Святар з Беласточчыны: Ахвяры польскіх радыкалаў яшчэ стануць пакутнікамі

2-га лютага спаўняецца 72-гая гадавіна пацыфікацыі беларускіх вёсак на Беласточчыне: Зані, Шпакі і Канцавізна, нагадвае «Радыё Рацыя».


Аддзел Райса на Віленшчыне, вясна 1944-га

Аддзел Райса на Віленшчыне, вясна 1944-га


«Пабудуем каплічкі, дзе пахаваныя бязвінныя ахвяры пацыфікацыі вёсак Зань і Шпакі,» – кажа новы настаяцель парафіі ў Малешах айцец Марк Якімюк.

2 лютага ў 72-ю гадавіну пацыфікацыі вёсак аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандваннем Рамуальда Райса, псеўданім «Буры», ля магілаў ў Занях і Шпаках айцец Марк адслужыць паніхіды. Паніхіда ў Занях а 9-й гадзіне. У Шпаках а 12-й гадзіне.

Важна прыйсці сюды і памаліцца. А для мяне, як святара, перадусім захаваць памяць пра загінулых. Прыйдзе час, будзем мець свае іконы, будуць пакутнікі занеўскія, шпакоўскія, залешанскія. Калісьці так будзе і трэба ў гэта верыць, — падкрэслівае айцец Марк.

2 лютага 1946 года аддзел Рамуальда Райса, псеўданім «Буры» спаліў Зані, Шпакі і Канцавізну. У гэты дзень ў Занях загінула 24 асобы, галоўным чынам жанчыны і дзеці, у Шпаках загіннула 7 чалавек. У 2005 годзе Інстытут нацыянальнай памяці ў Беластоку кваліфікаваў дзеянні Рамуальда Райса злачынствам з прыкметамі генацыду.


Злодзеем Райса лічаць далёка не ўсе: ягоны партрэт пасярэдзіне на расцяжцы ў польскіх маладзёнаў

Злодзеем Райса лічаць далёка не ўсе: ягоны партрэт пасярэдзіне на расцяжцы ў польскіх маладзёнаў



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць