Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Вялікі тэрор у БССР. Шкоднікі паўсюль

Шкодніцкай і дыверсійнай дзейнасцю ў народнай гаспадарцы БССР кіравалі, на думку следчых, былы старшыня СНК БССР Галадзед і яго намеснік Саакян. Акрамя агульнага кіраўніцтва шкодніцтвам, былі яшчэ кіраўнікі па розных галінах.


Пачатак тут: Вялікі тэрор у БССР: шпіёны, тэрарысты, шкоднікі 


Так, шкодніцтвам у паліўна-энергетычнай гаспадарцы кіраваў Пятровіч, у тарфяной прамысловасці — начальнік Белторфа Кузняцоў, у швейнай — дырэктар Белшвейтрэста Карасік, шкодніцтвам у Наркамаце ўнутранага гандлю кіраваў наркам Гурэвіч, у Наркамаце аховы здароўя — Сурта і Бурачэўскі, у мясцовай прамысловасці — старшыня Дзяржплана БССР Лябовіч і працаўнік Дзяржплана Айзэнсон, у галіне сельскай гаспадаркі — сакратар ЦВК БССР Ляўкоў, у галіне свінагадоўлі — Стрэлле.

Па лініі Наркамата земляробства — Бенэк, ажыццяўляў кіраўніцтва па распаўсюджванні інфекцыйных захворванняў жывёлы Іваноў, у галіне фінансаў — наркам фінансаў Кудзелька, практычнай падрыўной дзейнасцю ў падатковай сістэме кіраваў Лехерзаг, у камунальнай гаспадарцы — кіраўнікі наркамата Амбражунас і Васерман.

Дыверсійна-шкодніцкай працай у прамысловасці кіравалі Гікала, Шаранговіч, Галадзед, Валковіч, Любавіч, Балтын, Геаргадзе, Амбражунас, Васерман. Усе кіраўнікі ААП былі расстраляныя. Верагодна, што частка з іх — у Курапатах.

Улетку 1937 года быў падрыхтаваны «Агляд матэрыялаў аб шкодніцкай рабоце ўдзельнікаў аб’яднанага контррэвалюцыйнага падполля ў БССР». Агляд складаўся з 30 старонак машынапіснага тэксту, уключаў матэрыялы — 20 старонак даведкі «Аб праведзеных нацыянал-фашысцкай арганізацыяй шкодніцкіх, падрыўных і разбуральных актах у прамысловасці і фінансавай гаспадарцы БССР».

Канчатковыя «Вынікі разгрому антысавецкага падполля ў БССР» былі падведзеныя ў чэрвені 1938 года. Яны ўяўляюць сабой брашуру з 70 старонак. Усталяваць дакладную колькасць рэпрэсаваных па гэтых дакументах немагчыма. Следчыя ў 1937–1938 гадах нават не пачыналі спецыяльных крымінальных спраў, абмяжоўваючыся пералікам прозвішчаў асуджаных — так званыя «альбомныя спісы», многія з якіх па розных прычынах не захаваліся.

Для параўнання з сённяшнімі падзеямі ўзгадаем, што сабой уяўляла шкодніцтва, за якое людзі былі расстраляныя.

«Шкодніцкія арганізацыі» былі знойдзеныя па ўсіх асноўных напрамках развіцця сельскай гаспадаркі: пры ўпарадкаванні зямлі, у паляводстве, жывёлагадоўлі, падрыхтоўцы сельскагаспадарчых кадраў, пры правядзенні арганізацыйных мерапрыемстваў па ўмацаванні і пашырэнні калектывізацыі, у «насаджэнні» ў БССР саўгасаў і гэтак далей.

Шкодніцтва ва ўпарадкаванні зямлі было ў тым, што «нарэзаныя палі сяўбазваротаў у калгасах наўмысна адрываліся ад агранамічнай часткі, у выніку чаго атрымлівалася, што нарэзаныя палі землеўпарадчыкамі заставаліся толькі на плане, не маючы палёў сяўбазвароту, і фактычна калгасы заставаліся без уведзеных сяўбаўваротаў і сеялі па-ранейшаму абы-дзе».

Мемарыяльны комплекс у Чарнагубава Капыльскага раёна Фота: Друпаў Аляксей

Створаныя на былых сялянскіх землях саўгасы (каля 50) аказаліся нерэнтабельнымі, штогадовая страта ад іх дзейнасці складала 12–13 млн. рублёў. Адначасова расла незадаволенасць сялян, гвалтоўна пераўтвораных у сельскагаспадарчых рабочых. «Усе стратныя саўгасы створаны па заданні палякаў», — канстатавалі следчыя, абвінаваціўшы ў шпіёнскай дзейнасці наркама саўгасаў Турлая і яго намесніка Дындзіна.

У галіне паляводства «шкодніцтва» было накіраванае, перш за ўсё, на насенняводства — «у частцы ўліку і захоўвання сартавога матэрыялу і ўліку плошчаў, засеяных сартавым насеннем». Сартавое насенне змешвалі з несартавым і вясной калгасам выдавалі пад выглядам сартавога. У канцы верасня 1937 года арыштавана 9 чалавек: у Мінску — кіраўнік «Белзаготзерно», яго намеснік, начальнік сектара збыту і інструктар па якасці, у Гомелі і Оршы — кіраўнікі мясцовымі канторамі, у Полацку і Лепелі — загадчыкі складамі. Падлягалі арышту яшчэ 25 чалавек, якія, па версіі следчых, займаліся заражэннем збожжа на складах, закідвалі ў муку шкло і метал, зрывалі фінансаванне і рамонт складоў, арганізацыю супрацьпажарнай аховы. Іх таксама зрабілі адказнымі за выпуск недабраякаснага хлеба, перабоі з хлебам у гандлі.

У кастрычніку 1937 года былі арыштаваныя загадчыкі пунктамі і тэхнічныя кіраўнікі «Закупзерне» ў Калінкавічах, Віцебску, Барысаве, Магілёве, Полацку. У Бабруйску кіраўніком арганізацыі названы дырэктар Хайкін. На следстве ён паказаў: «У Закупзерне я і іншыя асобы займаліся шкодніцтвам, заражалі прадукты». Да шкодніцкай акцый былі аднесеныя выпадкі зрыву пагрузкі насеннага збожжа, несвоечасовая вывазка на чыгуначную станцыю запчастак да трактароў, угнаенняў. Шкоднікаў знайшлі ў МТС — там яны ламалі ці дрэнна рамантавалі трактары, зрываючы тэрміны сяўбы і ўборкі.

«У галіне сцягвання хутароў» шкодніцтва выяўлялася ў зрывах планаў сцягвання, змянення планаў для раёнаў, дзе вялося будаўніцтва дамоў для адселеных хутаранцаў, «перакідка крэдытаў з аднаго раёна ў іншы».

Шкодніцтва ў жывёлагадоўлі было накіраванае «на памяншэнне пагалоўя жывёлы, асабліва конскага пагалоўя ў БССР», зрыву плана развіцця жывёлагадоўлі, наўмысны распаўсюд інфекцыйных захворванняў. Праверка конскага пагалоўя ў БССР, праведзеная ў 1937 годзе ў сувязі з патрабаваннем ваенных ведамстваў аб мабілізацыі коней у ваенны час, паказала, што 30 тысяч коней у 36 раёнах хварэюць на інфекцыйную анемію. У Ветупраўленні Наркамата Земляробства імкнуліся «не падымаць панікі», аднак ветэрынараў бракавала, рэкамендацыі спецыялістаў на месцах не выконваліся: хворыя коні працавалі разам са здаровымі, іх не лячылі зыходзячы з навукова абгрунтаваных методык. Шкодніцкую «арганізацыю правых» па заражэнні жывёл знайшлі ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце. Такая ж арганізацыя была выкрытая ў Хойніцкім раёне, у якім 300 коней была ўведзеная няякасная проціменінгітная сыроватка.

Шкодніцтва пры меліярацыі Палесся тлумачылася наступным чынам: «Калі справа тычылася асушэння Палескіх балот, у чым былі зацікаўленыя палякі, бо гэтыя балоты, на думку апошніх, у час вайны з СССР могуць з’яўляцца сур’ёзнай перашкодай для прасоўвання польскіх войскаў на тэрыторыю БССР, то сябры арганізацыі ўсяляк імкнуліся і настойвалі на больш хуткім правядзенні праекта асушэння Палескіх балот у жыццё».

У прамысловасці шкодніцтва выявілася ў першую чаргу ў «дэзарганізацыі энергетыкі»: стварэнні дыспрапорцыі паміж патрэбамі ў паліве, перш за ўсё торфе і забеспячэнні мясцовым палівам энергетычных цэнтраў — БелДРЭС імя Сталіна, электрастанцый Мінска, Гомеля, Магілёва, Оршы, а таксама ў недахопе электраэнергіі. Адпаведна, шкодніцкія арганізацыі былі выяўленыя на найбуйнейшым тарфяным заводзе «Асінторф» і БелДРЭС імя Сталіна. Кіраўнікі — галоўныя спецыялісты гэтых прадпрыемстваў — былі арыштаваныя.

У 1934 годзе ў выніку чарговай рэарганізацыі сістэмы дзяржаўнага кіравання эканомікай быў ліквідаваны трэст «Белэнерга», які кіраваў будаўніцтвам электрастанцый і рабіў электрамантажныя працы. Паколькі праца электрастанцый ад гэтага толькі пагоршылася, рэарганізацыя была прызнаная шкодніцкай. Наяўнасць шкоднікаў падмацоўвалася яшчэ і тым, што тэрміны будаўніцтва і ўводу новых магутнасцяў электрастанцый зрываліся (Барысаўская і Мінская ЦЭЦ, БелДРЭС, Гомельская электрастанцыя).

За аварыі на электрастанцыях і звязаныя з імі перабоі ў падачы электраэнергіі для прадпрыемстваў на БелДРЭС быў арыштаваны галоўны інжынер Аўчыннікаў, інжынер-канструктар, дырэктар, начальнік электрацэха і кацельнага цэха. Галоўны інжынер прызнаны кіраўніком дыверсійна-шкодніцкай арганізацыі. Аналагічныя «арганізацыі» выкрытыя на Мінскай ЦЭЦ і Гомельскай электрастанцыі.

У студзені 1937 года была раскрытая «драпежніцкая група», якая займалася, як палічылі следчыя, крадзяжом правадоў і электраматэрыялаў. Паколькі дзяржаўнае нармаванне матэрыялаў ва ўмовах дэфіцыту ў маштабах краіны зрабіць без лішкаў або нястачы было ў прынцыпе немагчыма, прадпрымальныя рабочыя (у групу ўваходзілі 12 чалавек) заказвалі больш матэрыялаў, чым было патрэбна для канкрэтнай працы. Узніклыя лішкі затым рэалізоўвалі, робячы электрамантажныя працы ў… дзяржаўных установах! Варта адзначыць, што ў выніку ліквідацыі групы чарга на правядзенне дробных электрамантажных работ моцна павялічылася.


Зрыў мадэрнізацыі

Кіруючыся «прамымі ўказаннямі польскага консульства ў Мінску», быў сарваны план індустрыялізацыі БССР — з-за «зацяжак будаўніцтва па большасці найважнейшых аб’ектаў і змярцвення капіталаўкладанняў»: Ацэтоннага завода ў Быхаве, кацельнага завода ў Магілёве, Старобінскай электрастанцыі, фабрыкі «Кастрычнік» у Мінску, Акадэміі Навук, Аршанскага льнокамбіната, Мінскай абутковай фабрыкі, Магілёўскага трубаліцейнага завода, механічнага цэха Мінскай металургічнай фабрыкі імя Кірава, Гомельскага тлушчавага камбіната...

Адказная за гэта «шкодніцкая арганізацыя» была знойдзеная ў Дзяржплане. Яе ўдзельнікі «памяншалі штогод фінансаванне капітальнага будаўніцтва большасці прадпрыемстваў, складалі перабольшаныя планы забеспячэння будоўляў будматэрыяламі».

З-за правядзення маштабных аперацый па будаўніцтве жылля, звязаных з перасяленнем жыхароў хутароў у вёскі, інтэнсіфікацыі будаўніцтва ваенных аб’ектаў у 1936–1938 гадах у БССР стаўся дэфіцыт цэглы. Для пашырэння яе вытворчасці было прынятае рашэнне не будаваць новыя заводы (лічылася, што попыт на цэглу носіць часовы характар), а прыбудаваць да ўжо наяўных штучныя сушылкі. Ідэя сушылак не была дастаткова прадуманай, а яе канкрэтнае ўвасабленне ў жыццё аказалася непрыдатным — цэгла выходзіла даражэй і вельмі дрэннай якасці. Шкодніцкую арганізацыю выявілі на Віцебскім цагляным заводзе № 13, дзе бракаванай цэглы выраблялася асабліва шмат.

На будоўлях не хапала не толькі цэглы і вапны, але і лесаматэрыялаў. Таму ў снежні 1937 года была выкрытая шкодніцкая арганізацыя ў трэсце «Лесбел». Падрыўная дзейнасць была накіравана «на зрыў лесавывазкі і нарыхтоўкі, драпежніцкай распрацоўкі лесу і дэзарганізацыі лесаапрацоўваючай прамысловасці БССР». Расследаванне выявіла вялікую колькасць фактаў безгаспадарчасці: дубовы лес пусцілі на дровы (Рэчыца, Гомель), алешыну і дуб — для вытворчасці бочак (Клічаўскі лясгас) і гэтак далей. Дрэннае планаванне, адсутнасць механізацыі пры вывазе лесу, «вычварэнства з метадаў Стаханаўскага руху» (брыгадзірам прыпісвалася праца брыгады), парушэнне тэхнікі бяспекі і рост траўматызму (3200 выпадкаў за 1936 год, з іх 26 — са смяротным зыходам і 34 — з інваліднасцю) — усё гэта было прадстаўлена як вынікі злачыннай дзейнасці кіраўнікоў трэсту і дырэктараў лясгасаў Нараўлянскага, Слуцкага, Чэрыкаўскага раёнаў. Было знойдзенае таксама «схаванае хабарніцтва», калі дырэктары лясгасаў пад выглядам аплаты расходаў па вярбоўцы працоўнай сілы плацілі значныя грошы кіруючым работнікам раёнаў — як сакратарам райкамаў, так і сакратарам выканкамаў.

У зрыве развіцця харчовай прамысловасці на базе мясцовых харчовых рэсурсаў таксама вінавацілі ўдзельнікаў ААП. У першую чаргу гэта тычылася перапрацоўкі гародніны і ягад. «Саматужныя заводы, пабудаваныя Белплодгароднінай і Белкааплодгароднінай, былі арганізаваны па-шкодніцку і выпускалі паўфабрыкаты настолькі дрэннай якасці, што спажывец не браў іх», — тлумачылі спецслужбы прычыны арыштаў, праведзеных у гэтых трэстах.

Да чэрвеня 1938 года шкодніцтва ў сістэме наркамата харчовай прамысловасці было выяўлена таксама ў «халадзільнай» і «мясной» прамысловасці, хлебапячэнні, прамысловым і жыллёвым будаўніцтве. Прадпрыемствы мясной прамысловасці былі «засмечаныя» злодзеямі і жулікамі, якія займаліся проста крадзяжамі. У «галіне хлебапячэння» шкодніцтва выяўлялася ва ўкладванні сродкаў у будаўніцтва саматужных хлебапекарняў на шкоду будаўніцтву механізаваных хлебазаводаў. У выніку быў створаны «разрыў» паміж магчымасцямі вытворчай базы і патрэбамі насельніцтва і арміі ў 300 тон хлеба на суткі.

Невыкананне планаў, аварыі, брак на заводах таксама з’яўляліся дзеяннямі шкоднікаў.



Шкоднікі — перашкода дабрабыту

Афіцыйная савецкая ідэалогія сцвярджала (як, дарэчы, і сёння), што савецкая дзяржава адной з найважнейшых сваіх задач лічыць задавальненне патрэбаў насельніцтва і рост дабрабыту людзей. Паколькі ў канцы 1930-х гадоў жыццё савецкіх людзей усё яшчэ адрознівалася ў горшы бок ад 1913 года, адставанне тлумачылі інтрыгамі шкоднікаў. Маўляў, кіраўніцтва краіны прымае правільныя рашэнні, а шкоднікі замінаюць жыць камфортна.

Шкодніцкія арганізацыі знайшлі на фабрыках, якія выпускалі непрыгожую і нязручную вопратку і абутак. Шкоднікаў з ААП абвінавацілі ў зрыве будаўніцтва Віцебскай (будавалася 4 гады, затым была разбурана з-за няправільна складзенага праекта) і Мінскай лазняў, пральні ў Магілёве, распачатай, але не скончанай рэканструкцыі і пашырэння сеткі мінскага водаправода. Чэкісты раскрылі «драпежніцкую групу», якая займалася крадзяжом вадаправодных і каналізацыйных труб і «іншых вострадэфіцытных тавараў». Групу назвалі Оксенкруг — па прозвішчы братоў, якія кіравалі крадзяжамі. Насельніцтва, якое не пераставала скардзіцца на бытавыя нязручнасці, з разуменнем паставілася да таго, што шкоднікі, вінаватыя ў гэтых нязручнасцях, былі пакараныя.

Скаргі і нараканні выклікала медыцынскае абслугоўванне. Таму шкодніцтва знайшлі «па лініі выкліку масавых інфекцыйных захворванняў, зрыву лячэбных мерапрыемстваў у рэспубліцы, галоўным чынам, на вёсцы, сабатажу мерапрыемстваў па ахове мацярынства і дзяцінства і зрыву падрыхтоўкі новых кадраў». У 1937–1938 гадах шкодніцкая арганізацыя была ліквідаваная ў сістэме наркамата аховы здароўя. Адным з кіраўнікоў арганізацыі з’яўляўся намеснік наркама Плаўнік. Арыштаваныя таксама загадчыца сектарам аховы дзяцей Камянецкая, начальнік упраўлення аховы мацярынства і дзяцінства Кантаровіч, старшыня ЦК прафсаюза Медсантруда БССР Сакалінскі.

Дэфіцыт пісчай паперы тлумачылі дзеяннямі «драпежніцкай групы» ў сістэме Белканторы «Союзпаперасбыта». У лютым 1937 года былі арыштаваныя загадчык базай Засялевіч, бухгалтар, экспедытар, рабочыя — усяго 8 чалавек.

Галоўнымі следствамі шкодніцтва ў гандлі і забеспячэнні былі прызнаныя «стварэнне штучных цяжкасцяў у забеспячэнні насельніцтва хлебам, прадуктамі харчавання і таварамі шырокага спажывання». Шкоднікам інкрымінавалі наяўнасць вялізных чэргаў. Да шкодніцтва ў гандлі таксама былі прылічаныя скарачэнне капіталаўкладанняў у гандаль, малая колькасць гандлёвых кропак у рабочых раёнах, засмечанасць «гандлёвых кадраў сацыяльна чужымі і варожымі элементамі». Арышты былі праведзеныя ў Наркамаце гандлю (арыштаваныя Гурэвіч, Барзунов, Макаў, Жогаў). Ячэйка «арганізацыі правых» была знойдзеная ў Галоўгандлі БССР. Арыштаваныя яго начальнік Шароў, дырэктар Мінскага трэста рэстаранаў і кафэ Пятроў.

Шкодніцтва было выкрытае і ў галіне дарожнага будаўніцтва, з-за «адсутнасці забеспячэння кантролю за будаўніцтвам і рамонтам дарог нізавой сеткі». Да шкоднікаў прылічылі начальніка Белдзяржбуда Мудрагеленка, сакратара ЦК КП(б)Б па транспарце Іванова, якому таксама інкрымінавалі кіраўніцтва шкодніцтвам пры будаўніцтве дарог абароннага значэння.


Дайшлі да верху

Шкодніцтва ў фінансавай сферы, як лічылі супрацоўнікі НКУС БССР, праводзілася «па дзвюх асноўных лініях — у фінансаванні народнай гаспадаркі і ў правядзенні падатковай палітыкі», а таксама «па лініі дзяржаўнага бюджэту і дзяржаўных выдаткаў». Як шкодніцтва было названае прымяненне фінансавых санкцый да гаспадарчых арганізацый, асабліва калі гэта выклікала невыкананне вытворчых планаў, затрымку зарплаты, гвалтоўнае адабранне маёмасці незаможных падаткаплацельшчыкаў — усё, што выклікала вялікую незадаволенасць насельніцтва.

Аднак найбольшае нараканне чэкістаў было звязанае з фінансавымі планамі, у якіх даходы суб’ектаў гаспадарання былі моцна завышаныя. Істотна, што спецорганы цікавіліся прычынамі завышэння. Яны адзначалі, што завышэнне не прадугледжвала павышэння якасці прадукцыі, мадэрнізацыі вытворчасці. Шкодніцтвам было таксама названа прыпыненне фінансавання трэстаў, прадпрыемстваў у выпадку невыканання імі планавых заданняў. Асабліва істотныя маштабы шкодніцтва былі ў абласцях торфаздабычы і будаўніцтва, дзе таксама дзейнічалі арганізацыі ААП. «З боку ж выканання дзяржаўнага бюджэту ўсё выглядала добра, бюджэт выконваўся, і ў Наркамфіна стваралася рэпутацыя моцнага, выразнага наркамата», — адзначалі следчыя НКУС.

Варта заўважыць, што да шкодніцкіх дзеянняў было аднесенае неразгледжанне «шматлікіх скаргаў, якія паступаюць у НКФ, Саўнаркам і асабліва ў ЦВК БССР», перасылка іх «на месцы для рэагавання тым жа асобам, на якіх яны былі напісаныя. Скаргі або ляжалі без руху, або хадзілі па ўстановах на працягу многіх не толькі месяцаў, але і гадоў». Следчыя справядліва палічылі, што такія дзеянні чыноўнікаў ствараюць «кадры» пакрыўджаных «савецкай уладай сярод насельніцтва БССР». Рэпрэсіі супраць чыноўнікаў кіруючага звяна як у цэнтры, так і ў раёнах павінны былі сведчыць аб аднаўленні справядлівасці ў савецкім грамадстве.

Ва ўдзеле ў «трацкісцкай арганізацыі» былі абвінавачаныя дзеючы пракурор БССР Глезераў і яго папярэднік Кузьмін, старшыня Вярхоўнага суда БССР Кудзельскі, шэраг работнікаў рэспубліканскай пракуратуры (Шыфрын, Мерынгоф і інш.), раённыя пракуроры ў Віцебску, Полацку, Гомелі, Багушэўскім раёне і інш. Пракурораў і суддзяў абвінавацілі ў арганізацыі масавых рэпрэсій супраць працоўных, у тым, што ў БССР «была створаная такая бюракратычная сістэма работы пракуратуры і суда, што пададзеныя скаргі і рознага роду заявы ў органы пракуратуры і суда не разглядаліся, і па іх не прымалася ніякіх мер, што выклікала законнае нараканне з боку насельніцтва».

З вышэйпрыведзенага, але далёка не поўнага апісання прычын эканамічных рэпрэсій вынікае: беларуская савецкая эканоміка працавала і развівалася нездавальняюча. Кантроль з боку спецслужбаў заўсёды быў яе неад’емнай часткай. Ці была гэтая праца эфектыўнай і карыснай? Эфектыўнай — так. Каб мець больш-менш высокія тэмпы развіцця, савецкая эканоміка, па сваёй прыродзе да развіцця не здольная, патрабавала ад спецслужбаў новых выкрыццяў і рэпрэсіяў. Але пытанне наконт таго, якую цану павінны плаціць людзі за свае больш камфортнае жыццё і за ўмацаванне дзяржавы, застаецца адкрытым.

Нявызначаная і памяць пра «эканамічна» рэпрэсаваных — збольшага з іх мала хто рэабілітаваны, бо лічылася і лічыцца, што склад злачынства быў. А гэта дзясяткі тысяч людзей, лёсы якіх былі паламаныя дзяржавай.

Трэба ведаць і памятаць, што ў падмурку савецкага дабрабыту ляжыць Вялікі эканамічны тэрор 1937 года.



Каментаваць