Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Вайна за душы літвінаў

Як уяўлялі сабе беларусаў-літвінаў расійскія аўтары ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя? З большага, ад моманту захопу беларускіх зямель Расійскай імперыяй пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з нас намагаліся зрабіць людзей другога гатунку.

Выхад паўстанцаў 1863 года з Гародні. L’iIIustration, v.41 1863-№1053

Расійская палітычная вярхушка ўспрымае ўкраінцаў, беларусаў і расіян як адзін народ. Асабліва адметна, гэтыя палітыкі і культурныя дзеячы — не імперыялісты, не рэакцыянеры, не цемрашалы, гэта зусім цывільныя людзі, некаторыя атрымалі адукацыю ў прэстыжных заходніх ўніверсітэтах. Яны ўпэўненыя, што Расія, Украіна і Беларусь — гэта адна тэрыторыя, «але так гістарычна склалася, што дзве вобласці (Украіна і Беларусь) выдзеліліся ў асобныя дзяржавы. Так бывае. Былі ж дзве нямецкія дзяржавы. Зараз — тры расійскіх дзяржавы: Маларосія, Беларосія і Вялікаросія. Калі-небудзь і гэта пройдзе»… — перакананы галоўны рэдактар «Эха Масквы» Аляксей Венедыктаў.

Тэксты і думкі падобнага зместу апошнім часам часта блукаюць у расійскіх СМІ і палітычнай літаратуры ў сувязі з падзеямі на Украіне. Звяртае на сябе ўвагу тая самаўпэўненасць і публіцыстычная лёгкасць, з якой аўтар праводзіць аналогіі і гістарычныя паралелі паміж нямецкімі і «расійскімі» дзяржавамі:  «Так бывае… Калі-небудзь і гэта пройдзе». Беларусь і Украіна як дзяржавы для Венедыктава, як і наогул для Крамля і расійскай палітычнай эліты, — гэта гістарычнае непаразуменне.

Заўважым, што Адольф Гітлер у свой час лічыў і Аўстрыю часткай Германіі, і гэта было дастатковай падставай, каб далучыць яе да Германскага Рэйха.

Такога кшталту непаразуменні і парадоксы з’явіліся не сёння. Яны сустракаліся ў расійскім друку і сотню гадоў таму. Сітуацыя ва Украіне і паспешнае далучэнне Крыма агалілі старыя праблемы і паказалі цану імперскіх ідэалагем аб Вялікай Русі і трох брацкіх народах, якія тая нібыта «з’яднала навекі».

Адначасна тут узнікае мноства пытанняў. Адно з іх — што гэта за народы-этнасы — рускія, украінцы і беларусы, аб паходжанні і ментальнасці якіх спрачаюцца навукоўцы і палітыкі вось ужо на працягу болей за два стагоддзі з часоў падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння тагачаснай Літвы (ВКЛ) да Расійскай імперыі?

Рэлігія і мова

Асноўным крытэрам этнічнай ідэнтыфікацыі мясцовага насельніцтва пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі была рэлігія: усе каталікі і грэка-каталікі (уніяты) лічыліся палякамі, а праваслаўныя — рускімі. У той час гэта быў свайго роду кампраміс паміж заходняй і ўсходняй (расійскай) цывілізацыйнымі плынямі — хаця ён і не адпавядаў еўрапейскім стандартам, навуковым крытэрам нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Да грэка-каталікоў (уніятаў) адразу пасля падзелаў яшчэ не было адкрытай і трывала вызначанай афіцыйнай пазіцыі. Лагічна было называць іх, па старой памяці, літвінамі. Але ж гэта супярэчыла імперскай ідэалогіі заходнерусізму, якая не прызнавала беларусаў-літвінаў за самастойны народ.

Пасля скасавання ўніяцкай царквы і пераводу масы сялянства, а часткова і дробнай шляхты ў «рускую веру», большасць насельніцтва Беларусі была гвалтоўна аднесена да рускай народнасці.

Пасля паўстання 1863 года разам з узмацненнем русіфікацыі і змены этнасацыяльнай палітыкі ў бок саступак сялянству асноўным крытэрам этнічнай ідэнтыфікацыі станавілася не рэлігія, а мова.

Менавіта ў гэты час польская мова, паводле царскага ўказа, была забаронена ў афіцыйным ужытку і сістэме адукацыі, адзінай дзяржаўнай мовай прызнавалася руская. Такім чынам русіфікацыя распаўсюджвалася на сялян-каталікоў і дробную шляхту — усіх, хто размаўляў на мясцовым беларускім «наречии».

Касінеры

Мова як ідэалогія

Выхадзец з мясцовага ўніяцкага асяроддзя Павел Баброўскі звяртаў асобую ўвагу на мясцовы фальклор і родную мову, якую лічыў асноўным паказчыкам, «які адрознівае адзін народ ад другога, бо мова — нібы родавы герб, што перадаецца народу ў спадчыну ад яго продкаў, яна з’яўляецца люстэркам, у якім выразна адбіваецца яго характар, мараль і нават цэлая гісторыя краю; мова жыве з народам, разам з ім развіваецца і памірае».

Аднак ідэалагічны падтэкст разважанняў аўтара не дазволіў яму быць паслядоўным. Ігнаруючы іншыя характэрныя адзнакі этнічнай прыналежнасці, у прыватнасці, нацыянальную самасвядомасць, радавод і сямейнае паходжанне, аўтар залічыў да рускага народа ўсіх тутэйшых сялян (у тым ліку і каталікоў), якія размаўлялі па-беларуску, а каталіцкую шляхту і невялікую частку мяшчан, што размаўлялі па-польску, аднёс да палякаў.

Гэта якраз і было ўвасабленнем ідэалагічнай канцэпцыі заходнерусізму на практыцы. Такога кшталту метадалагічныя (дакладней, ідэалагічныя) падыходы шырока ўжываліся ў гістарычных і этнаграфічных працах другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. З-за гэтага нярэдка стваралася сітуацыя абсурду: сваякі, чальцы адной сям’і (родныя браты, адзін — каталік, другі — праваслаўны) афіцыйна станавіліся прадстаўнікамі розных нацый!

У шматлікіх публікацыях, якія знаёмілі расійскую грамадскасць з Беларуссю, стала фігуруе зыходны пастулат аб адзінай зямлі Рускай, што складаецца з трох частак: Вялікай Русі (або Вялікаросіі), Малай Русі (Маларосіі) і Белай Русі (Беларусіі).

У папулярнай кнізе «Сярод балот і лясоў», выдадзенай у пачатку ХХ стагоддзя (аўтар М. Гуленка) чытаем: «Рускі народ падзяляюць на тры сям’і — вялікарусаў, маларосаў і беларусаў… Размаўляюць яны ўсе па-руску, але на трох розных дыялектах (літаральна — «наречиях»)». І далей: «Больш за сто гадоў таму ўся Беларусь зноў была вернутая Расіі».

Калядоўшчыкі. Горацкі павет, 1903 год

«По наружности…»

Зыходзячы з ідэалагічнай канцэпцыі заходнерусізму, расійскія аўтары падкрэслівалі адзінства Русі і яе славянскага народа — вялікарусаў, беларусаў, маларосаў. Аднак, калі гаворка заходзіла пра канкрэтны вобраз (тыпаж) беларуса і яго духоўны склад, дык тыя ж аўтары малявалі тып беларуса, які прыкметна адрозніваўся ад «велікаруса».

Каб захаваць дакументальнасць падачы, некаторыя тэксты расійскіх аўтараў прывядзём у арыгінале.

Р. Папоў у «Чытаннях для войск і народа» (1879) піша: «Даже по самой наружности своей белорусы во многом отличаются от великорусов и малороссов. Белорусы по большей части среднего роста, часто и того менее, приземисты, одутловаты с лица, которое всегда круглое, часто без бороды, вообще жидкобороды и имеют обыкновенно глаза серые и волосы русые. В 40, много 50 лет белорус выглядит совершенным стариком, особенно женщины, которые стареют весьма рано, хотя в молодости многие из них отличаются и свежестью и красотою».

Папоў паўтарае тое, што пісаў А.М. Семянтоўскі ў кнізе «Этнаграфічны агляд Віцебскай губерні» (1872). Такое ж вызначэнне этнаграфічнага тыпу беларуса праходзіць і праз шэраг афіцыйных выданняў з грыфам «Разрешено цензурой». Паўтараецца яно і ў артыкуле «Беларусы» вядомага энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона: «По наружности белорус резко отличается от великоруса. Он редко бывает более среднего роста, а часто менее; скорее приземист, чем строен; одутловат; волоса русые; глаза малооткрытые, как бы вдавленные, чаще всего серые; лицо круглое. В 40, много в 50 лет белорус выглядывает совершенным стариком…»

Падобны ці блізкі да яго антрапалагічны тып беларуса з «мастацкім ухілам» і суб’ектыўнымі (асабістымі) эмацыйнымі ацэнкамі, малюе аўтар брашуры Е.Э. Сно «У балотах Палесся». «Белорус, — піша ён, — нисколько не похож на своего родного брата — великоруса. Перед нами — маленький человечек с белокурыми волосами, светлыми глазами, с бледным маловыразительным лицом, оттененным жиденькой бородкой. Этот тщедушный человек представляет полную противоположность сильной, коренастой фигуре великоросса; также и лицо его, добродушное, с робким взглядом, не похоже на лицо великоросса, выражающее большей частью степенное достоинство».

Далей аўтар са спагадай апісвае бедную хату селяніна, яго сціплы побыт і харчаванне. Аднак яго аповед пра незайздросную долю беларуса нярэдка набывае характар гратэску: «Стены (в доме) окружены лавками, сделанными очень неумело, часто кривоногими… У белорусов нет никаких способностей к ремеслам, и это отзывается на всем его хозяйстве. В этом отношении белорус также не похож на великоросса, который, как говорится, — «на все руки мастер».

Гаротны стан мясцовых сялян, беднасць, забітасць, абыякавасць да жыццёвых абставін прыхільнікі афіцыйнай школы заходнерусізму вытлумачвалі цяжкім гістарычным мінулым беларускага народа, які доўга трываў пад гнётам Літвы і панскай Польшчы.

Тут варта нагадаць, што пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі прайшло больш за стагоддзе. А эканамічнае становішча мясцовага працоўнага люду, яго паўсядзённы ўклад (калі зыходзіць з гэтых натуралістычных апісанняў) нібы засталіся на першабытным узроўні.

Жабракі-лірнкі, 1911 г.

Пан сахі і касы

Экстрапаляцыя ідэалогіі заходнерусізму, як і іншых вялікадзяржаўных канцэпцый, на гуманітарныя навукі была жорсткім цэнзурным патрабаваннем для даследчыкаў гісторыі, мясцовай этнаграфіі, вусна-паэтычнай творчасці. Як ні дзіўна, падобная формула захоўвалася на працягу многіх дзесяцігоддзяў, у тым ліку і ў савецкую эпоху.

Але ад «афіцыйна-цэнзурнага» вобразу беларуса адрозніваюцца краязнаўчыя нататкі тых, хто жыў сярод народа і меў магчымасць непасрэдна назіраць паўсядзённы побыт жыхароў, працоўны і святочны рытм жыцця, паводзіны ў розных жыццёвых сітуацыях, духоўныя памкненні, інтарэсы, звычаі. Іван Эрэміч бачыў у экзатычных абразках Палесся, у немудрагелістым і практычна вывераным ладзе жыцця беларуса-палешука, як і ў спосабах уладкавання культурнага асяродку, манеры апранацца і інш., рацыянальны кансерватызм і мэтазгоднасць, адвечную гармонію мясцовых жыхароў і прыроды. «Стагоддзі праляцелі над імі, амаль не закрануўшы іх сваім разбуральным крылом. І ў вядзенні дамашняй гаспадаркі, і ў будаўніцтве хаты, і ў мове, і нават у правах і звычаях — усё ідзе так, як гэта было ў часы дахрысціянскія».

Аўтар з цеплынёй узнаўляе духоўны склад палешука, надзяляе яго лепшымі маральнымі якасцямі. «Паляшук, — піша ён, — істота даволі добрая, адкрытая, паслухмяная, удзячная, цнатлівая, цярплівая, працалюбівая. Паляшук вельмі рэдка наносіць крыўду, яшчэ радзей помніць яе… Ён падзеліцца з бедным апошнім кавалкам свайго чорнага хлеба… У выпадку цяжкасці жыццёвай ношы, вы не пачуеце ад палешука ні папрокаў, ні стогнаў. Цярплівасць, з якой ён нясе крыж свой, унікальная… Працавітасці палескага прасталюдзіна нельга не надзівіцца. Ён працуе не толькі з ранку да вечара, але і раніцай, і вечарам, і нават уначы».

Нават дзіўна, што праца І. Эрэміча была надрукавана ў часопісе «Вестник Западной России» (1867), які зусім не славіўся дэмакратычнымі традыцыямі.

Не менш пераканаўча і праўдзіва, хоць і з прыязным гумарам, падае замалёўкі этнаграфічнага тыпу беларусаў-літвінаў, карэнных жыхароў міжрэчча Сожа і Дзясны, Марына Косіч. Яна звяртае ўвагу на багацце і непаўторную архаіку вусна-паэтычнай творчасці, народны характар і этнічную псіхалогію, пластычнасць і вобразнасць мыслення, адаптацыю да існуючай этнасацыяльнай рэчаіснасці. «Літвін, — піша яна, — з выгляду непаваротлівы, рухі яго замаруджаны, ходзіць, «як пень праз калоду», непрадпрымальны, бестурботны, аднак пры неабходнасці працуе шмат для свайго пражытку. А як толькі міне крайняя патрэба, заўсёды лічыць за лепшае пагуляць, чым шукаць заробкаў». Аднак жа на падзёншчыне, заўважае Косіч, літвін робіць «абы як, цяп-ляп», «робе і паглядае, як вол з-пад ярма; цюкне разоў паўдзісятка, ды барджэй люльку ў зубы».

Шмат увагі яна надае звычаям і абрадам, дапасаваным да каляндарных свят, народным песням і аўтэнтычным мясцовым гаворкам. «Змусьце беларускую жанчыну, — піша яна, — расказаць што-небудзь, услухайцеся ў гэтую мову, і вы знойдзеце ў ёй своеасаблівую мяккасць і лёгкасць гукавых спалучэнняў».

Аналагічныя характарыстыкі беларусаў мы сустракаем у П. Баброўскага, М. Без-Карніловіча, М. Дамантовіча, Р. Эркерта і іншых расійскіх аўтараў. М. Дамантовіч вылучаў чарнігаўскага літвіна ў асобы этнаграфічны тып, што складае «супрацьлегласць стэпавіку», жыхару паўднёвай часткі губерні. Ён адзначае незвычайную вынослівасць мясцовага літвіна ў экстрэмальных сітуацыях, кемлівасць, хітрасць, мудрагелістасць у адказах, суровасць і «апатычную бестурботнасць».

* * *

Мінула паўтара стагоддзя — час немалы нават па гістарычных мерках, аднак цяпер з вуснаў расійскіх палітычных і культурных дзеячаў зноў гучаць словы пра ўкраінцаў, беларусаў і расіян як адзін народ, нібыта гістарычна з’яднаны навекі — тэзы, што не адпавядала навуковым крытэрам нацыянальнай ідэнтыфікацыі яшчэ стагоддзі таму.


Абмеркаванне:

  • Чытач
  • 2017-01-15 17:43:29
Артыкул так і не даў адказу - дык літвін - гэта беларус, ці не ?
  • Літвін
  • 2017-01-25 16:29:42
Вам адказ патрэбны? :)
http://history-belarus.by/img/Lithvaniae_Blr.jpg
  • Minulae
  • 2017-01-15 23:42:25
Тут цікава будзе паглядзець на гісторыю "рускай" ці, лепш, расейскай мовы, якой яна была да Ламаносава ды Пушкіна. Напрыклад, распачаць з кнігі Сулейменава "Аз і Я" і далей па першакрыніцам і незалежным даследчыкам. Затым звярнуцца да асабістасцей культуры (мячэці-цэрквы, калекцыя Збройнай Палаты Крамля і г.д.), назваў вёсак і прыродных аб'ектаў, паходжання знакавых гістарычных фігур, вытокаў тыпічных імён ды прозвішч. І завяршыць гэта даследваннем гісторыі вынаходства Расіі. Калісці мне здавалася, што высновы пра неславянскае паходжанне Расіі - па большай частцы правакацыі, якіе не маюць добрага падмурка, але чым больш я паглыбляюся ў даследаванне гэтага пытання, тым больш усведамляю, як нам запудрылі галовы.

Расейцы нам не браты і ніколі імі не будуць у адрозненне ад украінцаў, літоўцаў ды нават палякаў. Гэта проста нашыя суседзі са сваёй гісторыяй ды культурай, якая адрозніваецца ад нашай даволі значна, мякка кажучы. І, таксама, на іх тэрыторыі жыве трохі беларусаў. Усё.
  • ога
  • 2017-01-17 00:11:19
Да какая разница славяне русские или нет.Славяне -вообще-то , один из самых забитых и слабых, народ.Бесконечный источник рабов на восточных рынках.А руские тихой спой создали величайшую империю. Славяне, финны, татары, угры. А белорусы с украинцами вышиванки.
  • Geor
  • 2017-10-13 13:03:08
И что принесла людям развалившаяся империя? Гордость за неё? Большинство процветающих государств никаких империй не создавало. Каждому своё
  • alery
  • 2017-01-16 21:16:42
А чаму нiхто не друкуе як Масковiя знiшчала и зпальвала, зруйнoyвaла усю Беларусь - Лiтву i iх жыхаров, больш 50 адсоткав Беларусав-Лiтвiнав знiчтожiлi, а колькi захапiлi у палон i хто будаваy Масковiю i Кремль- з гiстарычных досвiтаy -30 адсоткаy жыхаров Масковii - Беларусы-Лiтвiны палонные, якiе вымушаны былi застацца у Масковii. I на гэту тэму можна пiсаць i пiсаць. А самае галовнае, што Беларусы выжiлi и будуць жыць!

Каментаваць