Толькі праўда пра Трасцянец

Круглы стол па праблемах даследавання гісторыі Трасцянца і увекавечвання памяці яго ахвяраў мусіць быць пастаянным. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі круглага стала па мемарыялізацыі Трасцянца, які адбыўся 11 мая ў Гістарычнай майстэрні ў Мінску. У пасяджэнні, арганізаваным кіраўніцтвам Гістарычнай майстэрні, удзельнічалі беларускія і нямецкія даследчыкі, а таксама прадстаўнікі грамадскасці і журналісты.  

Трасцянец ў энцыклапедыях



Круглы стол па праблемах даследавання гісторыі Трасцянца і увекавечвання памяці яго ахвяраў мусіць быць пастаянным. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі круглага стала па мемарыялізацыі Трасцянца, які адбыўся 11 мая ў Гістарычнай майстэрні ў Мінску. У пасяджэнні, арганізаваным кіраўніцтвам Гістарычнай майстэрні, удзельнічалі беларускія і нямецкія даследчыкі, а таксама прадстаўнікі грамадскасці і журналісты.  

Трасцянец ў энцыклапедыях

У айчынных энцыклапедыях Трасцянец узгадваецца як лагер смерці часоў Другой сусветнай вайны, чацвёрты ў Еўропе па колькасці знішчаных – 206,5 тыс. чал. Лагер быў створаны нацыстамі ў лістападзе 1941 года каля вёскі Малы Трасцянец Мінскага раёна (цяпер – у межах сталіцы) для масавай загубы савецкіх грамадзян і ваеннапалонных, палітычных вязняў нямецкіх турмаў і лагераў, яўрэяў з Аўстрыі, Германіі, Польшчы і Чэхаславакіі. Людзі, што трапілі ў лагер, жылі не болей за 1-2 дні. Сюды з Мінска рэгулярна прыязджалі машыны-душагубкі. У лагеры працавала крэмацыйная печ, у якой спальвалі расстраляных і загубленых газамі ахвяр. Масавыя расстрэлы людзей праводзіліся ва ўрочышчы Благаўшчына (да кастрычніка 1943 года знішчана 150 тыс. чал.), потым ва ўрочышчы Шашкоўка (каля вёскі Шабаны, цяпер ў межах Мінска, загінула больш за 50 тыс. чал.), дзе была пабудавана спецыяльная яма-печ. Попел з печаў выкарыстоўвалі як угнаенне на палях размешчанай паблізу дапаможнай гаспадаркі, што належала ўправе паліцыі бяспекі і СД. У канцы чэрвеня 1944 года вязні лагера знішчаліся ў былым калгасным хляве ў Малым Трасцянцы (6,5 тыс. чал.). На месцы загубы вязняў усталяваны абеліск, а за 200 метраў ад Вялікага Трасцянца – помнік.    

Без удзелу грамадскасці


 Трэба мець на ўвазе, што ў 2009 годзе дзяржавай быў аб'яўлены конкурс на мемарыяльную кампазіцыю ахвярам нацызму ў Трасцянцы. Паколькі прадстаўленыя працы не адпавядалі ўмовам конкурсу, на пачатку 2010 года быў абвешчаны другі тур, у якім пераможцам стаў Канстанцін Касцючэнка с амаль шасцімятровым бронзавым манументам "Вароты памяці". Група архітэктараў УП “Мінскпраект на чале з навуковым кіраўніком мемарыяльнага гісторыка-культурнага комплексу "Трасцянец" Ганнай Аксёнавай распрацавала праект добраўпарадкавання той часткі тэрыторыі, дзе размяшчаўся лагер смерці (60 гектараў у межах рэчышча ракі Трасцянкі і вуліцы Сяліцкага). Гэтым праектам прадугледжана галоўная кампазіцыйная вось — "Дарога памяці", якая будзе ісці да плошчы з манументам "Вароты памяці". За ім, на тым месцы, дзе калісьці фашысты рассейвалі попел спаленых людзей, запраектавана "Поле пахавання": газон, адмежаваны ад вуліцы Сяліцкага пасадкай дрэў. Непасрэдна тэрыторыя лагера будзе абазначана мемарыяльнымі плітамі з гістарычнай інфармацыяй. Фундаменты некаторых будынкаў (баракаў, дома каменданта), якія захаваліся яшчэ з часоў вайны, плануецца закансерваваць і побач з імі ўсталяваць шыльды з адпаведнай інфармацыяй. Існуючыя памятныя знакі ў Трасцянцы мяркуецца рэканструяваць такім чынам, каб яны спалучаліся з усёй кампазіцыяй.

Былы вязень ГУЛАГу, каардынатар грамадскага аргкамітэта па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі Уладзімір Раманоўскі звярнуў увагу на закрыты фармат падрыхтоўкі канцэпцыі і правядзення конкурсу па лепшы праект мемарыялізацыі Трасцянца. Паводле ягоных слоў, да гэтых прац не прыцягваліся навукоўцы-гісторыкі і прадстаўнікі грамадскасці. Канцэпцыя ўвекавечвання памяці ахвяраў Трасцянца і конкурсныя працы не прайшлі праз шырокае грамадскае абмеркаванне, падкрэсліў Раманоўскі. На ягонае меркаванне, пры такім падыходзе к стварэнню мемарыяла цяжка ўявіць, што ён будзе мець агульнаеўрапейскае значэнне, пра што гаварыў галава дзяржавы 20 кастрычніка 2008 года.

Пытанні гісторыкаў

Дырэктар Гістарычнай майстэрні, кандыдат гістарычных навук Кузьма Козак выказаў спадзяванне, што захады гісторыкаў па ліквідацыі белых плям мінулага Трасцянца дапамогуць дзяржаве пазбегнуць памылак у справе мемарыялізацыі. Паводле ягоных слоў, першае пытанне ў гістарыяграфіі Трасцянца мае дачыненне да колькасці ахвяраў, бо ад яго вырашэння залежыць, якая лічба будзе напісана па помніку. Нямецкія даследчыкі зніжаюць агульную колькасць страт у Трасцянцы прыкладна ў тры-чатыры разы, падкрэсліў Козак. Паводле ягоных слоў, германскія гісторыкі ўпэўненыя, што на падставе існых дакументаў ў гэтым месцы загінулі каля 50 тыс. чал, у тым ліку прыкладна 25 тысяч яўрэяў, дэпартаваных з еўрапейскіх краін, і каля 25 тыс. вязняў Мінскага гета і савецкіх ваеннапалонных. Другое пытанне – перыяд дзейнасці лагера, бо нямецкія даследчыкі лічаць, што ён пачаў функцыянаваць з красавіка-мая 1942 года, сказаў гісторык. Паводле ягоных слоў, германскія навукоўцы не вызначылі тыпалогію Трасцянца і не могуць адназначна сцвярджаць, што ён быў канцлагерам, лагерам смерці ці месцам знішчэння людзей. Узнікае і шмат іншых пытанняў па Трасцянцы, у тым ліку, што рабіць з гарадскім сметнікам, ці пахаваныя там ахвяры сталінізму і ці з’яўляецца сметнік гістарычным месцам, адзначыў Козак. Паводле ягоных слоў, мемарыялізацыя Трасцянца ўскладняецца і тым, што акупанты надалі яму статус антыпартызанскай абароннай вёскі, а таксама тым, што ахову Трасцянца ажыццяўлялі не толькі нямецкія паліцэйскія, але і калабаранты з беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў. “Пра Трасцянец няма чаго распавесці, бо невядомы імёны яго ахвяраў і адсутнічаюць успаміны сведкаў яго трагедыі. Пры такім становішчы мемарыял будзе ўяўляць сабой маўклівыя камяні, якія нікога не змогуць ўсхваляваць і не прымусяць задумацца, —  падкрэсліў даследчык. Паводле ягоных слоў, суайчыннікі і сваякі дэпартаваных і забітых ў Трасцянцы яўрэяў упэўненыя, што яны ляжаць ў Благаўшчыне і хочуць, каб менавіта там паўсталі помнікі ад Аўстрыі, Германіі і Чэхіі. Гісторык звярнуў увагу на тое, што праца над праектам мемарыялізацыі вядзецца без ўліку меркаванняў грамадскасці, у тым ліку гісторыкаў, журналістаў і музеязнаўцаў, а таксама выказаў шкадаванне, што ў пасяджэнні не прымаюць удзел архітэктары “Мінскпраекта. Кузьма  Козак прапанаваў на базе Гістарычнай майстэрні стварыць стала дзейны круглы стол па праблемах Трасцянца.



Гісторыкі павінны вызначыцца

Доктар гістарычных навук Анатоль Шаркоў лічыць, што для выпрацоўкі агульнага погляду на спрэчныя пытанні даследавання мінулага Трасцянца неабходна правесці сустрэчу нямецкіх і беларускіх гісторыкаў. На ягоную думку, менавіта на такой сустрэчы можна будзе выпрацаваць кампраміснае заключэнне па розных праблемах гісторыі Трасцянца, у тым ліку па ягоным статусе і колькасці ахвяраў. 

Спачатку канцэпцыя, а потым мемарыял

Кандыдат гістарычных навук Уладзімір Гуленка адзначыў, што мемарыялізацыя Трасцянца працягвае сумную традыцыю савецкіх часоў, калі спачатку ставіліся помнікі, а потым пад іх падганялася гісторыя, за якую даводзіцца чырванець. На ягоную думку, гісторыкам неабходна тэрмінова падрыхтаваць зборнік дакументаў па мінулым Трасцянца, у тым ліку па даваеннай яго гісторыі, звязанай з магчымым выкарыстаннем гэтага месца пад расстрэльную пляцоўку НКУС. Гісторык адзначыў, што да гэтага часу няма адказу на пытанне, чаму на Нюрнбергскім працэсе над галоўнымі фашысцкімі ваеннымі злачынцамі 1945-1946 гадоў нікім, у тым ліку і галоўным абвінаваўцам ад СССР Раманам Рудэнкам, не ўздымалася праблема злачынстваў нацыстаў у Трасцянцы, які лічыўся чацвёртым ў Еўропе лагерам смерці па колькасці ахвяр. Удзельнікі пасяджэння падтрымалі прапанову Гуленкі напісаць ліст галаве дзяржавы па праблемах даследавання гісторыі Трасцянца і яго мемарыялізацыі. 

Ахвяры сталінізму і нацызму

Даследчык тэмы сталінскіх рэпрэсій, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў прывёў шматлікія факты, якія, на ягоную думку, сведчаць пра тое, што Трасцянец з’яўляецца месцам масавай згубы ахвяраў сталінізму. Па-першае, помнік ахвярам нацызму, усталяваны на пачатку 1960-х гадоў на 18-м кіламетры Магілёўскай шашы, стаіць не на месцы лагеру. “Помнік трэба было б паставіць ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе знаходзяцца асноўныя пахаванні – 34 равы-магілы з парэшткамі вязняў і дзе з 1956 года дзейнічае гарадскі сметнік. Калі я задаў пытанне прадстаўнікам улады, чаму помнік усталявалі ўбаку, мне адказалі: так ён лепш відаць з дарогі, — сказаў гісторык. Дарэчы ён звярнуў увагу на тое, што помнік “згубіў сваю функцыю і адданы забыццю. “Але сметнік дзейнічае і насуперак заканадаўству знаходзіцца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці, якой з’яўляецца Трасцянец, — падкрэсліў навукоўца. Па-другое, згодна з канцэпцыяй мемарыялізацыі яна пачынаецца не з урочышча Благаўшчына, праз якое ўжо больш за паўстагоддзя грузавікі возяць смецце, сказаў Кузняцоў. На ягоную думку, сам факт арганізацыі гарадскога сметніка на адным з самых святых для беларусаў месцаў сведчыць пра тое, што пад сметнікам знаходзяцца перадваенныя пахаванні ахвяраў сталінізма, якія трэба было схаваць ад грамадскасці. “Не выключана, што ў гэтым месцы ў красавіку-маі 1940 года адбываліся і расстрэлы афіцэраў польскай арміі. Дарэчы чыноўнікі ніяк не каментуюць прычыны арганізацыі сметніка менавіта на гэтым месцы, — сказаў гісторык. На выснове аналізу падзей і ўспамінаў ён сцвярджае, што ў ноч з 25 на 26 чэрвеня 1941 года ў Благаўшчыне супрацоўнікі НКУС праводзілі масавыя расстрэлы палітвязняў мінскіх турмаў. “І калі пасля вызвалення Мінска надзвычайная камісія па расследаванню злачынстваў акупантаў працавала ў Трасцянцы, яна выйшла на месцы расстрэлаў НКУС, якія знаходзяцца менавіта там, дзе сёння ўзвышаецца сметнік. Вось чаму факт злачынства нацыстаў у Трасцянцы не стаў прадметам абмеркавання на Нюрнбергскім працэсе, бо ў іншым выпадку міжнародная камісія даведалася б пра масавыя забойствы ахвяраў сталінізму. Дзеля таго, каб не прыцягваць увагу міжнароднай грамадскасці да гэтага месца і лічба ахвяраў нацызму ў Трасцянцы паступова зніжалася ад амаль 500 да 250, а затым да 206,5  тысяч чалавек, — сказаў гісторык. Ён звярнуў увагу на тое, што акупанты выкарыстоўвалі 7 з 12 вядомых у ваколіцах Мінска даваенных месцаў знішчэння бязвінных людзей. “Таму што гэтыя месцы былі ідэальнымі для масавых забойстваў, — зазначыў Кузняцоў. На ягоную думку, сёння немагчыма дакладна вызначыць агульную колькасць ахвяраў сталінізму і нацызму ў Трасцянцы, а таксама даказаць, што пад сметнікам ляжаць астанкі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Разам з тым, прыкладную колькасць ахвяраў абодвух таталітарных рэжымаў у Трасцянцы гісторык ацэньвае ў 106 тысяч чалавек. Кузняцоў прапанаваў тэрыторыю былога сметніка пасля яе рэкультывацыі і аблясення выкарыстаць з захаваннем рэльефу для ўвекавечання памяці ахвяраў сталінізму.

Толькі праўда пра Трасцянец

Удзельнік пасяджэння, мінчанін Зміцер Мышко звярнуў увагу на тое, што для грамадства важней усяго ведаць поўную праўду пра Трасцянец. Паводле ягоных слоў, хлусня пра айчыннае мінулае адбівае ў людзей цікавасць і павагу да сваёй гісторыі. Вось чаму людзі “не ведалі, не ведаюць і не хочуць ведаць свайго мінулага, падкрэсліў Мышко. На ягоную думку, без поўнай праўды пра трагедыю Трасцянца, без канкрэтных імёнаў яго ахвяр мемарыялізацыя гэтага месца непатрэбная беларускаму грамадству.   

----------------------------------------------
На здымках – пасяджэнне круглага стала, выступае Кузьма Козак.

Каментаваць