Што чакала б сучасных злачынцаў у ВКЛ?

«Наша Ніва» пацікавілася, што чакала б сучасных злачынцаў правапарушальнікаў, калі б іх судзілі згодна са Статутам 1588 года.

Тагачасны «крымінальны кодэкс» лічыўся найбольш распрацаваным і дасканалым дакументам свайго часу. Ім карысталіся аж да таго часу, калі Беларусь далучылі да Расійскай імперыі і нават яшчэ 50 гадоў пасля далучэння. Праўда, варта адзначыць: Статут, які ў параўнанні з законамі іншых еўрапейскіх краін, быў даволі прагрэсіўным, усё ж заставаўся вельмі і вельмі жорсткім.

Смерць чакала б трох з чатырох «чорных рыэлтараў»

У 2017 годзе ў Магілёве былі вынесеныя прысуды так званым «чорным рыэлтарам». Трое мужчынаў і жонка аднаго з іх шукалі алкаголікаў, угаворвалі іх прадаць жыллё, абяцалі дапамагчы набыць новае. Аднак затым прадаўцоў забівалі. Паспелі забіць шасцярых, але планавалі яшчэ тры забойствы. У выніку двух мужчынаў асудзілі на расстрэл, жанчына атрымала таксама максімальна магчымае пакаранне — 25 гадоў калоніі, яшчэ адзін фігурант справы — 22 гады.

У часы Вялікага Княства Літоўскага пры пакаранні за забойствы былі пэўныя нюансы.

Напрыклад, людзей, якія мелі псіхічныя захворванні, смерцю не каралі (але такія асобы мусілі знаходзіцца пад вартай). Не каралі смерцю і цяжарных жанчын.

Злачынствы, якія здзяйсняла група асобаў, дзяліліся на «простыя» (калі ўсе былі выканаўцамі, умоўна кажучы) і «складаныя» (калі, напрыклад, адзін замаўляў злачынства ці падбухторваў на яго, а другі выконваў), а таксама выдзялялі злачынныя суполкі.

Важна яшчэ, хто быў забіты і кім. Калі б шляхцічы забілі шляхціча, то са злачынцаў выбіралі аднаго — яго чакала смерць. Калі б шляхціч быў забіты простымі людзьмі, то смерцю пакаралі бы ўсіх забойцаў. Калі звычайныя людзі забівалі простага чалавека — то пакараць смерцю трэба было толькі трох злачынцаў.

Такім чынам, «чорных рыэлтараў» асудзілі б прыкладна гэтаксама, як у сучаснай Беларусі. Шляхтай іх не назавеш, іх ахвяраў — таксама. Адпаведна, рыэлтараў таксама чакала б вышэйшая мера, толькі з чацвярых злачынцаў да смерці прыгаварылі б не дваіх, а траіх.

У ВКЛ пакаранне смерцю таксама дзялілася на простае і кваліфікаванае. Простае — гэта павешанне, прычым вінаваты мусіў сам выконваць яго, то бок, лезці ў пятлю перад суддзямі. Кваліфікаванае пакаранне патрабавала прафесіянала — ката. Кат «працаваў» над чвартаваннем, утапленнем, саджаннем на кол асуджаных. Таксама для ажыццяўлення смяротнага пакарання вінаватых маглі аддаць сваякам забітых.


Ніякай літасці для «забойцы з бензапілой»

У кастрычніку 2016 года 17-гадовы Улад Казакевіч увайшоў з бензапілой у сталічны гандлёвы цэнтр «Новая Еўропа». Там ён забіў адну жанчыну і параніў яшчэ дзвюх, пасля яго скруцілі наведнікі. Эксперты прызналі Казакевіча адэкватным, сам ён заяўляў на судзе, што хацеў бы забіць яшчэ ці здзейсніць тэракт. Але ж асудзілі хлопца толькі на 15 гадоў калоніі — бо падчас здзяйснення злачынства ён быў непаўналетнім.


Непаўналетніх і ў ВКЛ смерцю не каралі. Але ж згодна з Статутам 1588 года Казакевіч быў бы пакараны як дарослы. Поўная крымінальная адказнасць пачыналася ў 16 гадоў (а ў Статуце 1566 года — ўвогуле ў 14). Пры гэтым у ВКЛ прадугледжвалася больш строгае пакаранне за злачынствы ў цэрквах, судах, «на торгу» (рынках, гандлёвых месцах).

Атрымліваецца, у ВКЛ за наўмыснае забойства «на торгу» Казакевіча чакала б толькі смерць.

Вуха за крадзеж

У 2016 годзе ў мінскай краме «Рублёўскі» на 76-гадовую пенсіянерку выклікалі міліцыю. Бабулю ўжо не першы раз лавілі ў краме — яна крала булачкі і іншую дробязь. Звычайна адміністрацыя крамы адпускала бабулю, але ў гэты раз яе вырашылі напужаць. Праўда, і міліцыя пашкадавала старую — на яе нават не склалі пратакол.

Зразумела, што калі б справа дайшла да суда, то бабулю, хутчэй за ўсё, чакаў бы штраф.

Але пару стагоддзяў таму бабулі прыйшлося б няпроста. За дробны крадзеж ёй маглі адрэзаць вуха.

Шпіён? Труп!

У лістападзе 2017 года выбухнулі нечаканыя навіны: украінскі журналіст Павел Шаройка затрыманы ў Мінску за шпіянаж. Разам з ім затрымалі беларуса, які нібыта працаваў на ўкраінскія спецслужбы. Цяпер украінец пад вартай, заведзена справа за здраду дзяржаве.

Пакуль што вядзецца следства, але ў 2015 годзе ўжо быў суд па падобнай гісторыі. Тады супрацоўнік спецслужбаў, які працаваў на замежную разведку, атрымаў 15 гадоў.

У Вялікім Княстве Літоўскім здрада дзяржаве каралася смерцю. Калі сям’я вінаватага ведала пра яго злачынства, то ўсю маёмасць канфіскоўвалі.

За смерць дзіцяці чакаў бы штраф

У снежні мінулага года на пешаходным пераходзе каля буйнога гандлёвага цэнтра «Замак» грузавік насмерць збіў 11-гадовую дзяўчынку. Кіроўца сцвярджаў, што не вінаваты, што ў машыны не спрацавалі тармазы.

Пакуль што мужчына пад вартай, яшчэ ідзе следства. Але, калі мужчыну прызнаюць вінаватым, яму пагражаюць выпраўленчыя працы (да 2 гадоў), да 5 гадоў «хіміі» ці да 2 гадоў калоніі.

У часы ВКЛ ролю аўтамабіляў выконвалі коні. Калі жывёлу панесла, гаспадар не нёс адказнасці за свой сродак перасоўвання. Нават калі загінула дзіця, гаспадар каня мусіў толькі сплаціць сям’і загінулай грашовую кампенсацыю.

Выключэнне — калі б у падобным выпадку пад каня трапіла цяжарная жанчына. Тады гаспадар правёў бы за кратамі тры месяцы і пасля мусіў несці публічнае пакаянне — чатыры разы на год аб’яўляць пра сваё злачынства ў публічным месцы (звычайна ў царкве ці касцёле). А калі б цяжарная загінула, то і гаспадара каня пакаралі б смерцю.

Браканьер — лічы, што смяротнік

Узімку 2017 года 33-гадовы беспрацоўны з Камянецкага раёна быў узяты пад варту — мужчына лавіў аленяў у Белавежскай пушчы, ставячы на іх самаробныя пасткі. Яго прызналі вінаватым і прысудзілі да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму (а таксама далі штрафаў на суму каля 9 тысяч рублёў).


Сувора, але ў Вялікім Княстве Літоўскім лёс браканьераў быў яшчэ больш сумным, а жыццё — вельмі кароткім. Калі чалавека заспявалі на месцы падчас палявання ў чужым лесе, прысуд быў адзін — смерць.

Шляхту не чапай

У 2012 годзе ў Гарадоцкім раёне судзілі намесніка дырэктара аднаго з аграпрадпрыемстваў. Мужчыну прызналі вінаватым у збіцці падначаленага і асудзілі на 3 гады калоніі.


Калі ўявіць, што ролю начальніка ў ВКЛ выконваў бы шляхціц, а падначаленага — просты чалавек, то начальнік абышоўся бы толькі грашовым штрафам. А калі б было наадварот — пацярпелым быў бы шляхціч — то крыўдзіцелю адрэзалі б руку. А калі б шляхціча пакалечылі, то вінаватага просталюдзіна чакала б смерць.

Грошы лепш было не падробліваць

Улетку 2017 года шматдзетны бацька з Воршы сеў на 3,5 года ў калонію ўзмоцненага рэжыму. 36-гадовы мужчына займаўся бізнэсам, але ж справы ішлі не надта добра, з’явіліся вялікія даўгі. Тады мужчына ўгаварыў знаёмых узяць для яго крэдыты, а каб банкі далі грошы, ён выдаваў сваім сябрам фальшывыя даведкі аб даходах.

А двух пінчукоў у тым жа годзе асудзілі за падробку грошай — адзін раздрукаваў на прынтары 16 купюр наміналам 10 беларускіх рублёў, а другі збыў фальшыўкі. У выніку абодвух асудзілі на 4 гады калоніі і канфіскавалі маёмасць.


У ВКЛ усіх трох чакала б максімальнае жорсткае смяротнае пакаранне, адмыслова прапісанае для такіх злачынстваў. Як падробка дакументаў, так і падробка грошай караліся без літасці. Мужчын прыгаварылі б да смерці, прычым, кваліфікаванай. Выклікалі б ката, які мусіў спаліць асуджаных жыўцом.

Калі забіла мужа — рыхтуйся да пакутаў

У маі 2017 года ў Смаргоні разглядалі справу мясцовай жыхаркі, якая насмерць збіла мужа скалкай. Прычынай называлася рэўнасць. 49-гадовая жанчына атрымала 11 гадоў калоніі.

У Вялікім Княстве жанчыну закапалі б жыўцом у зямлю. Прычым, не цалкам, а толькі па плечы — побач ставілі ахову, каб няшчаснай ніхто не дапамог, і чакалі яе смерці. Мінакам дазвалялася кідаць да асуджанай грошы — на пахаванне.


Збег? Лічы, памёр

У 2012 годзе ў Маладзечне затрымалі забойцу мясцовага валютчыка. Разам з сябрамі ён здзейсніў злачынства яшчэ ў 1997 годзе. Праз некаторы час чацвёра з пяці ўдзельнікаў разбойнага нападу і забойства былі знойдзеныя і прысуджаныя да пазбаўлення волі. Аднаму ўдалося збегчы — ён хаваўся ў Расіі. У Самары мужчына ўладкаваўся ахоўнікам і нават завёў сям’ю. Праўда, яго ўсё ж знайшлі, дэпартавалі ў Беларусь і асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі.


У Вялікім Княстве Літоўскім абвінавачанага, якога не злавілі на месцы злачынства, запрасілі б у суд. Калі б ён не прыйшоў, а збег за межы краіны, то былі б наступствы. Такога чалавека чакала аб’яўленне па-за законам і пажыццёвае выгнанне з Княства. Пры гэтым яго забойства ніяк бы не каралася, а жыхарам Княства забаранялася даваць прытулак такой асобе. Калі ён меў дзяцей, то іх бы аб’явілі сіротамі, а жонка б лічылася ўдавой, нават калі б чалавек быў яшчэ жывы.

Улад Швядовіч, nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць