Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

За што і з кім змагаліся каліноўцы?

Гісторыя без міфаў губляе прывабнасць. Гістарычных міфаў патрабуюць нацыянальная свядомасць і нацыянальны інтарэс.
Пётра Сергіевіч . Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў

Пётра Сергіевіч . Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў

ХХ стагоддзе з яго пакручастым, канфліктным, трагічным шляхам беларусаў як ніякі іншы адрэзак у гісторыі нацыі патрабавала міфалагізацыі і гераізацыі яе мінуўшчыны, узвядзення на пʼедэстал яе герояў.

Антырасійскае паўстанне 1863-1864 гадоў і яго кіраўнік Кастусь Каліноўскі акурат і сталі найпрыгажэйшым міфам айчыннае гісторыі. Міфам не ў сэнсе непраўды, а ў сэнсе метафарычнага, сімвалічнага абагульнення падзей, іх сакралізацыі. Такія міфы, заснаваныя на гістарычнай праўдзе, падбіваюць чалавека да актыўнага чыну дзеля рэалізацыі ў новых умовах ідэі міфу.

Як ставіцца да міфа пра Кастуся Каліноўскага ўжо ў ХХІ стагоддзі? Ці варта яго пераглядаць, дапаўняць, актуалізаваць? І ці гатовае, ці здатнае да гэтага сучаснае беларускае грамадства? Гутарка з гісторыкам Цімафеем Акудовічам.

— Цімафей, міф пра Каліноўскага паўстаў у мінулым стагоддзі, калі ён, мякка кажучы, ня ўпісваўся ў дзяржаўную ідэалогію імперскай, камуністычнай дзяржавы — СССР. У той дзяржаве была мэта зліць усе нацыі і народы ў адну — савецкую. Гісторыя народаў, якія насялялі тую краіну, ці замоўчвалася, ці пісалася скрозь прызму інтарэсаў Расіі. Калі не было грунтоўных гістарычных дасьледаванняў, з чаго паўставалі ў беларусаў уяўленні пра паўстанне і яго правадыра і як, у якіх творах выяўляліся?

— Міф — гэта ў першую чаргу вельмі плоскае ўспрыняцце падзеі. У нас у ХХ стагоддзі планава фармаваліся два такіх міфы — беларускі і «заходнерускі». Уяўленне сярэднестатыстычнага беларуса пра паўстанне 1863 году выяўленае на карцінах Пятра Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі і Валер Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў» і «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году». Зіма, Каліноўскі палымяна прамаўляе да паўстанцаў, а тыя слухаюць свайго камандыра з захапленнем. І не адрозніш у гэты момант паміж імі ні пана, ні халопа. А побач верны сябра і паплечнік — Валер Урублеўскі. Заўтра яны пойдуць у бітву супраць царскіх карнікаў і загінуць за свабоду. «Западнарусы» ж малююць адваротную карціну. Праблема ў тым, што, як і ўсякая карціна, яна пляскатая і з абʼектыўных прычын не адлюстроўвае ўсёй глыбіні ўзаемасувязяў, уплываў, якія фармавалі падзеі ў далёкім 1863 годзе.

А жыцьцё — яно ж больш складанае.

— Выдатна памятаю, як у школе і ва ўніверсітэце мы вывучалі тое паўстанне. Перадусім тады гаварылася, што паўсталі мужыкі супраць царскага самадзяржаўя. Пазней сталі пісаць пра яго антырасійскасць. Якая насамрэч была матывацыя ў паўстанцаў? Супраць чаго і за што яны змагаліся?

— Гэта банальная праўда, якую ведаюць усе гісторыкі і якая, здаецца, ня будзе адкрыццём для любога болей-меней абазнанага чалавека, але якую прынцыпова не заўважаюць у ідэалагічных дыскусіях: паўстанне 1863 году мела адначасна дзве розныя мэты.

На тэрыторыях былых Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ў ХІХ стагоддзі, нягледзячы на прыналежнасць гэтых земляў да Расійскай імперыі, існавала паўнавартасная сістэма выхавання патрыётаў Польшчы паводле шаблёнаў часоў Рэчы Паспалітай — добрыя хатнія бібліятэкі, выхавальнікі, гімназіі ў гарадох з вялікай прысутнасьцю польскіх настаўнікаў, свае гурткі ўва ўніверсітэтах, шматлікія касцёлы з апантанымі ксяндзамі і дзядоўская шабля дома на сцяне. Таму, скончыўшы ўніверсітэт і займаючы самыя розныя пасады ў цывільным ці вайсковым апараце Расійскай імпэрыі, большасць тутэйшых шляхцічаў марыла пра вызваленне свае радзімы ад расійскага панавання. І гэта была першая мэта.

У той жа час сярод гэтай самай маладой шляхты актыўна пульсавалі новыя ідэі пра тое, што ўсе людзі павінны быць роўныя паміж сабой. Навучанне ў расійскіх універсітэтах, куды ехала па веды большасьць моладзі з земляў былога ВКЛ, удзел у шматлікіх студэнцкіх гуртках — усё гэта прымушала задумвацца пра вызваленне сялян, роўнасць і братэрства як пра першасную задачу маладых пакаленняў. Незалежнасць радзімы ў такой сітуацыі не станавілася малаістотнай, але была хутчэй адным з элемэнтаў усеагульнага шчасця і дабрабыту. У выніку з самых цэнтраў «дзяржавы-акупанткі» на радзіму вярталіся студэнты, натхнёныя творамі Аляксандра Герцэна, Мікалая Дабралюбава і Мікалая Чарнышэўскага. Менавіта яны прагнулі ўсеабдымнай рэвалюцыі, якая зробіць усіх людзей без адрозьнення нацый і станаў роўнымі і шчаслівымі. Незалежнасць іхнае радзімы стане вынікам гэтай глабальнай дзеі. І гэта была другая мэта.

Фота паўстанца Леана Плятэра. Мbнск. Фотамайстэрня Альфонса Дэплясэ

— Такія мэты не будзе ставіць неадукаваны мужык. І не вельмі іх зразумее. Дый ідэі гэтыя шырэйшыя за ідэі банальнага паўстання. Тут насамрэч патыхае ідэямі рэвалюцыі. Кім былі яны, кіраўнікі паўстання?

— Каліноўскі, Бакшанскі, Козел-Паклеўскі, браты Трусавы ды іншыя былі выпускнікамі Маскоўскага і Пецярбурскага ўніверсітэтаў. Свае ідэі яны фармавалі ў студэнцкіх гуртках, куды ўваходзілі і рускія, і палякі, і «маларосы». Вялікае значэнне для іх мелі працы Герцэна і Дабралюбава. Для іх не было настолькі ўжо прынцыповым поўнае аддзяленне ад Расіі. Яны верылі, што свабодныя народы без цара могуць жыць супольна. Яўген Кавалеўскі, паўстанец з Вілейшчыны, узгадваў у сваіх мэмуарах, што грошы, каб з’ехаць з Пецярбургу дадому ў сакавіку 1863 году, яму і ягоным сябрам далі аднагрупнікі — усе рускія. Яны цудоўна разумелі, куды едуць «палякі», і верылі, што гэта пачатак супольнага змагання супраць царызму.

Цімафей Акудовіч

— Апошнім часам прарасійскія сілы ў Беларусі, я ўжо не кажу пра гісторыкаў — ідэолагаў «рускага міру» ў самой Расіі, зноў гераізуюць асобу віленскага губернатара Мураўёва. Гэтую асобу яшчэ ў ХХ стагоддзі мы бачылі дый нават у падручніках гісторыі нам яе падавалі як душыцеля паўстання, вешальніка, карніка. Што ў матывацыях і дзеяннях Мураўёва было такога, што дазваляе раптам яго абяляць, гераізаваць?

— Не адмаўляючы важнасьці гэтай асобы ў задушэнні паўстаньня, варта адзначыць, што дзейнасць гэтага чалавека моцна скажаецца, калі разглядаць яго толькі ў дыскурсе 1863 году. Калі паглядзець шырэй, дык Мураўёў, як гэта ні дзіўна, не выконваў аж настолькі вялікай ролі ў задушэнні «мяцяжу». Мураўёў ехаў у Вільню не паўстанне душыць, у яго ад пачатку была больш глабальная мэта — «абрусенне» краю. І паўстанне тут было толькі падставай, каб зрабіць гэта хутка і радыкальна. Усе пастановы, якія прымаў віленскі губернатар, былі накіраваныя на памяншэнне польскіх уплываў на гэтай зямлі.

Думаецца, правільным будзе хаця б дзеля экспэрымэнту раздзяліць тыя захады, якія Мураўёў праводзіў дзеля падаўлення паўстання, і тыя, што служылі ягонай галоўнай мэце. У дасягненні галоўнай мэты — ліквідацыі «польскага пытання» — якраз і праявілася ва ўсім маштабе злачыннасць Мураўёва ды апраўдалася ягоная мянушка «Вешальнік», хоць яна і не перадавала ўсяго характару захадаў. Больш за 10 тысяч чалавек былі сасланыя ў глыб Расіі, шматлікія маёнткі сканфіскаваныя, астатнія гаспадаркі абкладзеныя дадатковым падаткам, які мог даходзіць да 10% ад прыбытку. Ініцыятары яго добра разумелі, што выплачваць падатак часта будуць вымушаныя жанчыны, чые мужы апынуліся ў Сыбіру. Зачыненыя школы, скасаваныя манастыры, забароненая купля зямлі для каталікоў і гэтак далей — такі даробак Мураўёва. Большасць гэтых дзеянняў не патрэбная была ані для падаўленьня паўстання, ані для папярэджання наступнага. Як пакаранне гэтыя захады закранулі і шмат невінаватых людзей. «Ліквідацыя польскага пытання» — маштабная трагедыя, якая мусіць разглядацца асобна ад паўстаньня 1863 году.

Генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў

— А мужыкі, сяляне? Якая ў іх была матывацыя? З якімі заклікамі, ідэямі выходзілі да іх кіраўнікі паўстання?

— Матывацыя сялян у 1863 годзе — гэта тугі вузел абсалютна індывідуальных памкненняў, крыўдаў, страхаў, жаданьняў, дзе вельмі рэдка сустракаліся ніткі абавязку перад кімсці або чымсці абстрактным. Найчасьцей гэтыя ніткі перапляталіся вакол асобы мясцовага пана, а не цара, войска ці сьвятой Русі (Польшчы), проста таму, што пан быў блізка і ён ня быў абстрактнай ідэяй. У разуменні пазыцыі сялян вялікую ролю адыгрываюць падзеі 1862 году, пра якія чамусці ніхто асабліва ня ўзгадвае аж да нашых дзён. Ня ўзгадвалі іх і ў юбілейныя дні тры гады таму. Тыя падзеі, натуральна, з пэўнай доляй перабольшвання, можна было б назваць «паўстаннем 1862 году», і паводле сацыяльнага складу яны былі марай усякага беларускага патрыёта — паўстаў беларускі народ у чыстым выглядзе. Сяляне аказаліся не задаволенымі ўмовамі маніфэсту 1861 году.

У выніку цягам 1862 году, паводле няпоўных зьвестак, у Беларусі было зафіксавана больш за 150 сялянскіх выступаў! Гэтыя выступы душылі прысланыя казакі на просьбу мясцовых паноў.

— Ці Каліноўскі да гэтых бунтаў апеляваў? Ці ўлічваў іх?

— Думаецца, што прычына вялікай азлобленасьці Каліноўскага на паноў і выкарыстання гэтага фактару дзеля актывізацыі сялянаў была якраз тая, што малады рэвалюцыянэр бачыў на свае вочы, як у 1862 годзе пачыналася менавіта сялянскае паўстанне і як яго задушылі самі памешчыкі пры дапамозе расійскіх войскаў. Калі ў 1863 годзе паўсталі ўжо абшарнікі, сяляне натуральным чынам прыйшлі на дапамогу царскай арміі.

Паўстанцы з Варшаўскай губерні. Фота з тагачаснай прэсы

— Што ўяўлялі з сябе карнікі — імперскае войска? Яны былі нечым матываваныя ці проста выконвалі загад — біць, душыць, забіваць, паліць?

— Імперскае войска нават у калянавуковых тэкстах паўстае нейкай безаблічнай «сілай цемры» — наляцелі з ніадкуль, памахалі шашкамі, пазабівалі і зніклі. Між тым у людзей, якія яе складалі, былі імёны, і гэта немалаважна для разуменьня тых падзеяў. Вось, напрыклад, прозьвішчы некаторых загінулых салдатаў Вялікалуцкага пяхотнага палку (частка з іх загінула ў бітве пад Уладыкамі): «Берещук Степан, Горошко Андрей, Журневич Антон, Максимович Июзефат, Минкевич Семён, Пашкул Леон, Попович Андрей, Пухальский Александр, Силеневич Викентий, Скорлубович Флориан»...

Капліца на полі пад Мілавідамі, пабудаваная ў 1933 г. у гонар паўстанцаў Каліноўскага

— Гэтыя прозьвішчы ды імёны больш пасуюць паўстанцам, чым «карнікам». Беларусы ў расійскім войску?

— Тое, што шматлікія беларусы праз сістэму рэкрутчыны на працягу ХІХ стагоддзя служылі ў расійскім войску, не ёсць таямніцай. Але чамусці пра гэта зусім ніяк не ўзгадваецца, калі гаворка заходзіць пра 1863 год. Не выкарыстоўваюць гэтага нават «заходнерускія» ідэолагі, хоць тэма для іх вельмі перспэктыўная. Ды яна і для ўсіх вельмі істотная.

— А колькі рэкрутаў з Беларусі было ў расійскім войску? Колькі ўдзельнічала ў задушэнні паўстання? Ці ёсць нейкія лічбы?

— Такіх лічбаў няма. Але рэкруты — людзі паднявольныя. Асобнае пытанне пра афіцэраў. На працягу ўсяго ХІХ стагоддзя моладзь са шляхотных семʼяў актыўна ішла на службу ў войска Расійскай імперыі.

Вялікая трагедыя сітуацыі 1863 году была ў тым, што сумленныя афіцэры мусілі рабіць выбар паміж здрадай сваё прысязе і здрадай радзіме. Часовы намеснік Царства Польскага Мікалай Сухазанет адкрыта прапанаваў у 1863 годзе афіцэрам-каталікам перавесціся на час паўстання ва ўнутраныя губерні Расіі, каб пазбегнуць «маральнага дыскамфорту».

Мікалай Сухазанет

Але Мікалай Ганецкі, вайсковы кіраўнік Вількамірскага і Панявескага паветаў, забараніў сваім афіцэрам рабіць гэта. Ён палічыў, што вайсковец мусіць быць адданым свайму слову ў кожнай сытуацыі, нават у такой драматычнай. Час неміласэрна абышоўся з пахаваннямі расійскіх салдат і афіцэраў, палеглых у тых бітвах. А магілы паўстанцаў, нягледзячы на 60 гадоў занядбання (да 1920 году), а пасля яшчэ 40 гадоў іх маўклівага ігнаравання, цяпер ушанаваныя крыжамі і кветкамі.

Паводле Радыё Свабода

Абмеркаванне:

  • Пятро Касьнерык
  • 2016-12-29 17:58:55
:“Великие русские революционеры-демократы считали, что исходным пунктом СОЦИАЛИСТИЧЕСКОГО преобразования России после победы крестьянской революции может стать сельская община…
Они полагали, что эти коллективистские начала в деревне облегчат РОССИИ путь к СОЦИАЛИСТИЧЕСКОМУ обществу, помогут миновать капитализм, который несёт народу неисчислимые бедствия и страдания. Эти взгляды разделял и К. КАЛИНОВСКИЙ.
…в феврале 1861 года К. Калиновский создаёт в Гродно нелегальную революционную организацию. В неё вошли наиболее прогрессивные представители местной разночинной интеллигенции. Среди них ОСОБЕННО выделяется Валерий Врублевский, будущий генерал Парижской коммуны, член Генерального Совета I Интернационала, друг К. Маркса и Ф. Энгельса».(“К. КАЛИНОВСКИИ из печатного и рукописного наследия”.
изд Институтом ИСТОРИИ ПАРТИИ при ЦК КП БЕЛОРУССИИ филиалом Института
МАРКСИЗМА-ЛЕНИНИЗМА при ЦК КПСС
Минск «БЕЛАРУСЬ» 1988 год .
).

Каментаваць