Усход: сумнае хобі Юргена Літфіна

Зранку на Келер-штрасэ, якая ляжыць у самым цэнтры берлінскага квартала Мітэ, — амаль бязлюдна. На вуліцы адно пенсіянеры з сабачкамі. «Вы адразу пазнаеце музей, — настаўляюць нашы праваднікі, — гэта павінна быць шэрая вежа, што тырчыць пасярод поля». Але па гэтых прыкметах знайсці былую памежную вышку Усходняга Берліна не атрымліваецца: бетонную будову, падобную да трох пастаўленых слупочкам дзіцячых кубікаў, паўкалодзежам атачаюць высокія жылыя дамы — ахайныя і бела-ружовыя, як бабруйскі зефір.



Зранку на Келер-штрасэ, якая ляжыць у самым цэнтры берлінскага квартала Мітэ, — амаль бязлюдна. На вуліцы адно пенсіянеры з сабачкамі. «Вы адразу пазнаеце музей, — настаўляюць нашы праваднікі, — гэта павінна быць шэрая вежа, што тырчыць пасярод поля». Але па гэтых прыкметах знайсці былую памежную вышку Усходняга Берліна не атрымліваецца: бетонную будову, падобную да трох пастаўленых слупочкам дзіцячых кубікаў, паўкалодзежам атачаюць высокія жылыя дамы — ахайныя і бела-ружовыя, як бабруйскі зефір.


(На здымку: Юрген Літфін, брат першай ахвяры Берлінскага муру, паказвае, як выглядала мяжа з усходняга боку)

На пляцоўцы ля вышкі акуратна прыпаркаваны сіні аўтамабільчык. Яго кіроўца — без малага 70-гадовы Юрген Літфін — ужо чакае нас. Пенсіянеры, што праходзяць па вуліцы, вітаюцца з ім, як з суседам. Уся сцэна выглядае так мірна, нібы перад намі галубятня, а Юрген, як і штодня, прыехаў дагледзець любімых птушак. Або, калі паддавацца аўры кварталу, — пакарміць котак. Толькі яго коткі — мы, турысты-журналісты. А за намі — група школьнікаў малодшых класаў, якая вісне на парэнчах і гуляецца «ў кіча» вакол вышкі, калі мы пакідаем яе.

«Асцярожна са сценамі: іх толькі што пафарбавалі», — папярэджвае Юрген і грыміць ключамі ад свайго трохпавярховага бетоннага «лецішча». Інтэр’еры вышкі і сапраўды свежапакрытыя практычным вапняком шэра-блакітнага колеру. Можна не сумнявацца — аўтэнтычнага.

Музей-вышка — недзяржаўны аб’ект і, што асабліва падкрэсліваецца, ніякіх датацый ад дзяржавы не атрымлівае. Гэты музей — сумнае хобі Юргена Літфіна, роднага брата першай ахвяры Берлінскага муру. 24-гадовы Гюнтэр Літфін быў застрэлены 24 жніўня 1961 года непадалёк ад гэтага месца пры спробе ўцячы ў Заходні Берлін. Грамадскі фонд «Памятная мясціна Гюнтэра Літфіна», як афіцыйна называецца цяпер вышка, існуе на ахвяраванні грамадзян. На апошнім ярусе вышкі, у куце якога — манекен, апрануты ў форму ўсходненямецкага памежніка, па задуме Юргена Літфіна наведнікі музея дазнаюцца, як загінуў яго брат Гюнтэр.

Юрген Літфін: “Мур вырас за адну ноч, спачатку гэта была сетка з калючага дроту.
 
Вышка пасярод голага поля — характэрны пейзаж наваколля Берлінскай сцяны ў 1980-я: каб тэрыторыя добра прастрэльвалася, з усходняга боку па ўсёй даўжыні мяжы былі знесеныя жылыя пабудовы. Але тут сцяны не было: падзел на сектары ішоў па вадзе параўнальна вузкага канала Шпандаў. Відаць таму гэтае патэнцыйна «слабое звяно» прывабіла Гюнтэра: з 13 жніўня, калі сцяну пачалі будаваць, па самы дзень смерці праз два тыдні, расказвае Юрген, яго брат ездзіў на ровары па Усходнім Берліне, шукаючы прыдатнае месца для ўцёкаў. Складаючы свой план, хлопец не ведаў толькі аднаго: урад ГДР, па ўзгадненні з савецкімі таварышамі, ужо аддаў загад страляць па ўцекачам на паражэнне.

Бацька Гюнтэра і Юргена быў дзеячам апазіцыйнай у ГДР партыі Хрысціянска-дэмакратычны саюз. Ужо ў 1950-я гады сям’я, палітычныя погляды якой не віталіся ў соцкраіне, падумвала пра пераезд у ФРГ, але не магла здзейсніць яго адкрыта, бо знаходзілася пад пільным наглядам «Штазі». Хлопцам як дзецям дысідэнтаў было забаронена атрымліваць вышэйшую адукацыю, таму абодвум давялося ісці ў рамеснікі. Юрген вывучыўся на слесара, а Гюнтэр стаў краўцом, спецыялістам па тэатральных касцюмах. «Усё яго жыццё і праца былі звязаныя з багемнымі коламі Заходняга Берліна, — расказвае Юрген, раскрываючы на стэндзе здымак, дзе яго брат танчыць на вечарынцы з прыгожай, падобнай да Мэрылін Манро бландынкай. — Ён набыў там кватэру, мы зрабілі рамонт, і брат планаваў пераезд — але раптам збудавалі сцяну». У адну ноч усе 80 пераходаў паміж савецкім сектарам Берліна (Усходнім Берлінам) і трыма саюзніцкімі (Заходнім Берлінам) былі перакрытыя. Простыя берлінцы, якія да гэтага ўсё-ткі былі жыхарамі адзінага горада, апынуліся па два бакі мяжы, суровасць якой яшчэ не ўсведамлялі. Малады Гюнтэр ніяк не мог прыняць гэтага падзелу. Але пра намер уцячы не расказаў нікому, нават брату. Пра смерць Гюнтэра Літфіна родныя пачулі па заходнеберлінскім радыё.

Ужо ў 1990-я гады, калі былі адкрытыя архівы ГДР, Юрген дазнаўся, як усё было ў дэталях і як звалі забойцу яго брата. На момант 20-годдзя падзення сцяны дакументальна было пацверджана, што на мяжы застрэлілі 136 чалавек, аднак сапраўднай лічбы не ведае ніхто: неўзабаве пасля 13 жніўня памежнікам было загадана спыніць дакументацыю. Але паколькі смерць Гюнтэра была першай, яна была рупліва запратакалаваная — нават вядома, колькі куляў было выпушчана па водах канала Шпандаў.

«Гюнтэр не чакаў, што пачнуць страляць, — расказвае Юрген. — Пра гэта сведчыць тое, што, даплыўшы да сярэдзіны каналу, ён спыніўся і падняў рукі ўгару. І тады, як сведчыць рапарт, «памежнік Герберт Плаўль 1938 г. н. пераключыў рассеяны агонь на прыцэльны» і застрэліў майго брата стрэлам у патыліцу. То бок, забіў чалавека, які ўжо здаўся. Гэта было забойства».

З былым памежнікам Плаўлем Юрген не знаёмы, але, відаць, ведае пра яго ўсё. Ці здагадваецца: «Навошта мне з ім сустракацца, з гэтым недавукам з вёскі, адзіным шляхам зрабіць кар’еру для якога было прыехаць у Берлін і забіваць людзей на мяжы? Цяпер ён адстаўны вайсковец, Бундэсвер плаціць яму вялікую пенсію, а за забойства майго брата пасля судовага працэсу, які мы ініцыявалі ў 1997 годзе, ён атрымаў два гады ўмоўна».


Цяпер з былой памежнай вышкі ГДР добра праглядаюцца кватэры бела-ружовых зефірных домікаў

Ва ўсенямецкім апытанні, каго грамадзяне краіны лічаць самымі вялікімі немцамі за ўсю гісторыю дзяржавы (аналагічным кампаніі «Імя Расіі» падчас якой «перамаглі» Сталін, Сталыпін і Аляксандр Неўскі) першае месца заняў аб’яднальнік Германіі Ота фон Бісмарк. Другое — брат і сястра Ганс і Сафія Шоль, кіраўнікі студэнцкай антыфашысцкай арганізацыі «Белая ружа», якая, нягледзячы на самазабойчы характар такой дзейнасці, існавала ў Трэцім Рэйху ў 1942–1943 гадах, заклікаючы немцаў да пасіўнага супраціву фашызму і грамадзянскай мужнасці. Гэта сведчыць пра тое, наколькі важная для федэратыўнай Германіі ідэя адзінай нацыі і наколькі ў гэтай краіне цэніцца подзвіг простага чалавека, яго маленькі ўклад у агульную справу.

У юбілейныя дні берлінскі пенсіянер Юрген Літфін, які парадаксальным для большасці як заходніх, так і ўсходніх немцаў чынам захоўвае памяць пра брата ў памежнай вартавой вышцы, — знакамітасць узроўню Міхаіла Гарбачова: рэпартажы пра яго музей мы бачылі нават у нямецкіх глянцавых часопісах. Экспазіцыя на апошнім паверсе вышкі (усяго ўздоўж мяжы іх стаяла больш за 300, а захавалася — дзве) сімвалічным чынам звязвае Гюнтэра Літфіна з апошняй ахвярай Муру — 20-гадовым Крысам Гефроем, якога застрэлілі 5 лютага 1989 года. Такім чынам лагічна завяршаецца 28-гадовая гісторыя Берлінскай сцяны, расказаная праз лёс канкрэтнага чалавека. Мы спускаемся назад на Келер-штрасэ: час запускаць школьнікаў.

Сцяны ў гэтым месцы ніколі не было, але ўздоўж канала пралягала дарога, пра якой ездзілі памежныя патрулі. Наноў забудоўваючы такую каштоўную пасля аб’яднання Берліна зямлю «паласы смерці» выгодным жытлом, улады горада пакінулі гэту дарогу. Цяпер па ёй, забрукаванай клінкерам, спрытна абмінаючы пенсіянераў з сабачкамі, раз-пораз праносяцца аматары ранішніх прабежак. Да канала Шпандаў збягаюць мемарыяльныя прыступкі. Цяпер і з усходняга боку да вады, дзе напаткаў смерць Гюнтэр Літфін, можна падыйсці.


----------------------------------------------------------------------


Гэты матэрыял — вынік трэнінгу для маладых журналістаў, арганізаванага 24–28 лістапада 2009 года ў Берліне моладзевай ініцыятывай «Точка-Treff» і прызначаны таксама для публікацыі на сайце to4ka-treff.de. «Точка-Treff» — супольны праект Гётэ-інстытутаў у рэгіёне Усходняя Еўропа /Сярэдняя Азія і Фонду «Германа-расійскі моладзевы абмен».

-----------------------------------------------------------------------

Чытайце таксама па тэме:

Берлінскі мур у пытаннях і адказах
Захад: дакументацыя і прымірэнне

Каментаваць