1968 год: Узлёт і падзенне адной калабарацыі

21 жніўня 1968 года войскі Варшаўскай дамовы ўвайшлі ў Чэхаславакію. У чарговую гадавіну падаўлення Пражскай вясны чэшскія гісторыкі ўзгадваюць пра незвычайны лёс сяброў прасавецкай калабарацыі.



Левы фронт, Ленінскі Саюз, «кансервы», «лібенякі», «ультрас» — гэта назвы розных камуністычных груповак чэхаславакаў, якія, у адрозненні ад большасці суа­й­­чыннікаў, віталі інтэрвенцыю войскаў Варшаўскай дамовы ў ЧССР.

Фармавацца гэтая ідэйна-палітычная плынь пачала на пачатку 1968-га, калі лідарам Саюза чэхаславацкіх камуністаў (KSČ) стаў рэфарматар Аляксандр Дубчак. Адным з першых крокаў новага кіраўніцтва стала зачыстка ў студзені таго ж года апарату партыі ад прыхільнікаў сталінізму. Гэта і стала іскрай для пратэсту. Неўзабаве ў адным з парыжскіх рэстаранаў сабралася група незадаволеных Дубчакам камуністаў, якія прынялі рэзалюцыю супраць «ліквідатарскай рэвізіянісцкай клікі». Чамусьці ядро фронды складалася з сяброў секцыі ў горадзе Лібне. Таму праціўнікаў новага курсу KSČ часта таксама называлі «лібенякі».

Сацыяльная прырода бунту «лібенякаў» у прынцыпе нагадвае прыроду руху праціўнікаў перабудовы ў СССР. Гэта былі ветэраны Другой сусветнай вайны, функцыянеры, дагматыкі. Праўда, сярод чэхаславацкіх рэтраградаў было больш рамантыкаў-камуністаў, некаторыя з якіх раней увогуле не былі сябрамі KSČ. Душой дагматыкаў быў Ёзаф Ёдас — адзін з фундатараў кампартыі, былы вязень фашысцкіх канцлагераў, шматгадовы апаратчык.

Да прыходу савецкіх войскаў ультрас намагаліся актыўна супрацьстаяць рэформам Дубчака. Галоўным чынам яны дыскутавалі з яго прыхільнікамі на старонках прэсы. Пакуль на пачатку лета галоўны рэдактар «Rudé právo» (галоўны орган KSČ) канчаткова не адмовіў Ёдасу і яго аднадумцам. Гэта актывізавала левую фракцыю кампартыі. Узнікла нават ідэя расколу арганізацыі і стварэння асобнай партыі. Адначасова вырашалася праблема выхаду на масы. Праз сваіх знаёмых сталіністаў у розных установах ультрас дасталі тэхніку для друку.

Праўда, наладзіць выпуск сваёй прэсы яны не паспелі — грымнула інтэрвенцыя. Замест газет прыйшлося выпускаць улёткі з падзякай савецкіх салдат за акупацыю. На фоне таго, што большасць чэхаславакаў заклікала інтэрвентаў адпраўляцца дамоў, такое, натуральна, спадабалася кіраўніцтву Савецкай Арміі.

Гэта быў зорны час калабарантаў. Іх уключылі ў спецыяльны савет пры акупацыйнай адміністрацыі, даручылі друк усёй прапагандысцкай літаратуры. Некаторых вывезлі ў ГДР для працы ў рэдакцыі чэшскамоўнай радыёстанцыі «Fltáva», якая базіравалася ў Дрэздэне. Агітпропам справа не абмежавалася. «Лібенякаў» пачалі ўводзіць у дзяржаўныя структуры. Ім, напрыклад, дасталася Міністэрства адукацыі. Кінулі іх і на стварэнне Левага фронту — арганізацыі, у якую запісвалі практычна ўсіх. Гэта арганізацыя павінна была стварыць новаму рэжыму падтрымку на месцах.

Думаецца, найбольш важным накірункам працы калабарантаў была падрыхтоўка Белай кнігі чэхаславацкай контррэвалюцыі, якая пабачыла свет ужо ў кастрычніку 1968 года. Гэта зборнік дакументаў, якія мусілі давесці, што мэтай аўтараў Пражскай вясны была рэстаўрацыя капіталізму і ледзь не ўваходжанне Чэхаславакіі ў склад ФРГ на правах пратэктарату. Гэта перакладзеная на дзясяткі моваў і надрукаваная стотысячнымі накладамі кніжка павінна была пераканаць сусветную грамадскасць у прагрэсіўным характары акупацыі.

Адным з важных участкаў фронту для калабарантаў была адпаведная трактоўка чыну Яна Палаха — студэнта Карлава ўніверсітэта ў Празе, які ў знак пратэсту супраць акупацыі Чэхаславакіі войскамі Савецкага Саюза і іншых краін Варшаўскай дамовы 16 студзеня 1969 года абліў сябе бензінам і здзейсніў самаспаленне на Вацлаўскай плошчы ў Празе. Яго пахаванне ператварылася ў дэманстрацыю пратэсту, а сам ён стаў сімвалам гэтага пратэсту, які камуністам трэба было дыскрэдытаваць. З дапамогай ультрас з’явілася і пачала тыражавацца тэорыя пра тое, што Палах пайшоў на самагубства з-за правалаў у асабістым жыцці і праблемаў з вучобай.

Неверагодны ўзлёт учорашніх маргіналаў на ўладным ліфце стаў прыкладам для шматлікіх кар’ерыстаў. Мела месца практыка, калі некаторыя чыноўнікі запісваліся ў склад ультрас і спрабавалі заняць месца кіраўніка сваёй установы на падставе таго, што ў часы Дубчака, маўляў, той быў апартуністам.

Аднак, як часта бывае ў гісторыі, нечакана кан’юнктура змянілася. У Маскве хутка зразумелі, што рэстаўрацыя ў Чэхаславакіі парадкаў часоў Готвальда справакуе новую фазу палітычнай напружанасці. Між тым, ультрас менавіта гэтага і жадалі. Яны разумелі прыход савецкіх войскаў як першы акт сістэмнай трансфармацыі краіны. Лідары ўльтрас патрабавалі забараніць заходнюю музыку і фасоны, кнігі экзістэнцыялістаў, патрабавалі ўвесці квоты на прысутнасць у вертыкалі для выпускнікоў ВНУ, якія чамусьці лічыліся буржуазнымі, намагаліся не пускаць у KSČ выхадцаў з нерабочых сямей. Саму партыю яны бачылі як нейкі ордэн для абраных, або, кажучы словамі саміх ультрас, яны хацелі стварыць «жалезны дывізіён».

Не дзіўна, што ў выніку стаўку вырашылі зрабіць на прыхільнікаў канцэпцыі «нармалізацыі», якая ўключала ў сябе шырокую амністыю для прыхільнікаў Пражскай вясны, фармаванне лаяльнай большасці за кошт сацыяльных рэформаў, лібералізацыі культурных працэсаў, дазіраванага пашырэння кантактаў з Захадам. Лепшым кандыдатам для рэалізацыі такой лініі аказаўся Густаў Гусак, які і ўзначаліў KSČ.

Змена прыярытэтаў прывяла да новай чысткі ў партыі, аднак на гэты раз супраць ультрас. Адначасова з цэнтру на месцы была спушчаная інструкцыя — забараніць публікацыі сталіністаў на старонках прэсы. Першай рэакцыяй ахвяр новай чысткі стаў паход у савецкае пасольства са скаргай на правых апартуністаў. Пасля таго, як рускія далі зразумець хадакам, што яны не супраць рэпрэсій, пазіцыі сталіністаў унутры кампартыі імкліва саслабелі. Ужо ў 1970 годзе ўсіх ультрас, якія раней займалі высокія афіцыйныя пасады, выставілі з кабінетаў

Пасля гэтага сталіністы сышлі ў дысідэнты. Прыкладна да сярэдзіны 1970-х гадоў сталіністы мелі нейкую структуру, сябры якой крытыкавалі палітыку нармалізацыі Гусака. Напэўна, самай значнай спробай насаліць Гусаку была ідэя публічнай акцыі з нагоды смерці Антаніна Новатнага (камуністычнага лідара Чэхаславакіі 1957–1968 гадоў). Арганізатары акцыі не ведалі, што ўсе яны даўно пад каўпаком спецслужбаў. Напярэдадні маніфестацыі актыў ультрас быў арыштаваны, а ў іх дамах прайшлі ператрусы.

Гэта быў апошні гучны эпізод у незвычайнай гісторыі чэхаславацкіх прасавецкіх калабарантаў 1968 года.
 

Каментаваць