Вайна, якой не адбылося

Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны Крэмль усё яшчэ марыў пра «сусветную рэвалюцыю» і планаваў «праз труп панскай Польшчы» прарвацца на еўрапейскую прастору. Заходняя Беларусь адыгрывала ў планах бальшавікоў галоўную ролю.

Камандзіры 4-й стралковай дывізіі РСЧА з Бабруйска,1924 год


Паўночны накірунак

У Рызе 18 сакавіка 1921 года была падпісана мірная дамова паміж Другой Рэччу Паспалітай і Савецкай Расіяй, паводле якой Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна апынуліся ў складзе польскай дзяржавы. З аднаго боку, Польшча атрымала тэрыторыі на Усходзе. З іншага — насельніцтва гэтых зямель было, у сваёй большасці, не польскім, і гэта давала магчымасць бальшавікам спадзявацца на хуткія антыпольскія выступленні, што, на думку Масквы, справакуе «рэвалюцыйную сітуацыю» ў гэтым рэгіёне. Да таго ж Крэмль не збіраўся адмаўляцца ад ідэі «сусветнай рэвалюцыі», дзеля якой чырвоным палкам давялося б знішчыць польскую дзяржаву. Усё гэта разумелі і ў Варшаве, таму польская выведка ўважліва сачыла за канцэнтрацыяй Чырвонай Арміі на сваіх усходніх межах.

У чэрвені 1921 года Другі аддзел польскага генштаба («Двуйка») праз сваіх выведнікаў у Латвіі атрымліваў інфармацыю пра рух бальшавіцкіх войскаў на польска-латвійскай мяжы. У гэты час сярод латвійскага насельніцтва пашыралася думка, што бальшавіцкая Расія хутка нападзе на Польшчу. Інфармацыю пра канцэнтрацыю чырвонаармейскіх частак на мяжы пацвярджалі і шматлікія бежанцы з «бальшавіцкага раю». У 1921–1925 гадах на тэрыторыі Заходняй Беларусі актыўна дзейнічалі савецкія дыверсійныя фарміраванні, накіраваныя ў Польшчу Разведупрам РСЧА. Іх дзейнасць называлася «актыўнай выведкай», але, часцей за ўсё, зводзілася да тэрарыстычных актаў супраць асаднікаў, памешчыкаў і прадстаўнікоў польскай улады. Галоўнай мэтай гэтых атрадаў быў уздым рэвалюцыйных настрояў сярод насельніцтва заходнебеларускіх тэрыторый.

Часткі войска польскага на мяжы з БССР, сярэдзіна 1920-х г.


Вярнуць Бесарабію

У гэты ж час савецкія дыверсанты паспяхова дзейнічалі і на румынскай тэрыторыі. Гэта непакоіла не толькі Бухарэст, але і Варшаву. Палякі разлічвалі на дапамогу румынскага боку ў выпадку вайны з бальшавіцкай Расіяй, таму імкнуліся дапамагаць саюзнікам. У 1921–1922 гадах у Кішынёве дзейнічала прадстаўніцтва Другога аддзела генштабу Войска Польскага. У лютым 1924 года была заключана польска-румынская дамова, на падставе якой распачалася супраца паміж выведкай румынскай 8-й пяхотнай дывізіі з Чарнаўцоў і польскай Экспазітурай № 5 у Львове. У студзені 1923 года польскі вайсковы аташэ ў Маскве падпалкоўнік Рамуальд Валікоўскі паінфармаваў Варшаву пра тое, што савецкі бок рыхтуецца перакінуць значныя вайсковыя злучэнні з Сібіры на мяжу з Румыніяй. Палякі тут жа перадалі гэтыя дадзеныя свайму паўднёваму сябру.

У чэрвені таго ж года палякі зноў паведамілі румынскім калегам-выведнікам, што на чыгуначных шляхах БССР і УССР назіраецца рух вайсковых эшалонаў у бок савецка-румынскай дэмаркацыйнай лініі ў Бесарабіі. Сярод іншага камандаванне Чырвонай Арміі перакідвала на Поўдзень абсталяванне для 60 палявых вайсковых шпіталяў. Польскія выведнікі папярэджвалі Бухарэст, што на тэрыторыі СССР пашыраюцца антырумынскія настроі. Пры гэтым Масква працягвала перакідаць у Бесарабію сваіх агентаў з мэтай збору выведдадзеных і распаўсюджвання камуністычных ідэй. Пры гэтым і палякі разлічвалі на дапамогу з румынскага боку. У выпадку нападу СССР на Другую Рэч Паспалітую польскі бок спадзяваўся, што румыны выставяць супраць бальшавікоў да 20 дывізій.

Савецкія памежнікі АДПУ, 17 Цімкавіцкі памежны атрад, сярэдзіна 1920- гадоў


На дапамогу «чырвонай» Германіі

Увесну 1922 года агенты «Двуйкі» дакладалі ў Варшаву, што на дзяржаўнай мяжы з БССР адбываецца значны рух бальшавіцкіх войскаў і ўзмацненне памежнай аховы. У гэты ж час кіраўнік Другога аддзела Генштаба Войска Польскага падпалкоўнік Ігнацій Матушэўскі загадаў сваім супрацоўнікам сабраць падрабязную інфармацыю пра структуру, месца дыслакацыі і задачы памежных войскаў ДПУ. Тады ж польскім выведнікам удалося атрымаць дадзеныя пра функцыянаванне ў Смаленску спецыяльнай школы для падрыхтоўкі ўдарных дыверсійных груп на выпадак вайны з Польшчай. Гэтыя бальшавіцкія спецгрупы павінны былі дзейнічаць на тэрыторыі Віленшчыны і Заходняй Беларусі.

Найбольш напружанай сітуацыя стала ўвосень 1923 года. На працягу ўсяго года ў Германіі назіраўся ўсплеск дзейнасці камуністычнай партыі, якая набрала палітычныя дывідэнды на фоне цяжкага эканамічнага і палітычнага становішча ў краіне. У жніўні 1923 года на пасяджэнні Палітбюро ЦК РКП(б) Карл Радэк прапанаваў пачаць падрыхтоўку ўзброенага паўстання ў Германіі. На той момант нямецкія камуністы ўжо мелі добра навучаныя ўзброеныя атрады. Крэмль прыняў рашэнне аб стварэнні «арганізацыйнага камітэта» па падрыхтоўцы ўзброенага выступлення.

Байцы 4-й стралковай дывізіі РСЧА, Бабруйск. 1923 год

У верасні 1923 года бальшавікі распрацавалі план, паводле якога планавалася ўзброіць каля 50 тысяч працоўных у Саксоніі і Цюрынгіі. Пасол Савецкага Саюза ў Берліне Мікалай Крэсцінскі «курыраваў» фінансавы бок паўстання. У сваю чаргу, камандаванне Чырвонай Арміі распрацавала мабілізацыйны план на выпадак «узброенай падтрымкі для нямецкага пралетарыяту». У Крамлі планавалі выкарыстаць для гэтага 20 дывізій РСЧА (каля 2,5 мільёнаў чалавек). Пры гэтым на камандныя пасады прызначаліся афіцэры, якія валодалі нямецкай мовай.

23 верасня 1923 года Рыгор Зіноўеў падрыхтаваў тэзісы для прадстаўнікоў палітбюро. У дакуменце адзначалася: «Ідэя хаўрусу Германіі з СССР карыстаецца ў Германіі вялікай папулярнасцю і мае мільёны паплечнікаў. Савецкая Германія з першых дзён свайго існавання заключыць цесны саюз з СССР. [...] Ён створыць новую фазу НЭПу ў Расіі, паскорыць і ўмацуе развіццё сацыялістычнай дзяржпрамысловасці ў СССР. [...] У сітуацыі, якая склалася ў ва ўсёй Еўропе, у святле пралетарскай рэвалюцыі, якая насоўваецца на Германію, і магчымасці новай вайны цалкам своечасова высунуць лозунг Злучаных штатаў рабоча-сялянскіх рэспублік Еўропы».

Тэлефаністы Войска Польскага ля мяжы з БССР

Польскія выведнікі, якія працавалі на мяжы з савецкай Беларуссю, з жахам канстатавалі павелічэнне колькасці чырвонаармейскіх частак, якія ў поўным баявым рыштунку канцэнтраваліся побач з польскай тэрыторыяй. 10 кастрычніка 1923 года ў газеце нямецкіх камуністаў «Ротэ фанэ» быў надрукаваны зварот Іосіфа Сталіна да германскага пралетарыята, у якім, у прыватнасці, адзначалася: «Рэвалюцыя ў Германіі з’яўляецца самай важнай падзеяй апошніх дзён. Яе перамога будзе мець для пралетарыята Еўропы і Амерыкі большае значэнне, чым перамога расійскай рэвалюцыі шэсць гадоў таму. Перамога германскага пралетарыята, безумоўна, перанясе цэнтр сусветнай рэвалюцыі з Масквы ў Берлін».

Як бачым, бальшавікі рабілі вялікія стаўкі на нямецкі рэвалюцыйны ўздым. Крэмль нават не палохала перспектыва ўзброенага канфлікту з Другой Рэччу Паспалітай, праз тэрыторыю якой прыйшлося б прабівацца бальшавіцкім часткам, якія б ішлі на дапамогу «чырвоным» немцам. Аднак у апошні момант нямецкія камуністы «спужаліся» паразы і адмовіліся ад узброенага паўстання. У Гамбургу ўсё ж адбылася спроба захопу горада пралетарскімі масамі, аднак рэйхсвер падавіў гэтае выступленне.

Афіцэры Корпуса аховы памежжа ў Валожыне, сярэдзіна 1920-х

Вайна адкладаецца

«Германскі праект» Крамля не ажыццявіўся, але сітуацыя на савецка-польскай мяжы не супакоілася. Восенню 1924 года польская выведка інфармавала Варшаву, што бальшавікі рыхтуюцца да вайны. «На трыццаць першы дзень з моманту пачатку ўзброенага канфлікту Чырвоная Армія на Заходнім фронце супраць Польшчы і Румыніі будзе мець 50 стралковых, 10 кавалерыйскіх дывізій і тры асобныя кавалерыйскія брыгады», — адзначалася ў адным з дакументаў «Двуйкі». Таксама, паводле польскай і французскай выведкі, на ўзбраенні Чырвонай Арміі ў той час знаходзілася 117 бронецягнікоў, 140 танкаў, 383 браневіка, 10 тысяч гармат і каля 22 тысяч кулямётаў розных сістэм.

Восенню таго ж года бальшавікі перакінулі на мяжу з Польшчай 4-ю стралковую дывізію РСЧА з Бабруйска. Гэтая вайсковая частка мела выдатны баявы досвед. У 1920 годзе яе жаўнеры штурмавалі Варшаву, удзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць частак Станіслава Булак-Балаховіча ля Лоева і Рэчыцы. У 1921 годзе гэтае злучэнне выкарыстоўвалі для барацьбы з антыбальшавіцкімі атрадамі на Міншчыне і Гомельшчыне. У 1924 годзе 11-ты полк бабруйскай дывізіі быў размешчаны пад Слуцкам, а 12-ты заняў абарону ў раёне Жыткавічы–Тураў.

Войска Польскае ў Заходняй Беларусі

У гэты ж час і палякі ўзмацнілі ахову ўсходняй мяжы. Замест слабай памежнай паліцыі «рыжскі кардон» стаў ахоўвацца добра падрыхтаваным і выдатна ўзброеным Корпусам аховы памежжа. Яго жаўнерам хутка ўдалося «закрыць» мяжу з Саветамі і спыніць дзейнасць бальшавіцкіх агентаў і дыверсантаў у Заходніх Беларусі і Украіне. У другой палове 1920-х гадоў Крэмль канчаткова вырашыў «пачакаць» з рэалізацыяй ідэі «рыўка ў Еўропу праз труп панскай Польшчы». Чакаць давялося да верасня 1939-га.

Часткі Войска Польскага, Баранавічы, канец 1920-х гадоў

Фота з архіва Ігара Мельнікава




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць