Трагедыя пінскіх маракоў

Адным з найбольш баяздольных вайсковых фарміраванняў на тэрыторыі Заходней Беларусі была Пінская рачная ваенна-марская флатылія. У верасні 1939 года на лёс яе маракоў выпалі цяжкія выпрабаванні.



"Маніторы" Пінскай флатыліі


Пачатак

Пінская флатылія была створана 19 красавіка 1919 года, калі польскія вайсковыя ўлады арганізавалі ў складзе трох катэраў марскі патруль на Прыпяці. Менавіта ён прыняў удзел у бойцы з савецкімі катэрамі пад Гарадзішчам у ліпені 1919 года. Пазней часткі Войска Польскага пры ўдзеле рачнога флоту ажыццявілі ўдалы дэсант, які дазволіў выбіць бальшавікоў з Лунінца. У сакавіку 1920 года флатылія ўдзельнічала ў баях пад Мазыром і ў наступленні на Кіеў, дзе пад Чарнобылем удала атакавала бальшавіцкія падраздзяленні. Аднак пасля таго, як Чырвоная Армія распачала наступленне на Захад і захапіла міжрэчча Прыпяці, польскія матросы затапілі свае караблі пад Пінскам і адступілі.

Польскія "маніторы" на Палессі

Адраджэнне Пінскай флатыліі пачалося пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы, якая завяршыла кровапралітную савецка-польскую вайну. У 1922 годзе пачынаецца адраджэнне флатыліі на Палессі. Яе галоўнай базай стаў Пінск. Там была збудавана камендатура вайсковага порту, казармы, склады і ангары для авіяцыі. Галоўнай задачай Пінскай флатыліі была дазорная служба на палескіх рэках. У адпаведнасці з абарончым планам «Усход», у выпадку вайны з Савецкім Саюзам польскі флот павінен быў удзельнічаць у арганізацыі манеўранай абароны. Да таго ж важным быў і транспартны аспект. На Палессі дарожная сістэма ў 1920–1930-х гадах была развіта вельмі слаба, таму менавіта водныя шляхі ігралі ролю важнейшых транспартных артэрый. І ў гэтым сэнсе важную ролю павінна была адыгрываць мабільная Пінская флатылія.

"Манітор" "Гарадзішча" на Прыпяці

 

Польскія маракі ў Гарадзішчы

У 1930-х гадах яе галоўнай сілай былі 6 манітораў, узброеных 100-міліметровымі гаўбіцамі і 75-міліметровымі гарматамі, 3 кананерскія лодкі, 2 караблі супрацьпаветранай абароны і 2 патрульных катэра. Акрамя гэтага, 7 тральшчыкаў павінны былі арганізаваць пастаноўку мінных загарод. З 1927 года камандуючым Пінскай флатыліяй быў камандор Вітольд Заянчкоўскі. Ён зрабіў стаўку на адпрацоўку ўзаемадзеяння і падтрымкі караблямі флатыліі дзеянняў сухапутных войскаў. У пачатку 1930-х вайсковым камандаваннем Другой Рэчы Паспалітай абмяркоўвалася праграма развіцця Пінскай флатыліі, аднак у сувязі з тым, што яна патрабавала значных фінансавых затрат, было вырашана расцягнуць яе рэалізацыю ў часе.

Камандор Вітольд Заянчкоўскі

Вайна

Пасля абвяшчэння скрытай мабілізацыі ў сакавіку 1939 года на вайсковыя рэйкі перайшла і Пінская флатылія. Была створана баявая група «Вісла», у задачы якой уваходзіла арганізацыя абароны ўзбярэжжа, а таксама баявая група «Прыпяць», якая павінна была несці патрульную службу на польска-савецкай мяжы. Браніраваныя польскія «маніторы» былі асноўнай баявой сілай у рэгіёне, які, пасля адпраўкі галоўных частак Войска Польскага на Захад, засталіся амаль без абароны. Караблі паветранай абароны неслі дзяжурства каля галоўных перапраў і мастоў. Акрамя гэтага, важнейшай задачай Пінскай флатыліі была абарона шляхоў з Вільна на Львоў і з Лунінца на Сарны.

Польскія "маніторы" на Піне

Адразу пасля пачатку Другой сусветнай вайны караблям флатыліі давялося змагацца з авіяцыяй люфтвафэ. Польскай супрацьпаветранай абароне ўдалося знішчыць каля дзесяці нямецкіх самалётаў. Аднак, як успамінаюць відавочцы, нямецкім самалётам часцей за ўсё ўдавалася паспяхова прайсці польскую зянітную заслону і скінуць бомбы на пераправы. Немцы таксама жорстка бамбілі жылыя раёны Пінска. Аднак ніводнай бомбы не было скінута на пінскі порт. Хутчэй за ўсё, нацысты разумелі будучае стратэгічнае значэнне гэтага транспартнага вузла.

Бесказырка з "манітора" "Пінск" 

10–14 верасня 1939 года на базе марскога запаснога батальёну было створана два батальёны марской пяхоты. Камандзірамі батальёнаў сталі камандор Паўлоўскі і капітан Фольтын. Маракоў пераапранулі ў палявыя мундзіры Войска Польскага, аднак афіцэрам дазволілі пакінуць марскія галаўныя ўборы, а матросам перачапіць марскія какарды на палявыя пяхотныя рагатыўкі.

Марак Пінскай флатыліі ва ўвальненні ў Пінску

15 верасня 1939 года Пінская флатылія перайшла пад кіраўніцтва камандуючага Аператыўнай групай «Палессе» генерала Францішка Клееберга. Праз два дні пачаўся «вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь». Караблі, якія знаходзіліся на мяжы, з баямі паспрабавалі прарвацца на захад, аднак супраць польскіх маракоў згуляла прырода. Цёплае лета прывяло да абмялення рэк Прыпяці, і шматлікія польскія караблі траплялі на мель. Хутка было прынята рашэнне затапіць флатылію. 17 верасня каля марской базы Нырча быў затоплены флагманскі «манітор» і іншыя буйныя караблі. У Пінску знаходзіўся карабель «Генерал Шэптыцкі», які змагаўся супраць нямецкай і савецкай авіяцыі. Камандаванне прыняло рашэнне спаліць гэтае судна, калі з’явілася пагроза яго захопу Чырвонай Арміяй.

"Манітор" "Генерал Шэптыцкі"

20 верасня пачалася эвакуацыя Пінска. 21 верасня на Каралеўскім канале пад Кузлічынам дарогу польскім судам заблакаваў узарваны мост. Камандаванне вырашыла затапіць караблі, але так, каб у будучым іх лёгка можна было падняць і хутка запусціць у строй. У рэчаіснасці караблі тапілі па-рознаму. Напрыклад, матросы аднаго з «манітораў», які знаходзіўся пад вёскай Гарадзішча, аблілі бензінам боекамплект да 100-міліметровай гаўбіцы і ўзарвалі карабель. Далей матросы затопленых судоў рухаліся альбо на вазах, альбо пешшу. Пры гэтым яны цягнулі на сабе ўсё тое, што ўдалося зняць з караблёў: зброю, абсталяванне, дакументацыю.

Каманда "манітора" "Генерал Шэптыцкі"

Усяго на прытоках Піны і на Каралеўскім канале на дно пайшло больш за 100 розных караблёў некалі магутнай Пінскай флатыліі. 23 верасня ў порт Пінска ўвайшла савецкая Дняпроўская флатылія. Генерал Клееберг выдаў загад усім часткам Самастойнай аператыўнай групы «Палессе» рухацца ў бок Любешова — Владавы, а далей у бок мяжы з Румыніяй, аднак праз два дні Клееберг прыняў рашэнне рухацца на дапамогу акружанай Варшаве. 28 верасня 1939 года адбылася рэарганізацыя батальёнаў марской пяхоты, і яны ўвайшлі ў склад 182-га пяхотнага палка 60 дывізіі пяхоты. Матросы-палешукі ўдзельнічалі ў баях пад Ліпінамі, Коцкам, Воляй Гулоўскай. Яны працягвалі змагацца з ворагам да 5 кастрычніка 1939 года.

Ленты маракоў з караблёў Пінскай флатыліі

 

Частка маракоў, разам з афіцэрамі пад камандаваннем спачатку камандора Эйбела, а пазней капітана Бончака адыходзіла разам з падраздзяленнямі Корпуса Аховы Памежжа. Матросы выконвалі ролю ар’ергарда польскіх частак. 25–26 верасня 1939 года гэтае падраздзяленне было аточана савецкімі танкамі і пасля кароткага бою трапіла ў савецкі палон. Ваеннапалонных накіравалі ў Маларыту, дзе падзялілі іх на дзве групы. У адной апынулася каля 30 афіцэраў, у другой — радавыя. Першую групу накіравалі ў вёску Макраны, дзе афіцэрам загадалі распрануцца, і 19 з іх былі расстраляныя. Іншых афіцэраў накіравалі ў лагер для ваеннапалонных у Жытомір. У 1940 годзе частка польскіх маракоў была адпраўлена ў Германію і апынулася ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных Мосбург у Баварыі. Некаторыя з гэтых людзей скончаць сваё жыццё ў Асвенцыме.

Польскія бронекатэры ў 1941 годзе

Другое жыццё польскіх караблёў

Пасля заканчэння «вызваленчага паходу ў Заходнюю Беларусь» савецкія ўлады пачалі праводзіць працы па пад’ёму і рамонту затопленых польскіх суднаў. У прыватнасці, паднятыя і адрамантаваныя польскія «маніторы» «Пінск» і «Торунь» акрамя новых назваў (адпаведна, «Віцебск» і «Смаленск»), атрымалі яшчэ і новае ўзбраенне: дзве 122-міліметровыя гаўбіцы і дзве 45-міліметровыя гарматы. Тры лёгкіх «манітора» перайменавалі ў «Вінніцу», «Жытомір» і «Бабруйск». Разам з іншымі караблямі савецкай дняпроўскай флатыліі гэтыя караблі ўдзельнічалі ў пачатковай фазе Вялікай Айчыннай вайны. Яны ажыццяўлялі артылерыйскую падтрымку сухапутных частак Чырвонай Арміі, абаранялі свае і знішчалі варожыя пераправы. 16 ліпеня 1941 года загінуў «манітор» «Вінніца». Праз два месяцы экіпаж «манітора» «Віцебск» быў вымушаны ўзарваць свой карабель, які да гэтага прыкрываў адыход 37-й савецкай арміі.

Польскія бронекатэры на савецкай службе

«Манітор» «Кракаў» быў затоплены польскімі маракамі 21 верасня 1939 года на рацэ Піне, аднак хутка быў падняты і пасля рамонту і пераўзбраення ўжо ў кастрычніку 1939 года пад назвай «Смаленск» увайшоў у склад Дняпроўскай вайсковай флатыліі. У чэрвені 1941 года гэты карабель удзельнічаў у контрудары савецкіх войскаў пад Бабруйскам, а пазней — у знішчэнні нямецкай пераправы ля Парычаў. У канцы ліпеня «Смаленск» адплыў у Кіеў, дзе быў адрамантаваны. Пазней удзельнічаў у баях, аднак у верасні 1941 года трапіў у акружэнне і быў знішчаны камандай.

Польскія караблі з савецкім экіпажам

***

Рыхтуючыся да абароны ўсходніх ускраін у магчымай вайне з СССР, кіраўніцтва Другой Рэчы Паспалітай рабіла вялікую стаўку на Пінскую флатылію. Яе караблі павінны былі эфектыўна ўзаемадзейнічаць з сухапутнымі войскамі і дапамагчы ў арганізацыі манеўранай абароны ў Палессі. Аднак Польшчы прыйшлося весці вайну з нацысцкай Германіяй, а Пінская флатылія не была ў стане супрацьстаяць пераўзыходзячым сілам Чырвонай Арміі, якія перайшлі савецка-польскую мяжу 17 верасня 1939 года. Шматлікія польскія матросы і афіцэры трапілі ў савецкі палон і сталі ахвярамі бальшавікоў. Польскіх марскіх афіцэраў расстралялі ля вёскі Макраны на Брэстчыне. 

Абмеркаванне:

  • Zahar Murnau
  • 2013-07-28 23:42:57
Совершенно неизвестная страница истории. Спасибо. Много слышал о советской Днепровской флотилии, а о польской, к сожалению, до сегодняшнего дня не знал ничего. Спасибо автору за интересный материал.
  • Максім
  • 2013-08-01 14:29:03
Цікавы матэр'ял, цікавыя фотаздымкі. Зразумела, што калі б Польшча ваявала б толькі супраць Савецкага Саюзу-дык тады б нападаючаму быў бы аказаны моцны супраціў і ў ім вялікую ролю адыграла б Пінская
рачная ваенна-марская флатылія, якая бараніла б Палессе ад бальшавіцкага наступу. Але таварыш Сталін перахітрыў усіх: свайго патынцыйнага ворага Гітлера зрабіў хаўруснікам і моўчкі наглядаў за тым,
як той, сам ня ведаючы, развязаў Другую Сусветную вайну, напаўшы на Польшчу. Пасля гэтага, зняўшы з сябе адказнасць, можна было ісці з "освободительным походом" у Заходнюю Беларусь і
Украіну. Хаця большая частка польскіх войскаў была на захадзе краіны-бальшавікі дапамаглі сваім наступам Трэцяму Рэйху расправіцца з Другой Рэччу Паспалітай. А ў вайне на 2 фронты ў найноўшай
гісторыі яшчэ ніхто не перамагаў.
  • Ігар Мельнікаў
  • 2013-08-01 15:05:04
Дарэчы, палякі рыхтаваліся абараняць "крэсы". Апорнымі пунктамі былі Гродна, Вільня, Кобрын, Пінск. У распараджэнні польскага камандавання была аператыўная група
"Палессе". Палякі чакалі, што Захад усёж ударыць на Гітлера і тады змаганне на "крэсах" будзе адыгрываць важную ролю. Аднак, атрымалася як атрымалася. Вызваленне 1939
года само па сабе пазітыўны факт у беларускай гісторыі. Аднак. заўсёды трэба памятаць якім коштам яно было дасягнута...

Каментаваць