У Мінску адбылася сустрэча з Янкам Запруднікам (+відэа)

Імпрэза у бібліятэцы імя Пушкіна, дзе ганаровым госцем быў адзін з самых яскравых прадстаўнікоў беларускай дыяспары за мяжой, прайшла з аншлагам. Яе наведалі вядомыя грамадскія дзеячы, мастакі, гісторыкі, літаратары.

Доктар гістарычных навук, выкладчык, публіцыст, актыўны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША Янка Запруднік адмыслова прыляцеў у Мінск па запрашэнні ЗБС «Бацькаўшчына» на прэзентацыю кнігі «Кантакты».

Укладзеная Лявонам Юрэвічам і Наталляй Гардзіенка кніга заснаваная на лістах, што пісалі беларусы Янку Запрудніку апошнія дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя.

«Кантакты» з’яўляюцца па сваім змесце і сэнсу пэўным працягам выдадзенай у мінулым годзе кнігі Янкі Запрудніка «Па гарачых слядах мінуўшчыны. Лісты 1952-1959 гг.». Выхад кнігі, што прэзентавалася сёння, з’яўляецца своеасаблівым падарункам слыннаму эмігранту. Сёлета Янку Запрудніку спаўняецца 90 гадоў.

Шмат шчырых слоў і цёплых пажаданняў сказалі шаноўнаму госцю Адам Мальдзіс, Уладзімір Арлоў, Леанід Лыч, Радзім Гарэцкі, Станіслаў Шушкевіч, Алег Трусаў, Валерый Санько, Алег Бембель, Ганна Запартыка і іншыя.

Янка Запруднік перадаў падзяку старшыні ЗБС “Бацькаўшчына”ад Беларускага інстытута навукі і мастацтва, што месціцца ў Нью-Ёрку.

«Беларуская нацыя — кніжная нацыя. ЗБС “Бацькаўшчына” — той цэнтральны нерв, які дасылае сігналы і прымае сігналы ад беларусаў, раскіданых па ўсім свеце», — адзначыў Янка Запруднік, а таксама выказаў падзяку укладальнікам кнігі Наталлі Гардзіенка і Лявону Юрэвічу.

Пасля заканчэння імпрэзы па аўтографы да Янкі Запрудніка выстраілася вялізная чарга.

Меркаванне Янкі Запрудніка пра важнасць кантактаў, Радзіму ў сэрцы і дзве душы беларуса глядзіце у нашым відэа.

 

Каментаваць