Сустрэчы з духамі продкаў на старажытных могілках

Вёска Янкавічы раскінулася на беразе па-нардычнаму камяністай, стромкай ды глыбокай ракі Дрысы, у якой адносна нядаўна дайверы знайшлі абпаленага драўлянага ідала.


Тут, на самай поўначы Беларусі, у Расонскім раёне Віцебскай вобласці, усё крыху па-іншаму. Напрыклад, вясенняя традыцыя наведвання і ўшанавання продкаў прыпадае не на дзень святкавання праваслаўнай Радаўніцы (на другі тыдзень пасля Вялікадня), а на Зялёныя святкі, ці троіцкія святкаванні, якія пачынаюцца ўжо пасле поўнага сканчэння веснавых земляробчых прац.



Старажылы вёсак памятаюць як яшчэ 20-30 год таму троечныя Дзяды сапраўды азначалі слова «радасць», калі духі продкаў у выглядзе птушак зляталіся да жывых сваякоў. Яны разам пілі, елі, весяліліся і радаваліся росквіту прыроды. Некаторыя з гэтых традыцый, такія як упрыгожванне помнікаў, пакіданне ежы для продкаў, праліванне напояў і застолле на могілках захаваліся і да нашага часу, але шмат чаго ўжо зараз страчана…


Янкаўскія могілкі размешчаны згодна з паганскай традыцыяй — на ўзвышэннях каля берагу ракі. У цэнтры, як і стагоддзі таму, захоўваецца каменнае Янкаўскае капішча з чалавекападобнымі крыжамі. Быццам продкі-дзяды і бабы стаяць побач. На некаторых з ідалаў можна нават убачыць вочкі, адтуліны ў выглядзе ратоў, а таксама крыжы ў кругах (колакрыжы) — сведкі старажытнага пакланення сонцу. На большасці ідалаў крыжы роўныя (гэта значыць, што гэта мужчынскі крыж), а выразаны крывы — жаночы.


Паводдаль знаходзіцца ідал каменнай бабы. Ад астатніх ён адрозніваецца формай і прымітыўнай апрацоўкай. Некаторыя вучоныя лічаць, што Янкаўскі ідал належыць да культу багіні Лады.


Калі меркаваць па тыльным згладжаным баку ідалаў, магчыма з прыходам хрысціянства яны былі сточаны да востраканечных крыжоў — каб адаптаваць паганскія традыцыі ўшанавання продкаў да хрысціянскага культу.



Цікава, што некаторых з ідалаў, напрыклад, дзіцячага ідала на суседніх Грыбёльскіх могілках, мясцовыя жыхары ўпрыгожваюць дагэтуль кветкамі перад Дзядамі.


Камяні падобныя на жаночую постаць, з прымітыўна нанесенымі рысамі твару, у хустачцы і сукенцы з шырокім долам на працягу стагоддзяў служылі жыхарам вёсак абярэгамі. Ім пакланяліся, іх ушаноўвалі: апраналі ў жаночае адзенне, прыносілі да іх дары і прасілі ўзамен ураджаю, здароўя, плоднасці, дабрабыту і шчасця.


На фотаздымках, зробленых адносна нядаўна мясцовым ляснічым Алегам Міленцяем, ідал каменнай бабы ляжаў павалены на зямлі. А вось карэспандэнт «Новага часу» застаў яго на Радаўніцу ўжо ўкапаным у зямлю. Гэта парадавала, але, на жаль, не сведчыць аб тым, што помнікам далёкага мінулага ў Беларусі надаюць адпаведную ўвагу.

На працягу стагоддзяў нашу спадчыну знішчалі як фанатычныя рэлігійныя дзеячы, так і савецкія ўлады. Ды й самі сяляне, якія знаходзілі старажытных ідалаў у сваіх агародах, побач з магіламі сваякоў, не разумелі, якая каштоўнасць ім трапілася. Іх звазілі на сметнікі, скідвалі ў балоты і рэкі, ці наўпрост зарывалі ў зямлю.



Шматлікія валуны і ідалы нясуць на сябе старажытныя сімвалы і надпісы, яны ахутаны старадаўнімі легендамі і па-сутнасці з’яўляюцца самымі першымі і каштоўнымі помнікамі эпіграфікі і этнаграфіі. Не зважаючы на гэта, беларускія ўлады не маюць асаблівага жадання займацца акультурваннем і рэканструкцыяйі месцаў старажытных капішчаў.



Тым не меш, добрым прыкладам плённага супрацоўніцтва энтузіястаў і мясцовай улады ў наш час з’яўляецца дзейнасць краязнаўцы Уладзіміра Іванова, які пры садзейнічанні старшыні Лятчанскага сельсавета Віктара Бурдзея стварыў Музей старажытных пахавальных абрадаў крывічаў на могілках вёскі Шэвіна ў 20 км ад Віцебска, а таксама энтузіястаў з Тураўскай епархіі, якія размясцілі і ўпрыгожылі каменныя крыжы ў мясцовых цэрквах.


На жаль, на Янкавіцкіх могілках крыжы-абярэгі застаюцца амаль што цалкам у зямлі і знаходзяцца каля смецця ў атачэнні галля…




Абмеркаванне:

  • Зміцер С.
  • 2016-05-15 23:59:14
На жаль, на Янкавіцкіх могілках крыжы-абярэгі застаюцца амаль што цалкам у зямлі і знаходзяцца каля смецця ў атачэнні галля…

- Крыжы - гэта пахавальныя помнікі. Яны павінны заставацца на сваіх месцах, а не пераязджаць у цэрквы.

ракі Дрысы, у якой адносна нядаўна дайверы знайшлі абпаленага драўлянага ідала.

- Ідал - сучасная творчасць, як паказалі аналізы, што рабіліся ў Акадэміі навук
  • Андрэй С.
  • 2016-05-22 17:15:38
І дзе гэта аўтар убачыў ідалаў? каменныя надмагіллі і фантазіі аўтара.

Каментаваць