Шпіёнаманія. Пачатак адной хваробы

Грамадзянам СССР у 1930-я гады моцна ўбілі ў галаву ідэю пра тое, што кожны замежнік у той ці іншай ступені з’яўляецца агентам заходніх спецслужбаў. Гэты стэрэатып часам нагадвае пра сябе і сёння.

Агітацыйны плакат заклікае ахоўваць межы


Выведнікі КАП

У другой палове 1930-х гадоў у Савецкім Саюзе пачынаецца актыўная барацьба з іншадумствам і пошукі «ўнутраных» ворагаў. Першымі ахвярамі чыстак сталі прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі. Пазней узяліся за членаў партыі, пралетарыят, сялян. Пры гэтым савецкім грамадзянам убівалі ў галовы, што краіна Саветаў знаходзіцца ў варожым атачэнні, і кожны капіталістычны сусед імкнецца заслаць у СССР сваіх агентаў, шпіёнаў і дыверсантаў. Асабліва гэта тычылася памежных рэспублік, бо яны знаходзіліся, як кажуць, «на вастрыні ўдару».

У савецкай Беларусі, асабліва ў Мінску, усё было прасякнута антыпольскімі настроямі, што было звязана з блізкай «рыжскай мяжой». За год да пачатку Другой сусветнай вайны, у верасні 1938 года, камандаванне выведкі польскага Корпуса аховы памежжа інфармавала Варшаву пра становішча на мяжы і настроі, якія панавалі ў савецкім грамадстве.



Гэта вельмі цікавы дакумент. «Палітычная сітуацыя ў СССР у перыяд справаздачы (1937 г.) застаецца пад уплывам палітычных гульняў Сталіна з апазіцыяй і звязаным з гэтым тэрорам, які ажыццяўляецца пад лозунгам «абароны сацыялістычнай дзяржавы ад шпіёнаў, сабатажнікаў і капіталістычных шкоднікаў», а таксама напружання адносін паміж Рэччу Паспалітай і СССР у выніку нібыта пранямецкай замежнай палітыкі Польшчы, накіраванай супраць Саветаў. [...] Рашаючую ролю адыгрывае рост прэвентыўных дзеянняў савецкіх улад, якія прымаюць вельмі радыкальныя формы. [...] Варта адзначыць распаўсюджаную антышпіёнскую прапаганду, якая пачалася ў сакавіку 1937 года. Яе мэтамі з’яўляецца абгрунтаванне для ўласнага грамадства палітычных працэсаў і пакаранняў высокапастаўленых прадстаўнікоў савецкага рэжыму і камандавання РСЧА. Акрамя гэтага такая палітыка павінна перашкодзіць уцечцы за мяжу інфармацыі аб цяжкай унутрыпалітычнай і вайсковай сітуацыі ў СССР».


Польская вышка на мяжы з СССР


«У сувязі з гэтым савецкая прапаганда накіравана ў асноўным супраць замежнікаў і падкрэслівае, што як усе афіцыйныя прадстаўнікі замежных дзяржаў, так і звычайныя замежныя грамадзяне выконваюць заданні замежнай выведкі, таму кожнага з іх трэба трактаваць як замаскіраванага шпіёна. Зыходзячы з гэтага, улады запатрабавалі ад сваіх грамадзян пазбягаць кантактаў з «чужымі» на тэрыторыі Савецкага Саюза і вельмі асцярожна паводзіць сябе за мяжой (тычылася гэта невялікай часткі савецкай інтэлігенцыі і спецыялістаў, якім дазвалялі выязджаць у замежныя камандзіроўкі. — І.М.). У выніку гэтай прапаганды напужаныя савецкія грамадзяне, які і да гэтага не вельмі ахвотна ўваходзіў у кантакт з замежнікамі, зараз іх панічна пазбягае. А калі ўсё ж вымушаныя з імі сутыкацца, дык спрабуюць абыходзіць маўчаннем пытанні са знешнепалітычнай сферы, а таксама што тычыцца вайсковай і гаспадарчай сітуацыі ў СССР», — пісаў КАП.


Савецкая памежная вышка, 1934 год


«Акрамя гэтага, назіраецца працяг высялення насельніцтва з памежнай тэрыторыі. Гэта мае рысы абсалютнага пазбаўлення беларускай і ўкраінскай тэрыторыі ад элементаў, якія маюць хоць маленькую сувязь з Польшчай і польскасцю. Пры гэтым не шкадуюць нават ідэйных камуністаў польскай нацыянальнасці, а таксама заслужаных камуністаў-перабежчыкаў з Польшчы. Вельмі моцная крытыка савецкіх грамадзян польскай нацыянальнасці і перабежчыкаў з Польшчы, якія жылі на заходнім памежжы адбывалася на старонках савецкай прэсы, якая заклікала бязлітасна граміць і выкарчоўваць польскіх і трацкіста-бухарынскіх шпіёнаў, а таксама шавінісцка-фашысцкіх агентаў Польшчы ў Беларусі і Украіне», — падкрэслівалася ў справаздачы польскіх разведчыкаў.


Затрыманне дыверсантаў


Зачыстка памежжа

Што тычыцца высялення «нядобранадзейных элементаў» з памежнай зоны, дык гэты працэс пачаўся яшчэ ў 1931 годзе і быў звязаны, перш за ўсё, з будаўніцтвам умацаваных раёнаў на мяжы з Другой Рэччу Паспалітай. У маі 1931 года кіраўнікі мясцовай савецкай улады атрымалі распараджэнне, паводле якога загадвалася ачысціць тэрыторыю БССР, як памежную, ад рэшткаў кулацтва. Да гэтай катэгорыі былі залічаныя не толькі багатыя сяляне, але і «заможнікі», і «эксплуататары» ў мінулым. Уся праца па высяленні была ўскладзена на ДПУ.

Вось як апісвала тыя падзеі адна з дэпартаваных: «Выслалі нас з Заслаўшчыны недзе ў 1930-я гады, дакладна не памятаю. Жылі мы ў Архангельску, Усцюгу, Ухтыме. Майго бацьку вельмі паважалі зняволеныя, бо ён чытаў пропаведзі. Да высылкі ён быў дыяканам, за гэта нас і рэпрэсавалі. Умовы жыцця былі жахлівымі, харчаваліся марошкай, атожылкамі».


Дэпартацыя з Беларусі, 1930-я гады


А так узгадвала тыя часы жыхарка заслаўскай вёскі Марыя Сяржан: «У Хмелеўцы мы разам з мужам пасялілася ў 1930-я гады. Гэтыя часы ўзгадваю з жахам. [...] У 1933 годзе, памятаю, ад голаду прыходзілася збіраць «шаймору» — бульбу, што засталася пасля зімы на палях, з якой рабілі праснакі. На памяці і высылкі з нашай і іншых вёсак. Абозы з людзьмі, якіх вывозілі, цягнуліся ажно да Заслаўя».

Сяляне як маглі супрацьстаялі высяленням і дэпартацыям. У 1934 годзе начальнік упраўлення памежнай аховы і войскаў ДПУ БССР Радзін інфармаваў ЦК КП(б)Б, што ў сувязі з мерапрыемствамі савецкіх уладаў — ачыстцы калгасаў ад кулацкага і варожага элемента, пашпартызацыі 100-кіламетровай памежнай зоны, а таксама рэпрэсій у адносінах да кулацкага элемента — узмацніліся эмігранцкія настроі і спробы нелегальнага пераходу мяжы з Польшчай. У адказ на гэта ўлады ўзмацнялі памежны рэжым. У 1935 годзе там, дзе былі пабудаваны ўмацаваныя раёны, была ўведзена 7,5 кіламетровая зона, уезд у якую ажыццяўляўся толькі па пропусках НКУС. І працягвалі дэпартацыі.

Дэпартацыя

Марыя Гаралевіч апісвала гэтыя рэпрэсіі:

«Нарадзілася я ў жніўні 1928 года ў вёсцы Вуглы Гаранскага сельсавета Заслаўскага раёна, у сям’і селяніна. Бацька, Антон Станіслававіч Алісевіч, працаваў у саўгасе Валоўшчына сталяром, а маці гадавала дзяцей. Было ў нас восем чалавек сям’і, мелі сваю хату, адну карову, каня, кабана, курэй і 1,5 га зямлі. 17 чэрвеня 1935 года нашага бацьку выклікалі ў НКУС мястэчка Заслаўе, а 20 ліпеня да нас прыехалі супрацоўнікі НКУС і загадалі збірацца і захапіць цёплыя рэчы. Маці, мяне, дзвюх сясцёр павезлі на павозцы ў Мінск, дзе да нас далучыўся бацька. Пад канвоем, як «ворагаў народа», нас пагрузілі ў цягнік, дзе ў кожным вагоне было па 4 сям’і. Па чыгунцы прывезлі ў пасёлак Ухтым Ленскага раёна Архангельскай вобласці. Тут знаходзіўся лагер Беразоўка. Пасялілі ў барак, які быў падзелены на дзве паловы, у кожнай па тры пакоі і адна печ. Дарослыя працавалі на лесанарыхтоўках, дзеці збіралі ў лесе ягады, грыбы, травы, бо ежы заўсёды не хапала».

У выніку аперацыі па барацьбе супраць польскай, нямецкай і латвійскай агентуры ў БССР, якая праводзілася ў жніўні 1937 — верасні 1938 гадоў, чэкістамі было арыштавана 21 407 чалавек, з якіх расстралялі 1210, а значную колькасць асудзілі на турэмнае і лагернае зняволенне. Нягледзячы на гэта, «сыходы ў Польшчу» жыхароў БССР працягваліся да пачатку Другой сусветнай вайны.


Савецкі плпкат;


Быць пільнымі

У дакуменце КАП зазначалася, што таксама назіраўся працэс невяртання савецкімі ўладамі перабежчыкаў. Калі тыя былі прыдатныя да нясення вайсковай службы, іх высылалі ў Іспанію і ўключалі ў склад інтэрбрыгад. А тых, хто не мог трымаць зброю, прысуджалі да 2–3-гадовай ссылкі за нелегальны пераход мяжы. Са справаздачы польскіх памежнікаў вынікала, што савецкім грамадзянам практычна немагчыма было падтрымліваць ліставанне з замежжам.

Прапаганда супраць кантактаў з замежнымі гасцямі не абмяжоўвалася толькі газетнымі публікацыямі. Памежнікі і «адказныя таварышы» хадзілі ў беларускія школы, ВНУ і не проста «пужалі» моладзь небяспекай размоў з замежнікамі, але агітавалі піянераў, акцябрат і камсамольцаў дапамагаць у выкрыцці дыверсантаў і агентаў капіталістычных спецслужб. Рабіліся такія лекцыі і ў 15-м атрадзе памежных войскаў НКУС БССР у Заслаўі. У адной з тагачасных мясцовых савецкіх газет падкрэслівалася: «Жыхары Заслаўшчыны актыўна дапамагаюць нашым вартавым мяжы. Піянеры N-скай вёскі выявілі групу перабежчыкаў з Польшчы і дапамаглі памежнікам затрымаць іх». Увогуле, думка, што кожны савецкі грамадзянін ахоўвае дзяржаўную мяжу, была ў той час адной з найбольш папулярных.


Савецкія памежнікі, 1940 год


Савецкіх грамадзян вучылі быць пільнымі не толькі на памежжы з «варожым буржуазным светам», але і ўнутры краіны. Асаблівая ўвага надавалася вайсковым і прамысловым аб’ектам. З Чырвонай Арміяй і яе інфраструктурай усё зразумела, але, калі казаць пра савецкія фабрыкі і заводы, то большасць іх была пабудавана пры ўдзеле інжынераў з ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі. Прадпрыемствы ўзводзіліся па заходніх узорах і з выкарыстаннем імпартнага абсталявання, таму асаблівай цікаўнасці для замежнай выведкі не ўяўлялі. Аднак грама­дзян СССР працягвалі пужаць капіталістычнымі агентамі і дыверсантамі, якія быццам бы спалі і марылі, як бы атрымаць «план бальшавіцкага завода».

Пазней была Другая сусветная вайна, але і яе вынікі не змянілі сітуацыю з агульнай шпіёнаманіяй у Савецкім Саюзе. У пасляваенныя гады амаль у кожным госцю з замежжа бачылі шпіёна варожых спецслужбаў. Гэты стэрэатып часам нагадвае пра сябе і сёння.


Каментаваць