Сёння Агульнаеўрапейскі дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму

Дзве праўды пра Трасцянец і дзве трагедыі. Што вы ведаеце пра гэты лагер? Ведаеце, што 75 гадоў таму супрацоўнікі НКУС расстралялі там вязняў мінскіх турмаў? Дарэчы, схаваць месца расстрэлаў хацелі пад гарадскім сметнікам...



У чэрвеньскія дні 1941 года часткі НКУС канваявалі па Магілёўскай шашы калоны арыштаваных з мінскіх турмаў, а таксама ахвяр «зачыстак» першых дзён вайны. Усе зняволеныя, якія знаходзіліся пад следствам за ўчыненне так званых «контррэвалюцыйных злачынстваў», былі выведзеныя з горада некалькімі калонамі па 2–4 тысячы чалавек. Адну з калон канваявалі ў бліжэйшы лес — гэта былі наваколлі вёскі Малы Трасцянец, урочышча Благаўшчына. Раней, у канцы 1930-х гадоў, па сведчаннях відавочцаў, былі адселены хутары каля таго самага ўрочышча. Частка тэрыторыі паблізу Магілёўскай шашы адышла пад ахоўны аб’ект НКУС. Адтуль па начах даносіліся стрэлы...

Што адбывалася з вязнямі? Некаторыя ўспаміны вязня мінскай унутранай турмы НКУС Цодзіка запісаў Анатоль Майсеня ў пачатку 1990-х гадоў.

«...Ішоў трэці дзень вайны — 24 чэрвеня. Немцы імкліва прасоўваліся на Мінскім напрамку, знішчаючы абаронныя лініі нашых войскаў. Пад канвоем выводзілі і адпраўлялі на машынах партыі зняволеных. У турэмным калідоры раз-пораз дрынчэлі звязкі ключоў, ляскалі замкі і гучала адна і тая ж каманда: «Выходзь шыхтавацца».

...За поўнач, гадзіны ў дзве ночы, у турме зноў пачуўся гучны тупат бягучых ног. Дзверы ў камеру Цодзіка расчыніліся насцеж: «Усе на двор шыхтавацца! Хутка!»

Зняволеныя даўно чакалі гэтай каманды, без лішніх збораў пацягнуліся адзін за адным у дзверы... Калона рушыла з месца, крытыя машыны адна за адной выпаўзлі з турэмнай брамы на начную мінскую вуліцу.

Хутка машына збавіла ход, пакацілася па схіле ўніз, а праз хвіліну застыла на месцы. Раздалася каманда, было чуваць, як ззаду саскокваюць на зямлю ахоўнікі з сабакамі — адзін, другі, трэці. Вось цэлае аддзяленне іх прабегла з таго боку, дзе сядзеў Цодзік. Загрымелі замкі, задні борт перакуліўся. «Злазце па адным і хутка!».

Цодзік саскочыў уніз да сваёй групы. Зняволеныя апынуліся на краі нешырокай лагчыны, парослай маладым хвойнікам і хмызняком.

Каля кожнай машыны напагатове стаяла падраздзяленне ахоўнікаў з сабакамі. Натрэніраваныя аўчаркі злосна рыкалі. Здавалася, яны былі гатовыя разарваць на шматкі гэтых бездапаможных людзей. Калі апошнія зняволеныя апынуліся на зямлі, усіх выстраілі ў шэраг па двое, Цодзік апынуўся другім нумарам, стаяў у задняй лініі.

Двое ахоўнікаў прывалаклі аднекуль вязанку кавалкаў дроту. Рушыла ўслед каманда: «Рукі ўсім назад, трымаць за спінай». Ахоўнікі хадзілі па шэрагах — адзін падаваў дрот, другі схопліваў ім запясці рук і хутка закручваў канцы.

...Надышла чарга Цодзіка — ад дотыку халоднага дроту да рук ён уздрыгнуў. Тры хуткія віткі вакол запясця і нядбайна закручаныя канцы дроту — вось і ўсё. Цодзік паспрабаваў паварушыць рукамі — дрот не даваў, балюча ўпіваўся ў цела. Яшчэ раз — як быццам трохі паддаўся, але няшмат. І для чаго ўсё гэта?

...Іх паставілі на ўскрайку лагчыны, усе чатыры групы зняволеных сцягнулі разам, у адзін шэраг. Спераду і па баках занялі свае пазіцыі ахоўнікі з вінтоўкамі наперавес. Афіцэры выцягнулі пісталеты. Усё рабілася моўчкі ў злавеснай цішыні ранішняга світання. Надзеяў на лепшы зыход ні ў каго са зняволеных не засталося.

...З першымі стрэламі Цодзік ўпаў на зямлю — не, яго не параніла, нават не зачапіла. Спрацаваў рэфлекс «самазахавання», усё адбылося неяк само: стрэл, падкасіліся ногі, паваліўся на зямлю. Страляніна працягвалася, на зямлю падалі новыя целы. Яшчэ стрэлы, яшчэ... Потым усё раптам сціхла. Толькі глухія стогны параненых, маленне аб дапамозе ўрываліся ў гэтую цішыню. Цодзік пачуў каманду: «Праверыць кожнага, у жывых нікога не пакідаць!»

Пачуліся паспешлівыя крокі: яны набліжаліся, зусім ужо побач — Цодзік здранцвеў. Ахоўнік балюча, з усяго размаху ўдарыў у бок Цодзіка — сцяўшы зубы, Цодзік змаўчаў. Побач у забыцці прастагнаў паранены — гэта яго загубіла і выратавала Цодзіка, ахоўнік адразу ж пераключыўся на няшчаснага, прагучаў адзін, потым другі стрэл ва ўпор. Адзінкавыя стрэлы чуліся то тут, то там.

Неўзабаве ўсё зноў сціхла. Не было больш чуваць ні стогнаў, ні стрэлаў. І яшчэ раз ля самай галавы Цодзіка прашамацелі ў густой траве нечыя ногі — відаць, начальнік аховы са сваімі падручнымі правяраў выкананне загаду. Хвіліны праз дзве прагучала каманда: «Па машынах!» Завялі рухавікі, «караван смерці» крануўся ў зваротны шлях.

Колькі часу ён праляжаў у забыцці — невядома. Ачуняў, калі скрозь шчыліны ў кучы мёртвых чалавечых целаў прабівалася дзённае святло. Перад яго вачыма паўстала жудасная карціна — у лагчыне былі сотні завёрнутых, перакуленых дагары, распластаных целаў. На перакошаных ад болю тварах, ссінелых вуснах, знявечаных агоніяй, у рудых плямах крыві на траве застыла смерць.

Агаломшаны ўбачаным, Цодзік кінуўся бегчы з усіх ног да лесу і потым яшчэ доўга, не разбіраючы дарогі, прабіраўся напралом праз кусты ядлоўцу, малады ельнік. Спатыкаўся, падаў, падхопліваўся і зноў бег.

На паўдарозе да шашы справа была бачная вёска — хат сто, не болей. Цодзік ледзь ужо не стаў за парог, як згадаў, што хацеў спытаць у бабулі.

— А як называецца ваша вёска?

— Трасцянец называецца.

Праз гады, пасля таго як ён вярнуўся ў родную Беларусь, і пад прозвішчам Дабравольскі пасяліўся ў Віцебску, ён даведаўся пра трагедыю Трасцянца — пра клятае месца, ператворанае фашыстамі ў канцлагер-душагубку. Але мала хто ведаў, што трагедыя Трастянца пачалася раней, што ў гэтым месцы перапляліся не адна, а дзве трагедыі. А хто мог ведаць? Адзіным сведкам той першай трагедыі застаўся Цодзік».

Можна прывесці яшчэ шэраг сведчанняў, якія пацвярджаюць перадваенную праўду пра Трасцянец. Былі і выпадкі вызвалення некаторых вязняў. З аповеду былога настаўніка Ю.А.Сабалеўскага вынікае, што ён быў арыштаваны ў Мінску органамі НКУС у першы дзень вайны. 24 чэрвеня 1941 года арыштаваных на турэмным двары пашыхтавалі ў калону, якая рушыла па Магілёўскай шашы. 25 чэрвеня на вялікай палянцы ў лесе калону спынілі і абвясцілі, што зараз адбудзецца суд. Ахоўнікі падзяліліся на некалькі груп, сталі выклікаць арыштаваных. Сяржант НКУС, даведаўшыся, што Сабалеўскі настаўнік, адпусціў яго. Адпусцілі і яшчэ некалькі чалавек з ліку інтэлігентаў. Астатнія падзялілі маркотную долю расстраляных.

Ёсць і шэраг дакументальных пацвярджэнняў. У прыватнасці, нямецкі журналіст Паўль Коль яшчэ ў 2000 годзе дэталёва распавёў аб тэхналогіі масавага знішчэння вязняў. Ён прадэманстраваў савецкую тапаграфічную карту 1939 года, дзе тэрыторыя ўрочышча Благаўшчына была пазначаная як закрыты ахоўны аб’ект. Ёсць здагадка, што гэта было зроблена зусім не выпадкова, і простае дачыненне да «аб’екту» мае НКУС. Патрабуецца толькі доказная база. І яна ёсць — як вядома, на месцы канцлагера ў 1944 годзе пачала працаваць Дзяржаўная надзвычайная камісія. Першапачаткова вынайшлі пахаванні не там, дзе была яма-печ, не сам канцлагер, а злева ад Магілёўскай шашы ва ўрочышчы Благаўшчына. Тады і былі апублікаваныя першыя афіцыйныя дадзеныя пра колькасць загінулых тут людзей. Па версіі чальцоў камісіі, за паўгода да вызвалення Беларусі фашысты выкопвалі парэшткі і спальвалі іх. Па колькасці попелу і былі зроблены высновы пра колькасць пахаваных у 34 равах.

Але ёсць і другая частка заключэння камісіі, пра якую мала хто ведае. Аказваецца, калі камісія пачала працаваць, яна выявіла пахаванні, частка з якіх знаходзілася на тэрыторыі цяперашняга сметніка. Пахаванні апынуліся перадваеннымі. Раскопкі ў гэтым месцы былі неадкладна спыненыя і вынесеныя за 300–400 метраў. У далейшым ускрывалі 34 рова-траншэі.


Пра слушнасць гэтай версіі сведчаць таксама нямала гільзаў ад зброі савецкай даваеннай вытворчасці, выяўленыя ў 1994–1995 гадах супрацоўнікамі музея Вялікай Айчыннай вайны ў Благаўшчыне пры здымках дакументальнага фільма «Трасцянец».

Гэта пацвердзіла і былы вучоны сакратар музея ВАВ А. Валькевіч у 1994 годзе: «Як стала вядома, у раёне Трасцянца загінула больш за 500 000 чалавек. Але агалошваць гэтыя звесткі забаранілі члены ДНК (Дзяржаўнай Надзвычайнай Камісіі) з Масквы. Чаму? Таму што ў гэта цяжка было паверыць... Можна было запрасіць міжнародных экспертаў. Парэшткі паўмільёна загінулых — не іголка ў сене. І вось тут нараджаецца яшчэ адна, небеспадстаўная думка. А ці не ці ўваходзяць у лік гэтай лічбы і ахвяры НКУС 30-х гадоў? Успаміналі ж старыя жыхары вёсак Вялікі Трасцянец і Малы Трасцянец стральбу ў лесе па начах у даваенны час».

У 1957 годзе на месцы перадваенных расстрэлаў з санкцыі ўлады быў зроблены гарадскі сметнік, каб такім чынам схаваць сляды злачынстваў. Інакш проста ніяк нельга растлумачыць з’яўленне гэтага «маскіровачнага аб'екта». І гэта было зроблена, як ні дзіўна, пасля прыняцця ў 1950-м, а затым і ў 1956 годзе рашэнняў пра ўшанаванне памяці ахвяр фашызму.

Сёння практычна немагчыма вызначыць, колькі ахвяр сталінскага тэрору было пахавана на месцы цяперашняга сметніка і ва ўрочышчы Благаўшчына.

Крыж каля гарадскога сметніка ў Трасцянцы, усталяваны ў памяць ахвяр камуністычных рэпрэсій

Крыж каля гарадскога сметніка ў Трасцянцы, усталяваны ў памяць ахвяр камуністычных рэпрэсій



Да вайны на месцы, пазначаным на мапе як ахоўная зона, не знаходзіўся ні ваенны палігон, ні іншы ваенны аб’ект. Ён з’явіўся там толькі пасля вайны. Ніводнага дакумента, які пацвярджае факт расстрэлаў у тых жа Курапатах ці ў іншых месцах, як мы ведаем, не ўдаецца знайсці даследчыкам у беларускіх архівах, а архіў КДБ наглуха закрыты да гэтага часу. Не будзе выяўлена дакументаў і па Трасцянцы, таму што яны, гледзячы па ўсім, даўно знішчаныя, каб схаваць сляды злачынства.

Сёння ўжо прыйшоў час назваць устаноўленыя не КДБ, а даследчыкамі імёны катаў, якія стралялі ў патыліцы нашых суграмадзян, у тым ліку і ў раёне Трасцянца. Гэта, у прыватнасці, супрацоўнікі камендатуры НКУС БССР: Нікіцін, Ермакоў, Коба, Якаўлеў, Астрэйка, Дуброўскі, Бачкоў, Бацян, Абрамчык, Мігно. Гэта далёка не поўны спіс нкусаўцаў, якія знішчылі ні ў чым не вінаватых людзей...


У адпаведнасці з урадавай пастановай, у бліжэйшыя гады на плошчы 400 гектараў будзе збудаваны мемарыяльны комплекс «Трасцянец». Перакананы, што гэта павінен быць мемарыял памяці не толькі ахвярам фашызму, але і сталінізму, напамін аб крывавых уроках двух таталітарных рэжымаў ХХ стагоддзя.

Абмеркаванне:

  • Лилианна
  • 2016-06-24 16:44:47
Всю жизнь ненавидела коммунистов

Каментаваць