Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Стагановічы: успаміны з жыцця і жыццё ўспамінаў

У гэтым годзе ўпершыню будзе ўручана прэмія за лепшую кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў. Але чый гонар ушаноўваецца прэміяй? 



Цягам апошняга дзесяцігоддзя айчынная мемуарыстыка ўзбагацілася заўважнай колькасцю новых тэкстаў. Не апошнюю ролю ў гэтым працэсе адыграла запачаткаваная выдавецтвам «Лімарыус» кніжная серыя «Беларуская мемуарная бібліятэка». Сярод першых кніг у ёй былі ўспаміны раней зусім не вядомых аўтараў: спачатку ў 2011 годзе пабачылі свет «Успаміны пасла» Аляксандра Стагановіча, а ў наступным годзе выйшлі «Мае ўспаміны» яго жонкі Марыі.

Аляксандр Стагановіч

У сваіх успамінах Аляксандр Стагановіч піша: «У вёсцы Нясутычы Гарадэчанскай воласці Наваградскага павета Менскай губерні 25 студзеня 1890 г., ад маткі Паўліны з дому Родзькаў і бацькі Лявона прыйшоў на гэты свет другім па чарзе, але першым сынам я, Аляксандр. У той час бацька мой быў заможным селянінам на ўсю ваколіцу. Здавалася, што маё жыццё на гэтым свеце добра забяспечана.

Як мне было тры гады, сталася вялікае няшчасце ў нашай сям’і: на працягу аднаго года памерлі мой дзед і бацька, які лячыўся ў Вільні ў шпіталі св. Якуба, а таксама мой малодшы брацік. У тым жа годзе здохла чатыры валы, двое коней, пяць кароў, васямнаццаць свіней, збожжа на полі разакралі.

Пасля гэтакага вялікага няшчасця і маладога веку мае маткі мы засталіся на сваёй собскай 6½ гект. гаспадарцы, а арандаваную зямлю, у ліку 34½ гект., абшарнік аддаў другому. Пачалося новае жыццё, якое нельга назваць жыццём, а існаваннем».

Аляксандр Стагановіч у царcкай арміі

З пачаткам Першай сусветнай маладзён апынуўся ў царскім войску, разам з якім адведаў Грэцыю, Італію, Францыю. Вярнуўся ў 1920 годзе ўжо ў іншую краіну, але сялянскія праблемы засталіся тыя самыя:

«…Мы адчулі, што мы павярнуліся ў свой родны край, каб разам з сваім народам перажываць нечуваны глум, здзек, гвалт, а нават кулю толькі за тое, што ты гутарыш сваёю роднаю мовай, маеш свае звычаі, абычаі, абрады, традыцыі і не пагаджаешся з гвалтам, разбоем, несправядлівасцю і не жадаеш мець над сабою няпрошаных варвараў ХХ стагоддзя».

Аляксандр Стагановіч спрабаваў змагацца з тымі «варварамі». Ён быў знаёмы з рознымі выбітнымі тагачаснымі беларускімі дзеячамі: Антонам Луцкевічам, Ігнатам Дварчаніным, Фабіянам Абрантовічам, Юркам Лістападам ды іншымі.

У 1925 годзе ўступіў у Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, а праз тры гады быў вылучаны дэпутатам ад Наваградскай акругі ў польскі сейм па спісе «Змагання». Але за два дні да выбараў Аляксандр Стагановіч быў арыштаваны і зняволены. Пасля асабістага заступніцтва маршалка сейму і вызвалення, ён у канцы 1928 года адмовіўся ад дэпутацкага мандату ў знак пратэсту супраць супрацоўніцтва з КПЗБ. Праз некаторы час быў зноў арыштаваны і асуджаны на шэсць гадоў турмы. У астрозе сядзеў з былымі сенатарам Васілём Рагулем, дэпутатам сейму Юрыем Сабалеўскім.

Аляксандр Стагановіч — пасол польскага сойму (1928 г.)

Па вызваленні і да пачатку Другой сусветнай вайны Аляксандр Стагановіч падымаў уласную занядбаную гаспадарку, а ў часе акупацыі кіраваў Беларускай народнай самапомаччу на Наваградчыне — ратаваў суродзічаў ад новага гвалту. Сын — Леў Стагановіч — згадвае ў сваіх, нявыдадзеных пакуль успамінах, такі выпадак: «З Куравіч прыбягае чалавек у роспачы, што яго сын арыштаваны [немцамі]. Сын у бойцы за дзяўчыну зарэзаў сына савецкага актывіста, пагражае кара смерці або канцлагер. Выхад незвычайны, асабліва бацьку, які любіць закон. Селянін прывозіць гатовую тушу парсюка, разрэзаную напалам. Палавіна — шэфу паліцыі, а палавіна — каманданту мясцовай паліцыі».

Невядома, ці дапамог Аляксандр Стагановіч юнаку і яго бацьку. А вось уласнага старэйшага сына Аляксандра ад канцлагера ўратаваць не змог. Ужо пры канцы вайны сям’я змагла знайсці таго ў Дахаў. Праўда, сам Аляксандр Стагановіч не згадвае гэткія сямейныя справы. Яго ўспаміны прысвечаныя грамадскай дзейнасці. Вось і ў апісанні эміграцыі ён больш зважае на калегаў, знешнія падзеі, палітычныя спрэчкі…

Апынуўшыся ў ЗША, стаў сябрам Беларуска-Амерыканскага задзіночання, Згуртавання беларускіх ветэранаў і епархіяльнай Рады БАПЦ. Ад 1957 года быў намеснікам прэзідэнта Рады БНР… Ён заставаўся беларусам паўсюль, пайшоўшы з жыцця 28 снежня 1988 года ва ўзросце 98 гадоў. Амаль сто гадоў пражыла і ягоная жонка.

Марыя Стагановіч

Успаміны Марыі Стагановіч — сямейныя, побытавыя, этнаграфічныя — вельмі адрозніваюцца ад успамінаў мужа. Нарадзілася аўтарка ў 1898 годзе ў фальварку Косава ў пяці кіламетрах ад тых самых Нясутычаў, дзе прыйшоў на свет будучы муж. Бацька Марыі Сцяпан Карпузевіч-Борыс, звычайны сялянскі сын, каля 25 гадоў працаваў прыказчыкам у маёнтках графа Храптовіча-Буценева. Менавіта таму сям’я жыла звычайна пры гаспадарскім двары, а пра маці Марыі Ганну казалі, што яна была «не зусім ужо сялянскай жанчынай». Да пачатку Першай сусветнай вайны сям’я Карпузевічаў-Борысаў жыла на Наваградчыне ў розных месцах: фальварку Косава, фальварку Мураванка (маёнтак Шчорсы), двары Нясутычы (ужо ў валоданнях Гутаровіча).

Нягледзячы на тое, што і Аляксандр, і Марыя паходзяць з Наваградчыны, менавіта ўспаміны апошняй выглядаюць сапраўдным гімнам гэтаму краю.

«Думаю, што нікога не знойдзецца, каб запярэчыў мне, што наша Беларусь сапраўдная цудоўная байка. Асабліва наша Наваградчына. Славіцца сваімі пагоркамі, далінкамі ды прыгожа зарослымі ярамі. Цудоўнымі спевамі нашых народных песень: вясельных, Калядных, Велікодных, вясковых і хаўтурных, жніўных, Купальскіх і Пятроўскіх. Ёсць, бывала, чаго паслухаць і пабачыць. Не дзіва, што і днём у супакойную часіну ці ноччу, як жывыя, з’яўляюцца абразкі амаль кожны дзень. І ў сне ўсё, там, у дарагім краі, дзе чалавек радзіўся, узрос, і там жа прыйшлося выйсці замуж, і пражыць у дарагім сэрцу краі 46 год».

У адрозненне ад шмат якіх тагачасных сялянскіх дзяцей, Марыя мела магчымасць вучыцца на прафесійных курсах у Мінску (каля 1912 г.). Напэўна, менавіта наяўнасць крыху большай, як у звычайных тагачасных сялянак, адукацыі спрычынілася да з’яўлення пазней успамінаў. Але напісаныя яны менавіта пра вясковае, сялянскае жыццё.

Марыя Стагановіч (каля 1928 г.)

Традыцыйныя сялянскія ўяўленні пра жыццё, працу, веру былі неад’емнай часткай асобы Марыі Стагановіч. Вось як згадвала пра сваю маці дачка Тамара: «Мама ведала ўсе абрадавыя песні: жніўныя, калядныя, велікодныя, шлюбныя. Іх яна спявала ды расказвала пра абрады: вяселлі, хрэсьбіны, заручыны, а з каляднымі песнямі вучыла нас малітвам. Святочны настрой Калядаў ці Вялікадня пачынаўся з некалькіх дзён падрыхтоўкі да святаў. Мама трымалася ўсіх царкоўных канонаў. Я помню, як перад святам яна пякла булачкі-галушкі, якіх кожны мусіў з’есці па 40 штук. Помню песні валачобныя падчас Велікодных святаў, калядоўнікаў з запаленай зоркай, але асабліва падчас лета ды жніва — песні дажынкавыя». Тыя песні, а таксама апісанні абрадаў, звычаяў, традыцыйных страваў — неад’емная частка ўспамінаў Марыі Стагановіч.

Шчаслівае жыццё разбурылі хвароба маці і Першая сусветная вайна. Вайна прымусіла ўліцца ў хвалю бежанцаў і спыніцца на Смаленшчыне, дзе і памерла маці Марыі. Вайна забрала і жыццё брата Івана, што служыў у войску.

 Марыя Стагановіч (Навагрудак, 1942 г.)

Вярнуцца на радзіму рэшткам сям’і ўдалося толькі каля 1920 года. Прыкладна тады ж, як вярнуўся з Францыі і Аляксандр Стагановіч, з якім Марыя была заручаная раней. У 1922 годзе згулялі вяселле, і ў сям’і Стагановічаў нарадзіўся першы сын Аляксандр (Шура) (1922–1974). Пазней з’явіліся яшчэ Лёва (192–2008), Тамара (нар. 1930) і апошні, ужо ў часе Другой сусветнай вайны, Юрка (нар. 1942).

Дзеці Стагановічаў у Нямеччыне пасля прыходу амерыканскай арміі

Успаміны Марыі Стагановіч не даходзяць да вяртання з бежанства, вяселля ды з’яўлення дзяцей. Няма і аповеду пра цяжкасці жыцця адной з трыма дзецьмі на гаспадарцы ў часе зняволення мужа, пра ваеннае ліхалецце ды эміграцыю ў ЗША. Пра ўсё гэта можна прачытаць у мемуарах дачкі Тамары, якія яшчэ дапісваюцца.

 Аляксандр Стагановіч з дачкой Тамарай па заканчэнні яе навучання ў Western College, Oxford, Ohio

Стагановічы — унікальная сям’я. Чатыры яе члены пакінулі па сабе ўспаміны. Акрамя апублікаваных бацькоўскіх, ёсць яшчэ ўспаміны дзяцей Льва і Тамары, што чакаюць публікацыі.

Менавіта Тамара Стагановіч спрычынілася да таго, што ўспаміны бацькоў, напісаныя першапачаткова для дзяцей і ўнукаў, былі апублікаваныя і дайшлі да шырокага чытача.

Аляксандр і Марыя Стагановічы ў парку ў Нью-Брансвіку

Удзячная дачка вырашыла ўшанаваць памяць бацькоў яшчэ і заснаваўшы прэмію іх імя за найлепшую кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры. Аўтары згаданых успамінаў відавочна вартыя гэткай увагі. А айчынная непрыдуманая літаратура даўно заслугоўвае ўласнай прэміі.

Каментаваць