Успаміны: Мінск. Гады студэнцкія (Працяг)

Надвячоркамі я часам блукаў па завакзаллю. Прымроілася, што магу тут, сярод гэтых пашарэлых ад часу дамкоў, натрапіць, дзе ў 1930-я гады жылі Алесь Салагуб з мамінай сястрой Марысяй.



Арсень Ліс падчас вакацый у бацькоў, вёска Вётхава


Пачатак ТУТ

Паэт Алесь Салагуб, як з часам тое мной асэнсавалася, быў легендай у нашай хаце.

Колькі помню, маці нярэдка вярталася памяццю ў сваю маладосць. Рабілася тое часам услух. У тых згадках, як жывыя, у розных жыццёвых акалічнасцях паўставалі вобразы яе старэйшай сястры Марысі, побач з ейным мужам Алесем Салагубам, жылі згадкі пра іх не вядомы нам лёс.

Светла помніліся роднай Алесевы прыходы ў іх з сястрой бацькаў дом у Яневічах. Яго родная вёска Зарудзічы была недалёка, напрасткі — недзе з вярсту ад Яневіч. Найчасцей наведваўся Алесь у Яневічы, калі прыязджаў на канікулы з Вільні, дзе вучыўся ў беларускай гімназіі. Прыносіў з сабой нейкі новы настрой з шырокага свету. Разы два паказаўся з сябрамі, Васілём Сідаровічам, калегам па гімназіі, ды Янкам Лісам.

Пазней, пазнаёміўшыся з жыццёвым лёсам Алеся Салагуба, яго паэзіяй, дзённікамі, я ўявіў, якім інтэнсіўным духоўным жыццём ён жыў у тыя 1925–1926 гады, як гарэў грамадскім клопатам, арганізуючы разам з сябрамі ў вёсках сходы дзеля стварэння гурткоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады на Смаргоншчыне. Аж да арышту яго дэфензівай.

Маці ведала на памяць некалькі вершаў Алеся Салагуба. Адкуль — не спытаўся ў свой час. У нас не было кнігі вершаў Алеся, якую яму ўдалося выдаць адно ў Мінску.

І яшчэ адна згадка пра Салагуба жыла ў маёй бацькавай хаце з дзяцінства. Маці час ад часу ўспамінала Алеся песняю на яго словы, да якіх сама падабрала мелодыю. Была, як цяпер разумею, спеўнаю ад прыроды. Шмат беларускіх народных песняў — янаўскіх, жніўных восеньскіх — была пераняўшы ад сваёй маці, мной ужо не засталай бабулі Агаты. У некалькіх выпадках трапна падбірала мелодыі да вершаў Канстанцыі Буйло, Якуба Коласа.

Некаторыя з іх, як раманс на словы К. Буйло «З лет даўнейшых маіх помню дзень я адзін» і «Адна, ізноў адна, як колас той у полі, нязжаты ў час жніва нагостраным сярпом», у свой час я запісаў на магнітафон і адаслаў касету К. Буйло ў Маскву яшчэ за часамі жыцця паэтэсы.

У вершы ж Алеся Салагуба, які маці агучыла мелодыяй, меўся рамансавы змест і стыль:

Помнім пару красавання,

Шэлест буйных каласоў, —

Ты падарыла каханне —

Першы дзявочасці сон.

Мне васілёк прышпіліла,

Поўны, як пацерак, слёз,

Помню ты вельмі любіла

Край летуценняў і кроз.

Рвалі ў садзе мядункі, —

Сэрцы жадалі згарэць,

Помніш, я краў пацалункі,

Ты ўсміхалася мне...

Аднойчы маці згадала, як узнік той яго верш. У адзін з прыходаў Алеся ў Яневічы яны з Марысяй доўга гулялі між палёў. Якраз быў час красавання жыта. Наступны дзень ён даў Марысі лісток з запісаным на ім вершам.

Прайшоў нейкі час, Алесь, які напачатку 1927 года трапіў у Лукішскую турму, адседзеў прысуджанае яму і, выйшаўшы на волю, падаўся праз зялёную граніцу ў Мінск. Туды ўжо былі сышлі некаторыя яго знаёмцы і сябры, як, напрыклад, мастак Раман Семашкевіч, родам з Лебедзева. З Марысяй у іх была дамоўленасць, што за ім праз нейкі час падасца праз граніцу і яна. Аднае летняе ночы Марыся так і зрабіла. Бацька яе, Юстын, мой дзед, толькі праз тыдзень агледзеўся, што дачка сышла...

Жыццё ў Савецкай Беларусі, аб якім апошнія гады марыў, летуцеў Алесь, пачалося ў іх з Марысяй светла, перспектыўна. Алесь атрымаў вышэйшую адукацыю — скончыў БДУ, паступіў у аспірантуру пры Беларускай акадэміі навук. Выйшла яго першая паэтычная кніжка, названая «Лукішкі»: так запомнілася і ўвайшла рознымі рэаліямі ў яго паэзію гэта заходнебеларуская Бастылія.

У 1930 годзе родныя, сваякі Алеся і Марысі ў Заходняй Беларусі атрымалі шыкоўныя фотаздымкі шчаслівай сямейнай пары, зробленыя падчас Усебеларускай мастацкай выстаўкі 1930 года. А неўзабаве ўслед і здымак іх першынца: прыгожага таўстмаценькага галыша, які бачком поўз прама ў аб’ектыў фотаапарата. З 1933 года перапіска раптам абарвалася. Паўстала між роднымі двух частак Беларусі глухая сцяна. Польскія газеты пісалі пра дзіўныя рэчы, што сталі тварыцца ў краіне Саветаў. Верылі ім і не верылі. Ды і як было ў тое паверыць?

Беларускі паэт Алесь Салагуб з жонкай Марысяй (роднай цёткай Арсеня Ліса) 1929 г.

А ў сапраўднасці жыццё Алеся Салагуба і яго сям’і раптам пачало набываць драматычны характар і скончылася трагічна. У 1933 годзе яго арыштавалі органы АДПУ. Праходзіў па сфабрыкаваным у гэтым ведамстве сцэнары пад назвай «Беларускі нацыянальны цэнтр», скіраваны супраць беларускай інтэлігенцыі, перадусім выхадцаў з Заходняй Беларусі. Паводле незразумелай логікі арганізатараў рэпрэсіўнай акцыі, кіраўніцтва так званых «змоўшчыкаў», а імі былі вызначаныя нкусаўцамі былыя паслы ад заходніх беларусаў у польскі сойм С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла, П. Валошын, Яз. Гаўрылік, І. Дварчанін, Ф. Валынец, кіраўнік Цэнтральнага сакратарыята БСР Грамады М. Бурсевіч, атрымалі па дзесяць год турмы, высылкі, а радавыя члены «БНЦ» — А. Салагуб і яго калега па Віленскай гімназіі родам з Глыбокага Я. Дрозд — вышэйшую меру пакарання. Падобна, што Салагубу і яго сябру, членам Камуністычнага Саюза Моладзі Заходняй Беларусі, следчы АДПУ ніяк не мог давесці, што яны з’яўляюцца ворагамі савецкай улады. Казалі, што быццам Салагуб на тым няправым судзе над імі патрапіў запусціць чарнільным прыборам у твар свайму пілату.

Алесь і яго сябра Янка Дрозд былі расстраляныя. Марысю як жонку ворага народа спачатку выслалі ў Смаленск, а пазней — на Поўнач. Як загінула — не вядома, як і тое, што сталася з іх сыночкам Лёнем.

Маці мая з гадамі змірылася з балючай для яе стратай. У 1939 годзе, калі адкрылася мяжа і ніхто з заходнебеларускай моладзі, што ў канцы 20-х — пачатку 30-х гадоў сышлі ў Саветы, не аказаўся, маўчала: ніхто ж не аказаўся, усе загінулі... Але і пазней, асабліва ў мае студэнцкія гады, маці неаднойчы вярталася неспакойнай думкай да лёсу Марысінага сына, маўляў, па страце бацькоў мог быў дзе-небудзь аддадзены ў дзіцячы дом, вырас пад чужым прозвішчам між чужых людзей. Панукала мяне шукаць яго. А як было тое зрабіць? Тым больш, калі яшчэ і Алесь Салагуб не быў рэабілітаваны. Рэабілітацыя прыйшла значна пазней і насіла ў прынцыпе лжывы характар: утойваўся расстрэл.

Цяпер, больш чым праз шэсцьдзясят гадоў, пражытых у Мінску, думаю, што родавая памяць прысутнічала ў маім светаадчуванні ад пачатку свядомага жыцця, вывела на рэальнае асэнсаванне трагедыі беларускай інтэлігенцыі першай паловы ХХ стагоддзя і звязанай з гэтым цяжкасці станаўлення беларусаў як годнай еўрапейскай нацыі, дапамагла зразумець дзяржсістэму свайго часу, хаваную праз узнёсла-прыгожыя дэкларацыі і дэкарацыю яе таталітарысцкай сутнасці. Натуральна, у свае сямнаццаць пастулаты і механізмы сістэмы не мог асягнуць я адпаведна глыбока, але фальш у меншых і большых практычных яе праявах ды і ў нечым агульным існым адчуў. Па-юнацку востра, максімалісцкі перажыў. Балюча...

Студэнты 5-га курса філфака БДУ. Злева направа: Валодзя Сарока, Мікалай Базарэвіч, Мікола Паўловіч, Косця Петакоў, Арсень Ліс. 

Восенню 1951-га, тупаючы ў невялічкім садку па вуліцы Талстога (да гэтага часу ўжо быў перабраўшыся на іншую найманую кватэру), складаў вершык у іншай, так бы мовіць, танальнасці, чым пісалася мне ў нашым Смаргонскім літгуртку.

Мне ў вуснах песні не ўтрымаць,

Яна на волю птушкай рвецца,

Сябрам жадае расказаць,

Як маё сэрца горна б’ецца

І як, стаміўшыся, яно

Сумуе ў нейкай цяжкай скрусе

Аб днях, што згінулі даўно, —

Аб лёсе роднай Беларусі.

Аб дзікім церне тых шляхоў,

Што ногі ранілі балюча,

Радзіма, усіх тваіх сыноў,

Што і мяне сягоння мучыць.

Пэўна, было залішне самаўпэўненым хоць мысленна далучаць сябе да тых, хто прайшлі шляхі беларускага Адраджэння 10–20-х гадоў ХХ стагоддзя. Але трагедыю іх, як і драматычны лёс народа свайго, адчуў усім сэрцам. Пазней ужо ўдалося асэнсаваць прычыны, вынікі, абставіны той агульнанароднай трагедыі, яе ўплыў на лёс беларусаў як нацыі. Але да гэтага трэба было яшчэ дайсці. А пакуль што трэба было пазнаёміцца з горадам, у які прывёў лёс, пачуць новае, неспазнанае ў студэнцкіх аўдыторыях універсітэта.

Перабраўшыся жыць на вуліцу Льва Талстога з маім нядаўнім знаёмцам Валодзем Сарокам, мы займелі самастойны жыллёвы куток у драўляным дамку з агародам, вішняком, невялікім садком на некалькі яблынь.

Вакзал быў побач. Раніцай стала зручна дабірацца на лекцыі. За хвілін пятнаццаць праскочыш было да канца вуліцу Талстога, а там праз віядук над чыгункай — галоўны ўніверсітэцкі корпус, рукой дастаць.

Пасля лекцыяў, звычайна на скорую руку, паабедаеш у студэнцкай сталоўцы, што побач са стадыёнам ды гасцініцай, і — у бібліятэку, яна была тут жа, у галоўным корпусе. Прасторная, з вялікімі партрэтамі пісьменнікаў на сценах. Ветлівая, інтэлігентная, пажылая бібліятэкарка заўсёды ўважліва ставілася і да нашага брата-першакурсніка. Утульны асветны куток.

Праўда, стала я пачаў заглядаць у чытальную залу ўніверсітэцкай бібліятэкі пазней, калі трэба было чытаць і чытаць творы зарубежных пісьменнікаў паводле курсу замежнай літаратуры, спіс якой здаваўся мне неадольны.

Фота з уласнага архіва Арсеня Ліса

Працяг будзе

Каментаваць