Таямніцы Белавежскага Бельведэра

Каго толькі ні пабачыла за свой век вёска Белавежа. Каралі, князі, прэзідэнты… І ўсё дзякуючы збудаванаму ў ёй паляўнічаму палацу. У 1960-я гады руіны палацу былі разабраныя і вывезеныя ў невядомым напрамку.

 



Паляўнічы палац у 1930-я гады. Фота з архіва аўтара


Ад князёў ВКЛ да рускіх цароў

Белавежская пушча з’яўляецца адным з найбольш знакамітых паляўнічых угоддзяў у Еўропе. У часы Вялікага Княства Літоўскага пушча — улюбёнае месца палявання князёў і магнатаў. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай гэты першабытны лес апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. З гэтага часу Белавежскую пушчу пачало актыўна наведваць рускае дваранства. У 1886 годзе сюды ўпершыню прыехаў цар Аляксандр ІІІ і пасля палявання выказаў прапанову аб перадачы лесу ў маёмасць манаршай сям’і. У выніку Белавежская пушча была абменена на царскія землі ў Арлоўскай і Сімбірскай губернях.

Палац у часы Мікалая ІІ

 

З царскага бюджэту былі выдаткаваны вялікія грашовыя сумы на развіццё папуляцыі жывёл і птушак, а таксама на будаўніцтва паляўнічага палаца ў вёсцы Белавежа. Працы пачаліся ў 1889 годзе. Праект будынку распрацаваў граф Мікалай дэ Рашфорт. Новая царская рэзідэнцыя каштавала казне 542 тысячы рублёў. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што падчас будаўніцтва значная частка сродкаў была проста скрадзена рускім чыноўніцтвам. Аляксандр ІІІ убачыў новы палац у 1894 годзе, але ён яму не спадабаўся. Пасля смерці манарха новым гаспадаром рэзідэнцыі ў Белавежскай пушчы стаў апошні рускі цар Мікалай ІІ. Ён досыць часта наведваўся ў пушчу і карыстаўся з паслуг палаца.

Сталовая царскай сям'і

 

У гэты ж час адбываецца частковая рэканструкцыя будынку. Рэзідэнцыя была пабудавана ў стылі сярэднявечнага замку. На адной з яго веж была выява гербу Белавежскай пушчы, на другой, зразумела, двухгаловы расійскі арол. Яшчэ адзін царскі герб аздабляў ландшафтны дызайн у выглядзе клумбы кветак, высаджаных перад галоўным уваходам. Кожны пакой палацу меў унутраны, дастаткова арыгінальны дызайн і нават уласную назву.

Більярдная ў палацы

 

Каля палацу знаходзілася некалькі гаспадарчых пабудоў, а таксама дамы для прыслугі. Акрамя гэтага, на тэрыторыі ля палацу знаходзіліся канюшні, тэлефонная  і электрычная станцыі. З палацу да чыгуначнай станцыі была пракладзена адмысловая дарога. У 1895 годзе на тэрыторыі, якая прылягала да царскай рэзідэнцыі, закладваецца ангельскі сад. У гэты ж час там з’явілася царква для цара і яго світы. У 1913 годзе ў Белавежы пачаліся працы па стварэнню музея пушчы.

Палац у Белавежы

 

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны было прынята рашэнне аб эвакуацыі маёмасці царскага палацу. У жніўні 1915 года на Усход паехала два вагоны з царскімі рэчамі. Пазней яны апынуцца ў руках бальшавікоў, і толькі частка з іх будзе перададзена ў Дзяржхран.

За польскім часам

З 1915 па 1918 гады ў палацы размяшчаліся нямецкія войскі, а ў сакавіку 1919 года яго новымі гаспадарамі сталі палякі. Праўда, падчас баёў пад Варшавай у 1920 годзе ў былой царскай рэзідэнцыі размясціліся бальшавікі, але хутка фронт ізноў парухаўся на Усход і палац разам з іншымі пабудовамі ізноў аказаўся пад панамі.

Палац падчас візіту Ігнація Масціцкага

 

Цікавым момантам было тое, што рэканструкцыю ў Белавежы новыя ўлады пачалі са змены ландшафтнага дызайну. Так, быў зменены знешні выгляд клумбы перад галоўным уваходам. Арол, зразумела, пазбавіўся адной з галоў і пераапрануўся ў белы колер. Хутка царскі палац ператварыўся ў летнюю рэзідэнцыю польскага прэзідэнта Ігнація Масціцкага (прабыў на пасадзе прэзідэнта Польшчы з 1926 па 1939 гады — аўт.), а польская прэса празвала яго “другім Бельведэрам”.

Ігнацій Масціцкі з амбасадарам Францыі Леонам Наэлем

 

Падлогу ў палацы заслалі прыгожым дываном з выявай польскага арла на чырвоным фоне. Першы раз прэзідэнт прыехаў у сваю новую рэзідэнцыю ў 1929 годзе. Пра той візіт пазней пісалі ўсе польскія газеты. А ў студзені 1930 года адбылося і першае паляванне Масціцкага ў Белавежскай пушчы. Разам з прэзідэнтам у ім удзельнічалі беластоцкі ваявода Караль Кірст і генерал Казімеж Саснкоўскі. Праз некалькі месяцаў Ігнацій Масціцкі ізноў завітаў у былы царскі палац і ўдзельнічаў у паляванні на глушцоў. Гэты выезд на столькі яму спадабаўся, што прэзідэнт распарадзіўся ўзнагародзіць ляснічага, які яму дапамагаў падчас палявання, сярэбраным партсігарам. Хутка прэзідэнт накіраваў 5 тысяч злотых на будаўніцтва касцёлу ў Белавежы, а таксама паспрыяў выдзяленню крэдыту на рэалізацыю гэтай справы.

Герман Герынг у Белавежскай пушчы. 1936 год

 

У 1933 годзе на паляванне ў Белавежскую пушчу Ігнацій Масціцкі запрасіў прадстаўнікоў латвійскага ўраду і членаў парламенту. Праз год, у студзені 1934-га, падчас палявання ў пушчы кампанію прэзідэнту склалі міністр сельскай гаспадаркі Венгрыі Міклаш Калай, а таксама амбасадары Чэхаславакіі, Аўстрыі, Румыніі і Германіі. У лютым 1935 года ў Белавежскую пушчу Ігнацій Масціцкі запрасіў прэм’ер-міністра Прусіі Германа Герынга. Візіт высокапастаўленага нацыста польскія палітыкі хацелі выкарыстаць для правядзення палітычных перамоў. Па адной з версій, тады ў Белавежскай пушчы Герынг прапанаваў польскаму боку ўдзел у сумесным паходзе супраць СССР.

Герман Герынг праезд у Белавежа. 1936 год

 

У лютым 1936 года імперскі міністр авіяцыі зноў прыехаў у Белавежскую пушчу і атрымаў з рук польскага прэзідэнта вышэйшую польскую узнагароду — Ордэн белага арла. Пра гэты факт у Польшчы не любяць успамінаць, аднак што было, то было. Варта падкрэсліць, што падчас візітаў польскага прэзідэнта ў Белавежскую пушчу тэрыторыя, якая прылягала да палаца, “замыкалася”. Рух па дарогах адбываўся толькі па спецыяльных пропусках. Дзяржаўная паліцыя атрымлівала загад ажыццяўлення пільнага нагляду за мясцовым беларускім насельніцтвам, асабліва за элементамі, якія былі заўважаны ў антыдзяржаўнай і прасавецкай дзейнасці. Па ўсяму перыметру палацу выстаўлялася ахова. Дарэчы, з гэтым звязаны адзін гістарычны анекдот.

 Аднойчы ў 1936 годзе жонка прэзідэнта Ігнація Масціцкага вярталася з пешай прагулкі і была затрымана ахоўнікам, які адмовіўся прапускаць яе на тэрыторыю рэзідэнцыі. Нават афіцэр-ад’ютант, які быў пры першай лэдзі, не змог “вырашыць сітуацыю”. Прыйшлося пачакаць, пакуль з канцылярыі прынясуць неабходны пропуск. Вайсковец, які затрымаў жонку прэзідэнта … атрымаў узнагароду за сумленна выкананыя абавязкі.

Візіт Міклаша Хорці ў Белавежскую пушчу

 

У чэрвені 1936 года ў прэзідэнцкім палацы ў Белавежы быў зладжаны прыём у гонар 10-годдзя прэзідэнцтва Масціцкага і адбылася ўрачыстая імша. У 1938 годзе разам з Ігнаціем Масціцкім у Белавежскай пушчы паляваў Рэгент Венгерскага каралеўства, адмірал Міклаш Хорці.

Масціцкі і Хорці на паляванні

 

 

Апошні візіт прэзідэнта Ігнація Масціцкага ў Белавежскую пушчу адбыўся ў студзені 1939 года. У паляванні разам з ім удзельнічаў і будучы герой вераснёўскай кампаніі генерал Фрацішак Клееберг. Акрамя гэтага, у лютым  таго ж года ў Белавежскай пушчы палявалі спачатку Генрых Гімлер, а потым міністр замежных спраў Італіі Галецыа Чыяна. Аднак Масціцкі ў гэтых паляваннях ужо не ўдзельнічаў.

Урачыстая імша падчас 10-годдзя прэзідэнства Масціцкага ў 1936 годзе

 

Мясцовыя жыхары, успамінаючы тыя часы, казалі: “Мы памятаем двух вялікіх гаспод — Мікалая ІІ і польскага прэзідэнта Масціцкага”. Так, сяляне адчувалі некаторы дыскамфорт падчас паляванняў, разам з тым, шмат хто з іх меў магчымасць зарабіць падчас арганізацыі прыезду высокапастаўленых гасцей.

Уезд у паляўнічы палац. 1930-я гады

 

Канец казкі

У верасні 1939 года ў Белавежу ўвайшла Чырвоная армія. Адна з пяхотных частак размясцілася ў былых царскіх казармах. Гэтыя вайскоўцы атрымалі загад пільнаваць палац. У снежні Белавежская пушча была абвешчана запаведнікам. Было прынята рашэнне аб адкрыцці ў палацы навуковага цэнтра для даследавання прыроднага багацця пушчы.

Але хутка нацысцкая Германія напала на СССР, і новымі гаспадарамі палацу ў Белавежы сталі немцы. Тут знаходзіўся штаб падраздзялення абверу “Horn”. Пушча была перададзена ва ўладанне Герману Герынгу. У ліпені 1944 года ў палацы знаходзіліся венгерскія войскі. Яны і падпалілі яго перад адступленнем. Па дагаворы паміж Польшчай і СССР ад 16 жніўня 1945 года заходняя частка Белавежскай пушчы разам з вёскай Белавежа адышла да Польшчы.

У пачатку 1960-х гадоў руіны палацу былі разабраны і вывезены. Так скончылася гісторыя знакамітай царска-прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Белавежы.

Абмеркаванне:

  • Шшшшш
  • 2013-04-11 04:52:22
"Цікавым фактам з’яўляецца тое, што падчас будаўніцтва значная частка сродкаў была проста скрадзена рускім чыноўніцтвам."

І хто ж выявіў гэтыя крадзяжы и паведаміў аб гэтым аўтару? Камітэт дзяржкантролю?) Можна пруфлінк?

Каментаваць