З няволі ў няволю

У 1939 годзе ў германскім палоне апынуліся тысячы жаўнераў Войска Польскага. Значную колькасць з іх складалі беларусы, якія спрабавалі збегчы з нямецкіх лагераў і вярнуцца дадому. Аднак у БССР іх арыштоўвалі і накіроўвалі ў Сібір.

Жаўнеры ВП з Заходняй Беларусі ў нямецкім палоне)

Падзел Польшчы

Адразу пасля заканчэння баявых дзеянняў немцы і Саветы праводзілі абмен ваеннапалоннымі. Гэта рабілася паводле рашэння СНК СССР, прынятага 14 кастрычніка 1939 года. Паводле гэтага дакументу, савецкія ўлады перадалі нацыстам 37 133 польскіх вайскоўцаў, што нарадзіліся на тэрыторыі, якая ў выніку перадзелу Польшчы засталася за Рэйхам. У сваю чаргу, 13 544 польскія жаўнеры, якія нарадзіліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі ці Заходняй Украіны, трапілі ў рукі НКУС.

Пазней частка (у асноўным, шарагоўцы) была вызвалена. Іншых накіравалі ў лагеры. Аднак і пасля абмену польскімі ваеннапалоннымі ў нямецкіх лагерах і зборных пунктах заставалася даволі шмат беларусаў. Урэшце, ім самім давялося вырашаць свой лёс. За Бугам іх чакала сям’я і родныя. Яны лічылі, што вайна ўжо скончылася і савецкая ўлада не будзе караць іх за тое, што яны служылі ў «панскім войску».

Адваротны бок здымку са спісам прозвішчаў беларусаў у нямецкім палоне


У такой сітуацыі сярод іншых аказаўся ўраджэнец вёскі Швэплі, што ля Крулеўшчыны, Уладзімір Бука. Да вайны ён паспеў разам з роднымі папрацаваць у Францыі і, дзякуючы гэтаму, зарабіць грошы на куплю зямлі. У 1932 годзе сям’я Бука вярнулася ў Заходнюю Беларусь і пачала апрацоўваць уласныя 12 гектараў зямлі. У сакавіку 1938 года Уладзіміра Уладзіміравіча прызвалі на тэрміновую службу ў Войска Польскае. Беларусу давялося служыць у 33-м пяхотным палку ў Ломжы. Падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года гэтая вайсковая адзінка ўваходзіла ў склад 18-й пяхотнай дывізіі, якая, у сваю чаргу, была часткай Аператыўнай групы «Нараў».

У кровапралітных баях з немцамі пад Замбравым 18-я дывізія была разбітая, і рэшткі 33-га палка адступілі ў раён Чырвонага Бору, дзе біліся з ворагам да пачатку кастрычніка. Пасля заканчэння баявых дзеянняў шматлікія жаўнеры з гэтага польскага вайсковага злучэння аказаліся ў нямецкім палоне. У рукі нацыстаў трапіў і Уладзімір Бука. Хутка яго накіравалі на працу да нямецкага гаспадара. Учорашні беларускі селянін ператварыўся ў бясплатную працоўную сілу.

Верасень 1939 года. Трагедыя палону

З такой сітуацыяй Уладзімір Уладзіміравіч не стаў мірыцца і ў ліпені 1940 года разам з таварышамі вырашыў бегчы дадому. Былым польскім жаўнерам удалося незаўважана перайсці новую савецка-германскую мяжу, і праз некалькі дзён Бука быў ужо дома. Аднак свята не атрымалася. Хутка беларуса забралі ў НКУС, а пазней адвезлі ў гродзенскую турму. Былому жаўнеру давялося сядзець з польскімі крымінальнікамі.

На допытах супрацоўнікі НКУС збівалі беларуса, дамагаючыся прызнання ў супрацы з нямецкай выведкай. Але селянін трымаўся і, урэшце, атрымаў «менш меншага». «Тройка» абвінаваціла былога жаўнера ў незаконным пераходзе дзяржаўнай мяжы і прысудзіла яго да трох гадоў турэмнага зняволення.

Увосень 1941 года Уладзіміра Буку вызвалілі з лагеру ў Архангельску і накіравалі ў распараджэнне Войска Польскага ў СССР. Але беларус… адмовіўся ад працягу вайсковай службы. Да 1943 года Уладзімір Бука ціха працаваў, а калі з-за Катыні ўрад Сікорскага разарваў дыпламатычныя стасункі з Крамлём, былога польскага падданага зноў арыштаваў НКУС. Суд прысудзіў селяніна да пяці гадоў турэмнага зняволення, якія ён правёў у Пермскай турме.

Палонныя жаўнеры польскага войск, верасень 1939 года

Ішоў дадому, прыйшоў у турму

Не менш трагічнай была і гісторыя Івана Вікенцьевіча Ляшэвіча. Вось вытрымка з абвінаваўчага заключэння, складзенага 3 снежня 1940 года старшым следчым УНКУС Вілейскай вобласці Маскалёвым:

«11 верасня 1940 года за нелегальны пераход мяжы з Германіі ў СССР быў затрыманы і прыцягнуты да адказнасці І.В. Ляшэвіч. Праведзенае па справе следства выявіла, што ён падчас польска-нямецкай вайны ў жніўні 1939 года (так у дакуменце. — І.М.) быў мабілізаваны на вайну, а ў верасні 1939 года нямецкімі жаўнерамі быў забраны ў палон. Знаходзячыся ў палоне, Ляшэвіч І.В. працаваў на розных працах у памешчыка да верасня 1940 года, а 8 верасня збег з палону ў СССР. Свой нелегальны пераход мяжы тлумачыць тым, што ішоў да пастаяннага месца жыхарства, да сваіх родных, якія пражываюць у Ашмянскім раёне. На падставе выкладзенага Ляшэвіч Іван Вікенцьевіч, 1917 года нараджэння, ураджэнец і жыхар вёскі Павяжы Ашмянскага раёна, Вілейскай вобласці, беларус, пісьменны, абвінавачваецца ў тым, што нелегальна перайшоў мяжу з Германіі ў СССР, г.зн. у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 120 УК БССР. Следчая справа № 79748 падлягае разгляду асаблівай нарадай пры НКУС СССР».

Нямецкая памежная ахова ля Берасця, 1941 год

Што ж гэта за 120-ы артыкул? У Крымінальным кодэксе БССР ад 1 студзеня ад 1940 года на старонцы 35 чытаем: «Артыкул 120. Пункт «а». Выезд за мяжу ці ўезд у СССР без устаноўленага пашпарта ці часовых пасведчанняў асобамі, якія прыязджаюць у мясцовасці, дзе ўведзена пашпартная сістэма, цягне папраўчыя працы на тэрмін ад аднаго года. Пункт «б». Пражыванне ў мясцовасцях, дзе ўведзена пашпартная сістэма, асоб, не маючых пашпарту ці часовага пасведчання, цягне пазбаўленне свабоды да двух гадоў». Большасць былых польскіх жаўнераў, якія беглі ў БССР, абвінавачваліся адразу па двух пунктах, таму і тэрмін турэмнага зняволення звычайна складаў тры гады.

У красавіку 1941 года маці Івана Ляшэвіча напісала ліст на імя пракурора Вілейскай вобласці, у якім прасіла вызваліць яе сына. «Мой сын быў узяты на прымусовую панскую вайсковую службу ў сакавіку 1939 годзе (падчас прыхаванай мабілізацыі. — І.М.). Трапіў у нямецкі палон, дзе быў да таго моманту, пакуль не даведаўся, што яго радзіма стала вольнай і шчаслівай. [...] Я маці, і спадзяюся, што Савецкая ўлада пашкадуе нас і вызваліць нашага сына». Аднак прысуд пакінулі без зменаў.

Палонныя жаўнеры Войска Польскага з Берасцейскай крэпасці


Без віны вінаватыя…

Парушальнікам дзяржаўнай мяжы стаў і Іван Паўлавіч Мыцка з вёскі Пузыры Вілейскага павету. У міжваенны час ён удзель­нічаў у падпольнай дзейнасці КПЗБ, дапамагаў знаёмым, якія ратаваліся ад рэпрэсій з боку польскай паліцыі, пераходзіць польска-савецкі кардон. У 1934–1935 гадах беларус быў прызваны на тэрміновую службу ў адзін з палкоў артылерыі Войска Польскага. Напярэдадні Другой сусветнай вайны Івана Паўлавіча зноў мабілізавалі. Полк, у якім ён служыў, быў накіраваны на мяжу з Германіяй і адным з першых уступіў у баі з ворагам.

Палонныя жаўнеры Войска Польскага ля Млавы

Пазней было адступленне, а ў канцы верасня 1939 года беларус трапіў у нямецкі палон. Мыцку накіравалі ў лагер для польскіх ваеннапалонных ля Сувалак, з якога пяхотнік разам з некалькімі калегамі збег у сакавіку 1940 года. На мяжы ўцекачоў схапілі памежнікі савецкага 86-га Аўгустоўскага атраду памежных войскаў НКУС БССР. Беларусаў даставілі на заставу, дапыталі, а пазней павезлі ў гродзенскую турму, дзе трымалі некалькі тыдняў. У ліпені 1940 года былога польскага жаўнера Івана Мыцку прысудзілі да 3 гадоў турэмнага зняволення паводле ўсё таго ж 120 артыкула Крымінальнага кодэксу БССР.

Чырвонаармейцы размаўляюць з палоннымі жаўнерамі Войска Польскага

Такіх трагічных гісторый у савецкай Беларусі ў 1940–1941 гадах было даволі шмат. Бацькі, жонкі, сваякі пісалі лісты ў міліцыю, НКУС, пракуратуру і прасілі, умольвалі працоўна-сялянскую ўладу вызваліць іх сыноў, братоў, мужоў. Самі былыя жаўнеры польскага войска, седзячы ў савецкіх турмах, не разумелі, за што ж іх туды накіравалі. Яны ж проста ішлі дадому, у Беларусь. Аднак бальшавікі ў іх бачылі ворагаў. Сёння цяжка сказаць, колькі дакладна беларусаў, былых жаўнераў польскага войска, было асуджана за пераход савецка-германскай мяжы. У пачатку 1990-х гадоў большасць з іх была рэабілітавана рашэннем Пракуратуры ўжо незалежнай Беларусі. 

Фота з уласнага архіву Ігара Мельнікава


Каментаваць