Забойства Вільгельма Кубэ (гісторыка-дакументальнае эсэ). Частка 12.

Асабняк Віктара Янчэўскага

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ад 7 чэрвеня 1891 года захавалася прашэнне Янчэўскага ў Мінскую гарадскую ўправу аб выдзяленні яму зямельнага ўчастка пад будаўніцтва двухпавярховага мураванага будынка па фасаду на 8 вакон, які ў гісторыю Беларусі ўвайшоў пад назвай асабняка Віктара Янчэўскага.

Асабняк Віктара Янчэўскага

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ад 7 чэрвеня 1891 года захавалася прашэнне Янчэўскага ў Мінскую гарадскую ўправу аб выдзяленні яму зямельнага ўчастка пад будаўніцтва двухпавярховага мураванага будынка па фасаду на 8 вакон, які ў гісторыю Беларусі ўвайшоў пад назвай асабняка Віктара Янчэўскага.

Віктар Восіпавіч Янчэўскі з’яўляўся прысяжным засядацелем Мінскага акруговага суда. Быў дэпутатам Першай Думы, уваходзіў у дэпутацкую камісію па выкананні дзяржаўных даходаў і расходаў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Янчэўскага абралі сябрам Мінскага камітэта грамадскай бяспекі, ён актыўна ўдзельнічаў у стварэнні міліцыі Пецярбургу, часта сустракаўся з М.В. Фрунзе. У 1919–1920-х гадах быў сябрам мінскага аддзела польска-беларускага таварыства. Ёсць меркаванне, што ён быў знішчаны ў ліку першых прадстаўнікоў мінскай інтэлігенцыі ў 1920-я гады.

У 1923 годзе ў гэтым будынку была адкрыта першая ашчадная каса горада Мінска, і Янка Купала стаў яе першым ганаровым укладчыкам, які на сваю ашчадную кніжку №1 паклаў ганарар за зборнік вершаў “Наследие.

Перад Вялікай Айчыннай вайной у асабняку Янчэўскага размяшчалася ваенная пракуратура, у якой следчым працаваў Іван Фінскі — даваенны сусед Осіпавай. Яго жонка Г.В. Фінская-Быкава была разведчыцай партызанскай брыгады “Дядя Коля (камандзір брыгады Т.Р. Лапацін), і толькі блакада нямецкіх карнікаў каля возера Палік, што ў Бягомльскім раёне, перарвала сувязь Г.В. Фінскай-Быкавай у падрыхтоўцы да забойства Кубэ. Замест яе ў Мінск паслалі маладую разведчыцу — “партызанскую жонку камандзіра атрада “Буря Траян.

У 1941–1944 гадах у асабняку Янчэўскага на другім паверсе размяшчалася нямецкая палявая жандармерыя, упраўленне паліцыі аховы парадку ў Беларусі, на трэцім паверсе — генеральны камісарыят Беларусі. У правым крыле гэтага асабняка на трэцім паверсе знаходзіўся рабочы кабінет Кубэ і жылыя пакоі для яго сям’і.

А вось якая была планіроўка асабняка Янчэўскага ў 1943 годзе, калі там жыў В. Кубэ.

Столь першага, цокальнага, паверха была вышынёй 2,7 метра, другога — 3,8 метра, трэцяга паверха (дабудаванага) вышынёй 3,6 метра.

На першым паверсе знаходзілася кухня, пральня, прыбіральня, склад для дроў, кладоўка для прадуктаў харчавання, пакоі для прыслугі.

На другім — спальня Кубэ, сталовая, ванная і тры дзіцячыя пакоі. Усе памяшканні прыбірала модна апранутая 18-гадовая бялявая пакаёўка “малая Галіна — Галіна Вігал. Яе маці працавала машыністкай у нямецкай камендатуры, якая знаходзілася ў парку Максіма Горкага. Афіцыянткай на гэтым паверсе працавала Жаніта, дачка былога фабрыканта з Заходняй Беларусі, які пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР быў сасланы ў Сібір.

Параўнанне планаў другога паверха за 1891 і 1949 гады паказвае, што планіроўка паверха, дзе знаходзілася спальня Кубэ, не змянілася. Тры вакна спальні, якая знаходзілася ў вуглавым пакоі, выходзілі на вуліцу Энгельса, адно на вуліцу Кірава. Ложак Кубэ, які пакутаваў, як і Мазанік, на рэўматызм, стаяў каля вялікай галандскай печы (галанкі) каля вакна з боку вуліцы Кірава. Паводле сведчанняў Мазанік, на другім паверсе ўсе вокны з боку вуліцы Энгельса знутры на ноч зачыняліся жалезнымі стаўнямі.

На трэцім паверсе было шэсць пакояў і вялікі кабінет Кубэ. У ім партэра вылучала памяшканне з камінам і чатырма крэсламі для наведвальнікаў. Каля вакна — доўгі і шырокі стол на вітых ножках, з масіўнай тумбай. Каля сцяны — буфет, дзе быў вялікі выбар розных вінаў, гарэлкі, каньяку, цыгараў, цыгарэтаў, срэбная чаша. Каля сцяны — шырокая сафа, засланая вялізным пледам: тут пасля абеду адпачываў В. Кубэ, побач стаяў журнальны столік. У музычным пакоі Аніта Кубэ вучыла сваіх дзяцей музыцы.

Па другі бок калідора знаходзілася гасцінная з доўгім сталом, крэсламі з чырвонага дрэва, масіўным разным буфетам для ўсяго посуду Кубэ. У пакоі для гасцей стаялі два ложкі. Тут былі два пакоі для ад’ютантаў Кубэ. Гэты паверх прыбірала Мазанік. Яна папрасіла сябе называць Галінай і, каб яе не блытаць з другой Галінай Вігал, Мазанік у асабняку ўсе называлі “вялікай Галінай ці “фрау грос Галіна. Афіцыянткай і на гэтым паверсе была Жаніта.

Асабняк пры Кубэ ахоўвалі паліцэйскія, а не СД. Паліцыя насіла цёмна-зялёную форму, з-за якой паліцэйскіх празвалі “зялёнымі падручнымі Гімлера. У Беларусі, паводле нямецкіх дакументальных крыніц, у паліцыі аховы парадку ў 1942 годзе было каля 11 тысяч чалавек: з іх немцаў каля 700. Астатнія, звыш 10 тысяч паліцэйскіх, набіраліся з мясцовых жыхароў і ваеннапалонных.

Асабняк кругласутачна ахоўвалі 12 паліцэйскіх. Яны маглі ў час дзяжурства пайсці з паста на базар за кветкамі, піць каву на кухні на цокальным паверсе, выходзіць з асабняка для праверкі знешняй аховы будынку.

Баючыся правакацый з боку СС, Кубэ хацеў замяніць ахову свайго асабняка і замест паліцэйскіх Герфа набраць сваю асабістую ахову з мясцовых фольксдойчэ (немцы, якія пражывалі за межамі Германіі). Але начальнік упраўлення паліцыі бяспекі і СД па Беларусі Штраух, спасылаючыся на ўказанне Гімлера, забараніў Кубэ ствараць сваю асабістую ахову з фольксдойчэ. У Мінску з 5 тысяч пастаяннага нямецкага гарнізона па стану на 1943 год было каля 2 тысяч 500 фольксдойчэ. Большую частку мінскіх фольксдойчэ складалі немцы, якія прыбылі з Паволжа. Ахову вялікага канцэнтрацыйнага лагера ў Трасцянцы акрамя ўкраінцаў нёс і батальён фольксдойчэ. Астатнія фольксдойчэ працавалі ў розных нямецкіх структурах. Ёсць звесткі, што асабістым перакладчыкам у Кубэ быў паволжскі немец Сямашка.

Перад вайной большая частка мінскіх немцаў пражывала ў раёне вуліцы Розы Люксембург (там былі лютэранскія могілкі і лютэранская кірха. Другім месцам кампактнага пражывання немцаў быў саўгас імя Гіршы Лекерта (тэрарыста, які страляў у Віленскага генерал-губернатара, за што і быў павешаны) ва ўрочышчы Дразды. Дарэчы, помнік Лекерту ў Малым садзе на плошчы Свабоды ў Мінску быў пастаўлены ў 1922 годзе на фундамент-пастамент помніка расійскаму імператару Аляксандру ІІ.

Пасля вызвалення Беларусі ў ліпені 1944 года ў асабняку Янчэўскага жыў генерал з НКУС СССР “Смерша (“Смерць шпіёнам) з сям’ёй, потым яго змяніла вельмі ўплывовая і ўваходзячая ў “магутную тройку лідараў ЦК КП(б) Беларусі народны камісар асветы БССР Уралава.

У ліку іншых у будучым падлягаў зносу і моцны асабняк Янчэўскага, зямельны ўчастак якога ў пасляваенны час шмат разоў уразалі на патрэбу будаўніцтва гмаху ЦК КПБ. І толькі недахоп плошчаў пад жыллё ў моцна разбураным Мінску часова ратаваў асабняк ад зносу. У 1946 годзе ў ім былі вычышчаны і замураваны дымаходы печаў і падключана цэнтральнае паравое ацяпленне. Пральню пераабсталявалі пад кацельную для аўтаномнага падагрэву вады ў міні-басейне, які быў зроблены ў былым ванным пакоі на другім паверсе. Будаўнічыя работы ў гэтым квартале ў Мінску да 1947 года за плотам з калючага нержавеючага дроту выконвалі нямецкія ваеннапалонныя і савецкія вязні з ліку рускіх рэпатрыянтаў і савецкіх ваеннапалонных, якія вярнуліся з нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў — салдаты і афіцэры Савецкай арміі.

У канцы 1949 года ў асабняку Янчэўскага правялі чарговы рамонт, і потым перадалі будынак літаратурнаму музею Янкі Купалы. Між іншым, вядомы мінскі архітэктар Воінаў да студзеня 1947 года распрацаваў эскізны праект аднапавярховага будынка літаратурнага музея Янкі Купалы, але ён па невядомых прычынах не быў рэалізаваны (у архіве захавалася праектная дакументацыя).

З-за невялікай колькасці экспанатаў (пераважная большасць асабістых рэчаў Янкі Купалы загінула ў Мінску 24 чэрвеня 1941 года, калі ў яго дом на вуліцы Садовай, 4, дзе ён жыў, трапіла бомба) і навуковых супрацоўнікаў, фонды музея Янкі Купалы і рабочыя кабінеты супрацоўнікаў музея размясцілі ў цокальным паверсе асабняка. Для экспазіцыі музея адвялі частку другога паверха. У самым вялікім пакоі першага паверха мясціліся працоўныя месцы дырэктара музея (нязменным дырэктарам музея да самай смерці была У.Ф. Луцэвіч — жонка Янкі Купалы) і навуковых супрацоўнікаў. У гэтым будынку дазволілі жыць бяздомнаму намесніку дырэктара музея з сям’ёй. На другім і трэцім паверхах размясціліся фінансава-эканамічныя службы багатага Саюза пісьменнікаў БССР, які аплачваў тэхнічнае ўтрыманне і рамонт будынка. У гэтым будынку музея пачалі збірацца беларускія пісьменнікі, якія да гэтага часу сустракаліся на кватэры Міхася Лынькова, на вуліцы Берсана, а потым у Доме ўраду.

У асабняку Янчэўскага пры замене пячнога ацяплення на цэнтральнае не было ўлічана тое, што масіўныя галандскія печы (у народзе празваныя “галанкамі) не толькі добра прасушвалі сцены асабняка ў 1,5 метра таўшчынёй, асабліва ў цокальным паверсе, але і забяспечвалі добрую вентыляцыю памяшканняў, чаго не маглі зрабіць устаноўленыя слабыя батарэі цэнтральнага ацяплення і малаэфектыўная сістэма ўстаноўленай прымусовай вентыляцыі. У цокальным паверсе музея Янкі Купалы з’явілася вялікая сырасць і грыбок цвілі, якія папсавалі нешматлікія экспанаты, ацалелыя ў гады вайны. Супрацоўнікі музея пачалі часта хварэць, сярод іх рэзка павялічылася смяротнасць.

Літаратурны музей Янкі Купалы пераехаў у новы двухпавярховы будынак (архітэктары І. Валадзько, В. Волчак), па адрасу вуліца Янкі Купалы, 4, які месціўся ў нізіне на беразе ракі Свіслач, недалёка ад месца, дзе ў 1926–1941 гадах на вуліцы Садовай, 4 стаяў драўляны дом Янкі Купалы.

Пасля пераезду ў 1960 годзе літаратурнага музея Янкі Купалы, Саюз пісьменнікаў БССР запланаваў зрабіць прыбудову фасада будынка Янчэўскага з 8 акон да 11. Новы ганак выходзіў на паўночную і паўднёвую частку ўчастка. Усходнюю лесвіцу ганку не ўзводзілі з-за значнага памяншэння тэрыторыі ўчастка вакол асабняка. Тэрыторыя вакол асабняка з кожным годам памяншалася, як шагрэневая скура. Уваходныя дзверы прыбудовы сталі шырэйшымі. З боку ганку ў прыбудове размясцілася кінабудка, гардэроб і побач з ім таямнічы пакой з рэнтгенаўскай устаноўкай невядомага прызначэння. Сцены пакоя і дзверы былі абшыты свінцовымі лістамі, каб рэнтгенаўскія промні не шкодзілі здароўю людзей.

У далейшым планавалася зрабіць большую прыбудову да асабняка і з заходняга боку па вуліцы Маркса, але гэтыя планы не былі рэалізаваны, бо зноў надышоў час чарговага пашырэння будынку ЦК КП Беларусі за кошт зносу вельмі моцнага трохпавярховага будынка дзіцячага прытулку, асабнякоў Янчэўскага, Вярыга-Дарэўскай і іншых ацалелых у гады Вялікай Айчыннай вайны будынкаў у гэтым квартале горада Мінска.

У 1976 годзе моцна павялічаны “манапаліст і апошні ўладальнік асабняка Саюз пісьменнікаў БССР перасяліўся ў новы вялікі будынак па вуліцы Фрунзе, 5 — Дом літаратара. Апусцелы былы асабняк Віктара Янчэўскага, помнік гісторыі і архітэктуры ХІХ стагоддзя, неўзабаве ўзарвалі. Вельмі моцны цокальны паверх асабняка ўзарваць не змаглі і засыпалі яго пяском.

На вызваленым месцы пабудавалі яшчэ адно крыло будынка ЦК КПБ. А на месцы размяшчэння асабняка Янчэўскага, насупраць кінатэатра “Піянер, разбілі газон.

У суседнім квартале, праз дарогу ад былога месца размяшчэння асабняка Янчэўскага, побач з кінатэатрам на даволі моцным фундаменце і рэдка рамантаваным доме Дамініка Юхневіча 1881 года пабудовы цяпер вісіць шыльда, якая нагадвае, што будынак — помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя — ахоўваецца дзяржавай.

Частка 11<<>>Частка 13

Каментаваць