Заходняя Беларусь у прадчуванні вайны

Увесну 1939 года насельніцтва Польшчы жыло ў прадчуванні хуткай вайны. Усе — ад прэзідэнта да апошняга селяніна — разумелі, што хутка нацысцкая Германія нападзе на іх краіну. Матэрыялы тагачаснага перыядычнага другу, лісты і дзённікавыя ўспаміны лепш за ўсё перадаюць атмасферу, якая панавала тады ў ІІ Рэчы Паспалітай.



Маршал Рыдз-Сміглы ў Цешыне


Махавік падрыхтоўкі да вайны

24 кастрычніка 1938 года міністр замежных спраў Трэцяга Рэйху Іаахім фон Рыбентроп прадставіў польскаму амбасадару ў Берліне Юзафу Ліпскаму «патрабаванне» нямецкага ўраду аб перадачы Германіі ўсіх правоў на Гданьск і дазвол на пабудову экстэрытарыяльнай аўтастрады ў польскім «калідоры».

Варшава праз свайго амбасадара адказала, што любая спроба ўключэння Гданьска ў склад Рэйху прывядзе да канфлікту. 15 снежня Рыбентроп зноў агучыў нямецкія патрабаванні.

У адказ прэм’ер Англіі Нэвіл Чэмберлен у сакавіку 1939 года абвясціў брытанскія гарантыі Польшчы. 28 красавіка 1939 года Гітлер на ўвесь свет запатрабаваў ад Польшчы пагадзіцца на будаўніцтва экстэрытарыяльнай аўтастрады да Гданьска і перадачы ўсіх правоў на гэты горад Рэйху. 5 мая падчас выступлення ў Сейме Юзаф Бек адхіліў патрабаванні Трэцяга Рэйху. З гэтага моманту пайшоў зваротны адлік да пачатку Другой сусветнай вайны.

 Літоўскі генерал аглядае рыштунак польскага пехацінца, 1938 год

Беларусы: расколаты патрыятызм

Грамадзяне Польшчы, і ў тым ліку шматлікія беларусы, пазітыўна сустрэлі «адказ Бека» на ўльтыматум Гітлера. У адной з тайных справаздач Другога адзела Генштаба польскай арміі адзначалася, што 6 мая 1939 года ў Варшаве на вуліцы Свентакшыскай адбыўся сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацый, які падтрымаў міністра Юзафа Бека за яго цвёрдую адмову нямецкіх патрабаванняў. Па інфармацыі польскіх спецыяльных службаў, беларусы лічылі, што вайна з Германіяй — гэта вырашаная справа. І ў гэтай сітуацыі яны, як лаяльныя грамадзяне і патрыёты сваёй дзяржавы, былі гатовы аддаць сваё жыццё за незалежнасць краіны.

Варта падкрэсліць, што патрыятычны ўздым у польскім грамадстве панаваў з кастрычніка 1938 года, калі адбылося далучэнне Цешынскай Сілезіі да ІІ Рэчы Паспалітай. Часопіс «Малады грамадзянін» з гэтай нагоды пісаў: «Польскі народ перажывае вялікія гістарычныя падзеі, якія выпалі якраз на дваццацігоддзе незалежнасці нашай дзяржавы. Змяняюцца навязаныя Польшчы сілай межы, вяртаюцца раней забраныя ў нас землі. Ці гэта толькі выпадак? Шчаслівы збег абставінаў? Не. Тое, што робіцца сёння ў Польшчы, не з’яўляецца выпадкам. Каб перамагчы несправядлівасць, трэба быць моцным. Польшча сёння — моцная краіна, і моц гэтая паўстала дзякуючы дваццаці гадам працы ўсяго народа».

Польскі парад у Цешыне, 1938 год

«Тыгоднік ілюстраваны» адзначаў: «На нашых вачах руйнуецца былы светапарадак. Сёння мы можам казаць пра «верыфікацыю» дзяржаў, якія па-новаму акрэсліваюць сваё права голасу на міжнароднай арэне. [...] Чэхі палічылі, што ў процістаянні з Трэцім Рэйхам прайграюць. Яны аддалі Судэты з іх фартыфікацыйнымі ўмацаваннямі без адзінага стрэлу. І нават пасля гэтага яны маглі выступіць супраць агрэсара са зброяй у руках. Аднак чэхі выбіраюць капітуляцыю і аддаюць сваё ўзбраенне ў рукі немцаў. У такіх умовах цяжка думаць пра незалежнасць».

Тон гэтых вытрымак з тагачасных польскіх перыядычных выданняў чымсьці нагадвае такія ж матэрыялы ў савецкай прэсе з нагоды пачатку «вызваленчага паходу ў Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 года».

Генерал Уладзіслаў Бартноўскі ў Цешыне

Такія былі часы. І такой была Польшча, у якой адны беларусы былі схільныя да польскага дзяржаўнага патрыятызму, другія — паверылі ў казку аб савецкім раі. Яны будуць разам супрацьстаяць гітлераўскай навалачы.

Ілюзіі пра «чырвоны рай»

Падзеі на польска-чэхаславацкай мяжы моцна турбавалі Савецкі Саюз, і гэта адчулі жыхары ўсходніх ускраін ІІ Рэчы Паспалітай. Камандзір аднаго з батальёнаў 84-га пяхотнага палка Войска Польскага, раскватараванага ў Лунінцы, паручнік Караль Красонь у дзённіку пісаў: «Мюнхен прымусіў варушыцца нашага таямнічага суседа на ўсходзе, а таксама яго скрытых прыхільнікаў на нашай тэрыторыі. Зараз гэты сусед галосіць пра тое, што павінен прыйсці на дапамогу чэхам, якія чакаюць «чырвоную армаду». Аднак усё скончылася толькі парушэннем польскай мяжы самалётамі з чырвонымі зоркамі на крылах.

Магчымасць канфлікту з савецкай Расіяй надала смеласці прыхільнікам «чырвонага раю» на нашай тэрыторыі. У кастрычніку 1938 года дзяржаўная паліцыя лунінецкага староства праінфармавала камендатуру гарнізона Войска Польскага аб тым, што ў раёне Лунінца на тэрыторыю Польшчы пракраўся буйны і добра ўзброены савецкі дыверсійны атрад. Гэту навіну мясцовае беларускае насельніцтва сустрэла па-рознаму. Адны спужаліся і чакалі нападаў. Другія, наадварот, радаваліся. Адна сялянка казала жонцы супрацоўніка Давідгарадзенскай ардынацыі Радзівілаў: «Няхай пані не пужаецца. Калі «нашы» прыйдуць, мы не дадзім пані ў крыўду, бо пані для нас шмат дабра зрабіла».

А вось як апісваецца змена настрояў насельніцтва на «крэсах» тым жа Красонем: «Зімой 1939 года да нас даходзіла інфармацыя пра партызанскую вайну на тэрыторыі Закарпацкай Русі. У сакавіку як гром надыходзіць навіна пра капітуляцыю чэхаў. Гэтага ніхто не чакаў. Як гэта, нацыянальнае войска, без пратэсту, без бою, вось так спакойна прыняло рашэнне «трухлявага» ўрада? Ні адзін з вайсковых аддзелаў не паспрабаваў выступіць супраць капітуляцыі. Што, чэшскае рыцарства сапраўды загінула ў бітве пад Белай Гурай і больш не адрадзілася? Народ спужаўся вайны, да якой краіна рыхтавалася 20 гадоў. Так лёгка аддаць незалежнасць можа толькі народ, які не змагаўся за сваю краіну ў войнах і паўстаннях. Тут варта прыгадаць словы пехацінца, беларуса па прозвішчы Бацян, які на ўсё гэта сказаў: «Мы б так проста краіну не здалі».

Але варта разумець, што зараз перад намі пагроза вайны. Думка пра надыходзячыя выпрабаванні ўзбуджае ў кожнага з афіцэраў пытанне: «У якім стане мы падыдзем да будучага канфлікту? Ці выканае абяцанні Францыя? Як у выпадку вайны з Германіяй будзе сябе паводзіць наш усходні сусед?»

Безумоўна, польскі вайсковец разумеў, што вайна з Германіяй не будзе лёгкім шпацырам: тэхнічна Войска Польскае не дацягвала да матарызаванага вермахта. Да таго ж паручнік Красонь вельмі слушна браў пад увагу ролю Савецкага Саюза ў будучай польска-нямецкай вайне. Гэты чалавек жыў досыць блізка ад мяжы з БССР, і яго дзённікавыя запісы сведчаць пра тое, што бальшавікі рыхтаваліся да наступу на Захад.

Заняткі ў Войску Польскім. Дзесьці ў Заходняй Беларусі

Беларускія рэзервісты

Нягледзячы на прапаганду бальшавіцкіх дыверсантаў, што дзейнічалі на тэрыторыі заходнебеларускіх ваяводстваў Польшчы, значная колькасць насельніцтва гэтых тэрыторый, і ў тым ліку беларусы, рыхтаваліся ў выпадку вайны абараняць сваю тагачасную радзіму. Напрыклад, пра сваё жаданне ваяваць з нацыстамі ў лісце да знаёмай пісаў страхавы агент з Кобрына, паручнік рэзерву, беларус Віктар Амельянюк.

У канцы сакавіка 1939 года ў Польшчы пачалася прыхаваная мабілізацыя. Большасць падраздзяленняў, якія знаходзіліся на Усходзе Польшчы, былі адмабілізаваныя і перакінутыя на Захад. Пры гэтым склад частак папаўняўся ў асноўным рэзервістамі з «крэсаў».

Аднак добрага спецыяліста Амельянюка ў сакавіку ў войска не паклікалі, пра што ён і паскардзіўся ў лісце знаёмай. У адказе, датаваным, дарэчы, 1 мая 1939 года, за чатыры месяцы да пачатку Другой сусветнай вайны, тая напіша: «Кажаш, што цябе не мабілізавалі ў войска? Але ў войску не будзе столькі свабоды, як зараз на працы. Спадзяюся, што Бог уратуе нас ад вайны. Бо калі будзе вайна, усе пойдзеце ў войска. Можа, гэты Гітлер шыю сябе зломіць, і ўсё супакоіцца!»

Працэс мабілізацыі праходзіў досыць спакойна і арганізавана. Напрыклад, у справаздачы з Пінску было, у прыватнасці, запісана: «Настрой рэзервістаў вельмі добры. Усе імкнуцца даць годны адказ нямецкім агрэсарам. Разам з тым, некаторыя з іх, асабліва мясцовыя (беларусы — аўт), смуткуюць па сем’ях, якія пакідаюць на крэсах».

Памылкі палітыкаў выпраўляць салдатам

Польскія перыядычныя выданні ўвесну 1939 года спрабавалі падняць патрыятычны настрой грамадства. Усё той жа часопіс «Малады грамадзянін» пазначаў: «А калі вораг пажадае атакаваць тваю краіну, а нехта каля цябе закрычыць, што ўсё прапала, не вер яму. Ужо сёння выхоўвай у сабе салдата, гатовага абараніць Айчыну. Ганарыся польскім жаўнерам, бо за мінулыя вякі менавіта тыя суседзі, ад якіх мы зараз чакаем найбольшай небяспекі, пазналі моц нашага жаўнера».

У чэрвені 1939 года «Тыгоднік ілюстраваны» пісаў: «Карыстаючыся нацыянальнымі матывамі, Германія захапіла Аўстрыю і анексавала Судэты. Аднак акупацыю Багеміі і Маравіі нацыянальным фактарам ужо не абгрунтуеш, таму зараз з’явілася ідэя пашырэння «жыццёвай прасторы» для германскай нацыі. Гэта з’яўляецца праяўленнем старога пруска-нямецкага імперыялізму. Да таго ж у гэтай сітуацыі не акрэсленай застаецца пазіцыя Саветаў. Перамовы з Англіяй ідуць вельмі цяжка. «Прароцтва» пра тое, што Саветы пойдуць на пагадненне з Германіяй, выглядаюць малаверагоднымі. Хутчэй за ўсё, маскоўская вярхушка не жадае падтрымліваць ні адзін з бакоў. Як бы тое не было, у Саветаў няма сумеснай мяжы з Германіяй, а гарантам міру ва Усходняй Еўропе з’яўляецца Польшча»…

Наіўнасць гэтых разважанняў грамадзяне ІІ Рэчы Паспалітай зразумеюць ужо праз некалькі месяцаў, калі Гітлер і Сталін падзеляць паміж сабой «гаранта міру». Мяркуючы па лістах і дзённікавых запісах жыхароў заходнебеларускіх ваяводстваў міжваеннай Польшчы, у 1938–1939 гадах гэтыя людзі дакладна разумелі, што іх чакаюць вялікія выпрабаванні і што дзяржаву давядзецца бараніць не палітыкам, а звычайным салдатам.

 

Абмеркаванне:

  • Кастусь Бітнік
  • 2013-05-05 00:03:43
Выдатны артыкул. Вельмі цікавыя архіўныя дакуметны і здымкі. Гэта публікацыя варта саліднага навуковага выдання. Больш бы такіх аўтараў. Дзякуй "Новы час" за цудоўную публікацыю!
+1000
  • Іван
  • 2013-05-05 00:32:43
Білоруси лояльні патріоти "не своєї" країни...Трагедія народу…зараз лояльні патріоти так само не своєї країни....В Тешині чехи були не праві з самого початку, але поляки були не кращі
влізаючи з-за нього в такий конфлікт..разом і батька легше бити, а так одних раніше других пізніше...Добрий артикул, асаблівы дзякуй за цудовную беларускую)))
  • Paweł
  • 2013-05-05 00:41:21
W marcu 1939 roku zmobilizowano dwie dywizje piechoty (20 i 30 D.P.), w których znaczny odsetek stanowili Białorusini. Mimo początkowych obaw nie zanotowano właściwie żadnych wypadków dezercji, choć
pośród powoływanych zdarzali się i tacy, którzy nigdy nie służyli w Wojsku Polskim, a w wojsku Rosji Sowieckiej. Dywizje skierowane zostały w rejon Działoszyna i Mławy. 1 września 1939 roku
rozpoczęli jako jedni z pierwszych walki II Wojny Światowej. Wieczna chwała Białorusinom poległym jako żołnierze Wojska Polskiego.
  • Петр
  • 2013-05-05 01:02:16
Малайчына аўтар артыкула і Вялікі Дзякуй Толькі захапленне выклікае ЯГО жыццёвай пазіцыяй да беларускай гісторыі!!!
  • Armand
  • 2013-05-05 16:35:31
Спасибо ! Очень интересно ! Довоенная история мало знакома.
  • vouk
  • 2013-05-05 16:56:29
Velmi ciekava autar pisze, Veľmi dobra czytac nie saveckij pahliad na historyju Belarusi.. narešti.
  • Ігар Мельнікаў
  • 2013-05-14 16:28:40
Дзякуй вялікі сябры за дорыя словы! Вельмі прыемна. Будзе яшчэ шмат цікавых матэрыялаў
  • MathTwisa
  • 2015-05-26 03:48:57
By the years end despite its immense size and breathtaking price the book had sold out.It stimulates or inhibits another cell which can be a nerve cell muscle cell or gland cell.Alternatives to
traditional hemodialysis a. [url=http://fast-accutane.com/#jsmamcz]Accutane[/url] endoscopic ultrasonography EUS Use of an endoscope combined with ultrasound to examine the organs of the
gastrointestinal tract.

Каментаваць