Забойца з Дамачава

У 1999 годзе брытанскія газеты стракацелі інфармацыяй пра гучны судовы працэс над былым нацысцкім злачынцам з Беларусі. Неўзабаве ў Брэст для збору неабходнай для следства інфармацыі адправіліся агенты Скотланд Ярда. Брытанцы цесна супрацоўнічалі з беларускай пракуратурай.



Андрэй Саванюк на судовым працэсе


ПРАГА ЎЛАДЫ

Нарадзіўся Андрэй Саванюк 7 сакавіка 1921 года ў маленькім курортным мястэчку Дамачава, Палескага ваяводства ІІ Рэчы Паспалітай. Хлопец рос без бацькі, маці была прачкай. Андрэй займаўся нарыхтоўкай дроў, падпрацоўваў у хатах багатых габрэяў. У верасні 1939 года Заходняя Беларусь стала савецкай. Але ўжо праз два гады на змену бальшавікам прыйшлі нацысты, якія адразу ж узяліся за арганізацыю мясцовай паліцыі парадку.

Андрэй Саванюк у форме паліцыі

20-гадовы Саванюк адным з першых запісаўся ў “паліцаі”. Яму вельмі хацелася ўлады. А яшчэ ён хацеў помсціць за сваё жабрацкае дзяцінства. Апрануўшы новенькі сіні мундзір былой польскай паліцыі, Саванюк стаў верным служкай нацыстаў. І хутка мясцовае беларускае насельніцтва ўсвядоміла, што побач з імі жыў сапраўдны звер.

Паліцыя Дамачава

1 лістапада 1941 года немцы стварылі ў раёне Дамачава габрэйскае гета, у якое сагналі каля трох тысяч чалавек з усёй акругі. Мясцовыя жыхары спрабавалі патрапіць туды, каб выменяць прадукты на рэчы. Адным з тых, хто часта лазіў праз калючы дрот, быў Аляксандр Баглай. Аднойчы яго злавіў “Андруша” (так Саванюка, які паспеў стаць камендантам паліцыі, называлі мясцовыя жыхары). Паліцэйскі прывёў Баглая ў пастарунак і сказаў: “Пойдзеш на пясок”. На пяшчаны ўзгорак за пасёлкам паліцыя вадзіла людзей на расстрэл.

Аляксандр Баглай (справа)

Але хлопцу пашанцавала. Паліцыянты толькі загадалі затрыманаму беларусу выкапаць ямы для двух габрэйскіх мужчын і жанчыны, якіх неўзабаве прывялі да месца экзэкуцыі. Няшчасным загадалі распрануцца дагала. Жанчына адмовілася зняць адзенне, тады яе пачалі збіваць. Усе трое былі забіты. “Андруша” абмацаў вопратку пакараных і, нічога не знайшоўшы, шпурнуў яе Баглаю. “Яшчэ раз злаўлю ў гета, будзеш ляжаць побач з гэтымі”, — прыгразіў Саванюк.

Іншы сведка, Іван Сцепанюк успамінаў, што аднойчы паліцэйскія на чале з Саванюком злавілі некалькі габрэяў, якія пазбеглі адпраўкі ў гета. Іх таксама расстралялі за пасёлкам.

Расстрэл габрэйскіх жанчын

20 верасня 1942 года ўсім габрэям, якія знаходзіліся ў Дамачаўскім гета, было загадана ўзяць з сабой самае неабходнае і сабрацца на цэнтральнай плошчы пасёлка. Потым усіх іх пагналі “на пясок”. Па розных дадзеных, тады было знішчана каля 3 тысяч чалавек. Актыўны ўдзел у экзэкуцыі прымаў і камендант паліцыі Саванюк.

Расстрэл габрэяў

Але некаторым габрэям ўдалося збегчы. Адным з тых, хто выратаваўся тады, быў Бэн-Зіён Блюштайн. Паводле яго ўспамінах, Саванюк арганізаваў аблаву на ўратаваўшыхся габрэяў. На вачах Блюштайна, які хаваўся на гарышчы закінутага дома, “Андруша” закалоў штыком 80-гадовага габрэя і расстраляў з пісталета некалькі дзяцей.

УЦЁКІ НА ЗАХАД

У 1943 годзе на Дамачава здзяйсняюць налёт савецкія партызаны. Падчас бою была забітая жонка Саванюка Ганна Маслава, але сам ён ацалеў. Улетку 1944 года, калі савецкія войскі набліжаліся да Брэста, разам са сваёй другой жонкай Нінай паліцай бяжыць на захад і ўступае ў 30-ю дывізію СС. Гэта фарміраванне паспела крыху паваяваць на захадзе. Аднак салдаты з 30-й дывізіі былі слабымі ваякамі і пры любым зручным выпадку імкнуліся здавацца ў палон амерыканцам. Менавіта гэта зрабіў і Андрэй Саванюк. Аднойчы убачыўшы амерыканскі патруль, былы паліцэйскі з Дамачава выкінуў вінтоўку і рушыў у бок янкі.

“German”, — паклікалі яго амерыканскія салдаты. “Nie, ja Polak, jestem z Polski”, — закрычаў Саванюк па-польску. Да “Андрушы” падышоў амерыканскі салдат і загаварыў з ім на польскай мове, правяраючы, ці не хлусіць той. Гады жыцця ў “панскай” Польшчы дазволілі Саванюку авалодаць гэтай мовай, якая, як аказалася, выратавала яму жыццё.

Неўзабаве, “паляка” Саванюка адправілі ў месца дыслакацыі польскай арміі генерала Андэрса. Хутка “Андруша” быў залічаны ў 10-ы полк 2-га польскага корпуса. Пасля вайны былы паліцай з Дамачава прадбачліва адмовіўся ад вяртання ў сацыялістычную Польшчу і з’ехаў на Туманны Альбіён. Некаторы час ён знаходзіўся ў лагеры для польскіх вайскоўцаў у Шатландыі, а ў 1946 годзе атрымаў права застацца ў Вялікабрытаніі.

На Туманным Альбіёне Андрэй стаў Энтані. Спачатку былы паліцай жыў на Поўдні Англіі, а ў 1954 годзе пераехаў у Лондан, дзе ўладкаваўся білетныя кантралёрам на Брытанскай жалезнай дарозе. У Вялікабрытаніі ён яшчэ двойчы быў жанаты.

ПОШУКІ ЗЛАЧЫНЦЫ

Аднак на радзіме пра Саванюка не забыліся. У 1946 годзе КДБ СССР пачаў расследаванне злачынстваў нацыстаў у Дамачава і выйшаў на след у тым ліку Саванюка, якога аб’явілі ва ўсесаюзны вышук.

Супрацоўнікі КДБ ездзілі па Брэстчыне, збіраючы інфармацыю аб сваяках злачынца. Праца па справе № 1065 не спынялася ні на хвіліну. У руках чэкістаў апынуўся нейкі Казлоўскі, былы паліцай, які служыў разам з Саванюком. Той прызнаўся, што бачыў свайго былога начальніка ў Егіпце ў форме польскага вайскоўцы. Па словах Казлоўскага, пасля гэтага Саванюк выехаў у Шатландыю. Праверыць гэтую версію было не магчыма. Былому паліцаю з Дамачава сыграла на руку існаваўшая паміж Савецкім Саюзам і Захадам “жалезная заслона”.

РАСПЛАТА

Але Саванюк ўсё ж пракалоўся. У 1959 годзе ён адправіў ліст разам з пасылкай свайму малодшаму брату Мікалаю. Карэспандэнцыя была перахоплена КДБ, і хутка савецкія спецорганы дакладна ведалі, што “Андруша” хаваецца ў Вялікабрытаніі. У 1981 годзе ў рукі КДБ патрапіў ліст іншага ўраджэнца Брэстчыны па прозвішчы Андрасюк, у якім той пісаў сваёй сястры, што ў Лондане выпадкова сутыкнуўся тварам у твар з Саванюком. 

Праз пяць гадоў, у 1986 годзе, КДБ СССР перадаў брытанцам спіс ваенных злачынцаў перыяду Другой сусветнай вайны, якіх шукалі савецкія ўлады. Аднак, у тэксце дакумента прозвішча паліцая з Дамачава было напісана ў англійскай транскрыпцыі “Savoniuk”, а злачынец выкарыстаў польскае напісанне свайго прозвішча «Sawoniuk», да таго ж у КДБ шукалі Андрэя Саванюка, а ў Лондане, як мы памятаем жыў ужо Энтані Саванюк.

Усё ж праз 10 гадоў брытанская паліцыя выйшла на след нацысцкага злачынца. Падчас ператрусу ў доме Саванюка ў 1996 годзе былі выяўлены польскія дакументы, выдадзеныя ў арміі Андэрса на імя Андрэя Саванюка.

Артыкул у газеце "Дэйлі Мэйл" пра А.Саванюка

Першы ў гісторыі брытанскага правасуддзя судовы працэс над нацысцкім злачынцам адбыўся ў 1999 годзе. Яго асвятлялі ўсе брытанскія СМІ. Збіраючы доказы па гэтай справе, афіцэры Скотланд Ярда наведалі Беларусь, Галандыю, Расію, Ізраіль. У Лондан на працэс ездзілі Аляксандр Баглай, Іван Сцепанюк, Бэн-Зіён Блюштайн і многія іншыя сведкі злачынстваў Андрэя Саванюка.

Артыкул у брытанскай газеце "Дэйлі Тэлеграф" пра працэс над Саванюком

У красавіку 1999 года Брытанскі суд прызнаў былога паліцая з Дамачава вінаватым у 18 забойствах, а таксама ва ўдзеле ў знішчэнні габрэяў і прысудзіў Андрэя Саванюка да двух пажыццёвых тэрмінаў. 78-гадовы (на той момант) Саванюк быў змешчаны ў турму ў Норыджы, дзе і памёр 6 лістапада 2005 года.

Фота аўтара або з архіва аўтара

Каментаваць