200 шчанюкоў з Чарнобыльскай зоны адчужэння будуць жыць у ЗША

Дзяржаўнае агенцтва Украіны па кіраванні Чарнобыльскай зонай адчужэння паведаміла, што з зоны вывезуць 200 бяздомных шчанюкоў. Жывёл адправяць у ЗША, дзе ім знойдуць гаспадароў.

Прадстаўнікі агенцтва адзначаюць, што сабакі пройдуць дазіметрычны кантроль. Перад адпраўленнем у ЗША шчанюкі будуць 45 дзён жыць у спецыяльным прытулку ў горадзе Славуціч. Там з імі будуць займацца інструктары.

Таксама агенцтва паведаміла, што з Чарнобыля ўжо вывезлі першых 12 шчанюкоў. Ім знойдуць новых гаспадароў у ЗША ўжо ў чэрвені.

Сабакі, якія насяляюць зону адчужэння, — нашчадкі жывёл, што перажылі аварыю на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Падчас эвакуацыі мясцовым жыхарам забаранялася браць з сабой хатніх жывёл. Іх адстрэльвалі спецыяльныя атрады.

Паводле дадзеных “The Guardian”, у зоне адчужэння знаходзяцца не менш за 300 бадзяжных сабак.

У 2017 годзе амерыканская некамерцыйная арганізацыя «Чыстая будучыня» адкрыла ў зоне адчужэння тры ветэрынарных пункты, у якіх прышчапляюць і стэрылізуюць сабак. Арганізацыя таксама плануе высветліць, як моцна на жывёл паўплывала радыяцыя.

Паводле meduza.io

Фота "Державне агентство України з управління зоною відчуження"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць