2016 год вынікі: Ці тое яшчэ будзе!

Заўсёды з набліжэннем новага году надыходзіць час, калі аналітыкі і эксперты распавядаюць, што нас чакае ў бліжэйшай будучыні. У гэтым годзе «настрадамусы» далі волю фантазіі.

Фота times.ru


2016-ы застанецца ў гісторыі як год, калі селі ў лужыну практычна ўсе эксперты-футуролагі. У сваіх прагнозах на 2016-ы амаль ніхто з іх не здолеў прадказаць дзве галоўныя падзеі сыходзячага года — вынікі рэферэндуму ў Вялікабрытаніі і перамогу Дональда Трампа. У лепшым выпадку, прызнавалася, што крызіс працягнецца, аднак без узгаданых катаклізмаў. Інерцыйна лічылася, што галоўным выклікам для стабільнасці ў свеце працягне заставацца навала мігрантаў на Захад.

З іншага боку, канфуз аналітыкаў мае лагічныя прычыны. Нездарма некаторыя выданні назвалі 2016-ты «годам пратэстуючага выбаршчыка». На авансцэну гісторыі нечакана выйшла частка насельніцтва, якая звычайна трымала дыстанцыю ад палітыкі і ігнаравала сацыялагічныя апытанні. Пад уплывам шэрагу фактараў адбылася электаральная мабілізацыя маўклівай апалітычнай большасці, што найяскравей выявілася ў Вялікабрытаніі і ЗША. Калі працэс працягнецца, на думку некаторых, можна будзе нават казаць пра разрыў сацыяльнага кантракту і пошук новай мадэлі заходняй дэмакратыі.

Так ці інакш, дзякуючы пратэстнаму галасаванню, свет атрымаў таго ж Трампа, першыя крокі адміністрацыі якога, на думку большасці, і будуць вызначаць контуры 2017-га. Праўда, адзінства наконт таго, чаго чакаць ад мільярдэра ў Белым доме, пакуль няма.

Адны экстрасэнсы ад палітыкі лічаць, што Трамп канчаткова пахавае ідэю «Pax Americanа», і гэта таксама будзе азначаць заканчэнне глабалізацыі ў тым выглядзе, які мы назіралі пасля краху СССР. На практыцы — пачнецца «эвакуацыя» агентаў уплыву ЗША з некаторых рэгіёнаў. Вакуум, што паўстане, будзе захоплены іншымі рэгіянальнымі цэнтрамі ўлады. Да аднаго з такіх рэгіёнаў агенцтва Bloomberg адносіць постсавецкую прастору. Калі верыць выданню, пры Трампе нас чакае «новая Ялта» і перадзел зоны ўплываў у гэтай частцы свету на карысць Масквы.

Паводле іншай версіі, «караля робіць світа». Ястрабы-рэспубліканцы, якімі Трамп нашпігаваў сваю адміністрацыю, і будуць вызначаць курс ЗША. Адпаведна, нас чакае не атрафія амерыканскай знешняй палітыкі, а наадварот — яе актывізацыя. Першым кандыдатам, на якім Трамп выпрабуе сваю моц, называюць Іран (крану абвінавачваюць у працягу эксперыментаў з ядзернай зброяй для знішчэння Ізраіля). Расія і Кітай — наступныя ў гэтым «чорным спісе». Следствам агрэсіўнай палітыкі Трампа можа быць нават лакальны палітычны канфлікт з прымяненнем ядзернай зброі. Хаця большасць экспертаў лічыць, што Вашынгтон, па традыцыі, будзе дзейнічаць рукамі мясцовых саюзнікаў. У такім выпадку можа павялічыцца заходняя вайсковая прысутнасць ва Украіне.


Фота times.ru

Увогуле, лічыцца, што фокус нестабільнасці ў наступным годзе перамесціцца з зоны СНД у Еўрасаюз, дзе пройдуць выбары ў Францыі і Германіі — ключавых краінах у ЕС. Калі шанцы ў Ангелы Меркель адносна някепскія, дык у Францыі магчымыя самыя непрадказальныя сцэнары, якія адаб’юцца на лёсе Еўрасаюзу. Акрамя таго, да выбарчых скрыняў у сакавіку запросяць галандцаў, якія ўсё больш сімпатызуюць еўрафобскай партыі Геерта Вілдэрса. Пакуль што не зразумела, у якім фармаце з цяперашняга палітычнага крызісу выйдзе Польшча, дзе не выключаюць правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў. З іншага боку, палітычная тканіна Еўропы не разарвалася пасля брытанскага плебісцыту і рэзкага ўздыму правапапулісцкіх партый на ўсіх выбарах. То бок, праект ЕС да канца 2017-га наўрад ці ляснецца.

Наступны год, безумоўна, будзе годам краху групоўкі «Ісламская дзяржава» (ISIS). Нягледзячы на цяжкасці, лічыцца, што шырокая антытэрарыстычная кааліцыя выцісне экстрэмістаў з Масула і Пальміры, і зоймецца штурмам Раккі — сталіцы фармавання. Незразумела толькі, што будзе на наступны дзень пасля перамогі над ISIS? Нельга выключаць, што на месцы гэтай групоўкі паўстануць новыя, прычым не на Блізкім Усходзе, а ў ісламскіх дыяспарах ЕС. Пасля перамогі над ISIS давядзецца даваць дзяржаўнасць курдам, што можа быць фатальна для Турцыі. Таму на поўным сур’ёзе гучаць заклікі не знішчаць канчаткова «Ісламскую дзяржаву», каб не атрымаць на сваю галаву новую порцыю праблем.

На актыўнасць палітычных гульцоў, зразумела, паўплываюць эканамічныя індыкатары. Стан глабальнай эканомікі будзе вызначаць сітуацыя ў Кітаі, новыя прыёмы біржавых рэгулятараў і, натуральна, кошты на энерганосьбіты. У эканоміцы ў цэлым пануюць асцярожны-аптымістычныя прагнозы: маўляў чорная паласа ўжо пройдзеная. У снежні амерыканскія біржы сапраўды пару разоў абнаўлялі гістарычныя максімумы.

Не выключана, што заявяць пра сябе і новыя глабальныя фактары: напрыклад, прыродныя катаклізмы. 2016-ы, як высвятляецца, быў самым спякотным годам у гісторыі, што ўжо выклікала адмоўныя працэсы ў Арктыцы і Антарктыцы. Напэўна ўпершыню ў спісе дэстабілізуючых фактараў з’явіліся хакеры. Версія пра тое, што Расія стаяла за хакерскімі атакамі на кампутары дэмпартыі ЗША, стварыла пагрозу новай формы канфліктаў — кібервайны. На лёс чалавецтва ў 2017-м могуць паўплываць  навукоўцы, якія абяцаюць ледзь не рэвалюцыі ў некаторых сферах. Так, выданне «New Scientist» чакае, што ў наступным годзе нарэшце знойдуць сродак для лячэння раку, даведаюцца пра іншаземныя формы жыцця і выйдуць на стварэнне паўнавартаснага штучнага інтэлекту.

А вось вынайсці агрэгат, здольны выдаваць дакладныя палітычныя прагнозы, пакуль не абяцаюць.Так што і ў 2017-м давядзецца па-старому прыслухвацца да  аналітыкаў.


Абмеркаванне:

  • Уладзімер Русаковіч
  • 2017-01-20 20:16:36
Наўрадці варта "верыць выданню Bloomberg" наконт "перадзелу зоны ўплываў у гэтай частцы свету на карысць Масквы", калі тое памылялася наконт Трампа датычна яго абраньня прэзыдэнтам ЗША. На жаль не пачуў нічога ў артыкуле датычна Беларусі. Як той казаў: "Ключавое пытаньне ў тым, дзе нашае месца ва ўсёй гэтай схеме. І чым часьцей мы яго задаем, тым больш атрымліваем".

Каментаваць