Тры вайны двух бронецягнікоў

Адным з галоўных відаў зброі міжваеннага Войска Польскага з’яўляліся браніраваныя цягнікі. Польскае войска мела некалькі дзясяткаў «сухапутных браняносцаў», якія дапамаглі жаўнерам Пілсудскага перамагчы бальшавікоў.



А пазней адстойваць заходнія межы Другой Рэчы Паспалітай. Большасць з гэтых бронецягнікоў дацягнула да Другой сусветнай вайны. 

Народзіны легенды

Падчас савецкага наступлення ў ліпені 1920 года Войска Польскае сярод іншага страціла некалькі бронецягнікоў. Варшава разумела, што гэтыя страты могуць прывесці да паразы ў вайне. Хутка быў выдадзены загад аб будаўніцтве 6 новых «сухапутных браняносцаў», сярод якіх быў і «PP 20» (pociąg pancerny), пабудаваны ў Кракаве ў жніўні 1920 года. Аднак усе ведалі цягнік пад назвай «Барташ Главацкі» (селянін, удзельнік Паўстання Тадэвуша Касцюшкі, які адзначыўся ў бітве пад Рацлавіцамі). Першым камандзірам бронецягніка быў паручнік Станіслаў Пігонь (будучы прафесар Віленскага ўніверсітэта).

"Барташ Главацкі"

Першапачаткова цягнік складаўся з двух крытых артылерыйскіх вагонаў (у якіх знаходзілася па адной 76-міліметровай гармаце), адкрытай артылерыйскай пляцоўкі (на якой ставілася звычайная гармата), вагонаў, узброеных кулямётамі, і браніраванага лакаматыву. Крытыя вагоны былі зроблены з былых нямецкіх таварнякоў, на якіх, акрамя дадатковых лістоў брані, была пастаўлена вежа, што мела вугал абстрэлу 360 градусаў. У верасні 1920 года экіпаж бронецягніка складаўся з 8 афіцэраў, 37 малодшых камандзіраў і 97 радавых.

Адзін з вагонаў бронецягніка "Барташ Главацкі"

Хутка цягнік перадалі ў распараджэнне 15-й пяхотнай дывізіі. «Дваццатка» дзейнічала на лініі Чарэмха — Брэст-Літоўскі, а пазней ля Гайнаўкі. 19 верасня дзве гарматы цягніка былі знішчаны, а праз дзень, падчас баёў за Свіслач, не стала і трэцяй. Экіпаж бронецягніка вымушаны быў паставіць на платформы звычайныя палявыя гарматы і весці баі з іх дапамогай. Пазней была бітва на Нёмане, дзе «Главацкі» ўдзельнічаў у атацы на Ваўкавыск. У гэты час цягнік складаўся з 6 броневагонаў, на якіх было 2 палявыя гарматы і 10 кулямётаў. У кастрычніку 1920 года «Дваццатка» знаходзілася ў Седлецах, а пазней, да лета 1921 года, у Лідзе.

Мадэрнізацыя

Калі ў 1919 годзе палякі рыхтаваліся да вайны з усходнім суседам, яны рабілі стаўку на выкарыстанне менавіта старых рускіх вагонаў, якія мелі колы для руху на чыгуначным палатне шырынёй 1524 мм. Аднак пазней вайна прыйшла на польскія землі, і пра «шырокія» вагоны забылі. У пачатку 1920-х пра былыя «рускія» вагоны зноў узгадалі, і частка іх была выкарыстана для мадэрнізацыі «Барташа Главацкага». Безумоўна, колавыя пары для іх рабілі еўрапейскага стандарту.

У 1922–1923 гадах бронецягнік выкарысталі для супакойвання антыпольскіх выступленняў на тэрыторыі Горнай Сілезіі. Вясной 1925 года цягнік атрымаў новы нумар «10» і быў залічаны ў склад Пятага дывізіёну бронецягнікоў у Кракаве. У гэты час «стальная крэпасць» складалася з аднаго артылерыйскага вагона і аднаго вагона з дзвюма вежамі, пабудаванага на заводзе «Чырвонае Сормава» ў Ніжнім Ноўгарадзе і захопленага падчас вайны 1920 года. Узбраенне складалася з дзвюх 76-міліметровых гармат і кулямётаў. У 1929 годзе была праведзена чарговая мадэрнізацыя бронецягніку. У 1930-х гадах «Барташ Главацкі» складаўся з трох артылерыйскіх вагонаў, два з якіх былі ўзброены 75-міліметровымі гарматамі, а адзін — гаўбіцай 100 міліметраў. Тады ж да вагонаў дабудавалі вежы з зенітнымі кулямётамі і абсталявалі цягнік сучаснай радыёсувяззю. У гэты час «сталёвая крэпасць» была ў складзе 2-га дывізіёна бронецягнікоў у Кракаве — Непаламіцах.

Галоўны чыгуначны вакзал у Брэсце, сярэдзіна 1930-х

Абаронца Брэсцкай крэпасці

У жніўні 1939 года цягнік атрымаў новы нумар — 55 і быў першапачаткова перададзены ў распараджэнне аператыўнай групы «Вышкаў», а пазней арміі «Прусы». У гэты час у яго склад быў залічаны ўзвод бронедрызін, на якіх размяшчаліся лёгкія танкеткі «TKS» і танкі «Рэно ФТ–17». Камандзірам экіпажу бронецягніка быў капітан Анджэй Падгурскі.

Немцы ля падбітай ля Жабінкі танкеткі ТКС

На першым этапе Вераснёўскай кампаніі 1939 года бронецягнік выкарыстоўваўся для патрулявання чыгуначных шляхоў. Увесь гэты час «сухапутны браняносец» не ўдзельнічаў у адкрытых баях з вермахтам, а толькі змагаўся з нямецкай авіяцыяй. Разам з «Барташам Главацкім» дзейнічаў бронецягнік «Смелы», пра які гутарка пойдзе ніжэй. 11 верасня 1939 года 55-ты апынуўся ў Лукаве, дзе ўзяў «на борт» 40-міліметровую супрацьпаветраную гармату «Бафорс». Пазней «Барташ Главацкі» быў накіраваны ў раён Брэста над Бугам.

Там, як вядома, падраздзяленні Войска Польскага рыхтаваліся да абароны Брэсцкай крэпасці. 14 верасня камандзір цягніка атрымаў загад рухацца ў бок Жабінкі і знішчыць там дэсант 3-й танкавай дывізіі вермахта. Ля моста на Мухаўцы ад цягніка былі адчэплены тры бронедрызіны, з якіх з’ехала некалькі танкетак «TKS». Хутка ўсе гэтыя машыны былі знішчаныя нямецкімі артылерыстамі. Бронецягнік адкрыў агонь з гармат і прымусіў нацыстаў адступіць. Пазней «Главацкі» знішчыў групу нямецкіх матацыклістаў, якія рухаліся з боку Камянца. Артылерысты з 75-га палка вермахта пачалі абстрэл «сталёвай крэпасці». Бой працягваўся каля гадзіны, пасля чаго бронецягнік вымушаны быў адысці ў Брэст. На месцы бітвы палякі пакінулі знішчаную бронедрызіну з танкам «Рэно ФТ–17».

"Рэно ФТ17" пад Брэстам

Хутка капітан Анджэй Падгрускі атрымаў кепскую навіну: «Вакзал у Брэсце захоплены». «55-ты» накіраваўся ў Ковель, а пазней на Луцк. 18 верасня камандзір цягніка вырашыў ісці на Львоў. 19 верасня «Барташ Главацкі» ўдзельнічаў у атацы польскай пяхоты на наступаючых на горад немцаў, аднак падчас бою быў моцна пашкоджаны нямецкай артылерыяй. 22 верасня ў Львоў увайшла Чырвоная Армія, якая і захапіла бронецягнік.

Нямецкі танк Т-З падчас атакі бронецягніка

Былы «Барташ Главацкі» быў залічаны ў склад 58-га палка ўнутраных войскаў НКУС. Пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз цягнік зноў удзельнічаў у баявых дзеяннях супраць немцаў. На перагоне Баранавічы — Пагарэльцы ён атакаваў калону нямецкіх танкаў, аднак агнём у адказ быў моцна пашкоджаны і страціў ход. Так скончылася гісторыя бронецягніка, які прыняў удзел у трох войнах.

Дразіна з танкам Рэно ФТ 17 пад Брэстам

Польскі трафей

Іншы польскі бронецягнік, які прымаў удзел у абароне Брэсцкай крэпасці ў верасні 1939 года, меў нумар «53». Яго гісторыя пачынаецца ў 1918 годзе, калі палякі здабылі пад Кракавам браніраваны цягнік аўстра-венгерскага войска. Ён складаўся з двух браніраваных лакаматываў, двух артылерыйскіх вагонаў, узброеных 70-міліметровымі гарматамі і 3 кулямётамі, а таксама 2 вагонамі, узброенымі кулямётамі. Хутка быў сфарміраваны экіпаж бронецягніка, які ўзначаліў капітан Людвіг Хіцкевіч. Ужо ў лістападзе 1918 года «сталёвая крэпасць» удзельнічала ў баявых дзеяннях супраць украінцаў ля Перамышля і Львова.

Бронецягнік "Смелы" рухаецца на фронт, верасень 1939 года

26 лістапада цягнік быў падзелены на дзве часткі. Так было створана два бронецягнікі, «Пілсудчык» і «Смелы». У красавіку другі з іх прымаў удзел у баявых дзеяннях супраць бальшавікоў на тэрыторыі Беларусі. Падчас баявых дзеянняў «Смелы» быў значна пашкоджаны, аднак пасля рамонту вярнуўся на фронт і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць Чырвонай Арміі.

Пазней бронецягнік быў значна мадэрнізаваны. Яго ўзбраенне складалася з 4 гармат буйных калібраў, дзвюх гармат у танкавых вежах, 15 кулямётаў. Да броневагонаў дадаваліся лакаматыў і некалькіх вагонаў. У жніўні 1939 года цягнік атрымаў новую нумарацыю — 53. Яго камандзірам быў прызначаны беларус, капітан Мечыслаў Маліноўскі. У першыя дні вайны «сталёвая крэпасць» знаходзілася ў раёне мястэчка Семкавіцы. Ён атрымаў загад рухацца ў бок вёскі Мокрая, дзе пачыналася жорсткая бітва паміж нямецкай 4-й танкавай дывізіяй і часткамі Валынскай брыгады кавалерыі Войска Польскага. «Смеламу» ўдалося адбіць нямецкую атаку. Хутка бронецягнік атакавалі самалёты Люфтвафэ, а за імі на полі з’явілася 70 варожых танкаў.

Нямецкая мапа, 17 верасня 1939 года

Ад прамых траплянняў снарадаў, выпушчаных з гаўбіц «Смелага», з некалькіх «панцэркампфвагенаў» сарвала вежы. Над полем разнеслася гучнае: «Zurück» (ням. — «назад»). Але і «Смелы» вымушаны быў адступіць. На станцыі Рэмбеліцы — Ізбіска цягнік напароўся на падраздзяленні мотапяхоты вермахта. Мечыслаў Маліноўскі вымушаны быў кінуць у бой сваіх пяхотнікаў, якія ехалі ў адным з вагонаў. Не вядома, як бы скончыўся бой, калі б на гэтым участку не з’явіўся бронецягнік № 52. Гэта дазволіла «Смеламу» прарвацца ў Дзялошын. 2 верасня «53-ці» атрымаў загад патруляваць участак Семкавіцы — Чэнстахова. У гэты час цягнік некалькі разоў уступаў у бой з нямецкімі танкамі. З 6 верасня «Смелы» дзейнічаў разам з «Барташам Главацкім».

Пазней абодва цягнікі вымушаны былі адступіць у бок Мінска Мазавецкага. 12 верасня бронецягнік атрымаў загад рухацца ў бок Брэсцкай крэпасці. 14 верасня ля станцыі Скокі «53-ці» падтрымаў агнём пяхоту КАП, якая вяла бой з падраздзяленнем вермахта. Як адзначалася вышэй, вярнуцца ў Брэст «Смелы» і «Барташ Главацкі» не змаглі і вымушаны былі накіравацца ў Заходнюю Украіну. 18 верасня цягнікі ўдзельнічалі ў баях з немцамі на подступах да Львова.

Пасля ўваходу Чырвонай Арміі ў горад абодва бронецягнікі сталі яе трафеямі. Лёс камандзіра бронецягніка, капітана Мечыслава Маліноўскага, не вядомы. А вось «Смелы» быў перададзены 75-му палку ўнутраных войскаў НКУС і ў чэрвені 1941-га ўдзельнічаў у баях з вермахтам, аднак апынуўся ў атачэнні і быў падарваны экіпажам. Немцы адрамантавалі «Смелага», і яго вагоны ўвайшлі ў склад нямецкага Kampfzug A. Вясной 1944 года савецкая армія канчаткова знішчыла «польска-савецка-нямецкі» бронецягнік.

Немцы ля падбітага польскага бронецягніка

Абмеркаванне:

  • Васятка
  • 2015-04-04 14:15:53
Чуў пра гэтыя бронецягнікі, але ў артыкуле устрэў шмат новых цікавых фактаў. Нечакана, што польскія цягнікі яшчэ і саветам паспелі паслужыць

Каментаваць