«Сталін даслаў віншавальную тэлеграму нашаму «калектыву» — тысячам трупаў, якія гнілі ў зямлі»

На сайце «Неўміручы барак», на якім людзі збіраюць сведчанні злачынстваў сталінскага рэжыму і дзеляцца ўспамінамі сваіх сваякоў, якія прайшлі жах савецкіх лагераў, апублікаваны фрагмент мемуараў гамяльчаніна Рыгора Клімовіча, удзельніка самага масавага пратэсту зняволеных у гісторыі ГУЛАГу.
Нарыльскага паўстанне — негвалтоўнае выступленне зняволеных Горлага, якое адбылося летам 1953 года. Па дакументах лагернай адміністрацыі, суда і пракуратуры яно спачатку кваліфікавалася як «антысавецкае контррэвалюцыйнае збройнае паўстанне», а пасля як «масавае непадпарадкаванне зняволеных».

Рыгор Клімовіч

Рыгор Клімовіч


Гэта «паўстанне» лічыцца самым масавым і працяглым выступам зняволеных у гісторыі савецкіх лагераў. З 26 мая па 4 жніўня «бунтавалі» шэсць аддзяленняў Горлага, а да канца выступленняў да яго далучылася два аддзялення «Нарыльлагу». Адначасова колькасць страйкоўцаў зняволеных даходзіла да 16 378 чалавек. У гэтых лагерах большасць зняволеных былі «палітычнымі». Лічыцца, што да паўстання зэкаў падштурхнула адміністрацыя — прадстаўнікі лагера стралялі па жылых зонах і нават забілі некалькіх вязьняў.

Рыгор Клімовіч, удзельнік Нарыльскага паўстання, нарадзіўся ў 1926 годзе ў Гомелі. Скончыў індустрыяльна-педагагічны тэхнікум. Яго бацькоў расстралялі нацысты па падазрэнні ва ўдзеле ў партызанах. Дваіх братоў забрала вайна — яны загінулі на фронце. У 1943 году Клімовіч адправіўся ў Маскву, дзе і быў арыштаваны па падазрэнні ў шпіянажы. Яго абвінавацілі ў забойстве камандзіра партызан, атрад якога базіраваўся побач з вёскай, дзе Рыгор знаходзіўся пад акупацыяй.

«Суда ніякага не было. Мяне выклікалі да следчага і зачыталі прысуд. Суседзі па камеры ў следчай турме раілі падпісаць усе паперы энкавэдыстаў, але я ўпарта адмаўляўся. Ужо седзячы ў лагеры, я зразумеў, што калі б падпісаў гэтыя абсурдныя абвінавачванні, мяне б расстралялі», — пісаў у сваіх успамінах Рыгор Клімовіч.

Шлях «па этапе» Рыгор пачаў са свярдлоўскіх лагераў. Там за месяц з тысячы зняволеных заставалася ў жывых 6-7 дзясяткаў чалавек. «Для тых, хто быў на волі, мы лічыліся «будаўнічым калектывам металургічнага завода». Цынізм савецкага кіраўніцтва ўражвае да гэтага часу. Калі завод быў пушчаны, Сталін даслаў віншавальную тэлеграму нашаму «калектыву» — тысячам трупаў, якія гнілі ў зямлі», — так апісаў Рыгор сваё знаходжанне ў лагеры пад Свярдлоўскам.

У 1945 году Рыгора Клімовіча перавялі ў штрафны лагер у Багаслоўскую, а перад гэтым ён трапіў у Невенскі лагер. Паводле яго слоў, ён быў не менш страшны, чым папярэдні. Зняволеных размясцілі ў былым авіяцыйным ангары, у якім адначасова пражывала больш за шэсць тысяч чалавек. «Адсюль лагернае начальства адправіла мяне ў так званую «зладзейскую камандзіроўку» ў Багаслоўскі лагер. Лепш за ўсё пра «камандзіровачны» лагер сказана ў прымаўцы «сто чалавек плачуць — адзін смяецца». У сістэме ГУЛАГа існавалі адмысловыя, невялікія па колькасці зняволеных зоны, куды высылалі на верную смерць», — так апісаў свае ліхтугі Рыгор Клімовіч.

«Што мяне ўратавала?.. Я быў перакананы, што жыць мне засталося нядоўга — зона спрэс была з крымінальнікаў. Аднойчы ў лагер з праверкай прыбыў пракурор. Я ў прысутнасці ўсіх зэкаў выйшаў і сказаў, маўляў, чаму вы людзей ні за што знішчаеце? Гэта ж вы і ваша сістэма на волі робіць з іх бандытаў. Усе злодзеі вельмі ўважліва слухалі маю прамову. А пракурор закрычаў на начальніка лагера: «Хто яго сюды змясціў? Прыбраць!» Мяне вярнулі ў Невенск, але перад тым адбылася размова з злодзеямі. Яны сказалі літаральна наступнае: «Ты ўсё правільна зразумеў. Цяпер можаш усім казаць, што злодзеі Багаслоўска падарылі табе жыццё», — напіша ён пазней у сваіх мемуарах.

Нарыльск, 1953 год

Нарыльск, 1953 год


У 1950 Рыгора Клімовіча перавялі ў 5-е аддзяленне Горлага. Пасля смерці Сталіна зняволеныя песцілі надзею на паслабленне рэжыму і пачатак амністыі, але ў Горлаге рэжым стаў яшчэ злей і стражэй. Увесну 1953 лагернай ахове дазволілі расстрэльваць зняволеных без суда і следства на месцы. Проста па сваім рашэнні. Рыгор Клімовіч так апісвае гэтыя падзеі: «За вясну такім чынам было забіта 13 чалавек. 25 мая — яшчэ чацвёра». Гэта стала апошняй кропляй для вязняў. Як толькі зняволеныя даведаліся аб забойствах, яны па ўсім лагеры спынілі працу. У зняволеных з'явіўся нават свой флаг — чорны сцяг з чырвонай паласой. Пасля нарады зняволеныя пачалі каваць шаблі, майстраваць гранаты і абкладваць грузавікі бетоннымі плітамі для прарыву.
Заклік аднаго з лагаддзяленняў Горлага

Заклік аднаго з лагаддзяленняў Горлага


Паўсталыя зэкі патрабавалі ўрадавую камісію з Масквы, паколькі не давяралі лагернай адміністрацыі, скараціць 10-12 гадзінны працоўны дзень да 7-8 гадзіннага, выплаціць заробленыя грошы, палепшыць бытавыя ўмовы, медыцынскае абслугоўванне і культурна-выхаваўчую працу ў лагерах.

Асноўным патрабаваннем паўстанцаў было перагледзець справы палітвязняў і пакараць вінаватых у самавольствы супрацоўнікаў МУС / МГБ. Акрамя гэтага спіс патрабаванняў уключаў у сябе адмену нашэння нумароў на вопратцы, зняцце кратаў з вокнаў баракаў, не абмяжоўваць перапіску з родным двума лістамі ў год, адпусціць з лагераў інвалідаў, вывезці на радзіму замежнікаў і змякчыць пакаранні за парушэнне рэжыму.
Улётка паўстанцаў зняволеных Горлага

Улётка паўстанцаў зняволеных Горлага


Лічбы пра колькасць загінуўшых падчас паўстання адрозніваюцца. Адны крыніцы паказваюць, што загінула каля сотні чалавек, а паранена больш за дзвесце, іншыя даюць менш радасныя лічбы — каля дзвюх соцень загінуўшых і каля чатырохсот параненых. У могільнікавай кнізе горада Нарыльска паказана, што ўлетку 1953 у безназоўнай магіле было пахавана 150 безыменных тэл. Як паведамляюць сведкі тых трагічных падзей, зняволеныя не нападалі. Часцей за ўсё яны гінулі ад стрэлаў у спіну.

Плакаты зняволеных Горлага, Нарыльск, 1953 год

Плакаты зняволеных Горлага, Нарыльск, 1953 год


Пасля жорсткага падаўлення паўстання Рыгора Клімовіча перавялі ва Уладзімірскую турму. Як ён успамінаў у сваіх мемуарах, везлі іх на баржы па Енісеі ў бок Краснаярскай перасылкі. Ніхто не ведаў планаў турэмнай адміністрацыі, большасць зняволеных былі ўпэўненыя, што іх вязуць, каб забіць. Сярод вязняў сабралася нарада нацыянальных абшчын. Каб увекавечыць памяць аб паўстанні, зняволеныя вырашылі скласці гімн. Параіўшыся паміж сабой, удзельнікі Нарыльскага паўстання вырашылі напісаць песню па-руску, каб яе сэнс быў зразумелы ўсім савецкім зекам. Праўда, напісанне даверылі беларусу Клімовічу.

Гимн Норильских повстанцев

Не страшны нам тиранства большевизма,
Мы знали горе свыше всяких мер.
Известны нам все ужасы чекизма
И плачь людей на землях СССР.
Познали мы застенки заключенья
И лагеря, где каждый жертвой был.
Расстрел безвинных в зоне оцепленья
Ответным воплем тундру разбудил.
Мы заявили всей орде кремлевской
Святой протест насилию и злу.
И черный флаг с кровавою полоской
Псов на цепь взять приказывал Кремлю.
Мы встали рядом брат около брата
За право жить без тюрем и цепей.
Напрасно смерть дышала с автоматов
И псы рычали в ярости своей.
Нас не сломить рукой раба-солдата
Свободы клич сгибает сталь штыков
И не сдержать кровавым водопадом
Растущий гнев антибольшевиков.
В крови зэка омылась наша слава
В режимных зонах Горных лагерей.
Из тьмы встает свободная держава.
Огни Норильска не погаснут в ней.
Дыханье жертв Комиссии московской
Мы И черный флаг с кровавою полоской
Нам путь осветит в праведной борьбе.

Аўтара гімна трымалі ў сакрэце. Спецслужбы, па словах Рыгора Клімовіча, нават пасля закрыцця ГУЛАГа шукалі смелага песняра. Аўтарства Клімовіча рассакрэцілі толькі ў 1991 годзе на кангрэсе ўкраінскіх палітвязняў.

Пасля вызвалення ў 1956 годзе Рыгор Клімовіч вярнуўся на радзіму ў Гомель, дзе і памёр праз 44 гады. Горлаг зачынілі летам 1954, праз год пасля паўстання. Яго аб'ядналі з Нарыльскім ППЛ.

Цалкам успаміны Рыгора Клімовіча можна прачытаць тут.

gomel.today

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Люстэрка
  • 2018-09-07 23:20:20
Арыштаваны і кінуты ў савецкі канцлагер ў 17 гадоў! Самы час жыць, ствараць, дыхаць поўнымі грудзьмі, вучыцца навукам, абіраць шлях у будучыню, кахаць, цалаваць, глядзець у вочы каханай і марыць.
А замест гэтага вакол трупы, трупы, трупы, калючы дрот, бруд, смурод, смерць наўкол, праца па 12 гадзін, голад, холад, зламанае жыццё, страчаная маладосць, падарванае здароўе, здзекі, пабоі...
Вось такое яно жыццё ў СССР. Трэба ведаць і помніць. Каб не даць паўтарыцца злу.

Каментаваць