Забойства Вільгельма Кубэ (гісторыка-дакументальнае эсэ). Частка 3

Новая сітуацыя ўзнікла ў верасні 1941 года ў Беларусі, калі ўсталяваўся акупацыйны грамадзянскі рэжым. Тут Кубэ сутыкнуўся з праблемай, якую ён назваў беспрэцэдэнтнай.

Пра дзяржаўнасць Беларусі




Пра дзяржаўнасць Беларусі

Аказваецца, Беларусь не мела традыцый дзяржаўнай самастойнасці, вынікам чаго стаў слабы ўзровень нацыянальнай свядомасці беларускага народа і ўзмацніліся расійскія і польскія палітычныя і культурныя ўплывы. Аб гэтым яскрава сведчыла нанятая грамадзянскім рэжымам мясцовая адміністрацыя, нацыянальны склад якой у малой ступені супадаў з тытульнай назвай краіны. І не выпадкова Кубэ адзначаў: «Беларусь была не больш чым імглістым геаграфічным паняткам у самым негатыўным значэнні гэтага слова».

У адрозненне ад афіцыйнай палітыкі Трэцяга рэйху, якая зводзілася найперш да эканамічнай эксплуатацыі акупаваных тэрыторый, Кубэ на пачатку сваёй дзейнасці ў Мінску імкнуўся прывіць Беларусі нацыянальную ідэнтычнасць. Гэтае права яму давала моцная асабістая пазіцыя, якую ён займаў, маючы падтрымку Гітлера. Кубэ ўсяляк прапагандаваў прынцыпы гэтай палітыкі, тлумачачы, што ва ўмовах свабодных ад расійскага і польскага палітычнага ўплыву, якія стварыла нямецкая акупацыя, беларускі народ атрымаў магчымасць за кароткі час дагнаць гістарычнае спазненне ў развіцці нацыянальнай свядомасці. Таму трэба было паскорыць гэты працэс, каб пераадолець чужы ідэйны ўплыў і ўзмацніць беларускія нацыянальныя элементы, і перш за ўсё школу, культуру, працу сярод моладзі.

Развіццё падзей у Беларусі ў выніку палітыкі Кубэ, якая была накіравана на ўзмацненне нацыянальных сіл, ставіла гэтыя спадзяванні пад сумнеў. Пашыралася дзейнасць савецкіх партызанаў, якімі кіравалі і якіх падтрымлівалі з-за лініі фронту. Партызаны правакавалі ўзмацненне карных паліцэйскіх аперацый, што суправаджаліся спальваннем вёсак, вынішчэннем ці дэпартацыяй жыхароў у Германію, якія падазраваліся ў дапамозе партызанам, і іншымі злачынствамі. Падчас такіх аперацый загінула каля 100 тысяч жыхароў беларускіх вёсак, у асноўным старых, жанчын і дзяцей.

Кубэ разумеў, што злачынствы супраць мірных жыхароў з боку СС і паліцыі падчас карных аперацый перакрэсліваюць усю ягоную палітыку, разлічаную на заваёву сімпатый акупаванага насельніцтва. З гэтай прычыны і гуманістычных намераў ён распачаў барацьбу з СС і паліцыяй, абараняючы невінаватых людзей.


Не маючы права, паводле яго статуса, аддаваць загады паліцэйскім уладам, Кубэ выкрываў злачынствы карных аддзелаў, дакладваў пра іх вышэйшаму кіраўніцтву ў Берлін і наіўна разлічваў, што з яго заступніцтва будзе плён. На гэтай глебе разгарэўся востры канфлікт, і кіраўніцтва СС і паліцыі патрабавала выдаліць Кубэ з Мінску, пра што было згадана вышэй.

У снежні 1942 года паліцэйскія ўлады ў Берліне і Мінску адначасова пачалі кампанію, якая была накіравана на палітычную дыскрэдытацыю Кубэ як ініцыятара «супярэчлівых» інтарэсаў Германіі беларускіх нацыянальных тэндэнцый. У першую чаргу пачалі распрацоўваць кіраўніцтва БНС і збіраць довады яго «злачыннай дзейнасці». Галоўны ўдар прыйшоўся па Івану Ермачэнку, а разам з ім і на прынцыпы яго палітыкі, якая пакрывалася рашэннямі нямецкіх вышэйшых грамадзянскіх уладаў. Следства пачало займацца гаспадарчай дзейнасцю БНС, дзе былі выкрыты злоўжыванні. Ермачэнка звольніўся з пасады і 27 красавіка 1943 года пакінуў Мінск.

Ратуючы Ермачэнку, Кубэ абараняў сваю ўласную пазіцыю, але заплаціў за гэта разбурэннем механізму палітычнай дзейнасці, які ён паслядоўна ствараў з верасня 1941 года. Пад націскам паліцэйскіх уладаў вясною 1943 года былі ліквідаваны ўсе не прадугледжаныя статутам БНС структуры, у тым ліку і Галоўная рада. У красавіку 1943 года была распушчана Беларуская самаахова.

Атакі паліцэйскіх уладаў, якія каардынаваў прызначаны Гімлерам кіраўнік СС і паліцыі ў Беларусі брыгадэнфюрэр Курт фон Готберг, не прымусілі Кубэ адмовіцца ад працягу пазітыўнай беларускай палітыкі.

Кубэ пачаў дзейнічаць больш асцярожна і ўсе важнейшыя ініцыятывы ўзгадняў з міністэрствамі акупаваных усходніх абласцей у Берліне.

Ён неаднаразова падкрэсліваў: «Мы прыйшлі сюды як пераможцы, але пераможцы бальшавізму, а не беларусаў, для якіх мы вызваліцелі», і заклікаў так арганізаваць беларускую нацыю, «каб яна была на ўзроўні еўрапейскіх нацый».

23 жніўня 1943 года, за месяц да гібелі Кубэ, адбылося пасяджэнне Камітэта даверу (больш вядомага як Рада даверу). Сярод пытанняў значылася і такое: метады барацьбы з партызанамі. Разглядаліся злачынствы паліцэйскіх аддзелаў у час антыпартызанскіх карных аперацый. На пасяджэнні былі выказаны наступныя прапановы: а) спыніць спальванне вёсак і рэпрэсіі супраць нявіннага мірнага насельніцтва; б) стварыць умовы і рэальныя гарантыі бяспекі для людзей, якія б вярнуліся з лясоў дадому; в) стварыць нямецка-беларускую камісію, даручыўшы ёй распрацаваць адпаведныя рэкамендацыі па гэтых пытаннях і ажыццявіць кантроль за іх выкананнем.

Галоўная Рада БНС, ліпень 1942. Сядзяць (злева): Іван Касяк, Павел Свірыд, архіепіскап
Філафей, Іван Ермачэнка, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, Вацлаў Іваноўскі

  

Паводле ўспамінаў Я. Калубовіча, пазіцыя Рады даверу выклікала абурэнне прысутных афіцэраў СС і паліцыі.

Сябры Рады даверу пабойваліся арышту, і іх не пакідала думка, што немцы могуць з імі расправіцца. Не выключалася магчымасць, што органы СД і СС і паліцыі не даруюць гэтага Кубэ.

Яшчэ ў жніўні 1942 года былі спробы стварыць нацыяналістычныя фарміраванні ваеннага тыпу з ліку беларусаў. Паводле ўказанняў Кубэ кіраўнікі Беларускай народнай самапомачы распачалі арганізацыю Беларускага корпуса самааховы, прызначанага для ўзброенай барацьбы з партызанамі. Але многія з тых, каго акупанты прымушалі служыць у атрадах «самааховы», ухіляліся ад мабілізацыі і ішлі ў партызанскія атрады. У выніку правалу задумы Кубэ ў красавіку 1943 года акупанты загадалі распусціць атрады «самааховы».

Акупацыйныя ўлады ўсё рабілі для таго, каб як мага больш выкарыстаць багацці захопленых тэрыторый, падавіць супраціўленне насельніцтва пры дапамозе гвалту, прымусу, крывавай расправы, расстрэлу. Кубэ адзначаў, што мэта акупацыйных уладаў — прымусіць беларусаў працаваць на Германію, а з Беларусі вывозіць усё, чаго не хапала ў Германіі. Ацалелыя прадпрыемствы акупанты прыстасоўвалі для рамонту ваеннай тэхнікі, для патрэбаў арміі імкнуліся наладзіць работу мясцовай прамысловасці.

Кубэ пратэставаў супраць варварскіх метадаў акупацыі Беларусі: масавыя расстрэлы, захоп жанчын і дзяцей не маюць нічога агульнага з гуманным вядзеннем вайны. Колькасць вёсак, знішчаных у час вялікіх карных паліцэйскіх аперацый, намнога перавышала колькасць вёсак, якія спалілі партызаны. Кубэ разумеў, што калі нямецкія ўлады і ў далейшым будуць дзейнічаць такімі метадамі, то яны не змогуць разлічваць на ўціхамірванне краю. Карныя аперацыі часта ператвараліся ў крывавыя оргіі. Нямецка-фашысцкія захопнікі апрача абяцанняў, у якія ўжо ніхто не верыў, практычна не давалі нічога народам Усходу, гэта значыць акупаванай тэрыторыі СССР.

Цяжка вызначыць, чаго было больш у дзеяннях Кубэ — разбою, садызму ці лагоднасці ў адносінах да беларускага народу.


Безумоўна, не пра беларускі народ, не пра захаванне і развіццё беларускай мовы і культуры клапаціўся ён, а перш за ўсё пра танную рабочую сілу, бясслоўную і пакорлівую. А што тычыцца яўрэйскай моладзі, то яна, як у падпісаным Кубэ распараджэнні 10 верасня 1941 года, «не падлягае абавязковаму навучанню». Ёй, як вядома, быў угатаваны іншы лёс.

На пачатку 1943 года з генеральнай акругі Беларусі сілком адпраўлялі ў Трэці рэйх 500–1000 юнакоў і дзяўчат. Паўсюдна ішло паляванне на людзей, нават у школах у час аблавы адбіралася моладзь для ўгону ў Германію.

Тут, у Мінску, нямецкім «шэфам» (у першую чаргу генеральнаму камісару Беларусі, гаўляйтару Кубэ) дастаўляліся ў неабмежаванай колькасці тлушч, хатняя птушка, белая мука, а «шэфы» ўсім гэтым удала гандлявалі ў Берліне. Выконваліся і іншыя інтымныя даручэнні вышэйшага нямецкага начальства, пра што будзе расказана далей.

Кубэ ўчыніў рабаванне нацыянальнай бібліятэкі імя Леніна. Паводле яго распараджэння ў Берлін рэгулярна вывозіліся рарытэтныя кнігі па гісторыі Беларусі аддзела рукапісных і старадрукаваных кніг. Каб схаваць сляды сваіх злачынстваў, гаўляйтар разам са сваімі падручнымі — «шэфам» культурных устаноў Генеральнага камісарыята Беларусі Куртцам, а потым са змяніўшым яго Шосцам — распарадзіліся ў 1942–1943 гадах правесці так званую чыстку фондаў бібліятэкі, вынікам чаго стала яе фактычнае знішчэнне. Гэта бібліятэка, значна разрабаваная, была вернута ў БССР пасля Вялікай Айчыннай вайны.


У Мінску знаходзілася вышэйшая цывільная акупацыйная ўлада — Генеральны камісарыят Беларусі на чале з Вільгельмам Кубэ. Тут размяшчаўся штаб корпуса па ахове тылу групы армій «Цэнтр», аддзел абвера пад кіраўніцтвам паліцыі бяспекі СД, штаб па барацьбе з партызанскім рухам, галоўная палявая камендатура, ваенная камендатура, паліцыя аховы і парадку, шматлікія часткі СС, жандармерыя. Ваенны гарнізон у горадзе налічваў каля 5 тысяч салдат і афіцэраў. Акрамя гэтага ў Мінску і яго прыгарадах дыслацыраваліся буйныя армейскія рэзервы, якія папаўняліся і перафарміроўваліся пасля баёў на фронце. Іх колькасць часам даходзіла да 50–60 тысяч чалавек. Дарэчы, з асяроддзя паволжскіх немцаў, якія за некалькі гадоў да нападу Германіі на СССР прыехалі ў Мінск і другія месцы Беларусі, рэкрутаваліся работнікі германскіх акупацыйных органаў.
------------------------------------------------------------------

Даведка

Пасля акупацыі на ўсёй тэрыторыі Беларусі было ўведзена ваеннае кіраўніцтва, якое ўзначаліў камандуючы тыламі групы армій «Цэнтр» генерал Макс фон Шэнкендорф. Яму падпарадкоўвалася сетка палявых камендатур, а ім, у сваю чаргу, — мясцовыя камендатуры, якія ствараліся практычна ва ўсіх гарадах і былых раённых цэнтрах Беларусі. Згодна з дырэктывамі Галоўнага камандавання Вермахта, ваеннае кіраўніцтва мела пераходны характар і з цягам часу яго адміністрацыйныя функцыі мусілі пераняць грамадзянскія ўлады. Але ў выніку неспрыяльнай сітуацыі на Усходнім фронце, армія перадала цывільным уладам толькі заходнюю частку Беларусі, а яе ўсходняя частка да канца акупацыі заставалася ў зоне ваеннага кіраўніцтва.

Частка 2 <<<>>>> Частка 4

Абмеркаванне:

  • poroshok84-2@mail.ru
  • 2016-09-26 20:01:42
4 часть не открывается.
  • Рэдакцыя
  • 2016-09-27 21:23:10
Так, прабачце. Чамусьці не перанеслася з нашага старога сайта. Колькі гадоў таму ў нас перакупілі дамен (на аўкцыёне была непад'емная для нас сума) і на гэтай пляцоўцы стварылі праўладны сайт з такой жа назвай, толькі па-руску. Мы, што змаглі перанеслі на іншы дамен. Аоле відаць не ўсё. Частка два таксама не адчыняецца. Паспрабуем што-небудзь прыдумаць.
  • Рэдакцыя
  • 2016-09-27 21:29:30
Ужо ўсё працуе :)

Каментаваць