Каталонія на ростанях

Вынікі мясцовых выбараў у Каталоніі, якія прайшлі 25 лістапада, можна лічыць парадаксальнымі: выбаршчыкі прагаласавалі за незалежніцкія партыі, каб у выніку адтэрмінаваць незалежнасць.



Яшчэ ніколі ў гісторыі ў парламенце Каталоніі не было такой колькасці аматараў стварэння незалежнай каталонскай дзяржавы. Патрабаванне пра незалежнасць утрымліваюць выбарчыя праграмы аж чатырох прадстаўленых у парламенце партый. Гэта правая «Канвергенцыя і саюз» (CiU) — 50 месцаў, «Рэспубліканская Левая» (ERC) — 28, «Зялёныя» — 13 і CUP — 4. У суме гэта 74 парламенцкіх крэсла са 135.

Аднак ніякай эйфарыі «суверэністаў» (так называюць каталонскіх нацыяналістаў) не назіраецца. Іх вядучая газета «El Punt» віншуе сваіх чытачоў з гістарычнай перамогай, аднак радасць выглядае трохі нацягнутай. Здаецца, што чакалі чагосьці іншага і большага. Затое сапраўднае вяселле б’е праз край у лагеры іх антаганістаў. У офісе «Народнай партыі» (РР), вядучай палітычнай сілы іспанскіх дзяржаўнікаў, у літаральным сэнсе п’юць шампанскае. На першай пасля выбараў прэс-канферэнцыі ўсё кіраўніцтва каталонскай РР узняло перад журналістамі тост за тое, каб ніколі не было «больш» — гульня слоў, звязаная з тым, што прозвішча кіраўніка цяперашняга нацыяналістычнага ўраду, лідара CiU, Артура Маса можна перакласці як «больш». Дарэчы, РР таксама набрала рэкордную ў сваёй гісторыі колькасць галасоў на каталонскіх выбарах — 13 працэнтаў.

Прычына такой абсурднай сітуацыі звязана з правалам урадавай партыі «Канвергенцыя і саюз», якая не атрымала большасць у парламенце, аднак нават страціла 12 мандатаў. Гэта значыць, што яна не зможа адна фармаваць Генералітэт — так называецца каталонскі ўрад. Між тым, партыя Артура Маса, у адрозненні ад іншых незалежніцкіх партый, мела канкрэтную стратэгію дасягнення незалежнасці, асноўнымі крытэрамі якой павіны былі стаць перамога на выбарах 25 лістапада і прызначэнне на 2015 год рэферэндуму пра суверэнітэт.

Аднак Артур Мас прайграў. Прычыны паразы — адна з самых дыскутуемых тэм на старонках іспанскіх медыя. Большасць пагаджаецца з тым, што каталонцы папросту не прабачылі ўраду Маса скарачэнне фінансавання публічных службаў і сацыяльных выплат — звычайная рэакцыя на крызіс правых ліберальных партый, да якіх адносіцца CiU. Каталонія таксама стала ахвярай сусветнай рэцэсіі. Сёння ў аўтаноміі каля 800 тысяч беспрацоўных, з якіх кожны 192-і не атрымлівае дапамогі па беспрацоўі. Кожны дзень 102 каталонца трапляюць у фінансавую пастку, паколькі не здольныя плаціць іпатэку. Штодня ў Каталоніі зачыняецца 20 прадпрыемстваў. Каля двух мільёнаў чалавек ужо зараз жывуць на мяжы беднасці.

Не дзіўна, што ў соцыуме ёсць шмат такіх, хто не любіць урад. Аднак галасуючы па эканамічных рэзонах за альтэрнатыўныя «Канвергенцыі і саюзу» партыі, такія выбаршчыкі адначасова адмовіліся ад цалкам рэальнай у выпадку перамогі Артура Маса дарожнай карты па стварэнні контураў незалежнай Каталоніі.

Узнікае пытанне, ці можа Артур Мас дабіцца намечанага ў кааліцыі з іншымі «суверэністамі»? Чамусьці на старонках беларускай дэмакратычнай прэсы дамінуе менавіта такая заліхвацкая думка — усе вось-вось аб’яднаюцца і дружна абвесцяць незалежнасць. Аднак, як высвятляецца, адносіны паміж каталонскімі «самастойнікамі» не такія простыя. Аб’яднаць каталонскіх незалежнікаў пад адным дахам не менш цяжка, чым беларускіх апазіцыянераў.

Перш за ўсё, ёсць гістарычны і ідэйны бэкграўнд. Ніколі не пойдуць у кампанію да правай CiU «Зялёныя», якія паўсталі на базе аб’яднання эколагаў і былых камуністаў. Іх праграма ўвогуле бачыць фармат незалежнай Каталоніі без знаходжання пры ўладзе CiU, лідара якой яны параўноўваюць з Ангелай Меркель і іншымі ідэолагамі эканамічнага курсу жорсткай эканомікі.

Найбольш лагічным партнёрам Артура Маса падаюцца левыя рэспубліканцы (ERC), партыя, якая ў 1920-я гады заклала падмуркі каталонскага нацыяналізму. Больш таго, іх праграма ў галіне будаўніцтва дзяржаўнасці больш радыкальная за пастулаты CiU.

Аднак чамусьці кіраўніцтва партыі не спяшаецца ствараць блок з правымі нацыяналістамі. Тут ёсць гістарычныя крыўды. Партыя доўгі час пазіцыянуе сябе як вядучая сіла апазіцыі на адрас CiU, і менавіта гэтым, як прызнаюць усе, абавязана цяперашняму прарыву: фракцыя ERC у парламенце вырасла па выніках апошніх выбараў амаль удвая — з 10 да 21 дэпутата. На ўжо агучаную прапанову Артура Маса ўвайсці ў агульную кааліцыю левыя рэспубліканцы катэгарычна сказалі «не». Па словах іх лідара, галоўная перашкода для фармавання агульнага кабінету — супрацьлеглыя погляды на эканоміку. ERC патрабуе ўвесці мараторый на скарачэнне сацыяльных выплат. Між тым, Артур Мас ужо запланаваў урэзаць сацыяльныя артыкулы ў будучым бюджэце яшчэ на 4 мільёны еўра.

Цікава, што адначасова ліст з запрашэннем пачаць кааліцыйныя перамовы быў дасланы з офісу CiU лідарам PSC — партыі каталонскіх сацыялістаў, якая на самай справе філіял «Іспанскай аб’яднанай рабочай партыі» (PSOE). PSOE, нягледзячы на тое, што прайграла выбары, захавала сваю групу ў парламенце — 20 месцаў (у парламенце папярэдняга склікання сацыялістаў было 28). Фішка ў тым, што PSC не падтрымала ідэю рэферэндуму пра незалежнасць. На думку сацыялістаў, цяперашнія праблемы цэнтра з аўтаноміяй можна развязаць за кошт ператварэння Іспаніі ў федэральную рэспубліку.

Такі беспрынцыпны падыход у пошуках партнёра зноў выклікаў дэбаты наконт сапраўдных мэтаў, якія пераследуе Артур Мас, гуляючы з нацыяналістычнай ідэяй. Як вядома, CiU узнікла на базе той часткі каталонскай буржуазіі, якая шукала кампраміс з Франка, ахвяруючы праблемамі мовы і культуры. Акрамя таго, CiU і РР блакіруюцца ў шматлікіх мясцовых муніцыпалітэтах (разрыў гэтых кааліцый — яшчэ адно з патрабаванняў левых рэспубліканцаў для стварэння сумеснага ўраду з Масам). У гэтым плане цікава, што на пакт з CiU набіваецца РР. Каталонскія народнікі не выключаюць дамовы аб стварэнні ўраду з нацыяналістамі, праўда, у выпадку адмовы Маса ад «суверэннай стратэгіі».

Цяжка сказаць, наколькі рэальны такі кансенсус, аднак у іспанскай прэсе цяпер можна знайсці акіян праектаў, як замірыць каталонскія і мадрыдскія эліты. Напрыклад, разглядаецца ірландскі варыянт — у 1921 годзе Ірландыя абвясціла пра незалежнасць, аднак засталася пры гэтым у складзе Вялікабрытаніі. Існуе цэлая палітра сцэнараў развіцця сітуацыі, і які ў выніку пераможа, пакуль цяжка сказаць.
 

Каментаваць