Трагедыя бальшавіцкага палону

Паводле савецкіх і польскіх дадзеных, у бальшавіцкі палон падчас вайны 1920 года трапіла ад 30 да 50 тысяч польскіх вайскоўцаў. Лёс значнай колькасці гэтых людзей да сённяшняга дня не вядомы.



Колькі іх было?

Дзясяткі тысяч польскіх вайскоўцаў былі размешчаны ў спецыяльных лагерах на тэрыторыі Расіі. Дакладна вядома, што, у адпаведнасці з дамовай паміж Польшчай, Расіяй і Украінай аб рэпатрыяцыі і абмене ваеннапалоннымі, бальшавікі павінны былі перадаць Польшчы 40 тысяч салдат і афіцэраў Войска Польскага, якія знаходзіліся ў савецкіх лагерах, аднак у выніку ў Польшчу прыехалі 25,5 тысячы былых ваеннапалонных польскіх грамадзян.

У лік польскіх вязняў бальшавіцкіх канцлагераў уваходзілі і жаўнеры 5-й дывізіі польскіх стралкоў, сфарміраванай у Сібіры з былых жаўнераў аўстра-венгерскай арміі перыяду Першай сусветнай вайны. Частка з гэтых салдат трапіла ў рукі бальшавікоў у баях, іншыя здаліся чырвонаармейцам ля Краснаярска (прыкладна 8–10 тысяч чалавек).

Да ліку «польскіх» ваеннапалонных трэба далучыць і былых жаўнераў войска Станіслава Булак-Балаховіча, пятлюраўцаў і прадстаўнікоў іншых антысавецкіх вайсковых фармацыяў, якія змагаліся супраць Саветаў на баку Польшчы і якіх бальшавікі адносілі да «жаўнераў панскай Польшчы».

У Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі захоўваецца дакумент, у якім адзначаецца, што ў Тамбоўскім лагеры для ваеннапалонных знаходзіліся «балахоўцы», якіх адміністрацыя лагеру адносіла да польскіх ваеннапалонных. Гэты факт дае нам падставы сцвярджаць, што сярод ваеннапалонных польскіх вайскоўцаў маглі быць і ўраджэнцы нашай краіны.

 

Голад, хваробы і агітацыя

Узятыя ў палон на Заходнім фронце польскія вайскоўцы часцей за ўсё накіроўваліся ў разведаддзел дывізіі на допыт, а адтуль — у асаблівы аддзел для рэгістрацыі. Пазней іх адпраўлялі ў канцэнтрацыйныя лагеры для ваеннапалонных. На тэрыторыі савецкай Расіі знаходзілася каля 40 канцлагераў для палонных палякаў. Найбольш вядомыя з іх Раждзественскі (Масква), Петраградскі, Растоўскі, Самарскі, Саратаўскі, Краснаярскі, Харкаўскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Смаленскі, Яраслаўскі.

Умовы ўтрымання там былі жудасныя. Галоўнай праблемай для польскіх ваеннапалонных быў голад, які ахапіў усю Расію. Гэта прымушала шматлікіх польскіх грамадзян паддавацца бальшавіцкай агітацыі і ўступаць у кампартыю і польскую Чырвоную Армію. Напрыклад, у красавіку-ліпені 1921 года ў пункце абмену ваеннапалоннымі ў Баранавічах польскай дзяржаўнай паліцыяй былі арыштаваныя 1 афіцэр, а таксама 71 падафіцэр і радавы Войска Польскага, якія паддаліся ўгаворам бальшавікоў і сталі камуністамі.

Цяжкімі былі і ўмовы, у якіх трымалі польскіх палонных. Старыя баракі, адсутнасць цёплай вопраткі, антысанітарныя ўмовы — усё гэта спрыяла распаўсюджванню эпідэмічных захворванняў, якія масава знішчалі вязняў. У Цэнтральным вайсковым архіве Польшчы захоўваецца справаздача наконт умоў, у якіх знаходзіліся жаўнеры ўзгаданай вышэй 5-й Сібірскай дывізіі.

У гэтым дакуменце сцвярджалася: «Узятыя ў палон былі размешчаны ў Іркуцку. Тыфам хварэюць 30–40% палонных, з якіх 20% паміраюць. Ад тыфу памерла ад 700 да 1000 чалавек. Голад і холад правакуюць эпідэміі». А вось што расказваў афіцэр той жа 5-й дывізіі Антоній Глугевіч, якому ўдалося збегчы з бальшавіцкага палону: «Нас распранулі і забралі амаль усе асабістыя рэчы. У адным невялікім памяшканні знаходзіліся нары. Тут размяшчалася 180 чалавек. Прыбіральні не чысцілі. Стаяў смурод. Кожны дзень нас адпраўлялі на цяжкія працы пад моцнай аховай. Быў голад. Людзі часта паміралі падчас працы».

Польскія жаўнеры

Іншы жаўнер Сібірскай дывізіі Станіслаў Багдановіч так апісваў тыя падзеі: «Нас павялі на склад, дзе ляжалі… трупы. Мы павінны былі іх складваць на сані. Целы ляжалі паўсюдна. Трэба было па трупах лезці наверх. Некалькі палонных залезла туды і пачало скідваць на нас мёртвыя целы. Часамі станавілася жудасна, трупы чапляліся адзін за другога рукамі, нагамі, як быццам бы не жадалі пакідаць гэты склад». Па меркаванні польскіх даследчыкаў, у савецкім палоне памерла і было забіта каля 5 тысяч жаўнераў і афіцэраў 5-й дывізіі.

Не лепшай сітуацыя была і ў іншых канцлагерах для польскіх вайскоўцаў. Капрал Станіслаў Славінскі трапіў у палон пад Ігуменам і быў накіраваны спачатку ў распараджэння штабу 16-й бальшавіцкай арміі ў Магілёў, а пазней у лагер у Яраслаўль. «Там (у Яраслаўлі — І.М.) два канцэнтрацыйныя лагеры. №1 знаходзіцца ў Спаскім манастыры. У ім знаходзяцца 1300 палонных, у тым ліку 300 афіцэраў арміі Калчака, №2 размешчаны таксама ў былой царкве, і там 700 вязняў. Санітарныя ўмовы і харчаванне былі жахлівыя, у адным малым пакоі размяшчалася некалькі дзясяткаў чалавек. Вопратку не выдавалі і не змянялі. Палонных выкарыстоўвалі на цяжкіх працах. Два разы на тыдзень адбываліся мітынгі, дзе палякаў «апрацоўвалі» і заклікалі ўступаць у кампартыю», — успамінаў былы палонны.

Сяржант польскага войска Юзаф Анткевіч трапіў у савецкі палон ля мястэчка Пліса ў Беларусі. «Пасля таго, як трапілі ў палон, мы пешшу ішлі да Віцебска. Там нас аддзялілі ад афіцэраў і падафіцэраў і пад аховай адправілі ў Смаленск, а адтуль у Яраслаўль. У лагеры было каля 2000 палонных. Кармілі нас кепска. Палонных выкарыстоўвалі для нашэння цяжкіх грузаў на караблі, якія плавалі па Волзе. Бальшавікі ладзілі мітынгі і заклікалі польскіх жаўнераў уступаць у Чырвоную Армію. Тыя, хто пажадаў уступіць у бальшавіцкае войска, пазней атрымлівалі пропуск у горад», — так апісваў тыя падзеі Анткевіч.

Польскі бок спрабаваў ратаваць сваіх палонных. Напрыклад, у лістападзе 1920 года ў Мінск прыбыла дэлегацыя, якая павінна была дапамагчы хворым палонным. У справаздачы камісіі адзначалася, што большасць людзей хварэла не адной, а некалькімі хваробамі, сярод якіх былі дызентэрыя і брушны ці сыпны тыф. Дэлегацыя прывезла ежу і адзенне. Падчас знаходжання ў Мінску польская камісія ўдзельнічала ў пахаванні памерлых жаўнераў на каталіцкіх могілках Мінска. Пасля заключэння мірнай дамовы польскія дэлегацыі рабілі інспекцыйныя паездкі і ў іншыя лагеры, у тым ліку ў Маскве, Туле, Тамбове. Камісіі адзначалі, што там былі значныя праблемы з харчаваннем, а таксама з інфекцыйнымі захворваннямі.

Жаўнеры Войска Польскага

Злачынствы на фронце

Польскія даследчыкі пазначаюць, што амаль 20 тысяч палонных жаўнераў Войска Польскага страцілі жыццё на месцы, дзе трапілі ў палон.

Найперш знішчалі афіцэраў. Варта хаця б прыгадаць трагічны лёс давідгарадоцкага ардыната, ад’ютанта Юзэфа Пілсудскага Станіслава Радзівіла, які трапіў у бальшавіцкі палон пад Кіевам і быў па-зверску забіты.

Радавы 30-га палку пяхоты Юзаф Ёнскі аказаўся ў руках бальшавікоў у жніўні 1920 года пад Хрубешовам. «У палон тады, — успамінаў былы ваеннапалонны, — трапіла 800 чалавек. Афіцэраў адразу пасеклі шаблямі, а нас, жаўнераў, павезлі ў Бердычаў». Жыхар мястэчка Сарны Уладзімір Волант быў арыштаваны «надзвычайкай» за контррэвалюцыйную дзейнасць. «Разам са мной сядзелі два польскіх афіцэры, адзін з якіх паходзіў з Мінска. 13 верасня 1920 года яны былі расстраляныя толькі за тое, што былі афіцэрамі», — расказваў гэты чалавек.

Сярод найбольш жахлівых пакаранняў было закопванне жыўцом. Пры гэтым чырвонаармейцы засыпалі зямлёй палонных так, каб была бачна рука ці нага ахвяры. Гэты знак даваў катам магчымасць зразумець, ці жывая яшчэ іх ахвяра. Любілі бальшавікі саджаць сваіх ворагаў, у тым ліку і жаўнераў Войска Польскага, на кол…

Гаворачы сёння пра трагедыю палонных чырвонаармейцаў, загінуўшых у польскіх лагерах, варта параўноўваць гэты гістарычны сюжэт не з Катынскай трагедыяй 1940 года, а з лёсам польскіх салдат і афіцэраў, якія апынуліся ў бальшавіцкіх канцлагерах у 1919–1921 гадах. І ў адрозненні ад ахвяраў Стшалкава, Тухолі, Катыні і Меднага, на месцах іх смерці няма помнікаў і мемарыяльных дошак.

Абмеркаванне:

  • Васятка
  • 2014-03-31 16:30:12
О, пра бальшавіцкіх палонных здаецца ведаюць усе. Пра гэта ў Маскве любяць расказваць. А вось пра тое, што праз жудас бальшавіцкага палону прайшлі і шматлікія польскія жаўнеры, пра гэта, здаецца, у
Расіі не ўспамінаюць. А варат было б! Дзякуй аўтару за грунтоўнае даследаванне
  • Forensic
  • 2014-03-31 17:52:13
Dziekuje autorowi za wspanialy i interesujacy tekst. Pamietamy o tragedii radzieckich jencow w polskich obozach. Ale warto pamietac i o naszych rodakach, ktorzy byli ofiarami teroru bolszewickiego.
Jeszcze raz dziekuje

Каментаваць