Заходнебеларускі фэшн

Разглядваючы даваенныя здымкі з Заходняй Беларусі, звярніце ўвагу на вопратку звычайных жыхароў беларускіх гарадоў і мястэчак. Шыкоўныя паліто, капелюшы ды сукенкі еўрапейскіх модных трэндаў вельмі дысанавалі з казкамі савецкай прапаганды пра беднасць і забітасць заходніх беларусаў і ўкраінцаў.



Дзяўчына-харцэр з Нясвіжу, 1937 год


Глянец міжваеннага ўзору

У 1920–1930-х гадах вышэйшы і сярэдні клас насельніцтва Другой Рэчы Паспалітай знаходзіўся пад уплывам заходнееўрапейскай моды. Прадстаўнікі сялянства ў асноўным карысталіся тыповай для гэтай групы вопраткай, аднак мяркуючы па ўспамінах і здымках, што захаваліся, нават не багатыя беларускія сяляне «фарсілі» ў стыльных «гарадскіх шмотках».

Хлопец з Пружан у класічнай мужчынскай вопратцы 1930-х гадоў

У міжваенныя гады заходнебеларускія моднікі і модніцы, акрамя замежных часопісаў «Gazette du Bon Ton», «Les Journal des Dames et des Modes», «Vougue», маглі чытаць і цэлы шэраг польскіх часопісаў, якія спецыялізаваліся на модзе. Напрыклад, адным з найбольш салідных быў штотыднёвік «Bluszcz» (“Плюшч”). Аднак сваёй кансерватыўнасцю ён адштурхнуў ад сябе малодшае пакаленне. У 1922–1925 гадах выдаваўся часопіс «Pani».

Яго выданне фінансаваў уласнік варшаўскай крамы дамскага адзення і бялізны Густаў Змігрыдэр. У часопісе было шмат здымкаў і малюнкаў у стылі арт-дэко. Выданне спецыялізавалася на новых тэндэнцыях у жаночай, мужчынскай, а таксама спартыўнай модзе. Напрыклад, аўтары часопісу часта капіравалі фасоны мужчынскіх касцюмаў для гульні ў гольф з брытанскіх адмысловых выданняў. У 1927–1932 гадах у Польшчы выдаваўся часопіс «Teatr i życie wytworne». Ён у асноўным спецыялізаваўся на рэкламе адзення, зробленага ў Заходняй Еўропе.

Рэклама крэму “Нівея” з даваеннага польскага часопіса

Больш таннымі і таму больш даступнымі былі часопісы «Kobieta w świecie i w domu», «Świat kobiecy», «To, co najmodnejsze». У іх было значна менш малюнкаў і больш фотаздымкаў. Лідарам сярод гэтай групы выданняў быў, выдаваны ў Кракаве «Ilustrowany Kurjer Codzienny», у якім публікаваліся не толькі здымкі вядучых тагачасных палітыкаў, але і свецкая хроніка з партрэтамі тагачасных зорак тэатру і кіно. Дарэчы, «Кур’ер» з Кракава, яшчэ сёння можна знайсці ў шматлікіх закінутых дамах у Заходняй Беларусі. Тэкстаў і артыкулаў там было мінімум, а вось здымкаў багата.

Польская дзяўчына, 1928 год

Мода ў кабарэ і кінатэатрах

У Варшаве, Львове, Вільна, Брэсце, Навагрудку адбываліся выступленні кабарэ і знакамітых тагачасных артыстаў, падчас якіх «зоркі» дэманстравалі модныя навінкі. У ваяводскіх цэнтрах адбываліся паказы мод, у якіх удзельнічалі як прафесійныя мадэлі, так і малавядомыя акторы і актрысы.

Вокладка часопіса “Антэна” 1938 года.  На ёй адлюстравана польская спявачка Барбара Кастшэўска

Асаблівай формай рэкламы тагачаснай моды быў кінематограф. У 1920-х гадах сапраўднымі іконамі стылю былі амерыканскія акторы і актрысы. Тады панаваў стыль жанчын-вамп (Клара Боўл, Пола Негры), і мужчын-стыляг (Рудольф Валенціна). У 1930-х гадах з’явіліся новыя зоркі (Грэта Гарбо, Марлен Дзітрых, Кларк Гэйбл). Дарэчы, былі ў Другой Рэчы Паспалітай і свае зоркі (Ханка Арданувна, Ядвіга Смосарска, Францішак Брадневіч, Эўгеніюш Бода).

Эмансіпацыя і капелюшы-барсаліна

Значны ўплыў на выгляд жанчын у міжваеннай Польшчы аказалі працэсы эмансіпацыі. Прадстаўніцы слабага полу пачалі насіць кароткія прычоскі, рабіць манікюр і педыкюр, выкарыстоўваць ярка-чырвоную памаду, падкрэсліваць вочы цёмна чорнымі ценямі.

Тады ж у моду ўвайшлі новыя капелюшы, якія нагадвалі форму вайсковай каскі. Жанчыны з Заходняй Беларусі замаўлялі сябе гэтыя прадметы гардэробу з Варшавы ці Вільна. На прыклад, настаўніца з Кобрына Ларыса Амельянюк любіла шыкаваць у капелюшы, набытым менавіта ў польскай сталіцы.

Беларуска Ларыса Амельянюк з Кобрына (злева) у капелюшы, набытым у Варшаве, пачатак 1930-х гадоў

Жанчыны насілі скураныя пальчаткі з шырокімі «мушкецёрскімі» манжэтамі, а ногі хавалі пад шаўковымі панчохамі. Негалосны тагачасны дрэс-код патрабаваў насіць панчохі нават у спякотнае надвор’е. Гэты прадмет дамскага гардэробу каштаваў досыць дорага. Кошт французскіх панчох быў каля 50 злотых, а польскіх — каля 20.

Дамскі капялюшык з Кобрына, 1931 год

У сувязі з сусветным эканамічным крызісам пачатку 1930-х гадоў польскім жанчынам прыйшлося перайсці з дарагіх замежных тканін на танныя мясцовай вытворчасці, якія выпускаліся ў Лодзі. Тады ж набывае распаўсюджанне адзенне з лёну. Аднак, як вядома, ён вельмі камечыцца, таму лён у асноўным выкарыстоўвалі для шыцця кашуль, бялізны і дзіцячага адзення.

Сям'я Амельянюкоў

Мужчыны хадзілі ў капелюшах тыпу «барсаліна» ці «хомбург», летам насілі «панамы». Сяляне і менш багатыя гаражане хадзілі ў кепках. Разам са строгімі касцюмамі прадстаўнікі моцнага полу апраналі піджакі і світары, а таксама кашулі з запанкамі. Восенню і вясной мужчыны насілі дэмісезонныя паліто, зімой — футра.

Спорт і турызм

Развіццё папулярнасці зімніх відаў спорту прывяло да таго, што сфарміраваўся пэўны трэнд, звязаны з распаўсюджваннем спартыўнага адзення. Катаючыся, напрыклад на лыжах, тагачасныя жыхары Польшчы апраналі ваўняныя курткі-блузы, світары, штаны-панталоны (ніжэй калена), ваўняныя шкарпэткі, лыжныя чаравікі. Жаночы камплект быў ідэнтычным. На галаве і мужчыны і жанчыны насілі вязаныя шапкі.

Лыжнікі

Асаблівым напрамкам моды было адзенне для турызму. У 1930-я гады польскі ўрад робіць крокі да развіцця турыстычнай інфраструктуры краіны.

Турыстычная карта Палесся, 1938 год

У гэтым сэнсе, адным з найбольш прывабных месцаў на мапе Польшчы было беларускае Палессе. У тагачасных польскіх кнігарнях прадаваліся дзясяткі кніг, што расказвалі пра турыстычныя маршруты. Рэкламныя буклеты заклікалі наведаць беларускія вёскі і ўбачыць абрады мясцовага насельніцтва, запрашалі ў Пінск на Палескі кірмаш і ў біялагічную станцыю. Шмат расказвалася пра знакамітыя балоты і Канал Агінскага. А каб падарожжа было зручным, прапанаваліся спецыяльная турыстычная лінія вопраткі.

“Шэўрале” 1937 года. На дзецях тыповая на той час вопратка. Дзесьці ў Заходняй Беларусі

Вечаровыя ўборы

Асаблівым відам моды было адзенне для балу. У Варшаўскім Еўрапейскім гатэлі адбываліся свецкія раўты з удзелам тагачаснай польскай багемы. На гэтых балах выбіраліся «Каралева моды» і «Кароль моды».

Даваенная рэклама рэстаранаў у Пінску (першы — «Парадзіс»)

Падобныя «мерапрыемствы», але, безумоўна, у меншым маштабе, адбываліся і ў Заходняй Беларусі (напрыклад, у пінскім кафэ-рэстаране «Парадзіс», які знаходзіўся на вуліцы Касцюшкі, 2).

Міністр замежных спраў Польшчы  Юзаф Бек з жонкай

Распаўсюджанай тады з’явай былі так званыя «Балы прэсы», рэпартажы з якіх пазней друкаваліся ў найбольш уплывовых тагачасных глянцавых часопісах. У Каралеўскім замку ў Варшаве адбываліся прыёмы ў прэзідэнта Другой Рэчы Паспалітай Ігнація Масціцкага і міністра замежных спраў Юзафа Бека.

Польскі спявак Ян Кіпура на прыёме ў прэзідэнта Ігнація Масціцкага

Дамы моды

У міжваеннай Польшчы працавалі і ўласныя фірмы па вытворчасці адзежы і аксэсуараў. Яшчэ ў 1860-х гадах у Варшаве з’явіўся Дом моды «Багуслаў Герсе», які славіўся тым, што прадаваў рэчы, прывезеныя з Парыжу, а таксама зробленыя ў Польшчы па французскіх узорах. Гэта фірма працавала і ў 1930-х гадах. Аднак большасць яе кліентаў былі прадстаўнікамі вышэйшых пластоў польскага грамадства. Тлумачылася гэта, безумоўна, вельмі дарагімі коштамі тавараў. Арпад Хаваньчык быў гаспадаром знакамітай крамы футра ў Варшаве. Адным з найбольш папулярных крам мужчынскага адзення быў «Гандлёвы дом Братоў Яблонскіх», які акрамя галоўнай сядзібы ў Варшаве меў прадстаўніцтва ў неафіцыйнай сталіцы Заходняй Беларусі Вільні.

Дом моды Братоў Яблонскіх у Вільні

…Ужо з пачатку 1939 года польскае грамадства жыло ў прадчуванні надыходзячай вайны. Мужчынскае насельніцтва краіны вымушана было змяніць прыгожыя капелюшы і піджакі на вайсковыя мундзіры і «рагатыўкі». Аднак нават Другая сусветная вайна і выпрабаванні, якія разам з усёй Другой Рэччу Паспалітай падзяліла і Заходняя Беларусь, не змянілі прыгожы выгляд адзення жыхароў гэтых тэрыторый.

Маладыя людзі, Пружаны, 1931 год

Жанчына на вуліцы Нясвіжа, 1937 год

Такімі заходніх беларусаў убачылі байцы Чырвонай Арміі, якія 17 верасня 1939 года, у адпаведнасці з Пактам Рыбентропа-Молатава, перайшлі савецка-польскую мяжу. Пасля «ўз’яднання» Заходняй Беларусі з БССР яшчэ амаль два гады, да чэрвеня 1941-га, на мінскіх кірмашах і рынках можна было ўбачыць «трафейныя» паліто, касцюмы, капелюшы, сукенкі, шоўкавыя панчохі ды іншыя «буржуазныя штучкі», якія «адказным» таварышам удалося вывезці з «прыгнечанай панамі» Заходняй Беларусі.

Абмеркаванне:

  • Наталля Лабай
  • 2013-08-10 16:27:13
Незвычайна цікавы матэрыял. Я сапраўды заўсёды звяртала ўвагу на моду 1930-х гадоў. Вельмі падабаюцца амерыканскія фільмы тых часоў. Там, як часопіс мод. Можна кожную сукенку. кожнае паліто
скапіраваць. Вельмі цікавы артыкул і здымкі. За здымкі асаблівае дзякуй!!!
  • Марыся
  • 2013-08-10 18:16:46
Так, згодна, вельмі цікава!
  • Радыстка Кэт
  • 2013-08-11 03:11:15
Ці не хочаце ў працяг "жаночай" тэмы распавесці пра традыцыю міжасабовых стасункаў паміж мужчынамі і жанчынамі таго часу? Што дазвалялася, што лічылася ганебным, якія нормы этыкету
мелі месца?
  • Ігар Мельнікаў
  • 2013-08-12 01:04:26
Безумоўна будзе!!!
  • Мамушка
  • 2013-08-11 18:35:30
И зауседы той чалавек, што быу працавиты - меу досыць грошай, каб добра апранацца. Але усе мели аддзенне "да касцела" и "да працы". Мама апавядала многа цикавага з
таго часу, што памятала (яна нарадзилася у 28 годдзе): и пра аддзенне, и пра прысмаки...Яна са смехам прыпаминала, як чырвонаармейцы прапаноували дзецям цукерки "ландрынки", што
даставали з кишени уперамешку з тытунем, а яна купляла такия цукерки у краме у прыгожай баначцы.. И многа чаго яшчэ цикавага....

Каментаваць