлялі ахову мяжы ІІ Рэчы Паспалітай на Захадзе краіны) і «капістаў» (пільнавалі польскія рубяжы на Усходзе). «Інтарэс» да гэтых структур тлумачыўся яшчэ і тым, што гэтыя службы былі цесна звязаны з даваенным ІІ аддзелам Галоўнага штабу Войска Польскага, ці, прасцей кажучы, з выведкай. Да таго ж улічвалася, што КАП у міжваеннае дваццацігоддзе праводзіў актыўныя выведвальныя дзеянні супраць СССР і змагаўся супраць савецкіх дыверсантаў на сваёй тэрыторыі. Нарэшце, пад увагу бралася магчымая сувязь «буржуазных» вайскоўцаў з выведкамі заходніх краін, што ва ўмовах «халоднай вайны» адыгрывала важную ролю.

Жаўнеры КАП. Заходняя Беларусь, канец 1930-х

Пятля для «Двуйкі»

Ужо пасля заканчэння Другой сусветнай вайны спецыяльныя органы камуністычнай Польшчы пачалі збіраць інфармацыю аб кожным былым памежніку, што  знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы. Асабліва скрупулёзна даследавалася мінулае дзеючых вайскоўцах памежных войскаў, а таксама салдат і афіцэраў польскай арміі.

У студзені 1948 года справы ўсіх, хто служыў у «буржуазных» памежных структурах, былі згрупаваныя ў Аддзеле па распрацоўцы былых службоўцаў «Двуйкі» і асоб, якія вярталіся з-за мяжы і так ці інакш былі ў кантакце з органамі даваеннай польскай выведкі.

Супрацоўнікі берутаўскага Міністэрства грамадскай бяспекі — польскага аналага КДБ

У сакавіку 1952 года кіраўнік органу польскай вайсковай контрвыведкі Галоўнага ўпраўлення інфармацыі Войска Польскага Дзмітры Вазнясенскі выдаў загад аб размеркаванні ўсяго кантынгенту выяўленых асоб, якія супрацоўнічалі з даваеннымі спецыяльнымі службамі, па трох катэгорыях. Першая — тыя, хто прызнаўся ў супрацоўніцтве з «буржуазнымі» органамі бяспекі. Другая — тыя, хто не прызнаўся, але супраць каго былі абвінаваўчыя матэрыялы. Трэцяя — былыя супрацоўнікі «двуйкі», якія не прызналіся ў супрацоўніцтве, і адносна якіх не было сведчанняў супрацы.

Афіцэраў дзеючага войска, што раней служылі ў КАП, звальнялі, альбо пераводзілі на менш значныя пасады. Асабліва гэта тычылася Войскаў аховы памежжа — новай структуры, створанай восенню 1945 года. «Былых» шукалі і ў іншых вайсковых структурах. Так, у маі 1952 года да кіраўніка Акружнога аддзелу інфармацыі № IV палкоўніка Мікалая Дыянава прыйшла заява з прапановай аб звальненні з 40-га пяхотнага палка маёра Хенрыка Вавжыновіча. З дакументу вынікала, што афіцэр у 1930-х гадах служыў у батальёне КАП «Няменчын», а пазней нёс службу ў кулямётным узводзе палку КАП «Вільня» і нават карыстаўся з сакрэтнага фонду польскай «Двуйкі» ў горадзе на Віліі. Былога памежніка таксама абвінавачвалі ў тым, што пасля вярбоўкі камуністычнымі спецслужбамі ён «кепска выконваў свае абавязкі».

Прэзідэнт Ігнацы Масціцкі на мяжы с СССР у Заходняй Беларусі, сярэдзіна 1930-х гадоў

Выведнікі з аддзелу кадраў

 «Даследаваннем» мінулага памежнікаў займалася спецыяльная персанальная камісія. З 1949 года яе працай кіраваў падпалкоўнік Ігнацы Кракус з Галоўнага інспектарату аховы памежжа. У адным з дакументаў, падрыхтаваных гэтай структурай у верасні 1950 года, сярод іншых згадваўся капітан Раман Бабінскі, які ў 1930-х гадах быў камандзірам памежнай роты «Колкі» 17-га батальёну КАП «Давідгарадок», а затым служыў у брыгадзе КАП «Палессе». Пасля вайны ён перайшоў у памежную службу ўжо ў Народным Войску Польскім і, зразумела, не мог не прыцягнуць увагу польскіх «чэкістаў».

У выніку дзейнасці спецыяльнай камісіі ў перыяд з чэрвеня 1949 па красавік 1950 года з шэрагаў Войска аховы памежжа было выдалена 326 афіцэраў, 68 падафіцэраў (з якіх 25 з’яўляліся былымі супрацоўнікамі КАП і Дзяржаўнай паліцыі). Частка з гэтых людзей павінна была быць арыштавана Галоўным упраўленнем інфармацыі Войска Польскага.

У жніўні 1949 года на стол віцэ-міністра грамадскай бяспекі генерала Рамана Рамкоўскага лягла сакрэтная даведка намесніка кіраўніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыі Войска Польскага палкоўніка Анатоля Фейгіна з пералікам былых супрацоўнікаў «буржуазных» спецыяльных органаў. У спісе між іншых фігуравала прозвішча кіраўніка аддзелу прамысловасці і гандлю ПНР Караля Левандоўскага, які ў далёкім 1933 годзе быў камандзірам узводу батальёну КАП «Валожын». Падчас вайны «капіст» з Заходняй Беларусі ваяваў у польскай арміі на Захадзе, а ў 1947 годзе вярнуўся на радзіму і трапіў у поле зроку камуністычных спецслужбаў.

Жаўнеры КАП. Заходняя Беларусь, Івянец, 1930-я гады

Здараліся таксама выпадкі, калі былых памежнікаў вербавалі і прымушалі да супрацоўніцтва. Тут варта прывесці прыклад былога афіцэра КАП палкоўніка Ваўжынца Шульца. Ад рэпрэсій яго ўратавала тое, што… з 1940 года ён супрацоўнічаў з НКУС. У паваеннай Польшчы былога памежніка выкарыстоўвалі для збору інфармацыі пра саслужыўцаў. Падобны лёс быў і ў ураджэнца Вільні старшага сяржанта Юзафа Рымкевіча, які ў 1930 гадах праходзіў службу ў 77-м пяхотным палку ў Лідзе, служыў у КАП на тэрыторыі Заходняй Беларусі, а ў жніўні 1939 года быў пераведзены ў Асавец. Камуністычныя спецслужбы завербавалі гэтага чалавека ў 1947 годзе і, як вынікала са справаздачы, працай яго былі задаволеныя.

Камуністычная «Таргавіца»

У перыяд з 1949 па 1955 гады польскае Міністэрства грамадскай бяспекі праводзіла аперацыю пад назвай «Таргавіца», скіраваную на пошук супрацоўнікаў даваеннай выведкі з мэтай выяўлення іх магчымых сувязей з брытанскай «інтэліджэнс сэрвіс». Пры гэтым кожнага былога супрацоўніка ІІ аддзелу Галоўнага штабу Войска Польскага грэбліва называлі «двоечнікам». У адным з дакументаў камуністычных спецслужбаў адзначалася, што «былыя агенты «Двуйкі» з’яўляюцца рэакцыянерамі, якія варожа ставяцца да існуючай у Польшчы ўлады і, заняўшы пасады ў дзяржаўных і вайсковых органах, могуць праводзіць варожую працу».

Канстытуцыя ПНР з праўкамі Сталіна 

Як бачым, фармулёўкі, быццам бы ўзятыя з дакументаў савецкага НКУС узору сярэдзіны 1930-х гадоў. Асаблівую ўвагу спецслужбы Берута надавалі «выкрыццю» тых былых супрацоўнікаў «Двуйкі» і КАП, якія дзейнічалі на «ўсходнім напрамку» — займаліся выведкай супраць СССР або служылі ва ўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай (у тым ліку Віленскім, Навагрудскім і Палескім).

Падчас правядзення аперацыі «Таргавіца» Міністэрства грамадскай бяспекі ПНР падрыхтавала спецыяльнае выданне «Гісторыя і структура Другога аддзелу», у якім апісваліся ўсе этапы стварэння і дзейнасці польскай даваеннай выведкі, у тым ліку структур КАП у Заходняй Беларусі. Супрацоўнікі МГБ ПНР у Беластоку даволі падрабязна апісалі выведвальную дзейнасць пляцоўкі КАП у Гродна/Сувалках. У 1951 годзе ў распрацоўцы беластоцкіх «чэкістаў» было 74 былых супрацоўнікаў КАП, большасць з якіх да вайны працавала ў выведвальнай Пляцоўцы №1 у горадзе над Нёманам. Да гэтага варта дадаць, што для выяўлення «буржуазных» памежнікаў камуністычныя спецслужбы карысталіся альбомам, створаным гестапа падчас нямецкай акупацыі Польшчы, у якім былі змешчаны 1200 здымкаў агентаў даваеннай польскай выведкі і спецыяльных структур, у тым ліку і КАП. 

ПНР. Перасяленне

Пасля смерці Сталіна і развянчання культу асобы аперацыя «Таргавіца» і ўвогуле дзейнасць польскіх камуністычных спецслужбаў у дачыненні да былых супрацоўнікаў даваенных памежных структур ІІ Рэчы Паспалітай паступова згортваецца. Аднак яшчэ да канца 1960-х гадоў у распрацоўцы знаходзілася больш за 200 былых афіцэраў і падафіцэраў Корпусу аховы памежжа.

Няхай жыве польская кампартыя. На адным з партыйных паседжанняў, канец 1940-х гадоў

У жніўні 1969 года Трэцім дэпартаментам МУС ПНР была падрыхтавана справаздача, у якой адзначалася, што «былыя супрацоўнікі «Двуйкі» і КАП не ўяўляюць небяспекі для камуністычнай улады». На той момант большасць з былых «буржуазных» памежнікаў былі ўжо састарэлымі пенсіянерамі.

фота з архіва аўтара

Абмеркаванне:

  • gerwasij
  • 2014-05-06 01:50:56
Неожиданные факты. Интересно. Впрочем, чего удивляться, системс то была большевистская. Вербовали, сексотов делали. Да, тяжелые времена были!
  • Марина
  • 2014-05-06 02:15:36
Интересная статья..... Да...Польские коммунисты мало чем отличались от наших. Их и ставили из Москвы. Но белорусский аспект в этой истории интересен.
  • Denis
  • 2014-05-06 17:27:48
Добрая праца. Гэту тэму я ніколі не закранаў і не пашыраў. Ведаў пра міжваенную "Двуйку" і ўсё на гэтым. Выразнае расчыненне тэмы і фактаў у артыкуле. Частку нашай гісторыі, якую
трэба помніць і вывучаць. Тое, што камуністычная Польшча хацела ўтрымаць уладу, гэта зразумелае і якімі метадамі пераконвалі да супрацы. Пра гэта трэба казаць і помніць...

Каментаваць