Вострыя грані вызвалення (савецкія газеты 1939 года пра «вызваленчы паход чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь»)

Гісторыя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 года да сённяшняга дня выклікае шмат спрэчак сярод айчынных і замежных гісторыкаў. Трэба канстатаваць, што і зараз не праведзены глыбокі аналіз усіх першакрыніц па гэтай тэме. Напрыклад, асаблівую цікавасць выклікае тое, як падзеі «вызваленчага паходу» апісвала савецкая прэса.
 

...Раніцай 18 верасня 1939 года чытачы вядучых нямецкіх газет на першых старонках выданняў убачылі матэрыялы, прысвечаныя ўступленню Чырвонай Арміі ва Усходнюю Польшчу. Газета «Фёлькішэр беабахтэр» на перадавіцы апублікавала артыкул «Новы закон Усходняй Еўропы». У матэрыяле, у прыватнасці, адзначалася: «Мы бязмежна вітаем дзеянні Масквы, якая абапіраецца на кроўную сувязь паміж насельніцтвам Усходняй Польшчы і з памежным з ім насельніцтвам саюзных рэспублік Беларусі і Украіны». Ужо на наступны дзень рэзюмэ гэтай і іншых нямецкіх публікацый з’явіліся ў «Праўдзе». У адносінах паміж Берлінам і Масквой наступаў кароткі «мядовы месяц».

Пачынаючы з 17 верасня 1939 года старонкі буйных савецкіх перыядычных выданняў стракацелі паведамленнямі пра тое, як насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны радасна сустракае сваіх «вызваліцеляў» з Усходу. Аднак, як ні імкнуліся надаць яркіх фарбаў гэтай падзеі савецкія журналісты, ім даводзілася канстатаваць, што на захад ад Мінска ўсё ж ідзе вайна. Вось як на старонках «Праўды» апісваў пачатак «вызваленчага паходу» адзін з яго ўдзельнікаў: «На досвітку 17 верасня наша частка падышла да мяжы, адкрыла вароты драцяных загарод і прайшла памежныя рубяжы. На пагорку мы атакавалі польскі памежны кардон. Удалося захапіць у палон аднаго польскага салдата і капрала. Чырвоная Армія хутка прасоўваецца наперад». «Камсамольская праўда» таксама публікавала ўражанні чырвонаармейцаў, якія пераходзілі мяжу з Польшчай 17 верасня: «Палякі, убачыўшы нас, адкрылі агонь з вокнаў стражніцы. Мы кінуліся ў атаку з гранатамі ў руках. Ішлі прама ў лоб. Мне ўдалося падбегчы да самага акна заставы і кінуць у яго гранату. Больш ніхто не страляў. Некалькіх палякаў мы ўзялі ў палон...»

Агрэсія супраць Польшчы, насуперак чаканням савецкага кіраўніцтва, не стала лёгкай прагулкай для Чырвонай Арміі. Безумоўна, польскіх войскаў на тэрыторыі заходнебеларускіх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай было мала. Большасць баяздольных частак і палкоў перад самай вайной былі перакінуты на захад краіны. Але тыя падраздзяленні, якія заставаліся на «крэсах», у большасці сваёй аказалі супраціў Чырвонай Арміі. Напрыклад, не проста прыйшлося чырвонаармейцам у баях пад Пінскам, дзе, як адзначаў журналіст «Камсамольскай праўды», «польскія кавалерысты спрабавалі акружыць савецкія часткі». Жорсткія баі Чырвонай Арміі давялося весці на подступах да Скідзеля. Адным са сведкаў тых падзей быў карэспандэнт «Праўды», які адзначаў, што польскія салдаты не проста ўмацаваліся, але і знішчылі пераправу. Савецкім танкістам давялося перапраўляцца праз раку пад градам куль. Некалькі савецкіх танкаў было падбіта.

Асаблівай увагі заслугоўваюць баявыя дзеянні савецкай авіяцыі ў небе над Заходняй Беларуссю. Некаторыя «подзвігі» «сталінскіх сокалаў» кідаюць у дрыжыкі. У кастрычніку 1939 года ў «Праўдзе» былі апублікаваныя ўспаміны лётчыкаў Беларускага фронту. Прызнаюся, калі б не ведаў, каму належаць гэтыя рэляцыі, падумаў бы, што іх аўтары — пілоты нацысцкага люфтвафэ. Вось адна з іх. «Савецкія войскі падыходзілі да горада Кобрын з боку станцыі Баранавічы. Палякі вырашылі перашкодзіць нашаму прасоўванню і абараніць горад. Праціўнік адправіў з Пінска ў Кобрын буйныя падмацаванні.

Наша звяно ішло першым. Перад станцыяй Гарадзец камандзір пакруціў крыламі сваёй машыны. Гэта азначала: «прыгатавацца». Я перазарадзіў кулямёт, адкрыў прыцэл і спікіраваў на воінскі эшалон, які стаяў на станцыі.

Не паспелі абстраляць адзін эшалон, як сустрэлі другі і з вышыні 400 метраў наваліліся на яго. З дахаў і з вокнаў вагонаў праціўнік адкрыў па нас ружэйна-кулямётны агонь. Мы зайшлі ад паравоза і прайшлі брыючым палётам да хваста цягніка, паліваючы яго свінцовым дажджом. Я ішоў апошнім і бачыў, як ад нашых траплянняў выбухнуў паравоз.

Станцыя Драгічын. На рэйках 6 воінскіх эшалонаў. На пероне мітусяцца людзі. Зноў абстрэльваю эшалоны, затым бярэм курс на Баранавічы. Абстраляныя намі эшалоны гараць, людзі разбягаюцца».

Чытаеш — і ўяўляеш той жах, які адбываўся тады на атакаваных савецкімі самалётамі заходнебеларускіх станцыях. Трэба ўлічваць тое, што «сталінскія сокалы» па сутнасці дапамагалі гітлераўцам. У перыяд з 14 па 17 верасня 1939 года зводныя падраздзяленні 82, 83, 84, 79 і іншых польскіх палкоў на подступах да Кобрына з апошніх сіл стрымлівалі атакі танкавых частак вермахта пад камандаваннем Хайнца Гудэрыяна. Падраздзяленні Войска Польскага, якія выехалі з Пінска, павінны былі ўзмацніць польскі гарнізон гэтага горада, але на шляху польскіх воінскіх эшалонаў апынуліся самалёты з чырвонымі зоркамі на крылах…

І як можна трактаваць усе гэтыя дзеянні савецкага боку? З зямлі і паветра атакуюцца польскія вайсковыя і цывільныя аб’екты. Войскі іншай дзяржавы захопліваюць гарады і мястэчкі? І ўсё гэта камуфлюецца пад нейкую вызваленчую, як цяпер модна казаць, міратворчую місію. Насамрэч адказ просты. Тады ў Заходняй Беларусі ішла сапраўдная вайна.

Ужо ў першыя дні «вызваленчага паходу» ў Мінску з’явіліся польскія ваеннапалонныя. Як адзначалі савецкія газеты, гэта былі ў асноўным афіцэры, прычым многія з іх у свой час служылі ў рускай імператарскай арміі і нядрэнна гаварылі па-руску. Эшалонаў з палоннымі прыбывала ўсё больш і больш. Шмат хто з гэтых людзей праз паўгода скончыць сваё жыццё ў Катыні, Медным, Харкаве ці ў Курапатах пад Мінскам. Іншыя папоўняць шматмільённую армію зняволеных ГУЛАГу, каб потым у 1941 годзе ўступіць у войска генерала Андэрса і змагацца з нацыстамі на захадзе. Але пакуль усе гэтыя людзі, яшчэ да канца не ўсвядоміўшы трагічнасць сітуацыі, у якой яны апынуліся, працягвалі верыць у тое, што неўзабаве іх адпусцяць, бо Савецкі Саюз не знаходзіцца ў стане вайны з Польшчай. З краінай, якая была іх радзімай і якая па змове дыктатараў знікла з карты Еўропы.

Вось толькі некаторыя грані «вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь», якія знайшлі сваё адлюстраванне на старонках тагачаснай савецкай прэсы. Ужо праз некалькі месяцаў, пасля заканчэння вераснёўскіх падзей 1939 года, польская тэматыка знікне са старонак савецкіх газет і будзе толькі зрэдку з’яўляцца ў выглядзе карыкатур на польскі эмігранцкі ўрад. Падзеі тых дзён да сённяшняга часу не да канца вывучаны гісторыкамі, і кожны новы факт з гісторыі 17 верасня 1939 года дапамагае нам ліквідаваць прабелы ў гістарычным мінулым сваёй краіны.
 

Каментаваць