Удача Яна Казіміра Сапегі

У сакавіку 1726 года гетман Сапега з сынам Пятром прыбыў у Пецярбург да Кацярыны І і Меншыкава па асабістай справе. Але пра такую вялікую ўдачу, якая зваліцца на яго, ён і марыць не мог.

 

Спадчына Скаўронаў

Да вайны ў Мінску на тым месцы, дзе зараз узвышаецца Палац Рэспублікі, стаяў каменны дом, пабудаваны ў XVІІ стагоддзі. У флігелі пражываў слуга ваяводы Сапегі ліцвін Сямён Скаўрон. У сярэдзіне 1680-х гадоў ён уцёк у Эстляндыю.

У Скаўронаў было пяцёра дзяцей — два сына і тры дочкі. Смерць бацькоў ад чумы пакінула іх сіротамі, і дзяцей разабралі суседзі. Карл заняўся сельскай гаспадаркай, Фёдар служыў фурманам, Хрысціну выдалі замуж за прыгоннага. Марту выхаваў лютэранскі пастар па прозвішчу Глюк. Гэты асветнік перавёў Біблію на рускую мову, аднак не навучыў Марту грамаце. Добразычлівасць Марты да моцнага полу падказала Глюку выдаць 16-гадовую выхаванку замуж.

Падчас Паўночнай вайны муж загінуў, а Марта пры ўзяцці Нарвы рускімі ў 1702 годзе дасталася ў якасці трафея унтэр-афіцэру. Затым ліцвінкай зацікавіўся фельдмаршал Шарамецьеў, у 1703 годзе яе ўзяў да сабе Меншыкаў, а праз год Марту ўбачыў Пётр І. Яна яму спадабалася і праз некаторы час стала яго жонкай і імператрыцай Кацярынай І.

Аляксандр Меншыкаў

Марыя Меншыкава


Сапегі

Гісторыя Марты Скаўрон была б меней цікавай, калі б у ёй не прынялі ўдзел Сапегі. Яшчэ ў 1633 годзе Станіслаў Сапега выбіў для сябе ў імператара Фердынанда ІІІ тытул князя Рымскай імперыі. У 1700 годзе стараннямі Міхала Сапегі права тытулавацца князямі распаўсюдзілася на ўвесь род, які паходзіў з полацкіх баяраў. У гэты час бацька яго, Ян Казімір Сапега, быў гетманам вялікім літоўскім і віленскім ваяводам, яго дзядзька Бенедыкт трымаў пасаду падскарбія. Такім чынам, казна Вялікага княства захоўвалася ў Сапегаў.

Усё гэта раздражняла магнатаў, якія супернічалі з Сапегамі, і яшчэ ў 1696 годзе ўтварылася антысапегаўская канфедэрацыя шляхты. Гетман Сапега ўзяў у асаду войска канфедэратаў у Брэсце і вымусіў да перамоў. Праз два гады сын гетмана, Міхал Сапега, разбіў войска канфедэратаў пад Юрборкам. У адказ стварылася новая канфедэрацыя, так званыя «рэспубліканцы» (абаронцы «вольнасцяў шляхты» супраць «тыраніі» Сапегаў), якую ўзначаліў Міхал Кацёл.

Нядзіўна, што гетман і падскарбій апынуліся на боку шведскага караля Карла XІІ. «Рэспубліканцы» для выратавання жыцця і маёмасці ад мсціўцаў, узмоцненых войскамі «лютэраў», пацягнуліся пад рускае крыло.

Ян Казімір Сапега апынуўся супернікам Пятра аж да выхаду ў 1712 годзе расійскіх войскаў з беларускай зямлі. У той час яму нават прысніцца не магло, што ён стане расійскім фельдмаршалам і генерал-губернатарам Пецярбурга.

 Ян Казімір Сапега (старэйшы)


Здрада Кацярыны І

У 1708 годзе ў Кацярыны нарадзілася дачка Ганна, у 1709-м — Елізавета. Кацярына спадарожнічала Пятру ў паходах, у тым ліку ў няўдалым Прутскім, калі ўлетку 1711 года Пётр выступіў супраць султана. У ноч на 10 ліпеня туркі сабралі каля вёскі Станілешты 200 тысяч войскаў, абвялі рускі лагер акопамі і пабудавалі батарэі на вышынях. Усведамляючы безнадзейнасць становішча, Пётр напісаў ліст сенату, у якім распарадзіўся, што ў выпадку, калі ён патрапіць у палон да туркаў, не лічыць яго больш гасударам.

Кацярына сабрала ў афіцэраў усе іх каштоўнасці, дадала да іх свае і царскія і паехала ў лагер да турэцкага пашы. Адсутнічала яна ноч, а калі на наступную раніцу вярнулася, туркі знялі аблогу і пагадзіліся на мірную дамову: Расія вяртала Турцыі Азоў, Пётр таксама абавязваўся не ўмешвацца ў справы Рэчы Паспалітай. Вярнуўшыся з паходу, Пётр ажаніўся з Кацярынай, а іх дочкі атрымалі афіцыйны статус вялікіх княгінь.

7 мая 1724 года ва Успенскім саборы Крамля Пётр усклаў на жонку імператарскую карону. Адным з чыннікаў каранавання была адсутнасць спадчынніка. Пётр вырашыў перадаць пасад Кацярыне, хаця наўрад ці меў ілюзіі наконт яе дзяржаўных здольнасцяў.

У лістападзе Пётр перажыў трагедыю. Быў арыштаваны Вільям Монс — улюбёнец Кацярыны, кіраўнік яе канцылярыі, родны брат былой палюбоўніцы цара Ганны Монс. Пётр не прабачыў яму сужыцельства з Кацярынай. Вільяму давялося пакласці галаву на плаху. Галаву яму адсеклі з аднаго ўдару, дый тое не па загадзе цара, а па літасці ката, які сімпатызаваў ахвяры. Адсечаную галаву Монса змясцілі ў слоік са спіртам, і Пётр паставіў яе «для любавання» ў пакоі жонкі. Таксама Пётр загадаў апячатаць каштоўнасці жонкі і забараніў выконваць яе загады. А галоўнае — знішчыў падрыхтаваны акт аб прызначэнні яе спадчынніцай.

Калі ў студзені 1725 года імператар паміраў, Меншыкаў здолеў настолькі ізаляваць Пятра, што ніякае яго распараджэнне на шкоду Кацярыне не магло быць пачутым. З апошнім уздыхам цара камандзір Сямёнаўскага палка вывеў гвардзейскія палкі на плошчу і абвясціў усім, што «волі імператрыцы з гэтага часу павінны падпарадкоўвацца ўсё падданыя незалежна ад чыноў і рангаў».

Адбыўшы кароткую жалобу, імператрыца пачала забаўляцца — фаварыты, уборы, шпацыры ў летняй рэзідэнцыі, застольныя «трактаванні», знакамітыя «асамблеі» хутка ператварыліся ў разгульныя вечарынкі. За інтымныя заслугі з камер-юнкераў у графы быў узняты яе фаварыт з лейб-гвардзейцаў Рэйнгольд Левенвольдэ.

Кацярына І (Марта Скаўронская)


Графы Скаўронскія

Пры жыцці Пятра сваякоў Кацярыны трымалі далёка ад двара. Толькі Фёдар ледзьве выбіўся ў людзі — служыў фурманам на паштовай станцыі. Заняўшы па смерці мужа трон, Кацярына І успомніла пра братоў і сёстраў. Усе былі дастаўленыя ў Пецярбург і змешчаныя на Стрэльніцкай мызе побач з Гатчынай. Тут браты і сёстры прайшлі «курс свецкай адукацыі». А ў 1727 годзе сям’я, з якой паходзілі сваякі імператрыцы (браты Карл і Фёдар, сёстры Ганна і Хрысціна), атрымала графскі тытул. «Акультурылася» і прозвішча. «Скаўронскія» гучала больш высакародна, чым «Скаўроны».

Усім Скаўронскім былі падараваныя маёнткі ў Цвярской губерні. Нечаканага шчасця не вынес Фёдар — у сваім новым маёнтку граф запаў у непрабудны запой і пакінуў гэты свет, не прыходзячы ў прытомнасць. Адзін з самых старажытных маёнткаў на Разаншчыне — Азярцы — у 1727 годзе дастаўся графу Карлу Сямёнавічу Скаўронскаму і належаў яго нашчадкам больш за 100 гадоў.

З Ганнай, сястрой Кацярыны, ажаніўся Міхась Ефімоўскі. Сыны іх Іван і Андрэй у 1742 годзе атрымалі графскія тытулы.

Хрысціну Скаўронскую (1687–1729), малодшую сястру імператрыцы, абвянчалі з Сымонам Гендрыкавым. Чацвёра іх дзяцей у 1742-м таксама былі ўзняты ў графскую годнасць.

Дачку Карла Скаўронскага Ганну выдалі замуж за Міхаіла Варанцова.

Пра малодшую з дачок Карла — Соф’ю — будзе сказана асоба.

Фельдмаршал Сапега

Ян Казімір Сапега, які прымаў удзел у Паўночнай вайне на баку Карла XІІ, у 1720 годзе ўступіў у перамовы з Меншыкавым наконт жаніцьбы свайго сына Пятра на яго дачцэ, за што абяцаў падтрымаць кандыдатуру Меншыкава ў курляндскія герцагі. У Пецярбург ён прыбыў у 1726 годзе і тут жа атрымаў ад імператрыцы ў падарунак багатыя маёнткі. Чуткі тлумачылі такую шчодрасць Кацярыны І тым, што Сапега дапамог ёй адшукаць сваякоў.

А акрамя таго, Ян Казімір атрымаў жазло генерал-фельдмаршала і стаў адзіным замежным носьбітам гэтага высокага звання. Беспрэцэдэнтны выпадак у Расійскай імперыі, калі былы супернік, які нанёс дзве паразы рускім войскам, быў узнесены да чыну фельдмаршала. І ў дадатак яшчэ стаў кавалерам вышэйшага расійскага ордэна — святога апостала Андрэя Першазванага.

Кацярына прысутнічала на заручынах князёўны Марыі Меншыкавай з Пятром Сапегам. Меншыкаў абвясціў, што дае ў пасаг за дачкой 87 тысяч рублёў. Імператрыца падарыла князёўне 100 тысяч рублёў і некалькі вёсак. Фельдмаршал Сапега святкаваў.

Такая міласць Кацярыны мела істотную для яе прычыну. Сваім новым фаварытам яна абрала сына фельдмаршала — Пятра Сапегу, заручыны якога не прапусціла. Свайго сардэчнага сябра Кацярына ўзвяла ў званне сапраўднага камергера, узнагародзіла ордэнам Аляксандра Неўскага, падаравала яму маёнткі і свой партрэт, упрыгожаны дыяментамі, для нашэння на блакітнай стужцы. Імператрыцы было 43 гады, ёй заставалася жыць месяц.

Прадчуваючы блізкі канец, яна абвясціла спадчыннікам 12-гадовага Пятра Аляксеевіча. Меншыкаў дамогся ад яе згоды на шлюб сваёй дачкі Марыі са спадчыннікам трона. Заручыны з Пятром Сапегам былі разарваныя, і князёўна Марыя заручылася з непаўналетнім яшчэ Пятром ІІ. Малалетні імператар узвёў Меншыкава ў званне генералісімуса.

Аднак яго супернікі склалі змову, і генералісімус апынуўся пад хатнім арыштам. Адных толькі дыяментаў і каштоўнасцяў у яго канфіскавалі на мільён рублёў. Прысудам, зацверджаным Вярхоўнай таемнай радай, яму была прызначана высылка — горад Бярозаў у Сібіры. Там Меншыкаў у 1729 годзе і памёр.

Пётр Сапега і Соф’я Скаўрон

У апошні месяц жыцця Кацярыны ў Пецярбург прымчаўся Ян Сапега, устрывожаны няўдачай заручын. Імператрыца пагадзілася аддаць у жонкі свайму фаварыту родную пляменніцу, графіню Соф’ю Скаўронскую. Яна атрымала ў пасаг 70 тысяч рублёў і некалькі вёсак у Расіі і Лівоніі.

Пётр Сапега не лічыў трывалым сваё становішча ў Расіі, ён прадаў маёнткі і з’ехаў на радзіму, маючы пры сабе два мільёны срэбных рублёў. Жонка яго Соф’я нарадзіла ў 1734 годзе сына, названага ў гонар дзеда Янам.

Ян Казімір Сапега ў 1727 годзе ў дадатак да «баявога звання» і вялізнага пансіёна быў прызначаны Санкт-Пецярбургскім генерал-губернатарам. Аднак службай у расійскай сталіцы не зацікавіўся і з’ехаў у свой маёнтак. У роднай сядзібе ён мог з задавальненнем успамінаць жаніцьбу сына на графіні Скаўронскай, два мільёна рублёў з расійскага скарбу, а таксама свае бітвы з рускімі і атрыманне з рук імператрыцы чына расійскага генерала-фельдмаршала.

Каментаваць