Выбары 1995. Як абіралі апошні Вярхоўны Савет

Дваццаць адзін год таму, 14 мая 1995 года, адбыўся не толькі першы рэферэндум, але і першы тур выбараў у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 13-га склікання.

Перадвыбарная ўлётка Ігара Герменчука




Пасля прэзідэнцкай гонкі 1994 года гэтыя выбары сталі самай значнай і, мабыць, апошняй у найноўшай гісторыі краіны электаральнай кампаніяй, падчас якой грамадзяне мелі магчымасць сапраўды рэалізаваць сваё выбарчае права.

 

Шматлікія палітычныя сілы на выбарах разлічвалі атрымаць прадстаўніцтва ў вышэйшым заканадаўчым органе рэспублікі і вызначаць асноўныя напрамкі яе ўнутранага і знешняга жыцця. Аднак вынікі выбараў аказаліся наўпрост супрацьлеглымі чаканням як шэрагу прэтэндэнтаў, так і экспертаў, і кіраўніцтва краіны.


Пасведчанне даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Бяляцкага Валерыя Сядова.



Умовы, якія змяніліся

 

У 1995 годзе міналі паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання. Для арганізацыі і правядзення новых парламенцкіх выбараў была патрэбна новая заканадаўчая база. Большасць палажэнняў закона аб выбарах народных дэпутатаў, які быў зацверджаны яшчэ 27 кастрычніка 1989 года, састарэлі і не адпавядалі выклікам і павевам часу. Тым больш, што Канстытуцыя, прынятая 15 сакавіка 1994 года знізіла колькасць дэпутатаў Вярхоўнага Савета з 360 да 260 чалавек.

 

У выніку 29 лістапада 1994 года была зацверджана новая рэдакцыя закона аб выбарах, у якім былі дзве найбольш прынцыповыя змены. Па-першае, права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты парламента атрымалі палітычныя партыі. Калі ўлічыць, што на той момант у рэспубліцы было афіцыйна зарэгістравана 34 партыі, то, тэарэтычна, выбары адкрывалі магчымасці прэзентацыі для шырокага спектра палітычных сіл і істотна пашыралі палітычную альтэрнатыву для выбаршчыкаў. Таксама, паводле новай рэдакцыі закона, палітычным партыям дазвалялася фармаваць выбарчыя блокі, што падвышала шанцы тых ці іншых палітычных сіл на поспех.

 

Па-другое, права вылучэння атрымлівалі непасрэдна кандыдаты шляхам збору подпісаў не менш 500 выбаршчыкаў. То бок, адчынялася «акно магчымасцяў» для кандыдатаў, якія не жадалі атаясамліваць сябе з канкрэтнай партыяй, арганізацыяй ці аб’яднаннем.

 

23 снежня 1994 года спецыяльнай пастановай Вярхоўнага Савета выбары былі прызначаны на 14 мая 1995 года. Дзень выбараў — нядзеля — быў абраны відавочна няўдала, улічваючы сезон лецішчаў і агародныя працы, што агаліла праблему яўкі выбаршчыкаў.


Кандыдат у дэпутаты, намеснік старшыні савета Партыі народнай згоды, рэдактар газеты «Згода» Аляксей Кароль



Хто за што змагаўся

 

Дынаміка выбараў прасочваецца дастаткова выразна і ўкладваецца ў два этапы: май 1995 года і лістапад-снежань 1995 года (па тых акругах, дзе выбары не адбыліся). Кожны з этапаў меў свае асаблівасці і вынікі. Для раскладу палітычных сіл, што імкнуліся ў Вярхоўны Савет, характэрна дыферэнцыяцыя на беспартыйных кандыдатаў і прадстаўнікоў палітычных партый і рухаў. З 2438 зарэгістраваных кандыдатаў беспартыйнымі з’яўляліся 1024.

 

Сярод палітычных партый умоўна можна вызначыць тры найбольш магутных цэнтра сілы, кожны з якіх прапанаваў выбаршчыку свой шлях развіцця рэспублікі.

 

На левым флангу панавалі камуністы і аграрыі, якія вылучылі 243 і 103 кандыдата ў дэпутаты адпаведна. У пачатку студзеня 1995 года яны і яшчэ шэраг партый і арганізацый «сацыялістычнай арыентацыі» (Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Беларускі саюз афіцэраў і інш.) падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэпутатаў у Вярхоўны Савет і апублікавалі адпаведны зварот да выбаршчыкаў.

 

Праграмныя ўстаноўкі левых сілаў зводзіліся да таго, каб «карэнным чынам змяніць сутнасць эканамічных рэформаў, накіраваўшы іх на вызваленне эканомікі ад залежнасці заходніх манаполій і вяртанне яе на сацыялістычны шлях развіцця». Дзякуючы гэтаму, сцвярджалася ў звароце, з’явіцца магчымасць спынення «капіталізацыі і разбурэння» краіны, аднаўлення «страчаных сацыяльных гарантый нашага народа»: права на працу, бясплатную адукацыю і медыцынскае абслугоўванне. У выпадку прыходу да ўлады сіл сацыялістычнай арыентацыі, гаварылася ў звароце, будзе праводзіцца палітыка, накіраваная на ўмацаванне працоўнага класа, сялянства і інтэлігенцыі. У звароце катэгарычна гаварылася, што будуць спынены любыя спробы канфрантацыі людзей на нацыянальнай, рэлігійнай і моўнай аснове. У знешняй палітыцы стаўка рабілася на ўмацаванне сувязяў з краінамі СНД. Аднак са «стварэннем спрыяльных умоваў» планавалася праводзіць палітыку, «накіраваную на аднаўленне саюза рэспублік, якія раней уваходзілі ў СССР».


Перадвыбарная ўлётка Уладзіміра Анцулевіча


 

На правым флангу дамінавалі нацыянал-дэмакратычныя сілы, фактычна ўзначаленыя Беларускім народным фронтам (БНФ). Іх галоўная мэта заключалася ў стварэнні магутнага перадвыбарчага блока, які ў свядомасці насельніцтва павінен быў паўстаць не столькі ў якасці традыцыйнага партыйнага аб’яднання, колькі агульнанароднага руху, які адлюстроўвае інтарэсы ўсіх без выключэння слаёў насельніцтва. У студзені 1995 года пагадненне аб стварэнні такога блока тэрмінам на пяць гадоў было падпісана. У блок увайшлі: БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (БСГД), Беларуская сялянская партыя (БКП), Нацыянал-дэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ), Беларускі хрысціянска-дэмакратычны саюз (БХДС). «Лакаматывам» у гэтым саюзе стаў БНФ: менавіта на грунце яго перадвыбарчага камітэта ствараўся адзіны каардынацыйны орган для ўсяго блока. У агульнай складанасці блок выставіў 153 кандыдаты.

 

Ацэньваючы глыбіню сацыяльна-эканамічнага крызісу, перадвыбарная праграма правага блока ў першую чаргу адзначала «непрафесіяналізм уладаў», а затым паказвала на недасканаласць падатковай, бюджэтнай палітыкі, неадпаведнасць структуры вытворчасці рэспублікі яе інтарэсам, высокую ступень маральнай і фізічнай зношанасці асноўных фондаў. У якасці першачарговых мер для аздараўлення эканомікі прапаноўваліся: кардынальная рэформа палітычнай сістэмы (пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў на карысць парламента), змена адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу рэспублікі (ліквідацыя абласнога звяна і сістэмы прэзідэнцкай «вертыкалі») і «набліжэнне нацыянальнага заканадаўства да заканадаўства тых краін, якія дасягнулі найбольшых поспехаў».

 

Праграма ўтрымлівала і традыцыйныя палажэнні, якія спавядаліся нацыянал-дэмакратамі: увядзенне ўласнай валюты, прыватная ўласнасць на зямлю, прыватызацыя, сістэма адраснай сацыяльнай абароны, барацьба з карупцыяй, рашэнне чарнобыльскай праблемы і інш.

 

Характэрная асаблівасць праграмы — яе антырасійская накіраванасць. У выпадку прыходу да ўлады правыя сілы бралі на сябе абавязацельствы ліквідаваць нафтавую залежнасць Беларусі ад Расіі шляхам будаўніцтва Балта-Чарнаморскага калектара, што нібыта дазволіць закупляць «чорнае золата» па нізкай цане з розных крыніц. Акрамя калектара ў праграме дэклараваліся адмова ад грашовых саюзаў з іншымі краінамі, а таксама намер увесці візавы рэжым з ваюючымі дзяржавамі. Хоць Расія канкрэтна і не называлася, але было зразумела, што на ўвазе маецца менавіта яна, з якой Беларусь 12 красавiка 1994 года заключыла Дагавор аб аб'яднанні грашовых сістэм, і якая развязала крывавую вайну ў Чачні.

 

Нарэшце, пазіцыі трэцяй сілы апынулася роўнааддаленымі як ад левай, так ад нацыянал-дэмакратычнай ідэалогіі. Гэтая цэнтрысцкая сіла была прадстаўлена створаным у студзені 1995 года аб’яднаным дэмакратычным блокам «Грамадзянская згода» ў складзе Партыі народнай згоды (ПНЗ), Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (АДПБ) і Грамадзянскай партыі (ГП). Блок вылучыў 187 кандыдатаў. Улічваючы, што на долю ПНЗ даводзілася 115 прэтэндэнтаў, менавіта яна грала ролю першай скрыпкі. Дэкларацыя блока канстатавала цяжкае становішча рэспублікі, якое «параўнальна са стыхійным бедствам або пасляваеннай разрухай», і абвяшчала дэвіз: праз згоду, разумную палітыку і напружаную працу — да квітнеючай Беларусі.


Перадвыбарная ўлётка Святланы Агаронавай

 

Блок дэклараваў умацаванне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, рашучае рэфармаванне старой нежыццяздольнай эканамічнай сістэмы, прыярытэт правоў чалавека над інтарэсамі дзяржавы, нацыянальных і сацыяльных груп, грамадзянскі мір.

 

Натуральна, палітычны спектр не абмежаваўся толькі вышэйазначанымі партыямі. Дэпутацкія мандаты хацелі атрымаць прадстаўнікі панславісцкіх сіл, да якіх можна было прылічыць Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі, Славянскі Сабор «Белая Русь». На авансцэну выйшлі і тыя палітпартыі, якія смела можна назваць экзатычнымі. Гэта Партыя аматараў піва, а таксама Партыя здаровага сэнсу.



 

І хто супраць усіх…

 

Вялікі адбітак на ход выбараў і іх вынікі наклала выканаўчая ўлада ў асобе Аляксандра Лукашэнкі. Для яго найбольш прыдатным варыянтам быў беспартыйны парламент: у такім Вярхоўным Савеце было значна лягчэй стварыць прапрэзідэнцкую фракцыю, а таксама ў выпадку адсутнасці партыйнай кансалідацыі эфектыўна лабіяваць свае інтарэсы. З гэтай мэтай Аляксандр Лукашэнка 30 сакавіка 1995 года падпісаў указ «Аб забеспячэнні роўных магчымасцяў грамадзянам пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», які істотна звужаў перадвыбарчыя магчымасці як асобных кандыдатаў, так і партый. Так, паводле пятага пункту ўказа, выступ кандыдатаў у дэпутаты, давядзенне іх перадвыбарных праграм да выбаршчыкаў павінна было ажыццяўляцца выключна ў мясцовых сродках масавай інфармацыі ў адпаведных выбарчых акругах. Іншымі словамі, кандыдаты ў дэпутаты не мелі права карыстацца рэспубліканскімі СМІ, што відавочна зніжала эфект пазнавальнасці прэтэндэнтаў сярод выбаршчыкаў.

 

Не варта таксама забываць, што на 14 мая 1995 года быў прызначаны агульнарэспубліканскі рэферэндум, ініцыяваны кіраўніком дзяржавы. Рэферэндум, на якім выбаршчыкам трэба было вызначыцца па чатырох пытаннях (наданне рускай мове роўнага статусу з дзяржаўнай беларускай, эканамічная інтэграцыя з Расіяй і інш.), быў непасрэдна накіраваны супраць нацыянал-дэмакратычных сіл.

 

Не абышлося і без наўпроставага «ўздзеяння на народ». Менавіта тады Аляксандр Лукашэнка прамовіў фразу, якая ўвайшла ў зборы ягоных цытат. «Я ні за каго не буду галасаваць. Ні за каго! Усё роўна падмануць. Адны сышлі з ільготамі, другія прыйдуць — ільготы прыхопяць. І яшчэ прэзідэнта будуць ціснуць. Не таму, што я тут супраць выбараў... Але я не пайду галасаваць», — казаў Лукашэнка ў тэлевыступе 20 красавіка 1995 года.

 

Краіна без парламента

 

У выніку 14 мая 1995 года ў Вярхоўны Савет XIII склікання было абрана толькі 18 дэпутатаў. Сітуацыя апынулася лепш па выніках другога тура выбараў, які адбыўся 28 мая, калі быў абраны 101 дэпутат. Такім чынам, агульная колькасць асоб, якія атрымалі дэпутацкія мандаты на майскіх выбарах 1995 года склала 119: 55 парламентароў былі беспартыйнымі, 27 прадстаўлялі камуністаў, 30аграрыяў, 3ПНЗ. Прадстаўнікі некаторых партый атрымалі па адным мандаце.

 

Прэзідэнцкая ўлада запэўнівала выбаршчыкаў, што ў такіх выніках выбараў вінаваты сам парламент. Галоўны рэдактар праўладнага выдання «Советская Белоруссия» Павал Якубовіч сцвярджаў, што «Вярхоўны Савет стаў ледзь ці не самай галоўнай крыніцай напружанасці ў рэспубліцы, паколькі менавіта адтуль спакойнае і стабільнае грамадства рэгулярна атрымлівала порцыю ін’екцыі разбуральнай агрэсіі».

 

119 дэпутатаў было недастаткова для пачатку работы Вярхоўнага Савета. Для яго працы, згодна з заканадаўствам, патрабавалася не менш як дзве траціны дэпутатаў, мінімум 174 парламентары. 14 чэрвеня 1995 года дэпутаты зацвердзілі пастанову аб правядзенні паўторных выбараў. Яны былі прызначаныя на 29 лістапада 1995 года. Гэтым разам дэпутаты былі больш прадбачлівыя: прызначылі выбары на сераду, якая абвяшчалася непрацоўным днём.

 

Горкія ўрокі выбараў прымусілі найбольш буйныя палітычныя партыі перагледзець тактыку і стратэгію. У некаторых партыях наспела тэндэнцыя расколу, змены лідараў. Змянілася кіраўніцтва ПНЗ (сышоў Генадзь Карпенка) і БСДГ (сышоў Алег Трусаў, якога змяніў Мікалай Статкевіч). 8 ліпеня 1995 года на IV з’ездзе БНФ прайшло галасаванне па кандыдатуры новага кіраўніка. Упершыню была выстаўлена (праўда, безвынікова) альтэрнатыва Зянону Пазьняку ў асобах намесніка старшыні Сойма БНФ Юрыя Хадыкі і кіраўніка сталічнага Першамайскага аддзялення БНФ Валера Грыцука.

 

Некаторыя партыі, каб заваяваць максімальную колькасць мандатаў, вырашылі кансалідавацца. 25 ліпеня 1995 года прадстаўнікі ПНЗ, БСДГ і Усебеларускай партыі адзінства і згоды, якую ўзначальваў вядомы дэпутат Дзмітрый Булахаў, падпісалі ў сталічным Доме-музеі I з’езда РСДРП пагадненне аб утварэнні Сацыял-дэмакратычнага саюза (СДС). На паўторныя выбары СДС ішоў пад лозунгам: не — дзікаму капіталізму, так — сацыяльнаму дзяржаве!


Перадвыбарны плакат незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды. 


 

І зноў улада

 

Паўторным выбарам папярэднічаў перыяд вострага палітычнага супрацьстаяння паміж Лукашэнкам і Вярхоўным Саветам 12-га склікання па пытаннях працэдуры абрання дэпутатаў. Справа ў тым, што 7 верасня 1995 года Вярхоўны Савет унёс змены ў выбарчае заканадаўства, згодна з якімі выбары лічыліся адбыўшыміся, калі ў іх узялі ўдзел больш за 25% выбаршчыкаў, унесеных у спісы для галасавання. 30 кастрычніка 1995 года Канстытуцыйны Суд на чале з Валерам Ціхінем прызнаў гэтыя змены законнымі. Аднак пад ціскам выканаўчай улады той жа КС праз месяц (22 лістапада 1995 года) змяніў сваё рашэнне. Выбары павінны былі адбыцца пры яўцы не менш за 50% выбаршчыкаў.

 

Як і ў перыяд майскіх выбараў, дзяржаўныя СМІ папулярызавалі неабходнасць узмацнення выканаўчай улады нават у шкоду ўладзе заканадаўчай, пераконвалі выбаршчыкаў у тым, што ў Вярхоўным Савеце пануюць варожасць і разлад. Пры гэтым выкарыстоўваліся метады сталінскіх часоў. Так, 31 кастрычніка 1995 года «Советская Белоруссия» надрукавала артыкул карэспандэнта Ігара Грышана «Сумбур вместо музыки» (назва артыкула ад 28 студзеня 1936 года ў газеце «Правда», накіраванага супраць кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча. — аўт.).


Перадвыбарная ўлётка Партыі камуністаў Беларускай



Самы кароткі парламент праіснаваў менш за год

 

Паўторныя выбары павінны былі прайсці на 141 выбарчай акрузе. На 141 мандат прэтэндавалі 858 зарэгістраваных кандыдатаў. Па выніках выбараў 29 лістапада 1995 года дэпутатамі сталі 20 чалавек. З іх 5 мандатаў атрымалі камуністы, 3 — аграрыі, 1 — прадстаўнік АДПБ. Беспартыйнымі дэпутатамі аказалася 11 чалавек. У выніку другога тура, які адбыўся 10 снежня 1995 года дэпутацкія мандаты атрымалі 59 чалавек, з іх 28 былі прадстаўнікамі палітычных партый. Камуністы атрымалі 10 мандатаў, ПНЗ5, ГП6, партыя Дзмітрыя Булахава2 (паказальна, што сам лідар партыі ў Вярхоўны Савет не прайшоў). Па адным мандаце атрымалі Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская партыя працы, Беларуская экалагічная партыя, БСДГ, Беларуская народная партыя. У выніку выбараў колькасць парламентарыяў склала 198. Дэпутатамі сталі Віктар Ганчар, Станіслаў Шушкевіч, Мечыслаў Грыб, Вячаслаў Кебіч, Станіслаў Багданкевіч, Андрэй Клімаў і інш.



Перадвыбарная ўлётка Аляксандра Бяляцкага


 

Найстарэйшая ў Беларусі грамадска-палітычная арганізацыя — БНФ — не атрымала ніводнага мандату. У снежні 1995 года Сойм БНФ распаўсюдзіў адпаведную заяву, у якой вінавацілася ўлада і недасканалая мажарытарная выбарчая сістэма.

 

Такім чынам, выбары ў Вярхоўны Савет XIII склікання прадэманстравалі дзве важныя тэндэнцыі. З аднаго боку, рэзкі ўзровень зніжэння даверу большасці насельніцтва да вышэйшай заканадаўчай і прадстаўнічай улады ў асобе Вярхоўнага Савета. З іншага боку, у ВС-13 з 198 дэпутатаў 105 з’яўляліся прадстаўнікамі 16 палітычных партый. Гэта сведчыць пра тое, што палітычныя партыі на раннім этапе станаўлення шматпартыйнасці ў незалежнай Беларусі адыгрывалі істотную ролю ў палітыцы.

 

 

 


Абмеркаванне:

  • grub
  • 2016-05-20 12:51:49
"На выбары не пайду, ўсё адно падмануць" -- цытата прэзыдэнта з тых часоў.

Каментаваць