Забойства Вільгельма Кубэ (гісторыка-дакументальнае эсэ)- Працяг

Вільгельма Кубэ ў Трэцім рэйху паважалі як заўзятага і перакананага антысеміта, але ў красавіку 1936 года ён выслаў вярхоўнаму суддзі рэйхсканцлеру Вальтэру Буху ананімны ліст, у якім абвінаваціў яго ў пераследаванні яўрэяў, адначасова згадваў семіцкае паходжанне яго жонкі.





Семіт ці антысеміт?


Пасля чарговага яўрэйскага пагрому 28 ліпеня 1942 года гаўляйтар прыехаў у гета, супакоіў яго жыхароў, казаў, што ўсё закончылася, што гэта справа рук не немцаў, а мясцовай паліцыі, ён раздаваў дзецям цукеркі і адкрыў дзіцячы дом (папярэдні дзіцячы дом разам з яго жыхарамі і медперсаналам раней павялі на расстрэл). Гэты эпізод вельмі ярка паказаны ў мастацкім фільме “Часы остановились в полночь, які быў зняты ў 1959 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм. Гэта стужка прысвечана подзвігу А.Р. Мазанік, а паколькі фільм мастацкі, то многія падзеі ў ім паказаны не зусім такімі, якімі яны былі на самай справе.

Але антысемітызм Кубэ не перашкаджаў яму выратоўваць ад знішчэння “сваіх жа нямецкіх яўрэяў, тых, каго дэпартавалі з Германіі і хто меў узнагароды Першай сусветнай вайны.

Жывучы ў Мінску, Кубэ хутка завязаў асабістыя сувязі і знаёмствы з некаторымі яўрэямі. Ён акружыў сябе яўрэйскімі піяністамі, цырульнікамі і іншымі. Адзін яўрэй Карл Лёвенштант быў вызвалены з Мінскага гета па асабістаму хадайніцтву Кубэ, генеральны камісар Беларусі лічыў яго сваім аднакурснікам і шмат гаварыў з ім пра той час. Гэта тым больш цікава, што Кубэ ў студэнцкія гады быў ярым антысемітам.

Як расказвае Гірш Смоляр у сваёй кнізе “Менскае гета, аднойчы ў гета прыйшла руская жанчына Марыя Гарохава (псеўданім “Маёрава, у лістападзе 1941 года — верасні 1942 года ўдзельніца Мінскага антыфашысцкага падполля, потым сувязная партызанскага атрада) на пяты дзень нямецкай разні з жоўтай латай на адзенні. Паводле загаду Мінскага гарадскога падпольнага цэнтра Гірш Смоляр павінен быў пакінуць Мінскае гета і перайсці непасрэдна пад “юрысдыкцыю цэнтральнага мінскага кіраўніцтва. План пакінуць Мінскае гета распрацавалі хутка і вынікова. Гарохава і Смоляр зайшлі ў калону рабочых, якую збіраліся вось-вось весці на працу ў цэнтральную частку горада Мінска. Яны выйшлі з гета ў калоне рабочых-яўрэяў. У хуткім часе Гарохава падала сігнал рукой. І яны непрыкметна выслізнулі з калоны ў бакавы завулак. Ніхто іх не заўважыў. Не дайшоўшы да плошчы Свабоды, яны спыніліся, сарвалі з адзення жоўтыя латы і спакойна пайшлі да рэзідэнцыі генеральнага камісара Беларусі Кубэ. Гарохава падышла да нямецкага вартавога і на руска-нямецкай мяшанцы з дапамогай жэстаў патлумачыла немцу, што прывяла слесара рамантаваць у доме паравы кацёл.

Гірш Смоляр апынуўся ў яе кватэры, у цокальным паверсе таго самага будынку, дзе мясцілася адміністрацыя Кубэ. Смоляр жыў на самых розных канспіратыўных кватэрах, але каб яўрэй з Мінскага гета быў суседам генеральнага камісара Беларусі, такога не змагла б уявіць нават самая незвычайная яўрэйская фантазія. І гэты факт бясспрэчны!

Акцыі знішчэння яўрэяў у Беларусі праводзіліся айнзацгрупамі і зондэркамандамі, паліцэйскімі часцямі СС, верхматам і мясцовымі калабарантамі ўжо летам 1941 года. Штаты беларускай паліцыі ў 10 тысяч чалавек былі поўнасцю ўкамплектаваны. Іх дапаўнялі добраахвотнікі з Беларускай народнай самапомачы (БНС), Саюза беларускай моладзі (СБМ), Беларускай краёвай абароны і іншых беларускіх фармаванняў.


Карныя атрады ігнаравалі пазіцыю грамадзянскай нямецкай адміністрацыі аб прыпыненні расстрэлаў ахвяр Мінскага гета па прычыне “эканамічнай немэтазгоднасці. Гэбітскамісар горада Слуцка Карл і гаўляйтар Кубэ скардзіліся нават у Берлін на тое, што дзеянні па ліквідацыі яўрэяў наносілі эканамічны ўрон Трэцяму рэйху і праводзіліся “недастойнымі метадамі і з садызмам.


Шмат людзей загінула зімой 1942 — восенню 1943 года. Асноўнай прычынай гэтых акцый лічылася сувязь з партызанамі, хаця на самай справе гэтыя акцыі былі раней прадуманы і запланаваны.

У сувязі з гэтым застаецца адкрытым пытанне аб мэтазгоднасці забойства Кубэ (паводле загаду І.В. Сталіна — забіць Кубэ), які крытыкаваў пазіцыю СС у яўрэйскім пытанні, што і паскорыла ліквідацыю Мінскага гета ў кастрычніку 1943 года.

Пра дзяржаўнасць Беларусі

Яшчэ ў 1918 годзе Беларусь была для Берліна “невядомай краінай Еўропы. У міжваенны перыяд аўтарытэт Беларусі ў палітычных колах Берліна не ўзняўся — перашкаджала адсутнасць уласнай нацыянальнай дзяржаўнасці і аслабленне ў 1930-х гадах палітычных, эканамічных і культурных пазіцый беларускага нацыянальнага руху — з-за індустрыялізацыі, калектывізацыі, таталітарных сталінскіх рэпрэсій і г.д.

Цікавыя падобныя дзеянні Эрыха фон Фалькенгайна і Вільгельма Кубэ — кіраўнікоў акупацыйных адміністрацый Беларусі ў першай і другой акупацыях.

Эрых фон Фалькенгайн у 1914–1916 гадах быў начальнікам Генеральнага штаба германскай арміі. У 1918 годзе быў камандзірам 10-ай арміі, якая дыслацыравалася ў Беларусі. Эрых фон Фалькенгайн насуперак пазіцыі Берліна ў час Першай сусветнай вайны пасадзейнічаў стварэнню і непрацягламу існаванню БНР, якая заклала асновы беларускай дзяржаўнасці.

Вільгельм Кубэ ў час Другой сусветнай вайны ў значна горшых умовах паспрыяў адраджэнню падаўленых у 1930-я гады нацыянальных пачуццяў беларусаў і іх ідэалу дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.

Акалічнасці канфлікту “беларускага гаўляйтара з СС і паліцыяй яскрава сведчаць, што яго паводзіны грунтаваліся не толькі на тактычных разліках — падзеі адбываліся ў той час, калі параза Германіі не здавалася яшчэ непазбежнай. Пасля смерці гаўляйтара Курт Готберг (пераемнік Кубэ) пераняў гэту палітычную лінію і надаў ёй эфектнае прапагандысцкае гучанне. Вынікі цывільнага праўлення — паступовая беларусізацыя адміністрацыі, арганізацыя беларускіх школ, СБМ, культурная і выдавецкая дзейнасць, беларусізацыя царкоўнага жыцця і, нарэшце, БНС, Камітэт даверу і Беларуская цэнтральная рада (БЦР), якія, хаця і не атрымалі фармальнага прызнання ў Берліне да канца акупацыі як органы нацыянальнага прадстаўніцтва, фактычна ўсё ж адыгрывалі гэтую ролю. Ідэю стварэння корпусу Самааховы, якую Кубэ не змог да канца ажыццявіць ва ўмовах усё нарастаючага канфлікту яго з СС і паліцыяй, пазней рэалізаваў Курт Готберг у выглядзе БКА. Ва ўмовах Беларусі гэтыя вынікі набывалі іншае значэнне, бо стваралі магчымасць для ўзмацнення і распаўсюджвання нацыянальнай свядомасці, для арганізацыі нацыянальнага грамадскага руху.

Курт Готберг не забыўся, як члены Камітэта даверу ў жніўні 1943 года выступалі з пратэстам супраць варварскіх метадаў карных атрадаў СС і паліцыі па расправах з мірным насельніцтвам Беларусі. Акупанты абяцалі даць дзяржаўную самастойнасць Беларусі ў складзе “Новай Еўропы.

27 чэрвеня 1943 года Кубэ загадаў стварыць пры камісарыяце Беларускую раду даверу — дарадчы орган з “прадстаўнікоў беларускай грамадскасці. Акупанты выдавалі сябе за сяброў беларускага народа, заклікалі беларусаў да супрацоўніцтва з імі, стваралі ўражанне ўдзелу “прадстаўнікоў народа ў фашысцкіх органах кіравання і імкнуліся ўзняць аўтарытэт нацыяналістаў для таго, каб уцягнуць у арбіту іх уплыву частку беларускага насельніцтва. 21 снежня 1943 года ўжо Готберг абвясціў стварэнне Беларускай цэнтральнай рады. Яна была заклікана “мабілізаваць усе сілы беларускага народа на знішчэнне бальшавізму.

Калі ў Першую сусветную вайну для нямецкіх палітыкаў і гісторыкаў Беларусь была “невядомай краінай, то праз 20 гадоў генеральны камісар Беларусі гаўляйтар Вільгельм Кубэ ацэньваў яе як “імглісты геаграфічны панятак.

У 1941 годзе нямецкія цывільныя і ваенныя ўлады сустрэлі ў Беларусі парадаксальную пасіўнасць і нацыянальную абыякавасць мясцовага насельніцтва. Створаныя на пачатку акупацыі беларуская адміністрацыя і паліцыя мелі пераважна не беларускі характар і лёгка падпадалі пад уплыў ці савецкага ці польскага падполля. Але стаўка Кубэ на беларускі нацыяналізм рабіла сваю справу, і з вясны 1942 года становішча пачало мяняцца. Гэтаму спрыяла беларуская адміністрацыя, прэстыж беларускай мовы як дзяржаўнай, дзейнасць Беларускай народнай самапомачы, Самааховы, Саюзу беларускай моладзі, Рады даверу і Беларускай цэнтральнай рады. Як сведчаць архіўныя дакументы, прагрэс беларускага нацыяналізму непакоіў савецкае і польскае падполле, якое крывава распраўлялася з беларускімі грамадскімі дзеячамі.

Кубэ палічыў сваёй задачай развіццё беларускай культуры. Што тычыцца нацыянальных пытанняў, то ў іх Кубэ быў больш пазітыўны, чым савецкая ўлада. Ён не ўхваляў і злачынных метадаў барацьбы ваенных часцей СС з партызанскім рухам.

31 лістапада 1941 года ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі стаў галоўным школьным інспектарам Беларусі. У ліпені 1942 года шэф БНС Ермачэнка звярнуўся да Кубэ з прапановай аформіць кананічнае прызначэнне Гадлеўскага генеральным вікарыем Каталіцкай Царквы ў Беларусі, дзе даў яму такую характарыстыку: “…Ксёндз Гадлеўскі ёсць нам вядомы як свядомы беларус, прыхільнік нямецка-беларускага супрацоўніцтва і добры барацьбіт проці палякаў. 23 снежня 1942 года выйшла “Беларуская газета з артыкулам Гадлеўскага “25-я ўгодкі склікання Усебеларускага Кангрэсу. У гэтым артыкуле быў увярстаны верш Ларысы Геніюш, дзе давалася водпаведзь і расійцам, і немцам і які заклікаў народ на абарону за свабоду і незалежнасць Беларусі. Раніцай 24 снежня 1942 года Гадлеўскі быў арыштаваны нямецкай паліцыяй, адпраўлены ў мінскую турму і, паводле звестак, на каталіцкае свята — Ражаство Хрыстова — расстраляны ў Трасцянцы.

Вінцэнт Гадлеўскі


Некалькі гадоў таму яго пахаванне прыблізна было знойдзена, і цяпер на гэтым месцы кожны год 24 снежня ўскладаюцца кветкі, зусім нядаўна тут усталяваны каталіцкі паклонны крыж.

У той час, калі адно нямецкае ведамства лічыла Гадлеўскага “чыстым (інакш яго артыкул не быў бы дапушчаны да друку!), другое — ворагам.

Гэты парадокс адлюстроўваў востры канфлікт, які ўзнік у канцы 1942 года паміж галоўнымі дзеячамі акупацыйнага рэжыму ў Беларусі на фоне супрацьпартызанскіх метадаў барацьбы. Кубэ абвінавачваў кіраўніцтва СС і паліцыі ў масавых забойствах мірнага насельніцтва Беларусі, за што яны імкнуліся выдаліць гаўляйтара з Мінску. З гэтай мэтай пачалася кампанія кампрамату на Кубэ як ініцыятара і натхняльніка палітыкі кіраўніцтва БНС, нібыта супярэчлівай з інтарэсамі Германіі, якое імкнулася стварыць беларускае войска і органы дзяржаўнага кіравання. У атмасферы такіх паліцэйскіх ганенняў супраць Ермачэнкі і яго паплечнікаў тады было арыштавана каля 100 дзеячаў БНС у Мінску і на тэрыторыі Беларусі. Сярод іх — і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, які быў знішчаны як нежаданы саюзнік Вільгельма Кубэ.

Частка 1<<<>>>Частка 3 

Каментаваць