Троцкі прапаноўваў Балаховічу ўзначаліць кавалерыю

Чаму прайграла БНР? Ці чынілі жаўнеры Балаховіча жыдоўскія пагромы? — «АRCHE» выпусціла другое выданне «Балахоўцаў». З гэтай нагоды мы вырашылі паразмаўляць з рэдактарам зборніка Андрэем Вашкевічам.



Станіслаў Булак-Балаховіч


— Андрэй, сёлетняе выданне, у дапаўненне да першага, 2012 года, акрамя ўспамінаў польскага контр-выведніка Станіслава Ліса-Блонскага, які служыў у войску Булак-Балаховіча, утрымлівае ў сабе таксама магістарскую працу Юрася Юркевіча, прысвечаную Асобнаму атраду БНР, спіс балахоўцаў па прозвішчах, раней не вядомыя фота і дакументы. Наколькі каштоўнай часткай зборніка стала менавіта праца Юркевіча?

 Андрэй Вашкевіч. Фота Янкі Лялевіча

— Юрась Юркевіч, які жыве ў Эстоніі, выдатна ведае прыбалтыйскія мовы, што дало яму мажлівасць працаваць з мясцовымі крыніцамі, якія раней ніхто з беларускіх гісторыкаў не выкарыстоўваў. Паколькі ў 1919 годзе армія Балаховіча была фактычна складовай часткай эстонскай арміі, ішла пастаянная перапіска, таму і захавалася шмат дакументаў менавіта па-эстонску. У дадатак да гэтага ў Рызе працавала вайскова-дыпламатычная місія БНР на чале з Езавітавым — гэта яшчэ пласт дакументаў, ужо па-латышску. Сам Юркевіч у 2009 годзе ўдзельнічаў у стварэнні фільму пра Балаховіча — «Генерал невядомай вайны». Тады менавіта ён знайшоў арыгінальную хроніку заняцця Пскова войскамі «бацькі».

 

''Бацька'' са сваім штабам

 

— Ці не было прынцыповай супярэчнасці паміж «Рускай добраахвотніцкай арміяй» ды ідэямі БНР?

— Хоць Балаховіч і спрычыніўся да барацьбы за беларускую дзяржаўнасць, успрымаць яго як адназначна беларускага дзеяча мы не можам. Ён сам падкрэсліваў, што па бацьку ён беларус, па маці — паляк, чалавек, які быў выхаваны ў дробнашляхецкім асяродку. Ягоная канцэпцыя падчас грамадзянскай вайны абапіралася на антыбальшавізме і патрэбе будаваць дэмакратычную Расію, шляхам вызвалення пэўных тэрыторыяў і абвяшчэння там нацыянальных урадаў. Стварэнне Пскоўскай рэспублікі летам 1919 года — яскравае таму сведчанне. Ён прыхільна быў настроены і да латышоў, і да эстонцаў, і да беларусаў. Таму менавіта для яго не было супярэчнасці паміж ідэяй «Рускай народнай добраахвотніцкай арміі» і БНР.

— Ці вядома нешта пра супрацу Балаховіча з бальшавікамі?

— Усе звесткі пра гэта ўскосныя, афіцыйных ніякіх дакументаў няма. Летам 1918 года Чырвоная Армія толькі стваралася, а Балаховіч апынуўся на тэрыторыі, занятай бальшавікамі. Там Троцкі яму прапанаваў узначаліць кавалерыйскую частку і ўвогуле ледзьве не стаць інспектарам, то бок кіраўніком, усёй кавалерыі. Тады быў такі час, што шансы мелі вайскоўцы нават з невысокім званнем. Што казаць, летам 1917 года Балаховіч толькі атрымаў званне паручніка (сучаснае — лейтэнант — А.К.), а летам 1919 года ён ужо быў генералам. Таму нічога тут дзіўнага няма. Бальшавікі яшчэ не праявілі сябе негатыўна, французскія ваенныя спецы кансультавалі Леніна, як змагацца з немцамі, а Балаховічу патрэбна было сфармаваць каля сябе сілу, што ў яго і атрымалася. Але Балаховічу было ад пачатку не па шляху з бальшавікамі, таму ён папрасіўся ў ваколіцы Лугі, пад Пскоў, каб быць падалей ад цэнтру і пры мажлівасці перайсці на іншы бок.

— У надрукаваным у кнізе спісе жаўнераў амаль адсутнічаюць беларускія прозвішчы. Хто служыў у «бацькі», і ці былі сярод іх беларусы?

— Нацыянальны склад балахоўцаў заўжды быў прычынай маніпуляцый. У канцы 1919 года, калі Балаховіч падтрымаў БНР, большасць яго войска складалі сяляне з ваколіцаў Пскова. Гэта былі рускія па нацыянальнасці людзі, але і ад вялікарусаў яны сябе таксама адрознівалі. Шмат сярод іх было старавераў, якія ненавідзелі бальшавікоў. Сярод балахоўцаў было таксама шмат эстонцаў, шведаў, фінаў, пазней — палякаў. Беларускія часткі, сфармаваныя на Беласточчыне, у яго з’явіліся бліжэй да восені 1920 года, калі Балаховіч планаваў паход на тэрыторыю Савецкай Беларусі. Гэта аддзелы Цімоха Хведашчэні ды Мікалая Дзямідава. Яны вельмі добра сябе паказалі, напрыклад, Дзямідаў уратаваў Балаховіча ад смерці альбо бальшавіцкага палону.

Цімох Хведашчэня — камандуючы адной з беларускіх частак Балаховіча

 

— Часам даводзіцца чуць пра «Юдэн швадрон» у складзе арміі Балаховіча і ў той жа час пра страшэнны антысемітызм яго «сынкоў». Дзе праўда?

— Балаховіч антысемітам, безумоўна, не быў, і сам публічна падкрэсліваў, што праявы антысемітызму ў ягоных частках караюцца. «Юдэн швадрон» акурат і быў спробай давесці лаяльнасць да жыдоў. У кнізе прыведзеныя тагачасныя газетныя публікацыі аб ягоным стварэнні, але больш ніякай канкрэтнай інфармацыі няма. Датычна антысемітызму: на Пскоўшчыне жыдоў не было, таму не было да каго яго праяўляць. А вось у 1920 годзе ў Беларусі антысеміцкія настроі былі даволі моцнымі. Па-першае, жыдоў часта прыроўнівалі да бальшавікоў. Па-другое, антысемітызм быў моцны і сярод мясцовага сялянства, якое таксама ўдзельнічала ў пагромах і рабавала жыдоўскае майно. Па-трэцяе, трэба ўлічыць сітуацыю вайсковых дзеянняў. Калі пачытаць Бабеля, бачна, што данскія казакі — Будзёны ды Цімашэнка — ставіліся да жыдоў гэтак жа сама. Такая ж сітуацыя была і сярод польскіх вайскоўцаў.

Не варта забывацца, што ішоў ужо шосты год вайны. Армія Балаховіча была сабраная з людзей, адарваных ад сваіх каранёў, якім часта не было «за што» ваяваць, было толькі «супраць каго». Ліс-Блонскі згадвае, што сустракаў салдат, якія маглі прыгадаць толькі губерню, з якой паходзяць, не больш… Яны былі цалкам адарваныя ад свайго сялянскага быту, вайна стала для іх жыццём.

— Ці дазваляюць матэрыялы кнігі па-іншаму зірнуць на прычыны паразы БНР?

— Канешне, з пункту гледжання сённяшняга дня нам прасцей стаць на пазіцыі культурніцкіх дзеячаў, якія не былі добрымі палітыкамі, але якія пакінулі па сабе след у беларускай культуры. Луцкевіч, Ластоўскі і іншыя часта негатыўна адзываліся пра Балаховіча як пра авантурыста, бандыта і г.д. Але калі ўзяць палітычныя рэаліі таго часу, то адзінай прыкметай дзяржавы было акурат войска. І ў гэтым кантэксце супраца з Балаховічам не выглядае чымсьці нерэальным.

Частка працы Юркевіча прысвечана вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Прыбалтыцы, пад кіраўніцтвам Езавітава. Праца гэтай місіі была для БНР адным з нешматлікіх абнадзейваючых фактараў. Калі Езавітаў прыехаў у Рыгу, ён зразумеў, што з Балаховічам ёсць шанец. Невялікі, але шанец. Для гэтага патрэбныя былі грошы. Урад БНР, напэўна, мог паспрабаваць паставіць на Балаховіча ўсе карты і знайсці грошы. Але яны страшэнна прамарудзілі і не скарысталіся сітуацыяй. Не будзем забывацца таксама, што ў снежні 1919 года ва ўрадзе адбыўся раскол, што яшчэ больш ускладняла сітуацыю.

— Ці прымалі ў грамадзянскай вайне падобныя арміі «кандацьераў», якія перакідваліся з аднаго боку на іншы? Балаховіч меў выбар, да каго ісці служыць?

— Так, канешне. Балаховіча і яго аддзел у сябе хацелі бачыць і літоўцы, і латышы, і палякі. А БНР проста замарудзіў працэс прыняцця Балаховіча да сябе. Ён быў прыняты толькі на пачатку 1920 года, калі «бацька» ўжо вёў перамовы з палякамі… У канцы 1919-га Асобны атрад быў прыняты на службу БНР асабіста Езавітавым, на сваю рызыку. Ён шукаў дапамогі ў Антанты, усё трымалася на ініцыятыве Езавітава. Дзякуючы менавіта Езавітаву, атрад Балаховіча атрымаў амерыканскую форму ды амуніцыю, якую добра бачна на здымках 1920 года, зробленых у Берасцейскай крэпасці. Урад БНР не надаў Балаховічу аніякай грашовай дапамогі.

Балахоўцы ў амерыканскай форме пазуюць у Берасцейкай крэпасці, вясна 1920 года

— Як складалася жыццё генерала адразу пасля вайны, калі ягоны атрад канчаткова адступіў на польскую тэрыторыю?

— У 1921 годзе Балаховіч напісаў адкрыты ліст Польскаму сойму з нагоды таго, што яго хочуць выселіць з тэрыторыі Польшчы. Гэта была ініцыятыва бальшавікоў, якія лічылі Балаховіча прадстаўніком «незаконных банд-фармаванняў», а ўнеслі такую прапанову жыдоўскія паслы сойму. «Эндэкі» ўжо рыхтаваліся скарыстацца такой нагодай… Але Пілсудскі, які памятаў заслугі генерала, заступіўся за Балаховіча. Усе ягоныя афіцэры захавалі пры паляках вайсковыя званні, пры тым, што прадстаўнікі белых арміяў сваіх званняў не захоўвалі. Балаховіч лічыўся генералам брыгады, насіў адпаведную форму, хоць і не быў замацаваны за нейкай вайсковай часткай.

Пад кіраўніцтвам Балаховіча фармаваліся партызанскія аддзелы «Зялёнага дуба» яшчэ цягам савецка-польскай вайны. Але калі «Зялёны дуб» ствараўся як антыбальшавіцкая арганізацыя, то на пэўным этапе ён стаў непадкантрольнай разгорнутай структурай, якая стварала праблемы таксама і для палякаў. Таму на пачатку 1920-х гадоў за Балаховічам быў усталяваны нагляд з боку польскіх спецслужбаў. У Польшчы ён апынуўся непажаданай асобай. Тады ж бальшавіцкі агент забіў ягонага брата ў Белавежы… На гэтым фоне генерал спрабаваў разгарнуць палітычную дзейнасць, але быў непрыхільна сустрэты тагачаснымі беларускімі актывістамі — «Беларускім пасольскім клубам». Ягоныя дарожкі з беларускімі палітыкамі зноўку разышліся.

Абмеркаванне:

  • Максім
  • 2014-05-13 18:39:49
Дзякуй за аб'ектыўную інфармацыю пра Булак-Балаховіча. Ён-асоба, якая выклікае толькі негатыўныя эмоцыі ў цяперашніх афіцыйных гісторыкаў, якія за свядомую хлусню атрымоўваюць прэміі, узнагароды і
чыны. Прыкладам гэтага з'яўляецца артыкул Уладзімера Кажэўнікава, надрукаваны ў Беларускай Вайсковай Газеце пад назвай "БНР: еврейские погромы". Аўтарам рухае не аб'ектывізм і
гістарычная справядлівасць, а канкрэтная задача: паказаць Балаховіча бандытам і забойцам. (для У. Кажэўнікава толькі бальшавікі, якія пад час толькі Чырвонага тэрору 1917-1922 гг. знішчылі да 2 млн.
чалавек, з'яўляюцца героямі.

Каментаваць