Успаміны пра Лявона Баразну

У мінулым годзе споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння Лявона Баразны (1928–1972). Гэта быў мастак шырокага творчага дыяпазону. Ён працаваў у шмат якіх галінах выяўленчага і ўжытковага мастацтва, а таксама ў мастацтвазнаўстве. Галоўная ідэя, якая кіравала ім у творчасці — быць карысным свайму народу. Яго спадчыну складаюць партрэты і пейзажы, габелены і вітражы, этнаграфічныя замалёўкі і мастацтвазнаўчыя працы. Але асаблівае месца займае плён этнаграфічных даследаванняў.



У мінулым годзе споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння Лявона Баразны (1928–1972). Гэта быў мастак шырокага творчага дыяпазону. Ён працаваў у шмат якіх галінах выяўленчага і ўжытковага мастацтва, а таксама ў мастацтвазнаўстве. Галоўная ідэя, якая кіравала ім у творчасці — быць карысным свайму народу. Яго спадчыну складаюць партрэты і пейзажы, габелены і вітражы, этнаграфічныя замалёўкі і мастацтвазнаўчыя працы. Але асаблівае месца займае плён этнаграфічных даследаванняў.

У 1950-х гадах Лявон Баразна, па прыкладзе вядомага беларускага мастака Язэпа Драздовіча, вандраваў па Беларусі з вёскі ў вёску, вывучаў народныя строі і арнаментыку. Сабраў багаты і арыгінальны матэрыял, які паслужыў асновай для стварэння унікальнага альбома “Беларуская народная вопратка (дагэтуль, на жаль, не выдадзенага) ды іншых альбомаў.

Вялікае значэнне для вывучэння гісторыі нашага выяўленчага мастацтва і разумення развіцця традыцый мае манаграфія “Гравюры Францыска Скарыны, дзе Лявон Баразна сабраў і сістэматызаваў, зрабіўшы мастацтвазнаўчы аналіз, усе вядомыя гравюры скарынаўскіх выданняў. Акрамя таго, мастак выканаў малюнкі беларускага адзення для 12-томнай універсальнай энцыклапедыі, дзе ўпершыню адлюстраваў гісторыю беларускага касцюма ад XI стагоддзя да нашых дзён. Лявон Баразна трагічна загінуў 15 жніўня 1972 года.

Прапануем вашай увазе ўспаміны пра яго Яўгена Куліка. Іх прынёс у рэдакцыю “НЧ мастак Мікола Купава.


Сёння ўжо немагчыма прыгадаць, калі і пры якіх абставінах адбылася мая першая сустрэча з Лявонам Баразною. Але затое чуткі пра яго самога, пра некаторыя неардынарныя на той час учынкі і паводзіны даходзілі да студэнтаў тэатральна-мастацкага інстытута даволі рэгулярна і выклікалі ў каго з’едлівыя ўхмылкі: вось, маўляў, знайшоўся дзівак, прэ супраць усіх са сваёй беларушчынай і мужыцкай моваю, а іншыя, больш рафінаваныя, проста лічылі гэта абмежаванасцю ці нават “придурью.

Гэта быў час планамернага забівання беларушчыны, калі ўсё нацыянальнае татальна вытоптвалася і выполвалася, зачынялася і забаранялася саветамі. Замянялася родная гісторыя, рабілася замена на рускае ва ўсім — у звычаях, у абрадах, у мастацкай самадзейнасці. Перакручвалі характар, ментальнасць беларусаў.

Таму прыклад Лявона Баразны, які недзе ў сферах мастацкага фонду і камбіната Белпрамысловасці, не зважаючы ні на што, адкрыта і натуральна пачуваўся беларусам, — нёс сваю беларускасць тым, хто быў здатны ўспрымаць яе, дапамагаў весці сваю, хоць і невялікую, мясцовую барацьбу за, можа, і няясна яшчэ сфармуляваную асабістую нацыянальную годнасць. Потым давялося яго не раз слухаць і бачыць ці то на выставах у салоне-магазіне, ці то на сходах у Саюзе мастакоў, дзе выказванні яго былі абсалютна адкрытымі і без рэверансаў хоць у чыйсьці бок, а часам (як нам, маладзейшым, здавалася) рэзкімі і нават грубаватымі. У яго была мажная, нейкая вольная постаць і рухі, “вечны швэдар, відаць, працы народных майстрых, што нагадваў сярэднявечную кальчугу, адкрытая і нейкая дзіцячая, хоць і не без хітрай зіхацінкі, усмешка, калі ён падыходзіў да сябра ці аднадумца.

Шэраг сяброў у яго быў вялікі, бо яго, чалавека адкрытага і грамадзейскага, цікавілі ўсе праявы жыцця ў Беларусі: назавем хоць бы імёны Караткевіча і Барадуліна, Шырмы і Цітовіча, ведаў ён і кіраўнікоў дзяржаўных і абласных ансамбляў, і артыстаў-купалаўцаў, і навукоўцаў з акадэміі, сябраваў з мастакамі і музыкантамі. Блізкім сябрам Лявона Баразны быў Зянон Пазьняк. Складвалася ўражанне, ды так яно і было, што яго ў культурніцкіх колах Беларусі ведаюць усе. І, зразумела, ведаюць і пільна апякуюцца тыя, каму па партыйнай пасадзе або па іншай службе трэба было «пресекать все проявления национализма». І ворагаў Лявон меў безліч. Не будзем іх тут пералічваць — каго ўжо няма, а хто і сёння прыстасаваўся да новых абставінаў.

Прыгадаю адзін даволі смешны эпізод. Неяк сабралася купка мастакоў ды проста прыяцеляў. Здаецца, там былі Пётр Драчоў, Пётр Свентахоўскі, Барыс Мельнікаў, можа, Мікола Назарчук, быў з намі і Лявон. Намерыліся пайсці на Камароўку, дзе малдаване ў тыя часы гандлявалі разліўным сухім віном, танным і смачным. Прыйшлі і пачалі абыходзіць бочку за бочкаю, каб паспытаць, чыё смачнейшае, — граціешці, ізабела, кабернэ… Дзе за капейкі, а дзе і для дэгустацыі ў пачастунак за добрае слова і трапны жарт. Лявон, зразумела, быў тут лідэрам. Надэгуставаўшыся і ўбачыўшы побач прылаўкі з садавіной ды іншымі сельгаспрадуктамі, у тым ліку мёдам, заспрачаліся. Захацелі паласавацца ў якасці заедку выпітага. Лявон зацята стаяў на тым, што нікому з нас не адужаць ладнай конаўкі мёду. Пабіліся аб заклад. Гаспадар наліў конаўку, і я рашуча, хоць не быў упэўнены ў перамозе, нагбом стаў піць залацісты, як бурштын, мёд і дапіў-такі да дна. А потым, каюся, каб правучыць саманадзейнага спрачальніка, пад рогат і кпіны сяброў наліў яшчэ слоік мёду з сабой, прычыніў нейкай накрыўкай і, забраўшы яго, сказаў гаспадару, што за ўсё заплаціць вось гэты дзядзька. І Лявону хоцькі-няхоцькі давялося расплаціцца. Мы ішлі вясёлыя, нападпітку, а ззаду крочыў Лявон і бурчэў сабе пад нос нешта на наш адрас.

Ён быў чалавекам вельмі дзейным і надзвычай лёгкім на пад’ём. Памятаю, у годзе 1971-м камбінат наладзіў для сваіх работнікаў і мастакоў паездку на аўтобусе ў Прыбалтыку па маршруце Вільня—Рыга—Талін. Сабраліся ў двары камбіната на Някрасава, селі ў аўтобус, ад’язджаем. Раптам на падворку паказаўся Лявон з рукой, суцэльна заматанай ужо даволі зашмальцаваным бінтам, — ці то сабака ўгрызнуў, ці яшчэ што.

— Куды, хлопцы, едзеце?

— Ды вось, у Прыбалтыку.

— А чаму я не еду?

— Дык хто ж ведаў, што ты хочаш? Ды ўжо і позна, ад’язджаем.

— Не, хлопцы, я з вамі! Толькі пашпарт па дарозе трэба захапіць.

Усе пытанні лёсу культуры, мовы, захавання спадчыны яго непасрэдна датычылі і выклікалі актыўныя дзеянні, удзел ва ўсіх пачынаннях, нават у выпадках, здавалася, безнадзейных у тагачасных умовах. Ён бараніў ад знішчэння Нямігу, яны разам з Зянонам Пазьняком “прабівалі і надрукавалі ў “Праўдзе (цэнтральным партыйным органе КПСС) артыкул, робячы адчайную спробу выратаваць гістарычнае сэрца горада, смела кідаючы выклік усёй манкуртызаванай зграі, якая, нягледзячы на пратэсты, зруйнавала стары свет. Ён выступаў на абмеркаваннях усіх узроўняў супраць так званай “рэканструкцыі старога горада. Ён браў самы актыўны і непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы святкавання 900-годдзя Мінска. І калі не ўдалося ажыццявіць праект рэканструкцыі старадаўняга замчышча, стварыў разам з аднадумцамі велізарнае пано з выяваю старажытнага Мінска. Яшчэ ў 1967 годзе ён распрацаваў праект герба сталіцы, дакладней мадэрнізаваў магдэбургскі герб Мінска з Дзевай Марыяй і анёламі (страшная “крамола). У Лявона на выяве — таксама жанчына-маці з немаўляткам на руках. Зразумела, праект не прынялі. Сімваламі горада сталі дзве прывакзальныя вежы сталінска-хрушчоўскага стылю.

Ён — падкрэсліваю гэта — быў першым у падзвіжніцкай працы па збіранні народных строяў, арнаментыкі тканін. Быў аўтарам альбомаў (на сорам усім нам, дагэтуль не выдадзеных). Ён “апрануў ансамблі і самадзейныя калектывы ў арыгінальныя, заснаваныя на сапраўдных народных узорах строі.

Вельмі хвалявала Лявона раз’яднанасць сярод мастакоў у творчым саюзе. Ды і не дзіва. На працягу дзесяцігоддзяў болей за палову сяброў саюзу складалі небеларусы, у лепшым разе абыякавыя да нашых нацыянальных праблем. У пашане былі афіцыйны пафас працы ды партызаны. Мала хто ў творчасці наогул датыкаўся да нацыянальнай тэмы, толькі невялічкая купка мастакоў з надзейна выпаленым таўром “нацыяналісты. У яднанні ўсіх шчырых беларусаў ён бачыў магчымасць будучага адраджэння.

Апошні год жыцця ён быў вельмі заняты працай па ўкладанні і выданні мастацкай спадчыны Францыска Скарыны — гэта яшчэ адзін унікальны прыклад “непрафесійнай працы Лявона, адраджэнскага універсалізму ягонай асобы.

Яго раптоўная пакутніцкая смерць абрынулася на нас і выклікала літаральна роспач у яго аднадумцаў і прыхільнікаў. Гэтую трагічную вестку прынёс мне ў майстэрню Віктар Шматаў. Я пачаў тэлефанаваць усім, каму мог (гэта было лета — пара адпачынку). А потым паехаў у Зялёны Луг, дзе кватараваў Лявонаў сябар Зянон Пазьняк. Яго не было на месцы, чакаў да вечара, напісаў цыдулку з жахлівай весткаю, паведаміў, што развітанне заўтра.

Труна ў невялікай зале Саюза мастакоў... Памяшканне перапоўненае людзьмі. Сваякі ў жалобе. На сцяне фотапартрэт, абмаляваны чырвона-белым унікальным рушніком са збору Раманюка. Потым дарога ў Талачын. Пахаванне гарачым жнівеньскім днём на мясцовых могілках. Праносяць труну па вуліцах мястэчка. Шмат мясцовых, шмат і прыезджых і, вядома, тых, у каго свае асаблівыя мэты. За жалобным сталом людзі расслабіліся, не стрымлівалі сябе і гаварылі ад душы, не хаваючы патаемных думак пра ўсё, што адбываецца ў Беларусі. Былі часам і вельмі рашучыя і ваяўнічыя заклікі. Сказанае адрыгнулася шмат каму з прамоўцаў. Назаўтра ж пра ўсё, што было на пахаванні, у дэталях ведалі і ў ЦК і ў КГБ.

Суд над забойцамі Лявона ператварыўся ў бясконцы фарс і здзек, з сімуляцый вар’яцтва адным з забойцаў, з адмовай і заменай паказанняў некаторых сведак, з імкненнем запляміць Лявона сцвярджэннем, што і “на сонцы ёсць плямы (характарыстыка Лявона адвакаткай) і асуджэннем “ребят (так называла забойцаў тая адвакатка) да мізэрных тэрмінаў пакарання, неўзабаве скасаваных амністыяй.

Смерць Лявона Баразны згуртавала ўсіх неабыякавых да лёсу Айчыны, да яе культуры. На ўсе пазнейшыя часы гэты чалавек стаў прыкладам самаадданасці, працавітасці, непахіснасці, настойлівасці, апантанасці, самаахвярнага служэння дарагой Бацькаўшчыне. Шмат каму ён адным толькі быццём сярод нас — тых, хто ішоў навобмацак, сваёй прысутнасцю, натуральным беларускім існаваннем узмацніў веру, а ў многіх і распаліў агеньчык любові і цікавасці да сваёй Айчыны, паспрыяў набыццю нацыянальнай самасвядомасці. Гэта асабліва пацвердзілася на пасмяротнай выставе мастака ў 1975 годзе. Яго жыццё, яго творчасць, ягоны лёс выклікалі такую гарачую патрыятычную рэакцыю і палеміку на старонках кнігі водгукаў, такі пошуг эмоцый і клятваў вернасці Беларушчыне і нянавісці да яе душыцеляў, што кніга гэтая стала аб’ектам пільнага вывучэння ў аддзелах КГБ. Водгукі ў ёй леглі ў дасье іх “падапечных і паслужылі прычынай іх выклікаў у тую ўстанову.

А памяць пра Лявона Баразну і праз столькі гадоў жывая і нязгаслая. Хочацца верыць, што гэтая памяць будзе свяціць і нашым наступнікам, і іхным наступнікам. На ўсе часы, пакуль будзе жыць Беларусь.

Мінск, 4 студзеня 1994 года
 

Каментаваць