Забойства Вільгельма Кубэ (гісторыка-дакументальнае эсэ). Частка 5.

 Паводле дакументальных крыніц, іншых матэрыялаў, змешчаных у кнігах, часопісах, газетах, навуковых зборніках, паспрабую ўзнавіць па днях і гадзінах хроніку важнейшых падзей, звязаных з забойствам генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ.

(На здымку: Алена Мазанік і яе сястра Валянціна Шчуцкая)



 Паводле дакументальных крыніц, іншых матэрыялаў, змешчаных у кнігах, часопісах, газетах, навуковых зборніках, паспрабую ўзнавіць па днях і гадзінах хроніку важнейшых падзей, звязаных з забойствам генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ.

(На здымку: Алена Мазанік і яе сястра Валянціна Шчуцкая)


Хроніка падрыхтоўкі

Апошняя, вельмі насычаная рознымі падзеямі фаза падрыхтоўкі да забойства Кубэ паводле дакументальных крыніц, пачалася 1 верасня 1943 года.

1 верасня (серада). Пачалася аперацыя пад назвай «Кабан». Пра гэта піша сястра Алены Мазанік В.Р. Шчуцкая ў сваёй справаздачы на Лубянцы ў Маскве.

2 верасня (чацвер). Сувязныя партызанскага атрада «Дима» дакладваюць пра становішча спраў у Мінску, пасля чаго камандаванне атрада абмеркавала і прыняло рашэнне па знішчэнню Кубэ.

3 верасня (пятніца). Камандзір партызанскага атрада «Дима» М.П.Фёдараў піша, што аперацыя «Кабан» пачалася 3 верасня.

4–7 верасня. У партызанскім атрадзе «Дима», паводле дакладаў сувязных і разведкі, якія дзейнічалі ў Мінску, рабілі высновы, як выйсці на асабняк, дзе жыве Кубэ, ці на Генеральны камісарыят Беларусі, дзе ён працуе. Складалі планы, схемы розных маршрутаў: выхад Кубэ на працу (калі ён пешшу хадзіў у будынак, дзе размяшчаўся да вайны ЦК КП(б) Беларусі, а ён жыў побач у асабняку, дзе да вайны і пасля вайны мясціўся Саюз пісьменнікаў БССР).

8 верасня (серада). На Алену Мазанік выйшла Осіпава, якая ў сакрэтных уліковых дакументах НКУС і ГРУ ГШ Чырвонай арміі фігуравала як «Марыя Чорная» ці проста «Чорная». Гэта сустрэча была арганізавана дырэктарам кінатэатра Мінска Мікалаем Васілевічам Пахлябаевым. У першыя дні вайны ён быў цяжка паранены, у беспрытомным стане трапіў у палон і быў змешчаны ў Мінскі шпіталь для ваеннапалонных. Пасля выздараўлення пры дапамозе медсястры Пахлябаеў уцёк з бальніцы. Пазней яму ўдалося ўладкавацца на працу ў кінатэатр, дзе ў хуткім часе ён стаў дырэктарам.

Паводле папярэдняй дамоўленасці, на сустрэчу з Осіпавай павінна была прыйсці Мазанік і яе родная сястра Валянціна Рыгораўна Шчуцкая, якая працавала ў казіно. Але ў прызначаны час сёстры на спатканне не прыйшлі. Осіпава выказала Пахлябаеву сваю занепакоенасць з нагоды нядобранадзейнасці «Галі» (партызанскі псеўданім Мазанік), бо ў яе мелася інфармацыя пра тое, што «она с немцами гуляет».

Наступная сустрэча была арганізавана падпольшчыкам Георгам (Жоржам) Куліковым і Пахлябаевым.

9 верасня (чацвер). Адбылася сустрэча Мазанік з Осіпавай. Мазанік настаяла на сустрэчы з кіраўніцтвам партызанскага атрада «Дима». Осіпава дала згоду. А Мазанік, спаслаўшыся на занятасць, сказала, што замест яе ў партызанскі атрад пойдзе яе сястра — Валянціна Шчуцкая.

10 верасня (пятніца). У 6 гадзін раніцы Валянціна Шчуцкая сустрэлася з Осіпавай, і яны пайшлі ў партызанскі атрад «Дима».

11 верасня (субота). Осіпава і Шчуцкая вярнуліся з партызанскага атрада «Дима». Шчуцкая сама ўвачавідкі ўпэўнілася, што партызанскі атрад «Дима» быў сапраўдны, бо ілжэатрады часта арганізоўвалі немцы.

13 верасня (панядзелак). Осіпава сустрэлася з падпольшчыкам Уладзімірам Сібко і перадала яму свежыя савецкія газеты, якія яна прынесла з партызанскага атрада «Дима». Потым, паводле дамоўленасці, пайшла на сустрэчу з Мазанік і Шчуцкай, але яны ў прызначаны час не з’явіліся. Пачакаўшы нейкі час, каб не выклікаць лішняй цікаўнасці да сваёй асобы, Осіпава пайшла дадому.

Спальня Кубэ пазначана Аленай Мазанік
 

14 верасня (аўторак). Мікалай Пахлябаеў у 18.00 зноў сустрэўся з Осіпавай. На сустрэчы было прынята рашэнне ліквідаваць Кубэ, падклаўшы міну ў яго кабінет ці спальню. Ад першага плана ліквідацыі Кубэ пры дапамозе атруты вырашылі адмовіцца, бо ў доме першымі прымалі ежу яго малыя дзеці. Дарэчы, пры заключным вобыску ў Марыі Дубровай (цёткі Алены Мазанік) былі знойдзены схаваныя паміж дошкамі пакецікі з пяццю папяровымі аблаткамі, якія ўтрымлівалі стрыхнін. Можна амаль з 100-працэнтнай упэўненасцю зрабіць выснову, што ў выпадку няўдалага замаху з мінай, уся сям’я Кубэ была б атручана стрыхнінам. Колькасць знойдзенай атруты хапіла б, каб атруціць звыш 100 чалавек. І пры дапамозе Шчуцкай, якая працавала на кухні нямецкага суда, мелася магчымасць падмяшаць атруту.

16 верасня (чацвер). Осіпава, паводле дамоўленасці, накіравалася на сустрэчу з Мазанік, папярэдне паклаўшы ў сетку загорнутую ў газету міну і прыкрыўшы яе зверху парванымі туфлямі. Мазанік на сустрэчу не з’явілася. Псіхалагічны стан Осіпавай быў на мяжы зрыву. Аказваецца, Мазанік не прыйшла на сустрэчу таму, што ў гэты дзень Кубэ ад’язджаў у камандзіроўку, і яго трэба было сабраць у дарогу.

Мінскія падпольшчыкі ў той дзень арганізавалі выбух у нямецкім казіно, якое знаходзілася ў памяшканні авіяцыйнай часці на вуліцы Акадэмічнай. У выніку выбуху двух мін знішчаны дзясяткі афіцэраў. Пасля гэтага тэрарыстычнага акту было расстраляна 300 чалавек.

На цэнтральным аэрадроме Мінска падарвалі інтэрнат лётнага складу. Было забіта 40 і паранена 30 нямецкіх лётчыкаў. Падпольная арганізацыя «Андруша» (кіраўнік М.А.Кедышка) стварыла спецгрупу, якая займалася «паляваннем» на гітлераўскіх салдат і афіцэраў. Паводле няпоўных звестак, на вуліцах Мінска ёю было знішчана звыш 50 акупантаў і іх памагатых. Нямецкі генерал Шнерлінг быў вымушаны прызнаць, што ў Мінску ад рук падпольшчыкаў і патрыётаў загінула звыш 1600 акупантаў.

19 верасня (нядзеля). Адбылася чарговая сустрэча Осіпавай і Мазанік на яе кватэры. Мазанік паведаміла, што жонка гаўляйтара Аніта ў аўторак паедзе на рынак за прадуктамі і, магчыма, у гэты дзень складзецца спрыяльная сітуацыя для закладкі міны. Так яно ў далейшым і атрымалася.



20 верасня (панядзелак). Вечарам адбылася кантрольная сустрэча, на якой Мазанік атрымала ад Осіпавай міну. Вось як апісвае гэты эпізод А.Р.Мазанік:

 «В моей комнате стенки были тонкие, нам приходилось разговаривать шепотом — с одной стороны жил полицай, да и другой сосед тоже был ненадежный. Мария ко мне пришла якобы для того, чтобы купить туфли. Она их начала примерять, ходить по комнате и торговаться. Я просила двести марок, она давала сто, потом сто пятьдесят. Торговались мы примерно минут сорок, за это время она вынула мину и проинструктировала меня, как ее завести. Но, видимо, она сама плохо знала, как это делается, в мину никак не входил замыкатель, и мы ножом пытались расширить паз. Валентина в то время пела песни и уговаривала меня продать туфли… Наконец все было готово. Я положила мину под матрац, и мы сели на кровать — попробовали, не чувствуется ли мина. Оказалось, что не чувствуется, и мы пришли к выводу, что это надежный способ отправить на тот свет господина Кубе. Затем мы с Марией быстро «сошлись в цене» за туфли. Мария громко отсчитала деньги, завернула туфли и, выходя, сказала: «Все же переплатила я за туфли. Но что делать, они мне очень понравились!» После ухода Марии сосед-полицай спросил меня, что это за новая женщина была у меня. Я ответила, что она купила у меня туфли.

Мину я сначала положила в печку, там она пролежала до темноты. В час ночи я принесла ее в комнату. Завести ее нужно было в два часа ночи, с тем чтобы она взорвалась в два часа ночи на следующий день. В два часа ночи я завела мину и положила ее под подушку. Вдвоем с Валей мы легли на кровать — если взорвется, погибнем вместе. Ведь если бы она взорвалась без нас, все равно нам грозила гибель».

21 верасня (аўторак). У 3 гадзіны раніцы міна была заражана на кватэры, дзе жыла Мазанік. У 6 гадзін раніцы Мазанік, паклаўшы ў сумку міну, накіравалася ў апошні раз на працу ў дом Кубэ. З сястрой у Мазанік была дамоўленасць аб тым, што калі раптоўна ў доме Кубэ з’явіцца гестапа, то гэта будзе азначаць, што аперацыя правалілася.

У 7 гадзін раніцы з Мінска Осіпава вывезла сям’ю Мазанік-Шчуцкай, сваякоў Валянціны ў партызанскі атрад «Дима».

Пры ўваходзе ў дом Кубэ прыслугу заўсёды абшуквалі. Але ў гэты дзень, на шчасце Мазанік, дзяжурыў салдат, з якім яна была ў добрых адносінах. Вобыск прайшоў фармальна.

Прыйшоўшы ў свой пакой, Мазанік пераапранулася, міну падвязала пад сукенку ніжэй грудзей, надзела фартух, але не завязала яго ззаду, а пакінула так, каб ён звісаў свабодна — так міна была зусім непрыкметнай. Вось так Мазанік хадзіла з мінай да 10 гадзін раніцы.

У 9 гадзін раніцы В.Кубэ, яго жонка і дзеці прачнуліся. Кубэ, сустрэўшы Мазанік на лесвіцы, пацікавіўся, чаму ў яе такі бледны твар. Тая адказала, што ў яе баліць зуб, што не спала ўсю ноч, і папрасіла дазволу пайсці да зубнога ўрача, а на работу ў гэты дзень болей не прыходзіць. Кубэ распарадзіўся, каб яе адвялі да нямецкага стаматолага. Дарэчы, з усіх, хто абслугоўваў Кубэ, ёй адной было дазволена лячыцца ў нямецкага ўрача.

Пасля снядання Кубэ са сваім ад’ютантам Карлам Вільдэнштэйнам паехаў на службу. Аніта з малодшым сынам Віллі паехала на рынак. Два старэйшых сына Геральд і Пітэр (будучы вядомы аўтагоншчык Перу) адправіліся ў школу на заняткі.

У доме заставаліся пакаёўкі Яня і Стэфа, паварыха Домна (у мінулым была поварам у графа Патоцкага) і дзяжурны афіцэр СД, які з раніцы да позняй ночы дзяжурыў ля тэлефона. Яго пакой знаходзіўся якраз насупраць спальні Кубэ. Ён вельмі рэдка пакідаў свой пост, асабліва калі Кубэ і Аніты не было дома.
 

 Частка 4<<<>>>Частка 6

Каментаваць