Трасцянец як мост паміж Беларуссю і Захадам

Мемарыял «Трасцянец» можа стаць мостам паміж Беларуссю і Еўропай. Пра гэта 1 кастрычніка казалі ўдзельнікі стварэння гэтага важнага гістарычнага помніка ахвярам нацызму падчас сустрэчы з журналістамі ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры (ММАЦ) імя Яханэса Раў. 



Віктар Балакіраў


У сустрэчы ўзялі ўдзел кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, беларускі дырэктар ММАЦ Віктар Балакіраў і выканаўчы дырэктар Дортмундскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра Петэр Юнгэ-Вэнтруп, праваслаўны архіерэй Фёдар Поўны, дачка аднаго з аўтараў мемарыяла, памерлага два гады таму архітэктара Леаніда Левіна Галіна Левіна ды іншыя.

Па словах Петэра Юнгэ-Вэнтрупа, праект мемарыяла рэалізуецца і набывае вельмі важнае значэнне ў міжнародных стасунках. Гэта, па-першае, даніна памяці ахвяраў гітлераўскага фашызму, якія былі знішчаны ў Шашкоўцы і Благаўшчыне, у самім Трасцянцы. А гэта, паводле афіцыйных дадзенных, больш за 206 000 чалавек.

Першая частка праекта ўжо рэалізавана, і гэта можна ўбачыць на ўласныя вочы. Але, адзначыла прадстаўніца габрэйскай абшчыны Галіна Левіна, гэта толькі пачатак. Стварэнне мемарыяла «Трасцянец», дзе загінулі тысячы і тысячы габрэяў, Левіна назвала мастом паміж Беларуссю і Еўропаю, перад усім, паміж Беларуссю і Нямеччынай.

Галіна Левіна

«Нашы бацькі, у тым ліку і мае бацькі выбудавалі гэты мост узаемапаразумення і замірэння з тымі, хто ў пэўны перыяд жыцця быў па іншы бок акопаў. І вельмі важна, каб гэты мост паразумення, каб гэты дыялог працягваўся ў розных пакаленнях. Калі гэта знікне хоць у нейкім пакаленні, мы можам страціць апоры маста, які дае нам магчымасць вучыцца і  рабіць высновы з таго, што адбылося», — упэўненая выступоўца.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што будучы мемарыял павінен стаць месцам і сімвалам замірэння і паразумення паміж рознымі народамі і канфесіямі. Ён адзначыў, што было б добра, каб мемарыял «Трасцянец» стаўся тым месцам, куды маглі б прыходзіць і маліцца вернікі розных канфесіяў, бо ў гэтым месцы падчас Другой сусветнай вайны нацысты забівалі як габрэяў, так і людзей іншых нацыянальнасцяў, як іудзеяў, так і праваслаўных, каталікоў, асоб іншых веравызнанняў.

Петэр Юнгэ-Вэнтруп, Тадэвуш Кандрусевіч

«У Трасцянцы магло б узнікнуць такое месца, і я не бачу ніякіх гэтаму перашкод, калі б гэта быў адзіны будынак, дзе маглі б маліцца ўсе. Такі досвед маецца ўжо ў Калінінградскай вобласці Расіі, дзе ў адным будынку моляцца каталікі, праваслаўныя і люцеране», — сказаў Уладыка.

Па яго словах, такія праекты спрыяюць замірэнню ў сучасным свеце нават на палітычным узроўні. Тадэвуша Кандрусевіча вельмі ўсцешыў той факт, што падчас юбілейнай сесіі ААН у Нью-Ёрку да кіраўніка Беларусі падышоў прэзідэнт Аўстрыі і падзякаваў за дапамогу ў рэалізацыі трасцянецкага праекту па ўшанаванні памяці забітых нацыстамі мірных грамадзян.

І гэта не выпадковая падзяка за «Трасцянец» з боку аўстрыйскага кіраўніка. Справа ў тым, што ў Трасцянцы былі знішчаныя каля 14 500 аўстрыйскіх габрэяў. Яны, як распавяла Галіна Левіна, «іроніяй гісторыі мусілі самі набываць квіткі на цягнік у Трасцянец, дзе пазней усе былі забітыя».

Дарэчы, у лістападзе адбудзецца паездка ўдзельнікаў праекта «Трасцянец» у Вену. У сталіцы Аўстрыі адбудуцца сустрэчы на розных узроўнях, дзе будуць абмяркоўвацца пытанні працягу рэалізацыі мемарыяла. Дарэчы, як адзначыў Петэр Юнгэ-Вэнтруп, за працяг прац па стварэнні мемарыяла цяпер адказвае кіраўніцтва Мінскага гарвыканкама. Нямецкі бок, паведаміў Юнгэ-Вэнтруп, ужо пералічыў беларускаму боку 400 тысяч еўра. Але пошук сродкаў будзе працягвацца.

На сустрэчы журналістам прадставілі бюлетэнь «Еўрапейскія перспектывы», прысвечаны прымеркаванай да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашыстаў беларуска-нямецкай паездцы ў Трасцянец, Хатынь і Бабруйск, якая адбылася летась. У тым мерапрыемстве ўзялі ўдзел па сто прадстаўнікоў з абедзвюх краінаў. У часопісе змешчаны фотаздымкі з таго мерапрыемства, успаміны сваякоў ахвяраў нацызму, выступы ўдзельнікаў вандроўкі, а таксама артыкулы на гэтую тэму прэзідэнта Нямеччыны Ёахіма Гаўка, былога прэм’ер-міністра федэральнай зямлі Брандэнбург Маціяса Плацэка, прадстаўніка МЗС Нямеччыны Герната Эрлера, а таксама Тадэвуша Кандрусевіча, праваслаўнага архіерэя Фёдара Поўнага ды іншых. 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-10-01 20:41:51
"ў Шаркоўцы і Благаўчшыне" = "ў Шашкоўцы і Благаўшчыне"

«Еўрапейскія персТектывы»

Пра тое, што Трасцянец можа быць "мостам", - як мінімум наіўна... Ці трэба тлумачыць, чаму?
  • ВР
  • 2015-10-01 20:49:37
"БлагаўЧШыне" не паправілі яшчэ.
  • Рэд.
  • 2015-10-01 20:57:16
ВР, шчыры дзякуй! :)
  • ВР
  • 2015-10-01 21:04:40
Абы на здароўе! Між іншага, у нізе старонкі як гал. рэд. пазначаны Кароль Аляксей Сцяпанавіч. Гэта прынцыповая пазіцыя "НЧ" ("наши павшие, как часовые") ці проста
забылі памяняць?

Каментаваць