Вайна 1812 года і Беларусь

Які характар мела вайна для беларусаў і былых земляў Вялікага Княства Літоўскага? Ці быў распаўсюджаны партызанскі рух на тэрыторыі літоўска-беларускага краю? Нарэшце, як варта называць жудасны узброены канфлікт 1812 года, які па сваёй прыродзе быў вайной ўсіх супраць усіх?



Пленарнае пасяджэнне


На гэтыя і многія іншыя няпростыя пытанні паспрабавалі знайсці адказы шматлікія ўдзельнікі Міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая праходзіла на базе БДУ ў Мінску. У гэтым буйным навуковым форуме прынялі ўдзел гісторыкі з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Італіі і Францыі. На адкрыцці канферэнцыі прысутнічалі першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук, пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў і пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры.

Першым выступоўцам на пленарным пасяджэнні быў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, прафесар Аляксандр Каваленя. Яго даклад быў, па сутнасці, хвалебнай одай Расійскай імперыі, якая знішчыла “французскіх акупантаў. Беларускі кантэкст зводзіўся толькі да падкрэслення таго, што насельніцтва беларуска-літоўскага краю “актыўна падтрымала Расію ў “айчыннай вайне".

Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, прафесар Аляксандр Каваленя

Дзіўным чынам з дакладам Кавалені дысанаваў выступ прафесара кафедры ўсеагульнай гісторыі Паволжскай дзяржаўнай сацыяльна-гуманітарнай акадэміі (Самара), доктара гістарычных навук, прафесара Андрэя Папова. Расійскі гісторык прааналізаваў гісторыю т.зв. “Народнага партызанскага руху ў Беларусі ў 1812 г.". На падставе значнай колькасці архіўных крыніц ён абверг выдумкі многіх расійскіх і беларускіх даследчыкаў аб нейкім ўсенародным антынаполеонаўскім партызанскім руху на былых землях Вялікага Княства Літоўскага. Больш за тое, А.Папоў прывёў прыклады таго, як беларускія народныя апалчэнцы змагаліся супраць рускіх казакоў і іншых царскіх войскаў. Безумоўна, мелі месца напады сялян на памешчыкаў, але яны насілі лакальны характар ​​і былі выкліканы хутчэй элементам анархіі і безуладдзя.

Прафесар Андрэй Папоў. г. Самара (Расія)

 Беларускі даследчык Анатоль Тарас, адзначае, што сялянства ў час вайны 1812 г. на абарону “отечества" не падымалася. “Гэта выдумкі царскай і савецкай прапаганды. [...] Прынцыпова не дакладна выдаваць стыхійны супраціў сялян супраць рабаваннях і рэквізіцыі за антыфранцузскі партызанскі рух, — піша гісторык. Акрамя гэтага А.Тарас адзначае, што выступленні супраць французаў у заходніх губернях саступалі выступленням супраць памешчыкаў, якія працягваліся і ў 1813 г., г.зн. пасля выгнання французаў. Таксама, варта ўлічваць, што ў пачатку XIX стагоддзя “партызанамі называлі падраздзяленні рэгулярнай арміі, якія дзейнічалі за лініяй фронту, у тыле праціўніка. Так, што казаць пра нейкі “усенародны антыфранцузскі рух" на тэрыторыі зямель былога Вялікага Княства Літоўскага не даводзіцца".

Асаблівую цікавасць выклікалі даклады еўрапейскіх даследчыкаў. Так, дырэктар Французскага цэнтра напалеонаўскіх даследаванняў, доктар Жэром Бакур распавёў прысутным аб невядомых фактах гісторыі адступлення напалеонаўскай арміі ў 1812 г. ад Масквы да Бярэзіны. Французскі даследчык таксама праінфармаваў аб выніках археалагічных пошукаў, якія праводзяцца пад яго кіраўніцтвам на месцах, дзе ў 1812 г. праз Бярэзіну перапраўляліся французскія войскі. У дадзены момант гісторыкі і археолагі з Беларусі і Францыі спрабуюць выявіць рэшткі перапраў і мастоў, а таксама праводзяць работы па вызначэнню месцазнаходжання штаб-кватэры Напалеона каля Студзёнкі і месца брацкай магілы французскіх салдат, якія загінулі ў баях з рускімі каля Бярэзіны ў 1812 г. Вядома, што яшчэ ў 1912 г. гэта брацкая магіла існавала (захаваўся фотаздымак тых часоў).

Дырэктар Французскага цэнтра напалеонаўскіх даследаванняў, доктар Жэром Бакур

Цікавы даклад прадставіў Дырэктар гуманітарнага дэпартамента універсітэта г. Генуя (Італія) Раберта Сінігалья. У сваім выступленні даследчык прывёў шматлікія ўспаміны італьянскіх салдат Вялікай арміі Напалеона аб іх знаходжанні ў Расіі і на землях былога ВКЛ.

Дырэктар гуманітарнага дэпартамента універсітэта г. Генуя (Італія) Раберта Сінігалья

У канферэнцыі прынялі ўдзел гісторыкі з Польшчы. Так, доктар гісторыі Сілезскага універсітэта ў Катавіцах Мацей Кухарскі распавёў прысутным аб шляхецкім самакіраванні ў Гродзенскай губерні напярэдадні вайны 1812 г. На думку даследчыка, падрыхтоўка расійскай адміністрацыі да вайны з Напалеонам стала сапраўднай катастрофай для беларуска-літоўскіх земляў Расійскай імперыі. Калі Расія згодна з Тыльзіцкім дагаворам ў 1807 г. ўключылася ў кантынентальную блакаду, аказалася што Гродзенская, Мінская і іншыя “літоўскія" губерні страцілі магчымасці экспарту збожжа, якое з’яўлялася асноўнай крыніцай папаўнення бюджэту гэтых тэрыторый. Да таго ж на землях былой Рэчы Паспалітай дзейнічала зусім іншая, чым у астатняй Расіі падатковая сістэма. Гэта наносіла значны ўрон землеўласнікам і сялянам “гістарычнай Літвы".

Польскія навукоўцы, зправай Дарыюш Наўрот, Аляксандра Скшыпец, Мацей Кухарскі

У сваю чаргу, доктар хабілітаваны Аляксандра Скшыпец ў сваім выступленні прывяла ўспаміны польскіх жаўнераў Вялікай арміі, якія тычацца беларускіх зямель. Даследчык, у прыватнасці падкрэсліла, што стаўленне да французскіх войскаў на літоўска-беларускіх землях складалася па-рознаму. У некаторых месцах, напрыклад, салдат-палякаў сустракалі з радасцю. У іншых, дзе былі моцныя расійскія пазіцыі, стаўленне да “акупантаў" было вельмі негатыўным.

Нарэшце, загадчык кафедры новай гісторыі Сілезскага універсітэта ў Катавіцах, прафесар Дарыюш Наврот звярнуў увагу на тое, што ў выпадку перамогі над Расіяй Напалеон, хутчэй за ўсё, пайшоў бы на стварэнне буфернай дзяржавы — Рэчы Паспалітай, якая складалася б з Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. І на гэта спадзявалася не толькі “літоўская" шляхта, але і сялянства, якое за той нядоўгі час з моманту трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай так і не стала “вернымі падданымі Расійскай імперыі". На думку прафесара, тэрмін “айчынная у дачыненні да вайны 1812 г. у Беларусі можна выкарыстоўваць толькі пры характарыстыцы пазіцыі насельніцтва літоўска-беларускага краю, якое спадзяючыся на тое, што Напалеон адновіць ВКЛ, выступілі са зброяй у руках на баку Францыі для абароны земляў былога Вялікага Княства Літоўскага .

Падобнае меркаванне выказаў і адзін з удзельнікаў секцыі “Вайна 1812 г. у памяці пакаленняў (крыніцазнаўчай аспект) і гістарыяграфічнае асэнсаванне вайны, доктар гістарычных навук з Гродна Вячаслаў Швед. На думку даследчыка, узброены канфлікт 1812 г. на тэрыторыі Беларусі не насіў характар “айчыннай вайны. На тэрыторыі былога ВКЛ адбывалася вайна паміж двума моцным супернікамі — Францыяй і Расіяй, і беларусы ваявалі як у рускай, так і ў французскай арміі. Таму найбольш прымальнай дэфініцыяй для назвы тых падзей з’яўляецца “франка-руская вайна 1812 г.".

Вячаслаў Швед, доктар гістарычных навук, Гродна (Беларусь)

З гэтай фармулёўкай цяжка не пагадзіцца. “Айчыннай для Расіі гэтая вайна стала толькі тады, калі баявыя дзеянні паміж французамі і рускімі перакінуліся на спрадвечна рускія тэрыторыі за Смаленскам. Там быў і партызанскі рух, і барацьба з захопнікам. Але калі мы кажам пра літоўска-беларускі край, то за гады, якія прайшлі пасля з 1795 г. “літвіны" не паспелі стаць рускімі і яны працягвалі верыць у адраджэнне ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Да таго ж былі яшчэ моцныя пазіцыі уніяцтва, якое з’яўлялася духоўнай апорай нацыі".

У рамках публікацыі немагчыма ахарактарызаваць усе навуковыя даклады, прадстаўленыя на канферэнцыі. Ды і не варта гэтага рабіць, бо на 2013 год запланавана выданне тэкстаў выступленняў асобнай кнігай. Варта толькі адзначыць, што дадзены навуковы форум стаў цудоўнай пляцоўкай для асэнсавання падзей вайны 1812 г. з беларускіх нацыянальных пазіцый.

Каментаваць