Збаўленне ад беларускасці

150-я ўгодкі паўстання 1863 года выклікалі вялікі ўсплёск цікавасці да гэтай падзеі з боку нашых суседзяў. Аднак у самой Беларусі адбываюцца падзеі, якія можна назваць «гістарычным бяспамяцтвам». Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што ў юбілейны год у Беларусі актывізавалі сваю русіфікатарскую дзейнасць прадстаўнікі заходнерускай ідэалогіі і вялікадзяржаўнага шавінізму.

 



Кастусь Каліноўскі перад паўстанцамі. Мастак П.Сергіевіч


Яны праводзяць канферэнцыі, тыражуюць публікацыі ідэалагічнай накіраванасці. Адна з такіх нядаўна была апублікавана на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва і належыць аўтарству Вадзіма Гігіна.

І Рэч Паспалітая — не Польшча

У артыкуле рэдактар часопіса «Беларуская думка» спрабуе падмяніць паняцце «Рэч Паспалітая» паняццем «Польшча». Дарэчы, гэта старая хвароба шматлікіх расійскіх і некаторых польскіх даследчыкаў. Аднак варта разумець, што І Рэч Паспалітая, якая спыніла сваё існаванне ў выніку трох падзелаў, не была нацыянальнай польскай дзяржавай у сучасным сэнсе гэтага слова.

Нават нягледзячы на паланізацыю эліт гістарычнай Літвы, ВКЛ не стала Польшчай. Да канца ХVІІІ стагоддзя ў гістарычнай Літве дзейнічаў свабодны, выбарны заканадаўчы орган — Галоўны З’езд (Вальны Сойм), працаваў юрыдычна незалежны ўрад і мясцовая адміністрацыя, была свая ўстанова замежных справаў — Дзяржаўная Канцылярыя, існавала самастойная фінансавая і эканамічная палітыка, уласны дзяржаўны скарб, асобныя карныя структуры, войска, свая сістэма ганаровых званняў і пасадаў. Нарэшце, у ВКЛ дзейнічалі ўласны закон — Статут, які быў юрыдычным падмуркам незалежнасці нашай старажытнай дзяржавы.

Русіфікацыя

Аналізуючы падзеі паўстання 1863 года на Беларусі, Гігін ні слова не гаворыць пра фактар русіфікацыі, які ўзмацніўся на Беларусі пасля ўзброенага выступлення 1863 года. Беларускі гісторык Леанід Лыч так характарызуе тую сітуацыю: «Факт паўстання царскія ўлады выкарысталі для ўзмацнення русіфікацыі на ўсёй велізарнай тэрыторыі, прычым не толькі беларускай, прыдбанай Расіяй у канцы XVIII — пачатку ХІХ ст. У чыне кормчага такой палітыкі на Беларусі добра праславіў сябе ўраджэнец Санкт-Пецярбурга Міхаіл Мураўёў. Стаўшы ў 1863 г. віленскім генерал-губернатарам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі, ён у першую чаргу пастараўся ўвесці ў штат Віленскай вучэбнай акругі памочніка яе папячыцеля, абавязаўшы яго пільна сачыць за ходам ажыццяўлення русіфікатарскай палітыкі. На гэты раз яе прыхільнікі і праваднікі вялі барацьбу не толькі з польскім уплывам, але і беларушчынай, няўхільна прытрымліваючыся такой варожай для яе метадалагічнай устаноўкі М. Мураўёва: «У Паўночна-Заходнім краі так званую беларускую мову неабходна звесці на нішто, бо калі гэта не зрабіць, яна пастаянна будзе інспіраваць думку аб асобным беларускім народзе і аб праве гэтага народа на этнічную самастойнасць і нацыянальна-дзяржаўную суверэннасць, чаго дапусціць нельга».

Леанід Лыч падкрэслівае, што будучы «Вешальнік» яшчэ ў 1827 годзе, калі ён знаходзіўся на пасадзе Віцебскага генерал-губернатара, зразумеў, што насельніцтва былой гістарычнай Літвы шмат у чым адрозніваецца ад рускіх, і перш за ўсё ў мове. Безумоўна, турбаваў яго і «польскі фактар», які існаваў яшчэ з часоў І Рэчы Паспалітай. Тады ў М. Мураўёва і выспела разуменне, што змяніць сітуацыю на карысць Расійскай імперыі ў гэтым рэгіёне можна толькі з дапамогай рускай адукацыі.

Польскі гісторык Хенрык Масціцкі ў адной са сваіх манаграфій прааналізаваў карэспандэнцыю віленскага генерал-губернатара і прыйшоў да высновы, што русіфікацыя і памяншэнне колькасці «небяспечнага польскага элементу» ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі сталі галоўнай задачай расійскай адміністрацыі на чале з М. Мураўёвым у «заходніх губернях». «Вешальнік» закідваў сталіцу імперыі дэпешамі з патрабаваннем хутчэй абвясціць беларускі край «рускім» і ўвесці там т. зв. «рускую народнасць». М. Мураўёў пільна сачыў за тым, каб у справаводстве на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў выкарыстоўвалася выключна руская мова. Да таго ж ён патрабаваў ад сваіх падначаленых, каб яны распаўсюджвалі інфармацыю пра тое, што «Паўночна-Заходні край заўсёды быў краем «рускім». Дарэчы, гэтыя захады нагадваюць тое, што зараз робяць адэпты заходнерусізму ў Беларусі.

Тыя, хто прыйшоў пасля «Вешальніка», працягвалі русіфікатарскую палітыку. Напрыклад, папячыцель Віленскай навучальнай акругі І. Карнілаў зрабіў усё, каб сваю фразу пра тое, што «канчатковае ўз’яднане Паўночна-Заходняга краю з Расіяй трэба здзейсніць не рускай зброяй, але рускай цывілізуючай сілай», пад якой, безумоўна, разумелася руская сістэма адукацыі, зрабіць рэчаіснасцю.

Трагедыя паўстанцаў

Характарызуючы дзейнасць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага на Беларусі, Гігін называе іх па сутнасці тэрарыстамі. Варта, аднак, разумець, што паўстанне 1863 года было сапраўднай лакальнай вайной, увагу на якую звярталі на Захадзе і чакалі, чым гэты нацыянальна-вызвольны ўздым скончыцца. Была жорсткасць з абодвух бакоў. Была кроў, але не трэба паказваць расійскую адміністрацыю беднай ахвярай «палякаў», як гэта спрабуе зрабіць рэдактар «Беларускай думкі». Царскі тэрор праявіўся не толькі ў павешанні 128 паўстанцаў, сярод якіх быў і беларускі герой Кастусь Каліноўскі. Ахвярамі сталі і многія тысячы жыхароў беларуска-літоўскіх губерняў, якіх царскія ўлады саслалі ў Сібір. І тая ссылка для шматлікіх жыхароў гістарычнай Літвы стала роўнай смяротнаму пакаранню. Царская адміністрацыя імкнулася пазбавіць беларуска-літоўскія губерні інтэлігенцыі і мясцовай шляхты. Усіх каталікоў яна імкнулася запісаць у «палякаў».

Усяго за ўдзел у паўстанні на ўскраіны імперыі было саслана на катаргу ці на пасяленне больш за 10 тысяч жыхароў гістарычнай Літвы. Гэта былі лепшыя з лепшых. Так імперыя спрабавала паставіць апошнюю кропку ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і І Рэчы Паспалітай. Маёнткі дваран, якія ўдзельнічалі ў паўстанні, канфіскоўвалі і прадавалі выхадцам з цэнтральных расійскіх губерняў па сімвалічных коштах. Землеўладальнікам-каталікам забаранялася купляць і арандаваць зямельную маёмасць у краі, а для сялян-каталікоў уводзілася абмежаванне ў 60 дзесяцін на гаспадарку. У 1864 годзе зноў аднавіўся «разбор» шляхты — патрабаванне дакументальна пацвердзіць сваё шляхецтва.

Польскі гісторык Я. Качкоўскі падкрэсліваў, што царская адміністрацыя яшчэ доўгі час пасля падаўлення паўстання працягвала праводзіць такую палітыку ў Беларусі і Літве. «У свой час Кацярына і Мікалай працягвалі рукі, запэцканыя крывёй, да тых маёнткаў. А потым Аляксандры II і III высялялі землеўладальнікаў, каб на льготных умовах аддаць землі расійскім стаўленікам», — пісаў даследчык. Я. Качкоўскі згадваў, што ў перыяд з 1863 па 1905 год было канфіскавана 662 маёнткі. На яго думку, барацьба з т. зв. «польскасцю» на тэрыторыі Беларусі аказала вельмі негатыўны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае жыццё краіны. І з гэтым цяжка не пагадзіцца, бо галоўнай мэтай падаўлення паўстання 1863 года быў не клопат пра беларусаў і іх будучыню, а звычайная інкарпарацыя тэрыторый былога Вялікага Княства Літоўскага ў склад Расійскай імперыі. А «крамолай» у вачах расійскай адміністрацыі аказалася не толькі «польскасць», але і беларускасць.

Мапа, якой карысталіся паўстанцы

***

Пазіцыю Гігіна і яго аднадумцаў можна ахарактарызаваць вельмі проста — збаўленнем ад беларускасці. Галоўнай задачай сённяшніх адэптаў заходнерусізму ў Беларусі з’яўляецца барацьба супраць нацыянальнай памяці і гістарычнага мінулага беларусаў. Усе нацыянальныя матывы беларускай гісторыі для іх з’яўляюцца або «буржуазным нацыяналізмам», або «польскай інтрыгай». У гэтым яны, шмат у чым паўтараюць сваіх царскіх і савецкіх паплечнікаў-русіфікатараў. А для Беларусі паўстанне Кастуся Каліноўскага назаўсёды застанецца лёсавызначальнай падзеяй, што аказала ўплыў на фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Так было і так будзе.

Абмеркаванне:

  • Марцалеў
  • 2013-02-09 00:59:38
Гігін - адзін з галоўных заходнерускіх ідэолагаў у Беларусі. Пра гэта трэба гаварыць и пісаць, каб грамадства ведала хто і чаго варты.
  • Лёня Крупчык
  • 2013-02-10 03:21:22
Дык, а што вы хаціце ад ідэолага заходнерусізма. Яму ўлады даюць магчымсць брахаць. ён і брэша. А наконт БТ, дык не глядзіце гэтую глупоту. Лепш для здароўя будзе
  • Pawel
  • 2013-05-23 13:42:46
bardzo dziękuję za przypomnienie że I rzeczpospolita to nie była Polska. Jako Polak jestem dumny, że moi przodkowie żyli i współtworzyli wieloetniczne państwo, które potrafiło przez wiele lat
utrzymać mechanizmy współpracy i tolerancji w zróżnicowanym kulturowo środowisku.

Каментаваць