Знявечаныя лёсы жыхароў Брэста: Няўмелыя змагары

Асобныя маладыя палякі мэтанакіравана гуртаваліся для барацьбы за вызваленне Польшчы, збіралі ў Брэсцкай крэпасці зброю, якая засталася пасля супраціву жаўнераў немцам у верасні 1939 года.

Брэсцкі чыгуначны тэхнікум




Прапануем трэці нарыс, напісаны на аснове сабраных у сярэдзіне 1990-х гадоў архіўных матэрыялаў. Гэтыя архівы зараз зачыненыя. У свой час аўтара папярэдзілі, што матэрыялы нельга выкарыстоўваць у дакументальных творах, пакуль не пройдзе тэрмін захоўвання тайны. Гэты тэрмін захоўвання тайны скончыўся. І мы знаёмім з нарысамі нашых чытачоў. Першы і другі нарысы можна прачытаць у №№ 11, 13.




23 мая 1940 года ўпаўнаважаны Галоўнага дарожна-транспартнага аддзела НКУС Трасцянецкі затрымаў вучня восьмага класа Брэсцкай школы №21 Ігнута Яўгена Францавіча 1922 года нараджэння, паляка, які жыў у Брэсце, на вуліцы Камсамольскай, дом 8, кватэра 10. Яўгена затрымалі за тое, што ён з’яўляецца ўдзельнікам контррэвалюцыйнай паўстанцкай нацыяналістычнай арганізацыі. Хлопца абшукалі і знайшлі пры ім пашпарт серыі І-НУ №516799, студэнцкае пасведчанне № А406, савецкія грошы — 7 рублёў і 70 капеек, адзін злоты, песні, напісаныя на польскай мове, і фотаздымкі родных. Высветлілі, што арыштаваны паходзіць з сям’і чыноўніка Ігнуты Франца Аляксандравіча, якому 52 гады, да 1935 года ён служыў у казённай палаце, пасля выйшаў на пенсію. Маці Яўгена — Ядвіга Іванаўна (45 гадоў) — хатняя гаспадыня, таксама на пенсіі, а да 1931 года выкладала матэматыку і нямецкую мову ў польскай школе.


Пачаліся допыты. Арыштаваны прызнаўся, што мае «Браўнінг» без магазіна і патронаў, які захоўвае за сметнікам дома, дзе жыве. Зброю Яўген купіў у знаёмага Рамана Навакоўскага за 25 злотых. Раніцай 14 мая бацька забраў у сына рэвальвер і чатырнаццаць патронаў і сказаў, што выкінуў у прыбіральню. Для Ігнута-малодшага гэта была рэч такая каштоўная, што ён не пагрэбаваў, знайшоў рэвальвер у прыбіральні і схаваў на сметніку, а пасля на сметніку яго знайшлі нкусаўцы, што стала важкай падставай для далейшай працы з юнаком. Хлопец вымушаны быў расказваць пра бацькоў, выкладчыкаў, сяброў, аднакласнікаў і проста знаёмых: «Мае бацькі — вялікія патрыёты, — апавядаў юнак. — У нашай сям’і часта казалі пра тое, што савецкая ўлада тут часова, у недалёкай будучыні Польшча вызваліцца з дапамогай Англіі і Францыі, таму я ўступіў у паўстанцкую моладзевую арганізацыю «Полымя».


Давялося выдаць сяброў:
«Пасля ўсталявання Савецкай улады на тэрыторыі былой Польшчы са мною зблізіліся Ляшнеўскі Міраслаў, Лісецкі Юльян, Крэнц Ян і сталі запрашаць мяне да сябе на кватэры. У лістападзе 1938 года ў Ляшнеўскага я застаў 5–6 чалавек студэнтаў Брэсцкага чыгуначнага тэхнікума: Снятынскага Януша, Гурскага Юзафа, Крэнца Яна, Чарнецкага і іншых. Ляшнеўскі сказаў, што арганізацыя пабудаваная па прынцыпе «дзясяткі», ён з’яўляецца кіраўніком, што арганізацыя мае зброю і сувязі з віднымі дзеячамі, але з кім канкрэтна, не назваў. Мэта арганізацыі: аб’яднаць палякаў, у асноўным моладзь, узброіць для таго, каб, калі Англія і Францыя разаб’юць Германію і будуць весці ваенныя дзеянні супраць Чырвонай Арміі, арганізаваць паўстанне ў тыле».


Паколькі звестак даваў Яўген Ігнут мала, дык яго пачалі ціснуць, катаваць, у выніку ўжо 2 чэрвеня ён апынуўся ў Баранавіцкай бальніцы на лячэнні. Праз месяц допыты аднавіліся. 10 ліпеня 1940 года ў 22.00 быў распачаты чарговы пратакол, у якім Яўген Ігнут паведамляў, што паўстанцкую арганізацыю, у якую ён уваходзіў, спачатку ўзначальваў Главацкі Лявон Іванавіч, падхарунжы польскага войска, які браў удзел у ваенных дзеяннях 1939 года, у кастрычніку таго ж года ён з’явіўся ў Брэсце і працаваў афіцыянтам у рэстаране бацькі, пасля ўцёк на тэрыторыю Польшчы, акупаваную немцамі. У падпольнай арганізацыі было 15 дзясяткаў, гэта значыць, 150 чалавек. Пасля таго, як Главацкі пайшоў за Буг, арганізацыю ўзначаліў Чарнецкі. Падпольшчыкі мелі таемную радыёстанцыю на кватэры Казлоўскага, які сам сабраў радыёпрыёмнік, і жыў паблізу Дома Чырвонай Арміі, дзе раней размяшчалася ваяводства. Таемная друкарня (друкарка з польскім шрыфтам) знаходзілася ў Ляшнеўскага…

«Калі даведаўся, што пачаліся арышты, перастаў сустракацца з «дзясяткай», — прызнаўся юнак. — Выпадкова сустрэўся з Бржазоўскім, пайшлі ў парк, ён пачаў пакепліваць з мне, што я баязлівец. Пахваліў сваю «дзясятку», у якой добра пастаўлена канспірацыя, я пагадзіўся ўступіць у ягоную «дзясятку» пры ўмове, што нікому не скажа».


Варта адзначыць, што гарадскі парк быў улюбёным месцам, дзе збіралася моладзь горада.


Адначасова пачаліся арышты знаёмых Яўгена Ігнута. Самым першым апынуўся пад вартай у турме студэнт чыгуначнага тэхнікума Чэслаў Бржазоўскі, 1922 года нараджэння. Хоць ягоная сям’я была простая, бацька Віктар працаваў насільшчыкам, маці Браніслава — хатняя гаспадыня, пятнаццацігадовы брат Антон падпрацоўваў на розных работах, трынаццацігадовы Тадэвуш вучыўся ў школе, Чэслаў на допытах паводзіў сябе як вялікі патрыёт Польшчы, расказаў, што на вечарыне пілі за перамогу Англіі і Францыі над Германіяй і за хуткае вызваленне Польшчы. Выказваў крамольную, у разуменні следчых, думку: каб Фінляндыя перамагла ў вайне СССР, дык палякам можна было б выступіць супраць Саветаў. Тлумачыў нездаволенасць насельніцтва новай уладай тым, што раней вольна можна было ўсё купіць, а цяпер усталяваўся суцэльны дэфіцыт. І зноў цэлым спісам пайшлі на допыт студэнты чыгуначнага тэхнікума: Стэфанюк Чэслаў, Рыбак Тадэвуш, Канвішар Казімір, Сабчак Генрых, Капала Лех, Скаружынскі Казімір, Віткоўскі Богуміл, Мушынскі Яўген і іншыя — усяго каля двух дзясяткаў чалавек. Услед за імі аказаліся пад следствам іхнія знаёмыя дзяўчынкі: Ядвіга Мянжынская, Іда Календа, Ядвіга Ількоўская, Ірэна Ткачык і іншыя.


З дакументаў вядома, што Яўген Ігнут адбываў пакаранне ў Варкутлазе. 10.09.1941 года быў вызвалены па амністыі, згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12.08.1941 года. Тадэвуш Рыбак спачатку ўтрымліваўся ў Брэсцкай турме, а пасля этапам накіраваны на станцыю Енісей Краснаярскага краю ў распараджэнне Нарыльлагера НКУС 14.08.1940. Там жа апынуўся Лех Капала. Хлопцаў размяркоўвалі па розных лагерах, мусіць, каб яшчэ больш абцяжарыць іхняе існаванне ў турме.


У артыкуле гісторыка Станіслава Сільвановіча (часопіс «ARCHE ПАЧАТАК» 5/2015) можна знайсці тлумачэнне частых правалаў і вялікіх страт польскага падполля: «Па прычыне сваёй упэўненасці ў непрацягласці патрэбы знаходжання ў падполлі многія арганізацыі не звярталі сур’ёзнай увагі на патрабаванні канспірацыі і сталі лёгкай здабычай савецкіх органаў бяспекі. Кепскую службу шмат якім удзельнікам падполля адыграла і недаацэнка праціўніка, які разглядаўся як адсталы і ні на што не здольны. На самай жа справе органы НКУС-НКДБ аказаліся добра падрыхтаванымі да барацьбы з падпольнымі структурамі і на працягу 1939–1941 гадоў нанеслі серыю ўдараў… Асабліва хутка правальваліся моладзевыя арганізацыі. Разглядаючы вайну і падпольную дзейнасць як рамантычную прыгоду і не маючы вопыту канспіратыўнай працы, маладыя людзі хутка траплялі ў рукі праціўніка і не вытрымлівалі следства, сутыкнуўшыся з дасканалымі метадамі НКУС-НКДБ».


Колькі было тых гаротнікаў, што прайшлі пакуты, прыніжэнне і знішчэнне ў савецкіх турмах? Мусіць, ніхто дакладна не ведае. Яны сышлі, сплылі з вірліваю плынню часу, і толькі ў нейкім таемным архіве іншы раз можна сустрэць звесткі пра іх.


Я пашукала ў тэлефонным даведніку Брэста такія ж прозвішчы, як у палякаў, названых у артыкуле, і знайшла некалькі: Лісецкі, Рыбак, Гурскі, Крэнц, Шчука, Пякарскі, Віткоўскі, Мушынскі. Магчыма, гэта выжылі тыя самыя патрыёты, а мо гэта іхнія родзічы, нашчадкі ці выпадковыя людзі з такімі ж прозвішчамі. Вельмі хацелася б больш даведацца пра герояў артыкула. Мы можам толькі здагадвацца, які шлях абралі сабе тыя, што ацалелі ў сталінскіх лагерах: нехта трапіў у войска Андэрса, нехта пайшоў да Берлінга, асобных маглі перакінуць з Вялікай зямлі ў беларускія партызанскія атрады. Ім належала прайсці дарогамі вайны. Хто выжыў, хто загінуў — невядома.


Хачу звярнуцца да тых палякаў, які перажылі рэпрэсіі, і папрасіць іх расказаць пра свае пакуты і перамогу над неміласэрным лёсам, пра сяброў і аднадумцаў. Можа, родзічы, суседзі ці проста знаёмыя захочуць падзяліцца ўспамінамі. Гэта важна ведаць нам, сучаснікам, каб нашы ўнукі і праўнукі ніколі не перажылі ў будучыні тое, што выпала на долю старэйшага пакалення.


Каментаваць