Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Валанцёры прыбралі руіны пахавальні Бохвіцаў у Падароску

Напярэдадні Дзядоў каманда валанцёраў выправілася ў маёнтак Падароск, дзе мае паўстаць музей шляхецкай культуры, каб пачаць аднаўленне капліцы-пахавальні роду Бохвіцаў, разбуранай за савецкім часам.
Ніша ў капліцы-пахавальні Бохвіцаў, дзе мелася змяшчацца труна памерлага

Ніша ў капліцы-пахавальні Бохвіцаў, дзе мелася змяшчацца труна памерлага

Сёння маёнтак Падароск прыцягвае шмат увагі. Гэта ўжо не проста палац з паркам, але медыйная кропка, дзе планамерна, каменчык за каменчыкам, аднаўляецца палацавы комплекс, ствараецца музей шляхецкай культуры ды сетка інфраструктуры для турыстаў. Маёнтак належыць бізнэсоўцу Паўлу Бераговічу, які дапамагае шмат якім беларускім культурніцкім праеткам.


Падтрымаць ініцыятыву гаспадароў вырашыла Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, таму яго актывісты прыехалі ў маёнтак для прыборкі капліцы-пахавальні колішніх уладальнікаў палаца — Бохвіцаў. 


Прыборка адбылася напярэдадні нашага нацыянальнага свята памяці продкаў — Дзядоў, — распавядае арганізатар талакі Юрась Меляшкевіч, — Мерапрыемства планавалася загадзя: перад гэтым мы адмыслова прыязджалі ў Падароск, рабілі агляд мясцовасці і знайшлі капліцу-пахавальню Бохвіцаў у занядбаным стане — разбураную і зарослую дрэвамі. Тады і вырашыліся на прыборку.

Юрась Меляшкевіч (у цэнтры) падчас талакі

Юрась Меляшкевіч (у цэнтры) падчас талакі

Капліца-пахавальня другой паловы ХІХ ст. была разрабаваная і разбураная за савецкім часам, тады ж яе прыладкавалі для гаспадарчых патрэбаў… калгаснае поле зусім побач, таму тут, імаверна, захоўвалі ўгнаенні ці інвентар. З часам скляпенні абваліліся, сярод камянёў нарасло дрэваў і кустоўя, а само месца пераўтварылася ў кропку збора тутэйшых аматараў пладовых вінаў.


Першым этапам працы валанцёраў стала чыстка пляцоўкі ад зарасцяў ды смецця. Увесну плануецца працягнуць працы і разабраць завалы скляпенняў, пад якімі, магчыма, захавалася старадаўняя кафляная падлога капліцы. Пра знаходкі артэфактаў размова не ідзе — усё ўжо даўно разрабавана — але месца спачыну колішніх гаспадароў маёнтку мае выглядаць прадстаўніча і па-людску.

Бохвіцы былі родам вельмі патрыятычнага накірунку, патрыётамі Рэчы Паспалітай, — распавядае старшыня Таварыства Антон Астаповіч, — Цікава, што род быў павязаны сваяцкімі сувязямі з сям’ёй Міцкевічаў, з якіх выйшаў усім вядомы класік. Акрамя Бохвіцаў Падароскам у розныя часы валодалі таксама Чачоты, Грабоўскія ды інш.


Руіны капліцы-пахавальні пасля чысткі ад дрэваў ды кустоўя

Руіны капліцы-пахавальні пасля чысткі ад дрэваў ды кустоўя

Паводле Астаповіча, у Беларусі надзвычай багата праблемаў з захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны, таму «добраўпарадкаванне любой руініны» — гэта грамадзянскі ўчынак. З ягоных словаў, Таварыства не можа паспець паўсюдна, бо чалавечы рэсурс абмежаваны, але Падароск і аб’екты вакол яго адназначна вартыя ўвагі, таму гэта далёка не апошні візіт валанцёраў у гэтыя мясціны.

Задаволены сваёй працай валанцёр плануе яшчэ вярнуцца сюды ўвесну

Задаволены сваёй працай валанцёр плануе яшчэ вярнуцца сюды ўвесну





Каментаваць