Развод вялікадзяржаўнага значэння

«Зараз пра тое, што даўно ведаў увесь інтэрнэт, даведаюцца гледачы 1-га канала», — гэтак адгукнуліся ў расійскіх сацсетках на навіну пра развод Уладзіміра і Людмілы Пуціных. Сярод прасунатай інтэрнэт-публікі гэта быў сакрэт палішынеля.



Уладзімір і Людміла Пуціны


Як напісалі ў расійскіх СМІ: «Балет ізноў стаў пераломнай кропкай у палітычным жыцці нашай краіны». Маючы на ўвазе, што ў 1991 годзе з «Лебядзінага возера» ў момант путчу пачаўся распад СССР. «Эсмеральда» у Дзяржаўным Крамлёўскім палацы папярэднічала распаду «палітычнага» шлюбу — аб'яўленню Уладзімірам і Людмілай Пуцінымі пра развод.

 

Яшчэ ў дзевяцігадзінных вечаровых навінах Людміла і Уладзімір Пуціны былі разам. Тэлеканалы адзначалі, што ў апошні раз яны ўдвух з'яўляліся на публіцы на выбарчым участку падчас прэзідэнцкіх выбараў.


 

Пасля першага акта «Эсмеральды» ў пастаноўцы тэатра «Крамлёўскі балет» пара падышла да карэспандэнткі «Расіі-24», падзялілася ўражаннямі ад спектакля. «Ходзяць чуткі, што вы не жывяце разам», — раптам спытала журналістка. Праўда, прэс-сакратар кіраўнікі дзяржавы Дзмітры Пяскоў пазней паведаміў «Інтэрфаксу», што час і месца для аб'яўлення не былі абраны адмыслова: «Прыйшлося да слова. Проста журналістка задала пытанне, а прэзідэнт адказаў».

 

«Гэта так, — пераглянуўшыся з Людмілай Аляксандраўнай, заявіў Пуцін на пытанне, якое „прыйшлося да слова“. — Уся мая дзейнасць, уся праца звязана з публічнасцю, з абсалютнай публічнасцю. Але ёсць людзі, якія зусім з гэтым не сумяшчальныя. Вось Людміла Аляксандраўна адстаяла вахту, восем гадоў, ужо дзевяць нават, дзевяць гадоў. Так што, увогуле, гэта агульнае рашэнне».


 

«Так, я далучаюся да слоў Уладзіміра Уладзіміравіча, — падхапіла Пуціна. — Гэта сапраўды было нашым агульным рашэннем. І наш шлюб завершаны ў сувязі сапраўды з тым, што мы практычна не бачымся. Уладзімір Уладзіміравіч цалкам пагружаны ў працу, дзеці нашы выраслі, яны жывуць кожны сваім жыццём. Увогуле, так склалася, што ў кожнага сваё жыццё, і я сапраўды не люблю публічнасць, і пералёты для мяне складаныя, і мы практычна не бачымся».

 

«У нас ва ўсіх вельмі добрыя адносіны, — працягвала яна. — І я вельмі ўдзячная Уладзіміру Уладзіміравічу, што ён мяне дагэтуль падтрымвае, і дзяцей, ён вельмі клапоціцца пра дзяцей, і дзеці заўсёды гэта адчуваюць». Мабыць, гэта была самая доўгая публічная прамова Людмілы Пуцінай за апошнія гады.

 

«Гэта развод?» — наштосьці перапытала карэспандэнтка. «Можна сказаць, цывілізаваны развод», — кіўнула Людміла Пуціна.


 

«Цывілізаваным разводам» назваў тое, што адбылося, і прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітры Пяскоў. На пытанне «МК», як даўно адбыўся развод, Пяскоў паведаміў: «Рашэнне прынята пэўны час назад. Яны даўно не бачыліся». «Пуцін цалкам прысвяціў сябе працы», — растлумачыў ён прычыну растання пары.

Такім чынам, сям'я не дацягнула да «жамчужнага вяселля» — 30-годдзя — зусім крыху. Уладзімір і Людміла Пуціны пажаніліся 28 ліпеня 1983 года.

Цікава, што пасля аб'яўлення пра развод падчас антракту, другі акт спектакля Пуцін глядзеў ужо без абручальнага пярсцёнка на руцэ. У першым акце пярсцёнак быў на месцы.

 

Апошні раз уладар Расіі развёўся са сваёй жонкай больш трохсот гадоў назад — у 1698 годзе цар Пётр I скасаваў шлюб з Еўдакіяй Лапухіной. Па старым рускім звычаі развод найвышэйшай асобы дзяржавы можна было ажыццявіць толькі праз пострыг яго жонкі ў манашкі. 31 жніўня 1698 года цар чатыры гадзіны ўгаворваў жонку пайсці ў манастыр, але беспаспяхова. Праз месяц Еўдакію сілком адвезлі ў суздальскі Пакроўскі манастыр з фармулёўкай «…за некаторыя яе гідкасці і падазрэнні».


 

Людміла Пуціна ў СМІ ніколі не раскрывала падрабязнасцяў іх асабістага жыцця з Уладзімірам Пуціным. Адзіны раз, калі яе аповед на гэту тэму трапіў у публічнае поле, – кніга журналіста Алега Блоцкага «Уладзімір Пуцін: дарога да ўлады» (Масква, 2002 год). Людміла Пуціна расказала Блоцкаму, як ёй жылося з мужам. Кніга была вынята з кнігарняў у самым пачатку продажаў.


Вось некаторыя цытаты з яе:
 

«Спатканні — гэта асобная гісторыя. На іх я ніколі не спазнялася, а Уладзімір Уладзіміравіч – увесь час. Паўтара гадзіны — гэта было ў парадку рэчаў.

Помню, стаю ў метро. Першыя пятнаццаць хвілін спазнення вытрымліваю нармальна, паўгадзіны — таксама быццам бы нічога. Але калі ўжо гадзіна праходзіць, а яго ўсё няма, то проста плачаш ад крыўды. А праз паўтара гадзіны ўжо зусім не адчуваеш ніякіх эмоцый…

Я выйшла замуж праз тры з паловай года пасля знаёмства, 28 ліпеня 1983 года. Да слова сказаць, за ўсё мінулае з тых часоў час мы аніразу не адзначалі ўгодкі вяселля

Уладзімір Уладзіміравіч мне пра сваю працу анічога і ніколі не расказваў. На маё дзяжурнае пытанне: «Ну як, чым сёння займаўся?», ён заўсёды гэтак жа звыкла аджартоўваўся: «Да абеду лавілі, пасля абеду адпускалі».

Дарэчы, сам Уладзімір Уладзіміравіч мне так і не сказаў, што ён афіцэр КДБ. Калі пазнаёміліся, ён паведаміў, што працуе ў крымінальным вышуку, і я была ў гэтым упэўнена цэлых паўтара года… У мяне была сяброўка, жонка прыяцеля Уладзіміра Уладзіміравіча, я менавіта ад яе даведалася, што ён працуе ў КДБ… Думаю, што яна гэта зрабіла па даручэнні. Трэба ж было Уладзіміру Уладзіміравічу неяк выйсці з сітуацыі. Вось ён і выбраў такі спосаб».

Актуальнае графіці ў Пецярбурзе

Яшчэ больш жорстка пра стасункі ў сям'і Пуціных расказала ў кнізе «Крохкае сяброўства» немка Ірэна Піч, сяброўка Людмілы Пуціну па яе перыядзе жыцця ў Германіі. Кніга выйшла ў 2001 годзе, і заснавана на адкравеннях Людмілы. У адрозненне ад кнігі Алега Блоцкага, цытаты жонкі Пуціна ніяк не пацверджаны, і вельмі часта іх прызнаюць апокрыфам. Дастаткова згадаць, што заходняя бульварная прэса ў загалоўкі артыкулаў выносіла цытату з «Крохкага сяброўства»: Людміла Пуціна — «Мой муж вампір». Таксама часта згадваўся яшчэ адзін яе ўспамін: «Уладзімір тое, што мне трэба: ён не п'е і не б'е мяне». У гэтай цытаце — канцэнтраваны варыянт уяўлення расіянак пра ідэальнага мужа.


 

У адным з інтэрв'ю Ірэна Піч згадвала, што Людміла Пуціна ўжо ў 1990-я была набожнай жанчынай, тады як Уладзімір Пуцін вельмі скептычна ставіўся да рэлігіі.


 

Менавіта набожнасць Людмілы Пуцінай паслужыла грунтам для чутак у 2010–1212 гадах, што «яна стала настаяльніцай Спаса-Елеазаровского манастыра ў Пскоўскай вобласці». Выданне «Фантанка.ру» ў 2010 годзе зважала, што гэты невялікі манастыр нечакана атрымаў з бюджэту 48 млн рублёў, з якіх 37 млн рублёў планавалася выдаткаваць на рэканструкцыю гасцявога дома ў манастыры. Да манастыра была праведзена дарога.

Нагодай для чутак пра занятак Людмілай Пуцінай месца настаяльніцы гэтага манастыра стала смерць яго кіраўніцы, 55-гадовай Елісаветы ў чэрвені 2010 года. На пахаваннях матухны былі Людміла Слізка, у той час намеснік старшыні Дзярждумы, і жонка старшыні ўрада Людміла Пуціна. Абедзве жанчыны, як высветлілася, у манастыры былі сталымі паломніцамі. Па водгуках сведак, у келлі настаяльніцы Елісаветы віселі два партрэта — старца Філафея і Уладзіміра Пуціна.


 

Дык што стала прычынай разводу? Адна з версій — Пуцін вырашыў ізноў пабрацца шлюбам. Яшчэ ў красавіку 2008 года газета «Маскоўскі карэспандэнт» напісала, што Уладзімір Пуцін жаніўся з гімнасткай Алінай Кабаевай. Гэта заява таблоіда неўзабаве была дэзавуявана самім прэм'ерам Пуціным, які знаходзіўся на Сардзініі. Пуцін сказаў, што ў гэтай гісторыі «няма ніводнага слова праўды». У той жа дзень генеральны дырэктар холдынга «Нацыянальная медыякампанія», які належаў Аляксандру Лебедзеву, Арцём Арцёмаў заявіў пра рашэнне закрыць «Маскоўскі карэспандэнт» у сувязі са стратнасцю выдання і звальненнем галоўнага рэдактара.


 

Цяпер многія ўпэўнены, што прэзідэнт Расіі вырашыў з'явіцца з новай жонкай, маладой і гламурнай гімнасткай Алінай, напярэдадні алімпіяды ў Сочы. Маўляў, гэта ўдалы іміджавы крок.

Аліна Кабаева

Па іншай версіі, справа зусім не ў амурах, а ў тым, што Уладзімір Уладзіміравіч імкнецца стаць «бацькам» усіх расіян. А для гэтага лепей быць самотным, што мы бачым на прыкладзе Аляксандра Лукашэнкі. Як напісаў у Facebook беларускі журналіст Кірыла Пазняк: «Пуцін паўтарака ва ўсім, нават у асабістым жыцці».


 

Увогуле, сацыяльныя сеткі проста выбухнулі дасціпнымі і бліскучымі рэплікамі з нагоды вялікадзяржаўнага развода:

«Ходзяць чуткі, што па Урале падзеляць. Пуцін як джэнтльмен аддасць Людміле Еўропу, а сам возьме сабе нафту».


«Хачу каб Пуцін схадзіў на балет з Расіяй».


«Кінуў бы ўжо і нас, Пуцін, ёсць жа столькі краін, дзе цяпло і народ дабрэйшы».


«Насамрэч, цяпер на Людміле Пуцінай жэніцца Мядзведзеў, але праз чатыры гады развядзецца і на ёй ізноў жэніцца Пуцін».

Журналіст Віктар Малішэўскі выйшаў на ўзровень паліталагічнага абагульнення:
 

«Беларусь і Расія даўно ўжо не жывуць разам. Прэзідэнты амаль не бачаць адзін аднаго, жывуць кожны сваім жыццём. Але застануцца вельмі блізкімі народамі».

Абмеркаванне:

  • мікола
  • 2013-06-07 18:24:23
цикава
  • Мария
  • 2013-06-07 19:25:04
Ложь пронизывает и их политику, и личную жизнь. Страшно...
  • Уладзімір
  • 2013-06-07 19:39:34
Даўно пара перастаць хлусіць! Смешна чуць і бачыць. Ўсё ж усім зразумела, чаго выстаўляць сябе на пасмешышча?

Каментаваць