Заслаўскі накірунак: дыверсанты і кантрабандысты

Сітуацыя на Рыжскай мяжы заставалася напружанай усе 18 гадоў, амаль да вераснёўскага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе. 



Дыверсанты

Як вядома, мяжа раздзяліла Беларусь у сакавіку 1921 года. І з самага пачатку дзейнічалі савецкія дыверсійныя атрады на тэрыторыі Заходняй Беларусі па лініі «Актыўнай выведкі». Таму ў 1924 годзе з польскага боку на ахову мяжы выйшаў Корпус аховы памежжа, які значна ўскладніў дзейнасць савецкіх «партызан». Аднак і на працягу 1930-х гадоў праз мяжу працягвалі хадзіць узброеныя людзі з абодвух бакоў.

У сакавіку 1933 года начальнік Упраўлення памежнай аховы і войскаў паўнамоцнага прадстаўніцтва АДПУ БССР Радзін інфармаваў Маскву, што «25 лютага на ўчастку 7-й заставы на савецкі бок перайшла група з чатырох узброеных асоб, апранутых у чырвонаармейскую форму. У мястэчку Семежава невядомыя захапілі грамадзяніна Васіля Бакшу і адвялі ў невядомым накірунку. На наступны дзень было знойдзена яго цела са слядамі гвалтоўнай смерці».

Савецкі памежнік у раёне Радашковіч

Савецкія памежнікі імкнуліся як мага больш выкарыстоўваць мясцовае насельніцтва ў ахове мяжы. Акрамя таго, што на памежжы быў асаблівы рэжым перамяшчэння, кожны мясцовы жыхар быў абавязаны дакладаць савецкім стражам мяжы аб незнаёмых і тым больш падазроных асобах.

Так, у траўні 1934 года сябра брыгады садзейнічання памежным войскам, жыхарка Заслаўскага раёна Паліна Дрыж працавала ў полі і заўважыла невядомую жанчыну. У размове незнаёмка сказала, што ідзе ад сястры і запытала, ці далёка адсюль мяжа з Польшчай. Гэтага хапіла, каб выклікаць у калгасніцы Дрыж падазрэнні. У выніку сябра брыгады садзейнічання здала памежнікам жанчыну, якая прыйшла з Польшчы, каб наведаць сваіх блізкіх.

Кантрабандысты

У студзені 1936 года ў Даведцы Упраўлення памежнай і ўнутранай аховы НКУС БССР аб затрыманні парушальнікаў мяжы адзначалася, што «за перыяд баявой дзейнасці памежаховы на тэрыторыі Беларусі за 1921–1935 гады было затрымана 4 902 шпіёна, 550 дыверсантаў і 13 656 кантрабандыстаў. Пры гэтым сума арыштаванай кантрабанды склала 10 101 240 рублёў».

Долары, залатыя царскія чырвонцы, злотыя, пашпарты. Рэчы кантрабандыста

Як падкрэсліваў у сакавіку 1937 года начальнік Упраўлення памежнай і ўнутранай аховы БССР камбрыг Емяльянаў, «у адзначаны перыяд на тэрыторыі Савецкай Беларусі назіраліся факты кантрабанднай дзейнасці інтурыстаў, якія прывозілі з сабой з-за мяжы дэфіцытныя тавары з мэтай продажу іх спекулянтам». Таксама ў гэты час у БССР адзначаўся… рост скупкі наяўнай валюты (асабліва долараў ЗША) з мэтай вывазу яе за мяжу.

Шматлікімі былі выпадкі, калі грамадзяне СССР выпадкова або наўмысна пераходзілі мяжу з Польшчай і траплялі ў рукі польскай памежнай аховы. У траўні 1937 года на ўчастку заставы Горкі 17-га Цімкавіцкага памежнага атрада на рацэ Морач палякі затрымалі плыт, на якім было 4 чалавекі, што займаліся сплавам дрэва. У выніку тром з іх удалося збегчы на савецкі бок, а брыгадзір сплаўшчыкаў, жыхар вёскі Гута Андрэй Васілеўскі, быў арыштаваны копаўцамі. Савецкі бок заявіў пратэст, і ўжо на наступны дзень грамадзяніна СССР вярнулі.

Заслаўскі накірунак

У другой палове 1930-х гадоў рэжым аховы «рыжскай мяжы» з савецкага боку ўзмацніўся. Пры гэтым палякі амаль да верасня 1939 года разглядалі менавіта Савецкі Саюз як найбольш верагоднага ворага ў будучай вайне. Таму Другі аддзел генеральнага штаба Войска Польскага і выведка КАП спрабавалі сабраць падрабязныя дадзеныя пра стан абароназдольнасці «першай дзяржавы працоўных і сялян», а таксама ўзровень абароны памежных рубяжоў СССР.

Казармы 15-га Заслаўскага памежнага атрада, Заслаўе (здымак 2014 года)

У лістападзе 1936 года намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення памежнай і ўнутранай аховы НКУС, камдзіў Кручынкін інфармаваў Маскву, што «памежны нарад заставы Кавалёўцы 16-га Дзяржынскага памежнага атрада затрымаў польскага агента, але пры гэтым быў абстраляны з польскага боку». Пры затрыманым былі знойдзены: пісталет «Браўнінг», компас, пачак тытуню, бутэлька з газай, 3000 рублёў і савецкі пашпарт. Тытунь і газа выкарыстоўваліся дыверсантам для таго, каб змазаць абутак і не даць памежным сабакам выйсці на яго след. Падобны выпадак здарыўся і ў студзені 1937 года на ўчастку заставы Сукачы 18-га Жыткавіцкага памежнага атрада, дзе польскія «стражы мяжы» абстралялі савецкіх калег. Відавочна, палякі прыкрывалі «свайго» чалавека, які «вяртаўся» з тэрыторыі БССР. Праз месяц памежны нарад НКУС БССР у 200 метрах ад лініі мяжы быў нечакана атакаваны на ўчастку заставы Маслякова 22-й асобнай памежнай камендатуры ў Ветрына Полацкага раёна. «Зялёныя фуражкі» не бачылі, хто па іх адкрыў стральбу, таму можна дапусціць, што гэта маглі быць звычайныя кантрабандысты.

Польская танкетка TKS падчас манёўраў пад Радашковічамі, 1937 год

Вялікую ўвагу выклікаў мінскі напрамак, і асабліва яго Заслаўскі ўчастак. Вось што пазначалася ў паведамленні Галоўнага ўпраўлення памежнай і ўнутранай аховы НКУС БССР у Народны камісарыят замежных спраў СССР: «13 сакавіка 1937 года ў 11.30 памежным нарадам 15-га Заслаўскага памежнага атрада на польскім баку ў адным кіламетры ад мяжы была заўважана польская танкетка, якая рухалася з боку мястэчка Радашковічы. Танкетка прайшла 100 м у пазначаным накірунку і вярнулася назад у бок Радашковічаў». Відавочна, гэты выпадак выклікаў вялікую занепакоенасць не толькі ў Мінску, але і ў Маскве. Не сакрэт, што да канца 1930-х гадоў найбольш верагодным праціўнікам Чырвонай Арміі ў будучай вайне савецкае камандаванне разглядала менавіта Войска Польскае, і кожны рух палякаў, а тым больш бронетэхнікі на сумежнай тэрыторыі, выклікаў непакой з боку «чырвоных» генералаў. Хутчэй за ўсё, з’яўленне польскай танкеткі на лініі польска-савецкай мяжы было звязана з манеўрамі, якія праводзілі адзінкі Корпуса аховы памежжа на гэтым участку.

Польскія пілоты ля самалёта PWS-18 у Лідзе

Праз месяц пасля апісанага выпадку, 12 красавіка, на ўчастку 15-га Заслаўскага памежатрада быў заўважаны польскі аднаматорны біплан, які парушыў дзяржаўную мяжу. Але хутка развярнуўся і, праляцеўшы над галовамі памежнікаў, вярнуўся ў Польшчу. У той жа дзень у раёне Заслаўя іншы польскі самалёт таксама заляцеў у савецкую паветраную прастору і накіраваўся ў бок абарончых умацаванняў Мінскага ўмацаванага раёна. Памежнікі адкрылі агонь.

На наступны дзень у раёне савецкай заставы Радашковічы самалёт, як пазначана ў савецкім дакуменце, «з польскімі чырвона-белымі квадратамі на крылах» (шахаўніцай. — І.М.) пераляцеў на тэрыторыю БССР і паглыбіўся ў бок Заслаўя. Пілоты развярнуліся толькі пасля таго, як па іх быў адкрыты агонь.

 PWS-18 у небе Заходняй Беларусі

4 траўня 1937 года ў 9.45 на ўчастку заставы ў Меткава 15-га Заслаўскага памежнага атрада на савецкі бок заляцеў польскі біплан. Пасля таго, як самалёт зрабіў некалькі кругоў над савецкай тэрыторыяй, ён вярнуўся ў Польшчу. У той жа дзень на ўчастку заставы Глушаны пад Заслаўем мяжу парушыў іншы польскі самалёт і паглыбіўся на некалькі кіламетраў углыб савецкай тэрыторыі. Па парушальніку быў адкрыты агонь з трох (!) ручных кулямётаў Дзегцярова. Самалёт развярнуўся, але на падлёце да польскай тэрыторыі абстраляў нарад, які нёс службу непасрэдна на мяжы.

16 траўня 1937 года на ўчастку савецкай заставы Глушаны 15-га Заслаўскага памежнага атрада савецка-польскую мяжу парушыў польскі аднаматорны самалёт. Ён зрабіў некалькі кругоў над вёскай Глушаны і накіраваўся ўглыб савецкай тэрыторыі. Самалёт прымусіў вярнуцца на сваю тэрыторыю шчыльны абстрэл савецкай СПА.

Самалёт PWS 18

 

У чэрвені 1937 года на ўчастку 16-га Дзяржынскага памежнага атрада НКУС БССР польскі самалёт парушыў мяжу і накіраваўся ўглыб савецкай Беларусі. Памежнікі 11-й і 3-й застаў адкрылі па ім агонь. Самалёт атрымаў пашкоджанні і вымушаны быў прызямліцца ў 500 метрах на паўночны ўсход ад вёскі Конюхі. Экіпаж самалёта быў затрыманы «зялёнымі фуражкамі». Аказалася, што на тэрыторыю савецкай Беларусі заляцеў польскі біплан «PWS-18». Пілот самалёта, капрал Ціхановіч, на допыце паведаміў, што ён ажыццяўляў палёт па маршруце Ліда — Баранавічы — Гродна — Ліда, але па прычыне кепскага надвор’я машына заляцела на тэрыторыю БССР.

 

Абмеркаванне:

  • Янка Кушнір
  • 2015-05-11 14:15:13
Колькі цікавага і зусім не вядомага. Жыву побач ужо 20 год і нічога гэтага не ведаў. У музеях Заслаўскіх пра гэта не распавядаюць, на "Лініі Сталіна" пра гэта не пачуць, бо тыя
таксама пра гэта нічога не ведаюць. Вось і атрымліваецца, што праўду пра тыя падзеі беларусы не ведаюць. Дзякуй аўтару, як заўсёды. выдатна і карысна

Каментаваць