Знявечаныя лёсы жыхароў Брэста

У выпісцы з пратакола №132 ад 19 кастрычніка 1940 года значыцца, што Аленскага Стэфана Ігнатавіча за ўдзел у антысавецкіх паўстанцкіх арганізацыях належыць змясціць у папраўча-працоўны лагер тэрмінам на 8 гадоў.




Брэсцкія харцэры


Прапануем другі нарыс, напісаны на аснове матэрыялаў з зачыненых зараз архіваў. Нагадаем, што гэтыя матэрыялы аўтар збірала ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Пры гэтым яе папярэдзілі, што матэрыялы нельга выкарыстоўваць у дакументальных творах, пакуль не пройдзе тэрмін захоўвання тайны. Гэты тэрмін скончыўся.


Многія маладыя жыхары Заходняй Беларусі з-за юначай адкрытасці, упартасці і самаўпэўненасці нават не спрабавалі хаваць сваіх варожых адносін да савецкай улады.


Такім быў Стэфан Аленскі, вучань дзявятага класа школы №21, арыштаваны 18 лютага 1940 года. Бацька Аленскага Ігнат працаваў слесарам на чыгунцы, маці Караліна была хатняй гаспадыняй, у сям’і быў яшчэ малодшы сын Генрых, якому на той час споўнілася 14 гадоў.


Стэфан нарадзіўся 26 чэрвеня 1922 года, у 1928 годзе пачаў вучыцца ў гарадской школе, у 1934-м паступіў у гімназію, якую скончыў у 1939 годзе. Аднак польская адукацыя лічылася горшай за савецкую, таму пасля ўстанаўлення новай улады юнак вымушаны быў паступіць зноў у 9-ы клас школы №21, каб яшчэ раз атрымаць атэстат сталасці (ужо савецкі), што, безумоўна, не выклікала ў яго захаплення.


Пра сябе Стэфан Аленскі шчыра і не без гонару расказаў следчаму, што з 1928 да 1939 года ў розны час з’яўляўся сябрам розных польскіх моладзевых арганізацый, як, напрыклад, «Ліга марская і каланіяльная», ЛОП — Таварыства супрацьпаветранай і хімічнай абароны, ПЕВУ — арганізацыі, якая здзяйсняла вайсковую падрыхтоўку юнакоў прызыўнога ўзросту. Гэтага было дастаткова, каб прызнаць арыштаванага вінаватым у тым, што ён уваходзіў у склад шэрагу польскіх нацыяналістычны арганізацый. Становішча значна пагоршыла знойдзеная ў хлопца брашура, у якой адшукалі паклёп на Камуністычную партыю Савецкага Саюза.


Справу №58018 па абвінавачванні Аленскага накіравалі на разгляд «Особого Совещания при НКВД СССР». У выпісцы з пратакола №132 ад 19 кастрычніка 1940 года значыцца, што Аленскага Стэфана Ігнатавіча за ўдзел у антысавецкіх паўстанцкіх арганізацыях належыць змясціць у папраўча-працоўны лагер тэрмінам на 8 гадоў.


Такі ж самы лёс напаткаў навучэнца чыгуначнага тэхнікума (тэхнічнай школы) Януша Снятынскага, бацька якога пры Польшчы працаваў гмінным пісарам, але з 1933 года быў у разводзе з жонкай. Бабуля Кунігунда Снятынская ўтрымлівала краму ў Варшаве, адзін дзядзька арыштаванага, Асталоўскі Ігнат, быў доктарам, другі — Снятынскі Генрых — касірам на чыгуначнай станцыі ў Цярэспалі, што, па перакананнях следчых органаў, паказвала на прыналежнасць юнака да багацеяў.


Януш чыстасардэчна прызнаўся следчаму: «Я доўга думаў пра разгром польскай дзяржавы. У час вучобы ў тэхнічнай школе я пагутарыў пра гэта са студэнтам чацвёртага курса Скіндзерам. Ён падзяляў маё меркаванне, што Польшча павінна існаваць, і мы, палякі, абавязаны гэтаму садзейнічаць. У мяне склалася ўражанне, што Польшчы дапамогуць Францыя і Англія. Я і цяпер не губляю надзеі на аднаўленне Польшчы. Я і Скіндзер з’яўляемся кіраўнікамі. Астатнія працуюць па прынцыпе дзясяткі. Мэта арганізацыі — узброенае паўстанне і аднаўленне польскай дзяржавы. Мною і Скіндзерам напісана прысяга: «Я прысягаю Богам і Айчынаю, што буду захоўваць таямніцы нашай арганізацыі».


У хуткім часе былі арыштаваныя ўсе тыя хлопцы, якіх Януш назваў. Прысуд быў вынесены 9–11 ліпеня 1940 года, студэнты праходзілі цэлым спісам.


Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда ў складзе старшыні абласнога суда Рагуновіча, народных засядацеляў Рашкевіча і Рабінава, пры сакратары Куцэвіч, з удзелам пракурора Эстэркіна, абаронцаў Акулава і Зайцава праслухалі і разгледзелі на закрытым пасяджэнні крымінальную справу па абвінавачванні Снятынскага Януша, Струшэўскага Эдварда, Ванцкевіча Стэфана, Гурскага Іосіфа, Пякарскага Аляксандра, Окуня Мар’яна, Енджэйчыка Леанарда, Ястржынскага Яна, Мушынскага Яўгена, Мігдальскага Юрыя, Мігдальскага Здзіслава, Рыбака Тадэвуша, Мальчэўскага Чэслава, Віткоўскага Багуміла, Капала Леха. Усіх абвінавацілі ў злачынстве, прадугледжаным артыкуламі № 64 і 75 КК БССР.


Выпіска з прысуду сведчыць:

«Улічваючы малады ўзрост, пазбавіць волі ў аддаленых месцах СССР тэрмінам на 10(8) гадоў, ад канфіскацыі маёмасці вызваліць, бо такой яны не маюць. Пасля адбыцця пакарання пазбавіць усіх палітычных правоў тэрмінам на 5 гадоў. Залічыць папярэдні тэрмін пад вартай з 23.02.40 года».


Сучаснікам цяжка ўявіць, якія пакуты выпалі на долю асуджаных хлопцаў, а калі дадаць да гэтага гора бацькоў, што гублялі дзяцей, нічога не ведаючы пра іхні далейшы лёс, ды смутак і страх братоў, сясцёр і іншых родзічаў, вымушаных жыць з гэтымі горкімі пачуццямі, дык узнікае вельмі не простая карціна міжваеннага жыцця асобных жыхароў Брэста.


Характэрным для памежнага Брэста падаўся мне і матэрыял, які датычыўся допыту Крэнца Яна Янавіча, датаваны 15 красавіка 1940 года. Ён прызнаваўся:


«За перыяд з верасня 1939 года да сакавіка 1940 года я нелегальна пераходзіў праз дзяржаўную мяжу СССР на тэрыторыі былой Польшчы, занятай немцамі, сем разоў. Усе пераходы былі ў раёне Беластока і Брэста, у тым ліку два пераходы каля станцыі Зарэмба Касцельная (за 80 км ад Беластока), астатнія — каля крэпасці ў Брэсце. Першы раз пераходзіў мяжу ў раёне станцыі Зарэмба Касцельная з мэтаю кантрабанды ў Варшаву, дзе купіў тады швэдры, гадзіннікі, пальчаткі і іншае на суму 75 злотых, было гэта ў кастрычніку 1939 года. Другі раз у лістападзе я купіў рэчы на 130 ці 140 злотых. У снежні 1939 набраў тавараў на 300 злотых. У ноч пад Новы год перайшоў мяжу ў крэпасці, купіў у Варшаве на 350–400 злотых мужчынскі гарнітур, паўкілаграма сахарыну, вечны ручны гадзіннік. У студзені 1940 года купіў тавараў на 400 злотых — скуру і боты, гадзіннікі, гарнітур, яшчэ нейкую дробязь. У лютым 1940 зрабіў закуп на 600 злотых. Пераходзіў раку Буг па лёдзе, апошні раз — на лыжах, усе прывезеныя рэчы прадаваў у Брэсце на рынку.

У сакавіку 1940 года паехаў у Варшаву на Бельведэрскую вуліцу, дом 4, кв. 17, каб сустрэць інжынера Шчуку, які раней працаваў інжынерам-архітэктарам у Брэсце і ўваходзіў у польскі штаб, падтрымліваў сувязь з контррэвалюцыйнай арганізацыяй. Пасылаў мяне туды мой былы інструктар планернай справы Грэйм Аляксандр. Аднак Шчука перад маім прыход выехаў у Аўстрыю…

У сярэдзіне лютага я наведаў кватэру брата Грэйма, былога афіцэра, які цяпер знаходзіцца ў палоне ў СССР, а там (вул. Акольнік, д.5, кв. 8) цяпер жыве ягоная жонка і яе сястра з мужам. У гэты раз я сустрэў там Грэйма Аляксандра, які таксама нелегальна перайшоў мяжу і казаў, што ў Варшаве існуе падпольны польскі штаб, які падтрымлівае сувязь з замежжам. Казаў, быццам прыйшоў чалавек з Венгрыі і прынёс інструкцыю. У Брэст будуць перададзены 4 караткахвалевыя перадатчыкі, бо іх цяпер толькі два. Паведаміў, што набыў пропуск ад гестапа для пераходу мяжы на тэрыторыю СССР. З размовы з Грэймам я прыйшоў да высновы, што ён з’яўляецца былым агентам польскай «Двуйкі», бо ведае шмат каго з яе членаў і пра яе працу, якім спосабам выяўлялі і лавілі камуністаў у Брэсце. Грэйм жыў у Брэсце на вул. Дамброўскага, дом 4, кв. 5. Мой сябар Гжэгжулка Лёлек 18 сакавіка 1940 года ў кавярні Шапіра ў Брэсце казаў, што яму трэба пераправіць пакунак у Варшаву, але з-за таго, што сувязны Яшэмскі быў арыштаваны, я прапанаваў свае паслугі. Гэта я зрабіў знарок, каб заслужыць давер і атрымаць адрасы ў Варшаве. Я ненавідзеў Германію. Хацеў узарваць мост праз Буг і спыніць сувязь паміж СССР і Германіяй, каб у апошнюю не ішла сыравіна і іншыя тавары. Праз некалькі дзён пасля майго вяртання з Варшавы я быў арыштаваны з кантрабандным таварам нарадам памежнай аховы Брэсцкага памежнага атрада».


Трэба, аднак, адзначыць, што даваенныя прысуды ў дачыненні да жыхароў Заходняй Беларусі былі значна мякчэйшыя, чым на ўсходняй частцы. Такім чынам савецкая ўлада, з аднаго боку, хацела паказацца нібыта справядлівай, а з другога — пазбягала масавых пратэстаў.


Першы нарыс можна прачытаць тут.

Каментаваць