Забойства Вільгельма Кубэ (гісторыка-дакументальнае эсэ). Частка 8.

Пасля забойства



Пасля забойства

22 верасня пачаліся пошукі ўдзельнікаў забойства Вільгельма Кубэ. Напачатку кінуліся шукаць Алену Мазанік на яе кватэру па Тэатрштрасэ, 48-5. Але дома яе не было. Кватэру ўзламалі і ўбачылі, што ўсе яе рэчы вывезены. Тады накіраваліся на кватэру да яе сястры Валянціны, але і яе не было дома. Потым пошукі пачаліся ў вёсцы Масюкоўшчына, дзе жылі сваякі Валі. Там супрацоўнікі гестапа высветлілі, што ўся сям’я на двух вазах з рэчамі выехала. І тады быў знойдзены ў вёсцы менавіта другі возчык, які ўказаў шлях кірунку сям’і з вёскі Масюкоўшчына і месца прыпынку вазоў у Мінску. Вось чаму тыя свінні і карова каштавалі жыцця некалькіх чалавек. Каб не сквапнасць сваякоў Мазанік, можа б, і не знайшлі б іх гестапаўцы.

Напаўшы на правільны след, гестапаўцы арыштавалі Грыбоўскую, а яна ўжо выдала сям’ю Дразда. Вось чаму так хутка было ўсё выведана, высветлена і падрабязна складзена карціна, хто забіў Кубэ.

Пры аглядзе месца забойства, неадкладна прызначанай Вялікай спецыяльнай камісіяй, якая складалася з штурмбанфюрэра СС і крымінал-дарадца Бандорфа (у якасці кіраўніка), а таксама прадстаўнікоў з сектара крымінальнай паліцыі  оберштурмфюрэра СС Брэйера і з сектара дзяржаўнай паліцыі — оберштурмфюрэра СС і крымінал-камісара Хайса, у час прасейвання смецця і розных абломкаў былі выяўлены і сабраны матэрыяльныя рэшткі, якія пра многае расказалі аб трагедыі, што разыгралася ў ноч на 22 верасня ў спальні Вільгельма Кубэ.

Цікава паразважаць, а чаму ж нямецкія спецслужбы “праваронілі ў прамым сэнсе гэтага слова падрыхтоўку да забойства генеральнага камісара Беларусі? Тлумачэнне ёсць. Да яго падштурхоўваюць і аператыўнасць, і хуткасць, з якой камісія Бандорфа выявіла віноўнікаў “тэрарыстычнага акта і нават дакладна ведала, што жанчыны-бяглянкі знаходзяцца ў лесе, у партызанскім атрадзе і хутка будуць адпраўлены за лінію фронту. Дык чаму ж іх не адбіць у партызан і не пакараць смерцю?

Але дабрацца да партызанскага лагера было не так проста. Па-першае, усе партызанскія лагеры размяшчаліся ў лесе і кругласутачна моцна ахоўваліся. А немцы, як вядома, лесу панічна баяліся і ў яго звычайна не заходзілі. Па-другое, уся тэрыторыя ў лесе вакол лагера была моцна і шчыльна замініравана. Былі замініраваны грунтовыя, прасёлачныя дарогі і нават усе партызанскія сцежкі, якія ішлі ў балота. Паспрабуй дабярыся да іх. Па-трэцяе, у лагер партызан можна было прайсці толькі з правадніком і толькі па партызанскіх сцежках. Па іх трэба ісці вельмі асцярожна, каб не падарвацца.

Акрамя таго, здабыткам галоснасці сталі і славянскія выпады Кубэ супраць кіраўнікоў Трэцяга рэйху, што магло яму каштаваць заключэння ў канцлагер, а то нават і шляху на шыбеніцу. Цікава адзначыць, што падобныя чуткі пра “руку СД у забойстве Кубэ хадзілі і сярод немцаў.

Распавядаюць, што ў Германіі афіцыйная версія забойства Кубэ была такая: Вільгельм Кубэ быў забіты дзяўчынай, якая служыла ў яго доме. Яна была звязана з партызанамі. Паклала пад матрац бомбу ці міну замаруджанага дзеяння, якая ноччу ўзарвалася і забіла Кубэ.

Але неафіцыйна выказваўся і іншы пункт погляду: хто ведае, як дакладна працуе гестапа, той з цяжкасцю мог дапусціць, што каля самога Кубэ магла працаваць дзяўчына, чыя сувязь з партызанамі выслізнула б ад вачэй гестапа. Цікава, як жа маглі бясследна знікнуць дзяўчаты, калі Мінск так моцна ахоўваўся, а яны былі добра знаёмыя гестапа “ў твар. Чаму не былі арыштаваны родныя і блізкія Мазанік, якія маглі б даць на допытах шмат цікавых матэрыялаў, дзе і куды дзеліся іх дачка Галіна і дачка Валянціна і іх памагатая і сяброўка “Марыя Чорная?

Цікава адзначыць, што гэтыя пытанні ў “Заключительном донесении не асветлены. Хто ж усё ж даў указанне іх не чапаць? Гэта пытанне засталося без адказу!

Кіруючыся матэрыяламі расследавання, што былі праведзены падобнымі асобнымі камісіямі з нагоды ўзрываў мін у розных важных нямецкіх установах на тэрыторыі Беларусі, оберштурмфюрэр СС Брэйер устанавіў, што ў дадзеным выпадку размова ідзе аб рэштках запаволенай магнітнай міны нявызначанага тэрміну англійскага паходжання.

Тут і надалей я буду спасылацца на “Заключительное донесение по вопросу о покушении на генерального комиссара Белоруссии, гауляйтера, майора запаса Вильгельма Кубе в ночь на 22.09.1943 г. Я лічу, што гэта “Заключительное донесение… з’яўляецца найбольш аб’ектыўным, як гістарычны дакумент, у якім усе, як кажуць, кропкі пастаўлены над “і, чым тыя данясенні, што бясконца пісалі і Л.П.Берыя, і Л.Ф.Цанава і П.К.Панамарэнка. І можна толькі здагадвацца, як яны змагаліся, седзячы ў глыбокім тыле, за тое, каб перахапіць чужую славу і так завесці Сталіна, што ён не вытрымаў і, уважліва прачытаўшы ўсе матэрыялы, прадстаўленыя да ўзнагародных лістоў, напісаў такую рэзалюцыю: “Конец ссоре. Девушки получат “героя, остальные ордена.  

“Примененная мина, при проверке на месте происшествия, несомненно была установлена примерно за 12 часов на выступающих пружинах матраца металлической кровати гауляйтера Кубе и там взорвалась. За это предположение говорит также характер ранения гауляйтера. Действие мины было ослаблено матрацем и телом гауляйтера. Этим можно объяснить также невредимость его жены, —  адзначаецца ў  “Заключительном донесении… — Сведения о жизни и обычаях семьи Кубе и другие важные происшествия, вследствие рода работы Мазаник, легко передавались в Москву. Дрозда и Дуброву необходимо рассматривать как закоренелых коммунистов. Куликова и Сибко использовали в качестве подвижных связных. Находящиеся под арестом родственники Дрозда (жена и дочь) знали о преступной деятельности  вышеуказанных лиц.

Липская — соучастница, однако она отклоняла всякую активную разведывательную деятельность. Задержанный в ее квартире Леонид Етишко, 17.8.17 г.р., по расследованию не имеет никакого отношения к делу. Он не имеет постоянного занятия и поэтому вопрос стоит о его использовании на работах. Так же необходимо поступить и с Липской. К арестованным, за исключением Липской и Етишко, я предлагаю применить острейшие средства государственной полиции, — такі запісаны прыгавор у канцы гэтага дакумента і падпісаны Бандорфам, штурмбанфюрэрам СС і крымінал-дарадцам, кіраўніком Вялікай спецыяльнай камісіі.
--------------------------------------------------


Дрозд Мікалай Пракопавіч

Нарадзіўся ў 1890 годзе ў в. Селішча Навагрудскага раёна. Беларус. Беспартыйны. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў вартаўніком у Мінску. Гаспадар явачнай кватэры. Удзельнічаў у аперацыі па ліквідацыі В.Кубэ. 23 верасня 1943 года з жонкаю Аленай Адамаўнай і дачкою Рэгінай Мікалаеўнай арыштаваны СД у сувязі з забойствам В.Кубэ. Расстраляны.

Дрозд Алена Адамаўна


Нарадзілася ў 1896 годзе. Беларуска. Беспартыйная. Адукацыя пачатковая. Гаспадыня явачнай кватэры. 23 верасня 1943 года з мужам і дачкой арыштавана СД у сувязі з забойствам В.Кубэ. Расстраляная.

Дрозд Рэгіна Мікалаеўна

Нарадзілася ў 1923 годзе. Беларуска. Член ЛКСМБ. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны працавала прадаўшчыцай у ГУМе горада Мінска. 23 верасня 1943 года з бацькам і маці арыштавана СД у сувязі з забойствам В.Кубэ. Расстраляная.

Дрозд Яніна Мікалаеўна

Нарадзілася ў 1927 годзе ў Мінску. Член ЛКСМБ. З’яўлялася сувязной партызанскага атрада “Дима Лагойскага раёна Мінскай вобласці.

Грыбоўская (Дуброва) Марыя Рыгораўна

Нарадзілася ў 1908 годзе. Беларуска. Беспартыйная. Член Мінскага антыфашысцкага падполля са жніўня 1941 года. Удзельнічала ў аперацыі па ліквідацыі В.Кубэ. 23 верасня 1843 года арыштавана СД. Расстраляная.  

Стэфановіч Вячаслаў Паўлавіч

Нарадзіўся ў 1913 годзе, у Мінску, беларус, беспартыйны, адукацыя  пачатковая. У гады Вялікай Айчыннай вайны з сакавіка 1943 года ў партызанскім атрадзе “Дима. З чэрвеня 1944 года ў нямецкім палоне, у канцлагеры ў гарадах Дрэздэн і Асвальд. У 1945 годзе вызвалены савецкімі войскамі.

Стэфановіч Аляксандра Якаўлеўна

Нарадзілася ў 1913 годзе ў Мінску, беларуска, адукацыя пачатковая. З верасня 1943 года ў партызанскім атрадзе “Дима.

Муж  і жонка Стэфановічы прымалі ўдзел у падрыхтоўцы забойства В.Кубэ. І ў час аблавы ў Мінску пасля забойства В.Кубэ яны цудам змаглі пакінуць Мінск.

Фурц (Фурс) Мікалай Ігнатавіч

Нарадзіўся ў 1926 годзе. У гады вайны слесар (паводле іншых звестак — шафёр) у гаражы генеральнага камісарыята Беларусі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і здзяйсненні аперацыі па забойству В.Кубэ. У кастрычніку 1943 года высачаны і арыштаваны нямецка-фашысцкімі акупантамі і пакараны ў засценках СД у сувязі з забойствам В.Кубэ.

Ліпская Галіна Баніфацьеўна

Нарадзілася ў 1919 годзе ў сяле Батракі Куйбышаўскай вобласці. Руская, беспартыйная, адукацыя вышэйшая. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны студэнтка 5-га курса Мінскага медыцынскага інстытута. Арыштавана СД 23 верасня 1943 года па справе аб замаху на жыццё В.Кубэ. Вывезена ў канцэнтрацыйны лагер у Германію.

Зубкоў Уладзімір

Нарадзіўся ў 1909 годзе, рускі. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны — ваеннаслужачы. У гады вайны працаваў шафёрам. У верасні 1943 года арыштаваны нямецкімі карнымі органамі. Расстраляны.

Клумава Паліна Мікалаеўна

Нарадзілася ў 1881 годзе ў горадзе Масква, руская. Адукацыя сярэдняя. У кастрычніку 1943 года арыштавана СД. Загінула ў 1944 годзе ў нямецкай турме.

Мазнякова-Болагава Таццяна Якаўлеўна (“Малая Тоня, “Тоня).


Нарадзілася ў 1903 годзе ў горадзе Клімава Бранскай вобласці. Руская. Беспартыйная. Адукацыя пачатковая. Гаспадыня явачнай кватэры. З кастрычніка 1943 года ў партызанскім атрадзе “Дима Мінскай вобласці.

Частка 7<<>>Частка9

Каментаваць