Сонечныя матулі хворых на рак дзяцей

Матулі пакутуюць больш за ўсіх, калі іх дзеці хварэюць. Асабліва, калі хвароба — рак. Пакутуюць, бо не могуць памяняцца месцамі з дзецьмі, не могуць нічога змяніць, не могуць зрабіць так, каб іх дзеткі зноў сталі здаровымі. Могуць толькі спадзявацца...


Матулі хворых дзяцей, якія жывуць у Буда-Кашалёўскім раёне, пакутуюць удвая. Яны гадуюць дзяцей, якія ў любы момант могуць памерці, а нават калі і выжывуць, застануцца інвалідам. І, жывучы ў забру­джаных вёсках, жанчыны самі штодня рызыкуюць смяротна захварэць.

Маці часам лепш адчувае, як варта лячыць дзіця, нават калі ў яго выявілі рак. Так здарылася з матуляй Уладзіміра. Зараз яму 33 гады. Калі ў яго выявілі рак шчытападобнай залозы, яму было ўсяго 6 гадоў. Дактары казалі, што дзіцё трэба было адразу аперыраваць, але маці Уладзіміра на аперацыю не пагадзілася. Яна ўбіла сабе ў галаву, што ў яе Валодзі — нібыта такі рак, які пасля аперацыі будзе прагрэсаваць.

Яна здавалася вар’яткай. Педыятры настойвалі на аперацыі, пагражалі, што сыну не дадуць групу інваліднасці. Але маці Валодзі была непахісная і не аддала сына пад нож.

Уладзімір

Прайшоў час. Маці Уладзіміра даўно памерла. Яму аперацыю так і не зрабілі, але ад гэтага яго стан не пагоршыўся. Ён працуе ў калгасе, штогод наглядаецца ў паліклініцы. «Ці турбуе вас нешта?» — пытаюся я. Валодзя стаіць, рукі — у кішэнях, усміхаецца і кажа: «Я — здаровы».

Былы педыятр Буда-Кашалёўскага раёна Валянціна Смольнікава, якая курыравала маленькага Валодзю ў 1990 го­дзе, не можа даць адназначную ацэнку гэтаму выпадку: «Такі выпадак у нас толькі адзін, прынамсі, за маю практыку. У свой час я білася ад бяссілля, ад таго, што не магу перака­наць маці рабіць аперацыю. Але зараз ён ужо даўно дарослы. І здаровы. Магчыма, яе інтуіцыя мела рацыю».

Валянціна Фёдараўна Смольнікава

Іх ахоўвае любоў

Дзмітрыю — 34 гады. Лімфалейкоз у яго выявілі, калі хлопцу было чатырнаццаць. Пасля гэтага распачаўся бясконцы працэс лекавання. У Беларусі лімфалейкоз лечаць добра, паводле міжнародных пратаколаў. Добра — гэта азначае яшчэ і доўга для хворых.

Пекла матулі Дзімітрыя, Людмілы, пэўна, мае нашмат больш колаў, чым апісваў Дантэ. Яе сыну рабілі перасадку коснага мозгу, прамянёвую тэрапію… Ён перастаў хадзіць, а пасля — вучыўся хадзіць наноў. «Як вы перанеслі той час?» — пытаюся я ў Людмілы.

«Ну як... З Дзімачкам заўсёды ездзіла па лякарнях — узгадвае Людміла. — Памятаю, доўга яго трымалі ў Мінску... А калі я прывезла дадому, то на нервовай глебе ў мяне завяліся вошы. Мне ж тады сказалі, што Дзіму засталося жыць пяць гадоў. Не больш».

Дзімітрый пражыў ужо 16 гадоў пасля пастаноўкі дыягназу

З таго часу прайшло ўжо шаснаццаць гадоў. Сёння Дзімітрый з матуляй жывуць разам у вёсцы Рагінь. Дзмітрый атрымлівае пенсію па інваліднасці, нідзе не працуе і з дому амаль не выхо­дзіць. На некалькі пытанняў, якія мы паспелі яму задаць, адказаў бегла і сцісла.

«Яны пасля хваробы ў асноўным усе жывуць з вялікімі комплексамі і разладамі», — тлумачыць мне доктарка.

Калі Людміла распавядае пра Дзіму, то не можа стрымаць слёз. А мне хочацца плакаць, калі я гляджу на яе. Непрычасаная, з напаўбяззубым ротам. Хадзіць без апірышча яна не можа, бо ў яе выявілі артроз 4 стадыі. На мыліцы грошай няма, і яна ходзіць са звычайным кійком.

Людміла, маці Дзмітыя

Людміле цяжка нават перастаўляць ногі. Таму па гаспадарцы ёй дапамагае Дзмітрый. Яны нібыта памяняліся ролямі — зараз прыйшла чарга сына даглядаць хворую маці.

Муж у Людмілы памёр: «Таксама хварэў?» — чамусьці такі адказ мне падаўся лагічным, бо смяротныя хваробы ў гэтым рэгіёне з’яўляюцца нязменнымі спадарожнікамі жыцця.

Аднак Людміла з секунду памаўчала, а пасля з сумнай і вінаватай усмешкай адказала: «Ад п’янкі».

Чытайце таксама:

«Нібыта і не было гэтай катастрофы…»

«Як вы трымаецеся?» — запытваюся я.

«Проста Дзімачка мяне шкадуе», — кажа Людміла і зноў плача. Але гэта ўжо слёзы ўдзя­чнасці, а не болю.

«Гэта я вінаватая,што дзіцё такое…»

Таццяна з сям’ёй жывуць у вёсцы Уза. Гэта вёска перасяленцаў, куды перавозілі жыхароў з забруджаных тэрыторый.

Таццяна сустрэла нас ля прыгожай і дагледжанай хаты, што ў гэтым рэгіёне — вялікая рэд­касць. У асноўным людзі жы­вуць так бедна, што не маюць грошай, нават каб хоць касметычна адрамантаваць старыя хаты.

Таццяна шырока ўсміхаецца і запрашае ў хату.

Сястра Вікі шаснаццацігадовая Яначка з ДЦП. Сама Віка захварэла на рак у 2008 годзе, але пасля аперацыі змагла нарадзіць здаровае дзіця

У пакоі нас сустракае дзяўчынка, Яна. Ёй 16 гадоў, і ў яе ДЦП. Яна не можа нармальна размаўляць, перабірае ножкамі па падлозе і рукамі ўсё намагаецца схапіць мышку ад камп’ютара. А яшчэ — яна шырока ўсміхаецца мне. Так шырока і светла, што хочацца яе назваць «сонечнай дзяўчынкай», бо валасы ў яе залацістага колеру — нібыта сапраўды падарунак ад сонейка.

Яну ведаюць амаль усе жыхары Буда-Кашалёўскага раёна. Да яе часта прыходзяць у госці валанцёры, бавяць з ёй час. Пра Яну часта пішуць у мясцовай газеце. «Як атрымалася, што дзяўчынка нарадзілася з ДЦП? Ці звязана гэта з наступствамі Чарнобылю?» — пытаю я ў Таццяны.

«Гэта я вінаватая, што дзіцё такое, — жанчына пачынае плакаць. — Проста раней я працавала ў вёсцы, у якой зашкальвала радыяцыя».

Усе 16 гадоў маці жыве з гэтай віной, яна штохвіліну, гледзячы на сваю дачушку, вінаваціць сябе ў яе пакутах.

Але ў гэтым рэгіёне няма вінаватых: яны ўсе вымушаны былі працаваць і жыць у забруджаных вёсках.

Доктарка Валянціна Смольнікава кажа: няма доказаў таго, што ДЦП у дзіцяці — наступствы Чарнобылю.

Чытайце таксама:

Вінаватыя толькі ў тым, што там нарадзіліся

Калі Яна была яшчэ маленькая, у Таццяны захварэла старэйшая дачка — Віка. У яе выявілі рак шчытападобнай залозы, які якраз звязваюць з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы.

«Канешне, я спужалася, шмат плакала, намагалася зразумець, чаму так адбываецца, — прызнаецца Таццяна. — Але рак — часты госць у нашых родных і знаёмых. Таму мы проста пачалі праходзіць лекаванне па ўжо распрацаванай схеме».

Віку прааперавалі, зрабілі «хімію». Ужо два з паловай гады дзяўчына жыве без хваробы, але на ціраксіне. Праўда, яна, як і шмат хто іншы пасля аперацыі, скардзіцца, што беларускі ціраксін не дапамагае. А нямецкі — не так проста дастаць.

Віка захварэла ў 2008 годзе, але пасля аперацыі змагла нарадзіць здаровае дзіця

На руках Вікі сядзіць гадавалае малое. Віка ўсміхаецца і кажа: «Дзякуй Богу, зараз у мяне ўсё добра!» Даўно заўважыла, што шмат тых, хто перажыў рак, намагаюцца не згадваць пра яго. Нібыта і не было таго пекла.

А можа, гэта проста чалавечая памяць імкнецца не захоўваць пякельныя моманты жыцця.

Дзяўчынка Яна глядзіць на дзіця сястры і намагаецца нешта сказаць. У яе не атрымліваецца, але яна працягвае сонечна ўсміхацца.

Таццяна выцірае слёзы і дае нам у дарогу самаробную булку. З усмешкай запрашае да сябе ў госці яшчэ раз. А пасля зноў плача...

«Якія ўсё ж такі моцныя гэтыя матулі», — думаецца мне на зваротным шляху. Менавіта дзякуючы ім сям’я, у якой пануе гора, пераўтвараецца ў сям’ю, у якой жыве надзея і пачынае панаваць радасць. А вядома, што калі сонца свеціць знутры, то яно грэе і тых, хто знаходзіцца звонку.

Прынамсі, мне ад гэтых сем’яў стала вельмі цёпла.

Фота і відэа Арцёма Лявы



Каментаваць