Вялікі тэрор

 Семдзесят пяць гадоў таму, па рашэнні вышэйшых партыйных органаў, у СССР разгарнулася чарговая крывавая «чыстка», якая доўжылася амаль два гады. У гістарычнай публіцыстыцы гэта рэпрэсіўная кампанія нярэдка называецца Вялікім Тэрорам.



 Семдзесят пяць гадоў таму, па рашэнні вышэйшых партыйных органаў, у СССР разгарнулася чарговая крывавая «чыстка», якая доўжылася амаль два гады. У гістарычнай публіцыстыцы гэта рэпрэсіўная кампанія нярэдка называецца Вялікім Тэрорам.

Камуністычная дыктатура заўсёды — і да, і пасля 1937 года — суправаджалася палітычнымі рэпрэсіямі. Аднак менавіта Трыццаць Сёмы стаў у памяці людзей злавесным знакам сістэмы масавых забойстваў, якія арганізоўваліся і праводзіліся дзяржаўнай уладай. На працягу 1937–1938 гадоў па палітычных абвінавачваннях у СССР было арыштавана больш за 5 мільёнаў чалавек, у тым ліку ў БССР больш за 600 тысяч.

Здзекі і забойствы насілі планавы характар. У 1920–1950 гады толькі ГУЛАГ паглынуў больш за 500 тысяч выхадцаў Беларусі. З улікам іншых катэгорый афіцыйна і неафіцыйна рэпрэсаваных гэта лічба перавышае 1,6 мільёна. Неймаверна: найбольш здольнае да творчай і прадуктыўнай працы насельніцтва вялікага еўрапейскага горада, параўнальнага з сённяшнім Мінскам, было кінутае ў апраметнае пекла ГУЛАГа.

У многіх выпадках рэпрэсіі насілі характар генацыду беларусаў. З самага пачатку ўтварэння БССР і да 1953 года ў Беларусі была знішчана амаль уся «дарэвалюцыйная» свядомая, культурная, адукаваная інтэлігенцыя. Калі б не гэтыя страты, сёння ў нас была б зусім іншая краіна. Негатыўнае стаўленне ўладаў да нацыянальных каштоўнасцяў, на жаль, ператварылася ў тэндэнцыю, якая захоўваецца да гэтага часу.

Трыццаць Сёмы — гэта неверагодная жорсткасць прысудаў: больш за 3 мільёны расстраляных у СССР, у тым ліку больш за 250 тысяч — у БССР.

29 кастрычніка 1937 года — асабліва цяжкі і трагічны дзень у гісторыі беларускага народа. Толькі за адну ноч у Мінску сталінскія апрычнікі расстралялі 107 выбітных прадстаўнікоў творчай і навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі. Іх жонак, дзяцей і блізкіх сваякоў кінулі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Знішчэнне інтэлектуальнай эліты нашай нацыі было праведзена і ў абласных гарадах.

Трыццаць Сёмы — гэта беспрэцэдэнтная планавасць рэпрэсіўных «спецаперацый». Уся кампанія была загадзя старанна прадуманая вышэйшым палітычным кіраўніцтвам СССР і праходзіла пад яго пастаянным кантролем. У сакрэтных загадах НКУС вызначаліся тэрміны правядзення асобных аперацый, групы і катэгорыі насельніцтва, якія падпадалі «чыстцы», а таксама «ліміты» — планавыя лічбы арыштаў і расстрэлаў па кожным рэгіёне. Любыя змены, любыя «ініцыятывы знізу» павінны былі ўзгадняцца з Масквой і атрымліваць яе ўхвалу.

Рэпрэсіі грунтоўна закранулі, у прыватнасці, прадстаўнікоў новых беларускіх эліт — палітычнай, ваеннай, гаспадарчай. Расправа з людзьмі, імёны якіх былі вядомыя ўсёй краіне (менавіта пра іх у першую чаргу паведамлялі газеты) і ў лаяльнасці якіх не было ніякіх падстаў сумнявацца, павялічвала паніку і пагаршала масавы псіхоз. Пасля нарадзіўся нават міф пра тое, што Вялікі Тэрор быццам бы быў накіраваны выключна супраць старых бальшавікоў і партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва. Насамрэч, пераважная большасць арыштаваных і расстраляных — простыя савецкія грамадзяне, беспартыйныя і ні да якіх эліт не належалі.

Трыццаць Сёмы — гэта невядомыя сусветнай гісторыі маштабы фальсіфікацыі абвінавачванняў. У 1937–1938 гадах магчымасць арышту вызначалася, галоўным чынам, прыналежнасцю да якой-небудзь катэгорыі насельніцтва, паказанай у адным з «аператыўных загадаў» НКУС, ці сувязямі — службовымі, роднаснымі, сяброўскімі — з людзьмі, арыштаванымі раней. Фармуляванне індывідуальнай «віны» было клопатам следчых. Таму сотням і сотням тысяч арыштаваных прад’яўляліся фантастычныя абвінавачванні ў «контррэвалюцыйных змовах», «шпіянажы», «падрыхтоўцы да тэрарыстычных актаў», «дыверсіях» і да т.п.

Трыццаць Сёмы — гэта адраджэнне ў ХХ стагоддзі нормаў сярэднявечнага інквізіцыйнага працэсу, з усёй яго традыцыйнай атрыбутыкай: завочнасцю (у пераважнай большасці выпадкаў), квазісудовай працэдурай, адсутнасцю абароны, фактычным аб’яднаннем у рамках аднаго ведамства роляў следчага, абвінаваўцы, суддзі і ката. Зноў, як у часы інквізіцыі, галоўным доказам стала рытуальнае «прызнанне сваёй віны» самім падследным. Імкненне дамагчыся такога прызнання ў спалучэнні з адвольнасцю і фантастычнасцю абвінавачванняў прывялі да масавага ўжывання катаванняў; улетку 1937 года катаванні былі афіцыйна санкцыянаваныя і рэкамендаваныя як метад вядзення следства.

Трыццаць Сёмы — гэта надзвычайны і зачынены характар судаводства. Гэта таямніца, якая ахінула адпраўленне «правасуддзя», гэта непранікальная сакрэтнасць вакол расстрэльных палігонаў і месцаў пахаванняў пакараных. Гэта сістэматычная шматгадовая афіцыйная хлусня пра лёсы расстраляных: спачатку — пра міфічныя «лагеры без права перапіскі», затым — пра смерць, якая наступіла быццам бы ад хваробы, з указаннем фальшывых даты і месца смерці.

Трыццаць Сёмы — гэта кругавая парука, якой сталінскае кіраўніцтва імкнулася павязаць увесь народ. Па ўсёй краіне праходзілі сходы, на якіх людзей прымушалі бурна апладзіраваць публічнай хлусні пра выкрытых і абясшкоджаных «ворагаў народа». Дзяцей змушалі адракацца ад арыштаваных бацькоў, жонак — ад мужоў.

Гэта злавесная абрэвіятура «ЧСИР» — «чалец сям’і здрадніка Радзімы», якая сама па сабе з’явілася прысудам да зняволення ў адмысловыя лагеры для дваццаці тысяч удоў, чые мужы былі пакараныя па рашэнні Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда. Гэта сотні тысяч «сірот Трыццаць Сёмага» — людзей з выкрадзеным дзяцінствам і паламаным юнацтвам.

Гэта канчатковая дэвальвацыя каштоўнасці чалавечага жыцця і свабоды. Гэта культ чэкізму, рамантызацыя гвалту, абагаўленне ідала дзяржавы. Гэта эпоха поўнага зрушэння ў народнай свядомасці ўсіх прававых паняццяў.

Нарэшце, Трыццаць Сёмы — гэта фантастычнае спалучэнне вакханаліі тэрору з нястрымнай прапагандысцкай кампаніяй, якая ўсхваляла самую дасканалую ў свеце савецкую дэмакратыю, самую дэмакратычную ў свеце савецкую Канстытуцыю, вялікія здзяйсненні і працоўныя подзвігі савецкага народа. Менавіта ў 1937 годзе канчаткова сфармавалася характэрная рыса савецкага грамадства — двудумства, следства раздвойвання рэальнасці, навязанае прапагандай грамадскай і індывідуальнай свядомасці.

І цяпер, праз семдзесят пяць гадоў, у стэрэатыпах грамадскага жыцця і дзяржаўнай палітыкі Беларусі выразна заўважаецца згубны ўплыў як самой катастрофы 1937–1938 гадоў, так і ўсёй той сістэмы дзяржаўнага гвалту, знакам і квінтэсенцыяй якога сталі гэтыя гады. Гэта катастрофа ўвайшла ў масавую і індывідуальную падсвядомасць, пакалечыла псіхалогію людзей, абвастрыла застарэлыя хваробы нашага менталітэту, атрыманыя ў спадчыну яшчэ ад Расійскай імперыі, спарадзіла новыя небяспечныя комплексы.

Непераадолены досвед Вялікага Тэрору — гэта:

•    адчуванне мізэрнасці чалавечага жыцця і свабоды перад балванам улады;

•    звычка да «кіраванага правасуддзя», праваахоўныя органы, якія падпарадкоўваюць сваю дзейнасць не норме закона, а загадам начальства, — гэта відавочная спадчына Вялікага Тэрору;

•    імітацыя дэмакратычнага працэсу пры адначасовым выхалошчванні асноўных дэмакратычных інстытуцый і адкрытым грэбаванні правамі і свабодамі чалавека, парушэнні Канстытуцыі, што здзяйсняюцца пад акампанемент клятваў у шчырай адданасці канстытуцыйнаму парадку;

•    рэфлекторная непрыязнасць сённяшняга бюракратычнага апарата да незалежнай грамадскай актыўнасці, бесперапынныя спробы паставіць яе пад жорсткі дзяржаўны кантроль;

•    уваскрашэнне ў сучаснай беларускай палітыцы старой канцэпцыі «варожага асяроддзя», падазронасць і варожасць да ўсяго замежнага, істэрычны пошук «ворагаў» за мяжой і «пятай калоны» ўнутры краіны;

•    інтэлектуальны канфармізм, боязь усялякай «іншасці», адсутнасць звычкі да свабоднага і незалежнага мыслення, схільнасць да хлусні;

•    нястрымны цынізм — адваротны бок двудумства, ваўчыная лагерная мараль («памры ты сёння, а я заўтра»), страта традыцыйных сямейных каштоўнасцяў;

•    катастрафічная раз’яднанасць людзей, стаднасць, якая падмяніла калектывізм, востры дэфіцыт чалавечай салідарнасці.

Зразумела, сёння спадчына Вялікага Тэрору не ўвасабляецца і наўрад ці можа ўвасобіцца ў ранейшым маштабе — мы жывём у зусім іншую эпоху. Але гэта спадчына, не асэнсаваная грамадствам, і, такім чынам, не пераадоленая ім, лёгка можа стаць праклёнам цяперашняга і будучых пакаленняў, якія прарываюцца вонкі то ў выглядзе дзяржаўнай маніі велічы, то ўзнаўленнем шпіёнаманіі, то рэцыдывамі рэпрэсіўнай палітыкі.

Апошнія два дзесяцігоддзі паказалі, што найперш патрэбныя публічны разгляд і асэнсаванне палітычнага тэрору савецкага перыяду з прававых пазіцый.

Неабходна забяспечыць спрыяльныя ўмовы для працягу і пашырэння даследчай працы па гісторыі дзяржаўнага тэрору ў БССР. Варта зняць усе штучныя і неабгрунтаваныя абмежаванні доступу да архіўных матэрыялаў, што датычаць палітычных рэпрэсій, якія дзейнічаюць цяпер.



Неабходна зрабіць агульным здабыткам сучасныя гістарычныя веды пра эпоху тэрору: стварыць нарэшце падручнікі гісторыі для школ і ВНУ, у якіх тэме палітычных рэпрэсій (і ў прыватнасці, Вялікаму Тэрору) было б нададзена месца, якое адпавядае іх гістарычнаму значэнню.

Неабходны асветныя і культурныя праграмы, прысвечаныя гэтай тэме, на каналах тэлебачання неабходна дзяржаўная падтрымка для выдавецкіх праектаў па выпуску навуковай, асветнай, мемуарнай літаратуры, прысвечанай тэрору.

Неабходна стварыць агульнанацыянальны Музей гісторыі дзяржаўнага тэрору, які будзе адпавядаць па сваім статуце і ўзроўню маштабам трагедыі, і зрабіць яго метадычным і навуковым цэнтрам музейнай працы па гэтай тэме. Гісторыя тэрору і ГУЛАГа павінна быць прадстаўлена ва ўсіх гістарычных і краязнаўчых музеях краіны, так, як гэта робіцца, напрыклад, у дачыненні да іншай грандыёзнай гістарычнай трагедыі — Вялікай Айчыннай вайны.

Неабходна, нарэшце, узвесці ў Мінску агульнанацыянальны помнік загінулым, які быў бы пастаўлены дзяржавай і ад імя дзяржавы. Такі помнік нам абяцаюць вось ужо 22 гады  — самы час выканаць абяцанне. Але гэтага мала: трэба, каб помнікі ахвярам тэрору ўсталявалі па ўсёй краіне.

У краіне павінны з’явіцца памятныя знакі і мемарыяльныя дошкі, якія адзначалі б месцы, звязаныя з інфраструктурай тэрору: захаваныя будынкі следчых і перасыльных турмаў, палітізалятараў, упраўленняў НКУС і інш.

Неабходна прыбраць з назваў вуліц і плошчаў, дый з назваў населеных пунктаў, імёны дзяржаўных дзеячаў — арганізатараў і актыўных удзельнікаў тэрору. Тапаніміка не можа больш заставацца зонай увекавечання памяці злачынцаў.

Неабходна дзяржаўная праграма падрыхтоўкі і выдання ва ўсіх абласцях Кніг памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.

Тэрмінова неабходна распрацаваць і ажыццявіць агульнадзяржаўную ці нават міждзяржаўную праграму пошуку і мемарыялізацыі месцаў пахаванняў ахвяр тэрору. Гэта праблема не столькі адукацыйная і асветніцкая, колькі маральная. На тэрыторыі былога СССР, у тым ліку і БССР, — шматлікія сотні расстрэльных равоў і брацкіх магіл, дзе таемна закопвалі пакараных, тысячы лагерных і спецпасяленскіх могільнікаў.

Усё гэта спрыяла б аднаўленню памяці пра адну з найбуйнейшых гуманітарных катастроф ХХ стагоддзя і дапамагло б выпрацаваць устойлівы імунітэт да таталітарных стэрэатыпаў.

У асэнсаванні Вялікага Тэрору і, шырэй, усяго досведу савецкай гісторыі, мае патрэбу не толькі Беларусь і не толькі краіны, якія ўваходзілі ў СССР ці ў склад «сацыялістычнага лагера». У такім абмеркаванні маюць патрэбу ўсе краіны і народы, усё чалавецтва, бо падзеі Вялікага Тэрору наклалі адбітак не толькі на савецкую, але і на сусветную гісторыю. Курапаты, ГУЛАГ, Калыма, Трыццаць Сёмы — такія ж знакі ХХ стагоддзі, як Асвенцым і Хірасіма.

Каментаваць