Выдатны дырыжор і кампазітар

Пра жыццё і лёс братоў Кіслых можна напісаць цікавую кнігу. Але найбольш яркай асобай сярод іх быў Кастусь Кіслы. Ён актыўна прапагандаваў беларускае слова, культуру, музыку па ўсёй Беласточчыне. 



Кастусь Кіслы ў апошнія гады свайго жыцця


Нарадзіўся Кастусь Кіслы 21 траўня 1898 года ў беларускай праваслаўнай сям’і. Месца нараджэння Кастуся падаецца па-рознаму: нехта піша, што ён нарадзіўся ў мясцовасці Лянчыцы Лянчыцкага павета, нехта — на Беласточчыне, а па іншых крыніцах — на Слонімшчыне, адкуль быў родам яго бацька. Але пачатковую адукацыю Кастусь атрымаў у горадзе Каліш.

З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з бацькамі Кастусь эвакуяваўся ў Марыупаль, дзе паступіў у мясцовую настаўніцкую семінарыю. На занятках у прафесара музыкі кампазітара Салаўёва ў беларускага хлопца былі выяўлены музычныя здольнасці. Таму ў сувязі з мабілізацыяй у войска выкладчыка музыкі, кіраўніцтвам семінарыі ў 1918 годзе Кастусь Кіслы быў прызначаны выкладчыкам спеваў і кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі. На першым канцэрце хор пад кіраўніцтвам маладога дырыжора Кіслага выканаў і дзве беларускія песні «Чаму ж мне не пець» і «Ці свет, ці світае».

Кастусь Кіслы з жонкай Кацярынай і дачкой Галінай у Слоніме, канец 1920-х гадоў

Пачатак грамадзянскай вайны ў Расіі і ваенныя дзеянні закінулі сям’ю Кіслых ажно ў Турцыю, дзе яна жыла ў мясцовасці Сан-Стэфана недалёка ад Канстанцінопаля.

У 1921 годзе Кіслыя вярнуліся ў Беларусь, на радзіму бацькі ў Слонім. Тут Кастусь уладкаваўся на працу ў Спаса-Праабражэнскі сабор, дзе арганізаваў царкоўны хор, а пры Народным доме — свецкі агульны хор. Царкоўны хор Кіслага заўсёды запрашалі на святую літургію 20 траўня ў Жыровічы, бо Жыровіцкі прыманастырскі хор быў слабейшы.

Царкоўны хор Слонімскага Спаса-Праабражэнскага сабора. У другім радзе чацвёрты злева сядзіць Кастусь Кіслы, 1930-я гады

У 1932 годзе Кастусь Кіслы прыехаў у Беласток, дзе пры саборы Святога Мікалая ён арганізаваў школьны царкоўны хор, а таксама хор пры Таварыстве беларускай школы (ТБШ). Ён актыўна прапагандаваў беларускае слова, культуру, музыку. Яго калектывы выступалі з беларускімі канцэртамі па ўсёй Беласточчыне. Гэта не падабалася савецкай уладзе. Таму пасля верасня 1939-га Кастуся Кіслага арыштавалі. Але з прыходам немцаў, Кастусь выйшаў на волю.

У гэты час у Беластоку кіпела беларускае жыццё. Хведар Ільяшэвіч, Масей Сяднёў і Уладзімір Тамашчык стварылі там Беларускі камітэт, наладзілі выпуск газеты «Новая дарога». Да іх далучыўся і Кастусь Кіслы. Ён аднавіў свой хор, актыўна выступаў з канцэртамі. А хутка арганізаваў ансамбль беларускай песні і танца, які выступаў па ўсёй Беласточчыне.

У чэрвені 1944 года Кастусь Кіслы выехаў у Германію, а праз некалькі гадоў пераехаў у Бельгію. Жылося там нялёгка, а працавалася ў шахце яшчэ цяжэй. У 1953 годзе ў Лювэне памёр беларускі кампазітар і хормайстар Мікола Равенскі, які кіраваў там студэнцкім ансамблем беларускай песні і танца. Для беларускай моладзі ў Бельгіі гэта была вялікая страта. Але хутка месца Равенскага заняў Кастусь Кіслы. Ён вельмі шчыра і шмат працаваў з ансамблем, папулярызаваў беларускую песню ў Еўропе. Выступаў з канцэртамі ў Лондане, Кёльне, Брусэлі, Боне, Парыжы.

Кастусь Кіслы (сядзіць злева) з беларускімі дзеячамі на эміграцыі

З траўня 1956 года Кастусь Кіслы жыў у Кліўлендзе (ЗША). Тут таксама не быў убаку ад беларускіх справаў. Ён кіраваў хорам моладзі ў Кліўлендзе, іншымі свецкімі і царкоўнымі калектывамі. Пад яго кіраўніцтвам беларускі хор моладзі быў ператвораны ў жаночы ансамбль «Васількі». Кастусь Кіслы напісаў дзесяткі твораў царкоўнага ўжытку, выкарыстоўваючы ў сваёй творчасці багатыя традыцыі беларускай царкоўнай музыкі. Ён умела кампанаваў царкоўную музыку, выдаў нават музычны зборнік «Вялікдзень».

На працягу некалькі апошніх гадоў свайго жыцця наш зямляк моцна хварэў. У канцы 1979 года з ЗША яго забрала дачка Галіна і прывезла ў Беласток, дзе 8 студзеня 1980 года Кастуся Кіслага не стала. Яго пахавалі на праваслаўных могілках у Беластоку-Выгодзе.

* * *

Я шмат часу шукаў на Беласточчыне дачку Кастуся Кіслага Галіну. І, дзякуючы журналістам беларускага тыднёвіка «Ніва» ў Беластоку, мне ўдалося з ёй сустрэцца і пагутарыць. Гэта было ў 2008 годзе. Я прасіў яе ўдакладніць і дапоўніць звесткі пра яе бацьку і іх сям’ю.

Галіна Кіслая чытае беларускую прэсу, Беласток, 2008 г.

— Я з вялікім задавальненнем гэта пастараюся зрабіць, але майце на ўвазе, што я маю ўжо шмат гадоў і не ўсё памятаю, а некаторыя дэталі, факты, лічбы, наогул, магу пераблы­таць, — распавяла Галіна Кіслая. — Я нарадзілася ў 1927 годзе ў Слоніме. У Слоніме нарадзілася і мая старэйшая сястра Жэня, яна была з 1922 года. Жэня ўжо памерла і пахавана на праваслаўных могілках на Выгодзе ў Беластоку побач з мамай і татам. Там захоўваецца месца і для мяне. Са Слонімшчыны родам была і мая мама Лізавета Кіслая. А тата нарадзіўся ў Польшчы. Мама з татам пазнаёміліся ў Слоніме падчас наведвання царкоўнага хору. Яны ўсё сваё жыццё наведвалі праваслаўныя хоры, там спявалі, арганізоваўвалі гэтыя хоры, тата пісаў музыку да царкоўных тэкстаў. І я да сённяшніх дзён рэгулярна хаджу ў Беластоцкі праваслаўны сабор святога Мікалая і спяваю ў хоры.

У 1932 годзе мы прыехалі ў Беласток, мне тады было толькі пяць гадоў. І з таго часу я ніколі больш у Слоніме не была, таму амаль нічога пра слонімскае жыццё не памятаю. У Беластоку мы жылі на кватэры на вуліцы Слонімскай, 28, а цяпер я жыву на Наваградскай вуліцы. Як бачыце, мяне, праваслаўную беларуску, Беларусь ад сябе ніколі не адпускала.

Бацька мой працаваў у адной страхавой кампаніі. Там пэўны час працавала і мама. Тата быў вельмі адукаваным чалавекам. Але больш за ўсё ён любіў царкву і царкоўную музыку.

Тата ніколі не займаўся палітыкай, ён любіў музыку, ён быў добрым спецыялістам па арганізацыі царкоўных і свецкіх хароў, але адразу пасля вайны за ім пачалі сачыць савецкія спецслужбы, і праз пэўны час бацьку маглі б арыштаваць. Каб выратавацца ад арышту, у сям’і было вырашана, каб тата пакінуў Беласток і выехаў тэрмінова ў Германію. Што ён і зрабіў. А з Германіі яго шлях ляжаў у Бельгію і ЗША. Некалькі гадоў мы пра тату нічога не чулі, думалі, што ён дзесьці загінуў. Пасля, я не памятаю, нехта нам паведаміў, што Кастусь Кіслы жыве ў Амерыцы. Потым нам перадалі яго адрас, і мы пачалі з ім перапісвацца. А праз пэўны час я наведала яго ў ЗША. Запрашала прыехаць да нас у Беласток, але ён усё баяўся, каб не арыштавалі. Але пасля вайны тата да нас прыязджаў адзін раз у Беласток, трохі жыў з намі.

Я жыла ў Беластоку з мамай і сястрой. Сястра Жэня выйшла замуж, мела двух сыноў. Была ў нас і яшчэ адна сярэдняя сястра, але яна маленькая памерла і пахавана ў Слоніме. Мама пасля вайны прыязджала адзін раз у Слонім на магілку нашай сястры. А больш у Слоніме не была. Што датычыць мяне, дык я жыву адна. Выкладала ў пачатковай школе фізкультуру і вяла секцыю па гімнастыцы, бо сама ў маладыя гады займалася гімнастыкай. Вучні мае ўдзельнічалі ў многіх спартыўных спаборніцтвах па гімнастыцы, прывозілі дыпломы і граматы.

— А што вы ведаеце пра сваіх родных дзядзькаў, я маю на ўвазе, Аляксандра і яшчэ аднаго роднага брата вашага таты? У гады вайны Аляксандр Кіслы быў бургамістрам Слоніма.

— Пра аднаго дзядзьку я нічога не ведаю. А дзядзька Аляксандр пасля вайны жыў у Аўстраліі, быў жанаты, меў сына і дачку. Але з імі я сувязей не маю, магчыма ў гэтым вінавата адлегласць, бо да Аўстраліі ўсё ж вельмі далёка, і нам сустрэцца ў жыцці не давялося, хаця з дзядзькам мы перапісваліся і з імі падтрымліваў сувязі мой бацька. І калі ён жыў у нас, то вельмі часта згадваў сваіх родных братоў. А перад самай вайною мы ў іх гасцілі, здаецца, гэта было ў Вільні.

— Калі памерла ваша мама?

— Мама памерла пазней за бацьку. Хачу сказаць, што яны ніколі не сварыліся, мусіць, усё жыццё моцна кахалі адзін аднаго, хоць пражылі большую палову свайго жыцця ў ростані.

— Ці маеце ў сваім хатнім архіве музычны зборнічак вашага бацькі, які называецца «Вялікдзень»?

— Не, не маю. Толькі ёсць фотаздымкі, хаця і на фотаздымках я не ўсіх ведаю, дый і многіх не памятаю.

— Што сёння часцей за ўсё згадваецца, аб чым думаецца?

— Хочацца яшчэ трохі па­жыць. А душу я сваю ратую царквою, калі прыходжу туды на богаслужэнні і ў царкоўны хор. Хаця, шчыра скажу, старому чалавеку жыць ужо сумна.

Каментаваць