За парогам Перамогі. МДБ супраць акаўцаў

Дзейнасць жаўнераў Арміі Краёвай на тэрыторыі БССР у пасляваенны час да сёння выклікае спрэчкі ў грамадстве. Паспрабуем разабрацца, што ж на самай справе адбывалася ў сярэдзіне 1940-х — пачатку 1950-х.



Партызанка: працяг

19 студзеня 1945 года камандуючы падпольнай Арміяй Краёвай генерал Леапольд Акуліцкі выдаў загад аб роспуску польскіх партызанскіх фарміраванняў, якія падпарадкоўваліся ўраду ў Лондане. У дакуменце, у прыватнасці, загадвалася вызваліць жаўнераў ад прысягі, схаваць зброю, пры гэтым камандзірам забаранялася легалізавацца.

У выніку праведзенай у сакавіку 1945 года «чэкісцкай» аперацыі верхавіну акаўскага камандавання падманным шляхам завабілі на «перамовы з маршалам Жукавым», вывезлі ў Маскву і прысудзілі да розных тэрмінаў зняволення.

Мапа паваеннай змены межаў Польшчы

У ліпені 1945 года ЗША і Вялікабрытанія прызналі новы камуністычны ўрад Польшчы. Здавалася б, што барацьба польскіх партызан скончана. Аднак частка камандзіраў вырашыла працягваць баявыя дзеянні супраць савецкіх улад. У заходніх абласцях БССР былі створаны падпольныя арганізацыі: «Самаабарона гродзенскай зямлі», «Самаабарона Ваўкавыска» і так званы «Шчучынскі ўчастак».

Афіцэры ўнутраных войскаў, заходнія вобласці БССР, 1947 год

Аналітыкі тагачасных савецкіх спецслужбаў адзначалі: «У канцы 1945 года актывізавалася тэрарыстычная дзейнасць антысавецкага падполля АК, накіраваная на тое, каб паралізаваць дзейнасць вайсковых і партыйных органаў. Пры нападзе на мясцовае насельніцтва бандыты часта з мэтай дыскрэдытацыі савецкага войска пераапранаюцца ў чырвонаармейскую форму. Антысавецкае падполле ўцягвае ў сваю дзейнасць моладзь, падлеткаў, якія толькі што дэмабілізаваліся з Народнага Войска Польскага».

Тактыка дзейнасці акаўцаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х змянілася. У гэты перыяд яны дзейнічалі малымі групамі (ад 3 да 5 байцоў). Акцыі і напады праводзілі ноччу і адразу адыходзілі ў лес.

Акаўцы

У заходнебеларускіх вёсках заставаліся людзі, якія актыўна падтрымлівалі акаўцаў. Так, у справаздачы 284-га палка ўнутраных войскаў НКУС за лістапад 1948 года адзначалася: «Мясцовае насельніцтва, у асноўным польскай нацыянальнасці, аказвае ўсялякую дапамогу бандытам». У іншым дакуменце таго часу падкрэслівалася: «Пасля правядзення акцый банды хаваюцца ў членаў сямей ці давераных асоб. Бандгрупы і асобныя бандыты маюць сярод мясцовага насельніцтва вялікую сетку сувязных і інфарматараў, што дазваляе бандытам пазбягаць удараў з боку нашых вайсковых падраздзяленняў».

У 1948 годзе ў Маладзечанскім раёне з’явіўся атрад, які лічыў сябе «польскім падполлем» і складаўся ў асноўным з мясцовай моладзі. На працягу года яны ажыццявілі напады на 20 спажывецкіх крам і 5 сельсаветаў. У выніку спецаперацыі падраздзяленням МДБ іх удалося знішчыць.

У 1944–1951 гадах на тэрыторыі Полацкай вобласці БССР дзейнічалі атрады АК пад камандаваннем Станіслава Бялуся (псеўданім «Скшэтускі») і Казіміра Стабулянца («Мілаша»). Яны ажыццявілі 76 дыверсійна-тэрарыстычных актаў, забілі 33 супрацоўнікі савецкай улады, абрабавалі 39 крам. У верасні 1951 года супрацоўнікам МДБ удалося заблакаваць акаўцаў на адным з хутароў і ліквідаваць. Па прысуду трыбунала Беларускай вайсковай акругі 10 чалавек былі прысуджаны да вышэйшай меры пакарання, а больш за 22 чалавекі атрымалі па 25 гадоў лагераў.

Афіцэры МДБ падчас адной з аблаў на акаўцаў, Гарадзеншчына. 1948 год

Легенда АК з Гродзеншчыны

Сярод кіраўнікоў антысавецкага падполля ў заходніх абласцях БССР варта вылучыць падпаручніка Мячыслава Нядзінскага (псеўданімы «Марскі», «Мэн»). Да вайны ён служыў у польскім 81-м пяхотным палку Гарадзенскіх стралкоў. У яго складзе ў верасні 1939 года прымаў удзел у баявых дзеяннях супраць нацыстаў. Пазней вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, дзе ўступіў у падпольны «Саюз узброенай барацьбы».

У 1943 годзе «Марскі» стварыў свой партызанскі атрад, які ўліўся ў 77-ы акаўскі полк, чый баявы шлях азначаны ўдзелам у акцыях супраць нацыстаў на Навагрудчыне і Гродзеншчыне. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў польскі афіцэр выступіў за працяг барацьбы за Другую Рэч Паспалітую ў межах да 1939 года, што дазволіла яму сабраць вакол сябе значныя сілы, якія аб’ядналіся ў так званую «Самаабарону Гарадзенскай зямлі».

Супрацоўнікі МДБ, БССР, 1946 год

Зімой 1945–1946 гадоў у адным з баёў «Марскі» быў паранены. Вясной атрад налічваў каля 70 байцоў, падзеленых на тры роты. Хаваліся ў лесе, у спецыяльна пабудаваных бункерах-зямлянках. Сітуацыя з правіянтам пагаршалася з кожным днём, што прымушала нападаць на крамы і рабаваць мясцовых жыхароў. На рахунку партызан Мячыслава Нядзінскага ў 1945 годзе — забойствы намесніка камандзіра контрвыведкі 87-га памежнага палка Аляксандрава, двух вайсковых пракурораў, начальніка турмы ў Скідзелі Рыгора Дземчанкі. Увесну 1946 года акаўцы забілі начальніка раённага аддзялення міліцыі Гродна капітана Зміцера Кузняцова. 5 кастрычніка 1947 года ў вёсцы Збляны забілі сям’ю старшыні калгаса. Усяго за тры гады сваёй дзейнасці ахвярамі атрада пад камандаваннем Нядзінскага стала каля 100 савецкіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў дзяржаўнага апарата.

У студзені 1948 года МДБ выйшла на іх след, аднак акаўцам удалося сысці ад пагоні. Вясной 1948 года савецкім спецорганам удалося затрымаць каля 30 сувязных «Марскога». У адказ акаўцы ажыццявілі напады на некалькі крам і знішчылі абсталяванне ў адным з калгасаў. Усе гэтыя акцыі суправаджаліся забойствамі як «савецкага актыву», так і мірных жыхароў. Толькі ў маі спецгрупе МДБ, якая прыбыла з Мінска, удалося высачыць групу «Марскога» і ў выніку крывавага бою забіць яе камандзіра. Падчас гэтай аперацыі атрад унутраных войскаў не панёс страт. Трафеямі сталі два кулямёты, тры савецкія і два нямецкія аўтаматы, пяць вінтовак і шэсць пісталетаў.

Опергрупа МДБ, Навагрудчына, 1949 год

 

Праваслаўныя акаўцы

Летам 1945 года групоўкі АК «Шчучын» і «Ліда» аб’ядналіся ў структуру пад назвай «Вобласць 49/67», якой спачатку камандаваў сяржант Анатоль Урбановіч, а пасля яго смерці падпаручнік Анатоль Радзівонік (псеўданімы «Олех», «Бацька»). Ён, як і Мячыслаў Нядзінскі, выступіў супраць эвакуацыі падраздзяленняў Арміі Краёвай за лінію Керзона і быў прыхільнікам барацьбы за Рэч Паспалітую ў межах да верасня 1939 года.

Нарадзіўся Анатоль Урбановіч у 1916 годзе ў расійскім Бранску. У міжваенны час працаваў вясковым настаўнікам. Падчас Другой сусветнай вайны камандаваў атрадам АК на Шчучыншчыне і Навагрудчыне. У канцы 1944 года разам са сваімі людзьмі «Олех» вярнуўся ў ваколіцы Ішчолнян. Пад камандаваннем былога настаўніка знаходзілася каля 100 байцоў, прычым значная колькасць з іх былі праваслаўнымі. Яны нават выдавалі падпольную газету «Польскі свет».

У верасні 1945 года ў пошуках гэтага атрада ўдзельнічала тры палкі ўнутраных войскаў НКУС, аднак безвынікова. У студзені 1946 года ў вёсцы Дуброўніца ля Навагрудка група Анатоля Радзівоніка забіла оперупаўнаважанага міліцыі. У маі іх ахвярай стаў падатковы інспектар, у чэрвені — былы жаўнер Чырвонай Арміі, які пасля дэмабілізацыі вярнуўся дадому. 12 лютага 1947 года людзі «Олеха» забілі 9 чалавек, якіх абвінавацілі ў супрацоўніцтве з савецкай уладай. На працягу 1948 года акаўцы напалі на некалькі калгасаў, у тым ліку і на ўзорны імя Сталіна ў Кульбачыне бліз Ліды.

Анатоль Радзівонік са сваімі жаўнерамі, 1947 год

11 мая 1949 года атрад «Олеха» быў аточаны ля вёскі Рачкоўшчына часткамі 284-га палка ўнутраных войскаў. Падчас прарыву амаль уся група загінула. Сам камандзір спрабаваў уратавацца, выдаючы сябе за мясцовага селяніна. Але не атрымалася. Падчас затрымання «Олех» адстрэльваўся з двух пісталетаў і быў забіты. У палон трапіла тры чалавекі. Пазней усе яны атрымалі па 25 гадоў пазбаўлення волі.

27 жніўня 1949 года часткі МДБ заблакавалі і знішчылі атрад пад камандаваннем «Белавуса». На ліку апошняга была спаленая ў 1948 годзе ў вёсцы Табола Лідскага раёна спажывецкая крама і забітая сям’я Міхаловічаў, якую пакаралі за тое, што яны ўступілі ў калгас.

Лясныя браты з Віленшчыны. 1944 год

17 студзеня 1950 года ля вёскі Чырвонае быў знішчаны атрад Юзафа Стасевіча (псеўданім «Самотны»). На пачатку 1951 года была ліквідавана група Яна Ланеўскага, на ліку якой было некалькі нападаў на крамы. У красавіку таго ж года ў лесе ля вёскі Верхаполь была знішчана група Ларыёна Песцюка. У 1945 годзе акаўцы з гэтага атрада забілі 6 сялян у вёсцы Пшэвалка, а праз тры гады ў вёсцы Зарыца расправіліся з 12 яе жыхарамі.

У сакавіку 1951 года МДБ знішчыла атрад Арміі Краёвай, які дзейнічаў на мяжы Пінскай і Баранавіцкай абласцей. На яго чале стаяў чалавек, які да 1944 года служыў у 1-й польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі. Пазней трапіў у нямецкі палон, быў вызвалены хаўруснікамі і залічаны ў склад Арміі Андэрса, адкуль, з выведвальнымі мэтамі быў накіраваны ў заходнюю частку БССР. Паводле архіўных дакументаў савецкіх спецыяльных органаў, апошнія «бандпраявы» польскіх «лясных братоў» былі заўважаны ў 1953 годзе, аднак яны ўжо не насілі арганізаваны характар.

Паводле справаздач МДБ, у перыяд з 1944 па 1947 гады было  падполле арганізавала 575 нападаў і 39 дыверсій, пры гэтым загінулі 96 супрацоўнікаў міліцыі і МДБ, 107 чырвонаармейцаў, 290 партыйных актывістаў і 1031 грамадзянская асоба. У перыяд з 1947 па 1953 гады на тэрыторыі заходніх абласцей БССР было знішчана 161 і ўзята ў палон 465 удзельнікаў акаўскіх фарміраванняў. Акрамя гэтага, больш за дзве тысячы жыхароў Заходняй Беларусі было асуджана за пасобніцтва на 25 гадоў заключэння ў сібірскіх лагерах. У 1970-я гады толькі адзінкі з іх вярнуліся ў Беларусь.  

Каментаваць